МА́ЛЫШАЎ (Фёдар Аляксеевіч) (н. 20.4. 1914, в. Заполле Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944). Канд. тэхн. н. (1950). Скончыў БПІ (1941). У Вял. Айч. вайну з ліп. 1942 у партызанах: падрыўнік, камандзір дыверсійнай групы партыз. атрада 125-й Капаткевіцкай брыгады; асабіста падарваў 18 варожых эшалонаў. Са снеж. 1943 у Наркамаце мясц. паліўнай прам-сці БССР, у 1947—90 навук. супрацоўнік Ін-та торфу АН БССР.

Ф.А.Малышаў.

т. 10, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦКІ́ЙСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды Беларусі (з 1997). За 400 м на ПнЗ ад в. Мацкі Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун граніту сярэднезярністага з кварцава-палевашпатавымі жылкамі таўшчынёй да 3—5 см. Даўж. 3,9 м, шыр. 3 м, выш. 1,1 м, у абводзе 10,1 м, аб’ём бачнай часткі 12,8 м³, маса каля 34 т. Прынесены ледавіком каля 15—20 тыс. г. назад са Скандынавіі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 10, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГА́ННЕ,

ахоўны рэфлекс, які выклікаецца раздражненнем рагавой або кан’юнктывальнай абалонкі вока. Змыканне вочнай шчыліны да пападання ў вока шкоднага агента — важнае біял. прыстасаванне. Разам з М. вочны яблык абмываецца слёзнай вадкасцю, што спрыяе выдаленню іншародных цел. Адбываецца М. ў выніку скарачэння кругавой мышцы вока, што інервуецца валокнамі нерва твару. Адсутнасць М. бывае пры паралічы нерва твару або пашкоджанні трайчастага нерва, узмацненне, пачашчэнне — пры кан’юнктывітах (часта са слёзацячэннем і светлабояззю).

т. 10, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАКАРПІ́ЧНЫЯ РАСЛІ́НЫ (ад мона... + грэч. karpos плод),

расліны, якія цвітуць і пладаносяць раз у жыцці, пасля чаго звычайна адміраюць. Да М.р. адносяць усе адна- і двухгадовыя расліны, са шматгадовых — некат. віды парасонавых, агававых, бамбукаў, пальмаў і інш. Шматгадовыя М.р. на працягу многіх гадоў (напр., 3—10 у парасонавых, 50—60 у агавы) назапашваюць пажыўныя рэчывы, таму кветаносныя парасткі ў іх магутныя і даюць шмат кветак і пладоў. Гл. таксама Полікарпічныя расліны.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАВА́НАЯ АШМЯ́НКА,

вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл.

Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на ПнЗ ад горада і 28 км ад чыг. ст. Ашмяны, 231 км ад Гродна. 338 ж., 134 двары (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — касцёл Дзевы Марыі са званіцай (канец 18 — пач. 19 ст.), рэшткі друкарні (16 ст.).

т. 11, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПЛЫ́Ў (біял.),

мясцовае патаўшчэнне ствала, галіны ці кораня ў выніку разрастання тканак пад уплывам раздражняльнікаў, мех. пашкоджанняў, заражэння паразітарнымі грыбамі і інш. Бываюць Н. з гладкай паверхняй і адносна правільнай будовай драўніны, трапляюцца на ствалах усіх парод; Н. з шышкаватай паверхняй (капы), са звілістым і хаатычным (свілаватым) размяшчэннем валокнаў у драўніне, абумоўлены паяўленнем вял. колькасці спячых пупышак і трапляюцца на лісцевых пародах. Драўніну Н. выкарыстоўваюць у вытв-сці дробных маст. вырабаў.

т. 11, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАСТА́ЎНІЦКАЯ ГАЗЕ́ТА»,

выданне асветнікаў Рэспублікі Беларусь. Выходзіць са снеж. 1945 у Мінску на бел. мове (да 1957—1 раз, з 1958—2 разы, з 1998—3 разы на тыдзень). Асвятляе праблемы адукацыі і выхавання, пытанні пед. навукі і практыкі, аналізуе развіццё пед. думкі ў Беларусі, інфармуе аб правядзенні рэформы агульнаадук. школы, пераўладкаванні прафесійнай і вышэйшай школы, пра сістэму адукацыі ў краінах замежжа. Адрасавана настаўнікам, выкладчыкам, навукоўцам, навучэнцам, студэнтам, а таксама бацькам.

т. 11, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАЦИОНА́ЛЬНАЯ ЭКОНОМИ́ЧЕСКАЯ ГАЗЕ́ТА»,

штотыднёвая газета. Выходзіць са снеж. 1992 у Мінску на бел. і рус. мовах. Асвятляе пытанні эканам. жыцця краіны. Друкуе законы Рэспублікі Беларусь, дэкрэты і ўказы прэзідэнта краіны, пастановы СМ, дакументы мін-ваў і ведамстваў і каментарыі да іх. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «Эканамічная палітыка», «Працоўныя адносіны», «Фінансы», «У дапамогу падаткаплацельшчыку», «Дасье бухгалтара», «Мытны кур’ер», «Гаспадарка і права» і інш. Мае ўкладыш «Информбанк».

Г.​Ф.​Радзюк.

т. 11, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЖНЕПАЛАВІННАЛО́ГАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў.

У Магілёўскім р-не, каля в. Палавінны Лог. Пластавы паклад звязаны са стараж.-алювіяльнымі адкладамі р. Дняпро. Пяскі шэрыя, жаўтавата- і буравата-шэрыя, пераважна сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя, з рэдкімі зернямі жвіру. Разведаныя запасы 22,3 млн. м³, перспектыўныя каля 7 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—17,7 м, ускрышы (пяскі) 0,1—1,8 м. Пяскі прыдатныя на выраб сілікатнай цэглы, сілікатабетону, для буд. работ.

А.​П.​Шчураў.

т. 11, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМПО́ЎКА ў лазернай фізіцы,

працэс стварэння нераўнаважнага стану рэчыва пад уплывам знешніх уздзеянняў (магн. поля, эл. разраду, рэзкага ахаладжэння папярэдне нагрэтага газу і інш.). Можа перавесці рэчыва са стану тэрмадынамічнай раўнавагі ў актыўны стан (гл. Актыўнае асяроддзе), пры якім яно набывае здольнасць узмацняць і генерыраваць эл.-магн. хвалі (гл. Лазер). Тэрмін «П.» выкарыстоўваецца таксама ў радыётэхніцы і оптыцы пры апісанні працэсаў уздзеяння на актыўныя элементы параметрычных сістэм (гл. Параметрычныя ваганні).

т. 12, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)