ДАНІЛО́ВІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (1853, г.п. Асвея Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — ?),

удзельнік рэв. руху ў Расіі і Польшчы. У сярэдзіне 1870-х г. вучыўся ў Пецярб. медыка-хірург. акадэміі, уваходзіў у народніцкія гурткі. У 1878 перавёўся на мед. ф-т Варшаўскага ун-та. Уступіў у Варшаўскую сацыяльна-рэв. арг-цыю, вёў прапаганду сярод студэнтаў і рабочых. Падтрымліваў кантакты з рэвалюцыянерамі Віцебска, Вільні, Полацка, Пецярбурга. Перапісваўся з дзеячамі польскага сацыяліст. руху В.​Урублеўскім, В.​Свянціцкім, І.​Гласко. У 1878 арыштаваны, зняволены ў Варшаўскую цытадэль. У 1880 сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір, пасля заканчэння тэрміну ссылкі застаўся ў Сібіры.

В.​М.​Чарапіца.

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬМАН (Паліна Уладзіміраўна) (н. 24.10.1919, г. Бярдзічаў, Украіна),

Герой Сав. Саюза (1946). З 1920 жыла ў Гомелі. Скончыла 3 курсы Маскоўскага ун-та (1941), курсы штурманаў (1942), Ваен. ін-т замежных моў (1951). З кастр. 1941 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўд., Паўн.-Каўказскім (у Асобнай Прыморскай арміі), на 4-м Укр. і 2-м Бел. франтах: штурман, нач. сувязі эскадрыллі 46-га Таманскага жаночага авіяпалка начных бамбардзіроўшчыкаў. Удзельніца абароны Каўказа, вызвалення Кубані, Крыма, Беларусі, Польшчы, баёў у Германіі. Зрабіла 860 баявых вылетаў. Да 1957 у Сав. Арміі. У 1959—79 на выкладчыцкай рабоце.

П.У.Гельман.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НСЕЛЬ ((Hensel) Вітальд) (н. 29.3.1917, г. Познань, Польшча),

польскі гісторык-славіст і археолаг. Акад. Польскай АН (1973). Скончыў Пазнанскі ун-т (1934). З 1951 праф. Пазнанскага, з 1954 — Варшаўскага ун-таў. Сузаснавальнік і ў 1954—89 дырэктар Ін-та гісторыі матэрыяльнай культуры Польскай АН. Ініцыятар стварэння і першы старшыня (1965—67) Міжнар. саюза слав. археалогіі. Даследуе помнікі жал. веку і эпохі феадалізму на тэр. Польшчы і інш. краін, выкарыстоўвае бел. археал. і гіст. крыніцы.

Тв.:

Archeologia o początkach miast słowiańskich. Wrocław etc. 1963;

La naissance de la Pologne. Wrocław etc., 1966;

Archeologia i prahistoria: Studia i szkice. Wrocław etc., 1971;

Polska starożytna. 3 wyd. Wrocław etc., 1988.

т. 5, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДЗВІ́НСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА (лац. Ducatus Ultradunensis),

назва часткі Лівоніі ў 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. Занята войскамі Польшчы, ВКЛ у час Лівонскай вайны 1558—83. Уключала тэр. паўн. Латвіі (без Рыгі) і паўд. Эстоніі. У 1561—1629 у складзе ВКЛ (з 1569 Рэчы Паспалітай). Цэнтр г. Дынабург (цяпер г. Даўгаўпілс, Латвія). Падпарадкоўвалася польск. каралю, кіраваў прызначаны ім губернатар. У З.г. панавала ням. рыцарства, якое захавала за сабой б.ч. ўсіх зямель і суд.-паліцэйскую ўладу над сялянамі. У выніку працяглай польска-швед. вайны (з. 1600) З.г. паступова распалася, а яго тэр., акрамя Латгаліі, у 1629 адышла да Швецыі.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІЯ КАРПА́ТЫ,

найбольш высокая і шырокая ч. горнай сістэмы Карпат на тэр. Чэхіі, Славакіі, Польшчы і Венгрыі. Даўж. каля 400 км, шыр. больш за 200 км. Хрыбты і ізаляваныя масівы накіраваны з ПдЗ на ПнУ. На Пн вылучаюць сярэдневышынныя хр. Зах. Бяскідаў, у цэнтр. частцы — высока- і сярэднягорныя масівы Татры (найб. выш. 2655 м, г. Герлахоўскі-Шціт), Нізкія Татры, Вял. Фатра, на Пд — сярэдневышынныя масівы з плоскімі вяршынямі Славацкіх Рудных гор, Шцяўніцкіх гор, Бюк, Матра і інш. Складзены пераважна з крышт. парод і вапнякоў, на Пд таксама і вулканічных парод. Мяшаныя і хваёвыя лясы, горныя лугі. Татранскі нац. парк, запаведнікі, курорты, турызм, зімовыя віды спорту.

т. 7, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМІГРО́ДСКІ (Канстанцін Антонавіч) (1876, Рыга — 1936),

мастак, скульптар, медальер. Вучыўся ў вучылішчы тэхн. малявання Штыгліца ў Пецярбургу (1898), Кракаўскай АМ. У 1906—14 выкладаў у Віцебскім камерцыйным вучылішчы і вучылішчы Грэкава. Адзін з заснавальнікаў і чл. Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, хавальнік яе музея (1909—14). З 1914 у Швейцарыі, заг. польскага музея. У 1917—24 выканаў памятныя медалі ў гонар Т.​Касцюшкі, Я.​Дамброўскага, Г.​Сянкевіча і інш. З 1927 у Польшчы, працаваў у музеях.

Тв.:

Каталог монет и медалей музея Витебской ученой архивной комиссии. Витебск, 1911;

Польский военный флот. Витебск, 1911;

Каталог музея Витебской ученой архивной комиссии. Витебск, 1912.

т. 7, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТАЛЯ́ЦЫЯ (ад англ. installation устаноўка, размяшчэнне, збудаванне),

від мастацтва поп-арту, мантаж у прасторы аб’ектаў з рэчавага асяроддзя ці сканструяваных мастаком. Ствараецца на час правядзення буйных выставак у экспазіцыйных памяшканнях або ў экстэр’еры, звычайна размешчаны на вял. плошчы. Дазваляе стварыць незапраграмаванае вобразнае ўражанне, часта праз парадаксальныя спалучэнні рэчавых элементаў нестандартнымі сродкамі выразіць актуальныя праблемы. Узнікла ў 1970-я г., пашырылася ў ЗША (Р.​Раўшэнберг), ФРГ (І.​Бойс), Польшчы (Я.​Бярдышак) і інш. На Беларусі выкарыстоўваецца з канца 1980-х г. у творах І.​Кашкурэвіча, А.​Клінава, А.​Вараб’ёва і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

Я.​Бярдышак. Інсталяцыя з серыі «Паспарту». 1995.

т. 7, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т БЕЛАРУСАВЕ́ДЫ ў Ляймене,

навукова-даследчая і выдавецкая ўстанова бел. эміграцыі ў Германіі. Дзейнічаў у 1982—93 у г. Ляймен. Заснавальнік і кіраўнік (да 1990) Ю.Жывіца. Выдаваў час. «Весткі» (кн. 1—8, 1986—93), дзе друкаваліся творы эмігранцкіх бел. пісьменнікаў, літаратараў з Польшчы і Беларусі (В.​Ермаловіч, А.​Каўка, А.​Мірановіч, І.​Іваноў, А.​Бембель, М.​Гайдук і інш.). Выдаваў кнігі па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі: «Гістарычная фаналогія беларускай мовы» (1977, на англ. мове), зб-кі «Подляскі весьнянкі» (1982), «Народныя песні з Падляшша» (т. 1—2, 1983—84); «Недапетая песня» Х.​Ільяшэвіча (2-е выд. 1987), «Роднае слова» Бембеля (1988) і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГА́Л (стараж.-яўр. абшчына, сход),

у шырокім сэнсе — яўрэйская абшчына, у больш ужывальным — форма яе самакіравання (праўленне абшчыны) у Польшчы і ВКЛ у 16—18 ст., у Рас. імперыі ў 1772—1844. Быў пасрэднікам паміж уладамі і яўр. насельніцтвам. Адказваў за збор падаткаў, выконваў адм., гасп., судовыя і інш. функцыі. На чале К. стаялі 3—5 выбарных старшын (рошым) і 3 ганаровыя члены (товім), якія складалі правамоцную калегію К. У буйным горадзе К. падпарадкоўваў сабе дробныя К. суседніх мястэчак — прыкагалкі. Указам рас імператара 1844 К. скасаваны, іх адм. функцыі перададзены паліцэйскім установам, а гасп. і агульнападатковыя — гар. думам і ратушам.

т. 7, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМО́РНІК,

1) у Польшчы ў 12—13 ст. слуга або дваранін пры дварах князёў, каралёў. Кіраваў хатняй маёмасцю, прадстаўляў інтарэсы і замяшчаў гаспадара пры выкананні малазначных спраў.

2) У ВКЛ у 16—17 ст. геадэзіст-землеўпарадчык, член падкаморскага суда. Прызначаўся падкаморым і замяшчаў яго пры вырашэнні спрэчак на месцы. Займаўся вымярэннем і здымкай мясцовасці (межаў, маёнткаў і г.д.) у якасці судовага выканаўцы, а таксама асабіста за кошт зацікаўленага боку. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі заменены інстытутам землямераў, канчаткова знік у 1840 пасля скасавання межавых судоў і спынення дзейнасці Статута ВКЛ 1588.

3) У бытавым ужытку ў 19 — пач. 20 ст. — землямер.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)