вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган, урад дзяржавы ў 1994—96. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 быў створаны пры Прэзідэнце для рэалізацыі паўнамоцтваў выканаўчай улады. Кампетэнцыя і парадак дзейнасці Кабінета Міністраў вызначаліся Канстытуцыяй, законам аб Кабінеце Міністраў ад 30.1.1995 і інш.заканад. актамі. Быў правамоцны самастойна вырашаць усе пытанні дзярж. кіравання, што знаходзіліся ў яго веданні. Яго рашэнні з’яўляліся абавязковымі для выканання ўсімі мін-вамі і інш.цэнтр. органамі дзяржавы, мясц. выканаўчымі і распарадчымі органамі, прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі і грамадзянамі на тэр. Беларусі. У склад Кабінета Міністраў, які зацвярджаў Прэзідэнт, уваходзілі прэм’ер-міністр, яго намеснікі, міністры, старшыня Камітэта дзярж. бяспекі, кіраўнікі інш.цэнтр.органаў кіравання. У выніку прыняцця на рэферэндуме 24.11.1996 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі) Кабінет Міністраў скасаваны, функцыі цэнтр. органа дзярж. кіравання перайшлі да Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н,
група вірусных хвароб, якая характарызуецца мазаічнай (стракатай) афарбоўкай пашкоджаных органаў, пераважна лісця і пладоў. У залежнасці ад малюнка адрозніваюць кальцавую мазаіку, палосчатую, рабую і інш. Змяняецца форма ліставой пласцінкі, расліны адстаюць у росце. Моцнае пашкоджанне вірусам выклікае некроз (адміранне) лісця, парасткаў, расліны. Хваробы перадаюцца праз насенне, пры пасынкаванні, сутыкненні здаровых і хворых раслін з іх узаемным траўміраваннем і інш. Пераносчыкі — тлі, клапы, глебавыя нематоды. Вірусы захоўваюцца ў раслінных рэштках, насенні. Найб. шкодныя М.х.р. — мазаіка тытуню і памідораў, зялёная мазаіка агуркоў і звычайная агурочная мазаіка, рабая і маршчыністая мазаіка бульбы, мазаіка буракоў, гароху, капусты, фасолі і інш.
Літ.:
Власов Ю.И. Вирусные и микоплазменные болезни растений. М., 1992;
Блоцкая Ж.В. Вирусные болезни картофеля. Мн., 1993.
Ж.В.Блоцкая.
Мазаічныя хваробы раслін: 1 — маршчыністая мазаіка бульбы (а — пашкоджаны ліст, б — расліна, в — некроз жылак); 2 — жоўтая мазаіка фасолі; 3 — мазаіка азімай пшаніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
сістэматызаваны заканад. акт, які вызначае прававыя, эканам. і арганізац. асновы мытнай справы, накіраваны на абарону эканам. суверэнітэту і эканам. бяспекі Рэспублікі Беларусь і развіццё яе знешнеэканам. сувязей. Прыняты Нац. сходам Рэспублікі Беларусь і ўведзены ў дзеянне ў 2-й пал. 1998. Складаецца з 15 раздзелаў, 45 глаў і 273 артыкулаў. Да 1998 на тэр. Беларусі дзейнічаў мытны кодэкс 1993. Апрача агульных палажэнняў змяшчае і рэгламентуе арганізац. пытанні кіравання мытнай справай; вызначае мытныя органы дзяржавы і іх кампетэнцыю; замацоўвае асн. прынцыпы перамяшчэння тавараў і трансп. сродкаў праз мытную граніцу; устанаўлівае мытныя рэжымы, мытныя плацяжы, мытнае афармленне тавараў, мытны і валютны кантроль; вызначае асоб, якім даецца права на мытныя льготы; рэгулюе пытанні вядзення мытнай статыстыкі і таварнай наменклатуры знешнеэканам. дзейнасці; шэраг норм кодэксу прысвечаны злачынствам і адм. правапарушэнням у сферы мытнай справы, прававому статусу службовых асоб мытных органаў, іх правам і абавязкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАНАРО́ДЖАНАЕ ДЗІЦЯ́,
дзіця з моманту нараджэння і да канца першага месяца жыцця. Бывае даношанае (цяжарнасць 38—41 тыдзень), неданошанае дзіця, пераношанае (цяжарнасць больш за 41 тыдзень). Пасля нараджэння Н.д. прыстасоўваецца да ўмоў навакольнага асяроддзя. Адбываецца ўдасканальванне органаў і сістэм арганізма, асабліва сардэчна-сасудзістай сістэмы, сістэмы імунітэту. Н.д. мае масу цела ў сярэднім 3000—4000 г, даўж. 50—52 см. Даўж. галавы Н.д. складае чвэрць цела, акружнасць чэрапа — 34—36 см (на 1—2 см больш за акружнасць грудной клеткі) Да 3-га дня адпадае кукса пупавіны. У першыя 3—4 дні ў Н.д. адбываецца «фізіялагічная» страта масы цела (да 10%), з 6—7-га дня маса пачынае прыбываць (за 1-ы тыдзень павялічваецца на 600—700 г). Пераношанае Н.д. мае прыкметы трафічных парушэнняў (напр., шчыльныя косці чэрапа з закрытымі швамі і малымі цемечкамі), больш схільнае да захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВА НА СУДО́ВУЮ АБАРО́НУ,
комплекс канстытуцыйна замацаваных працэсуальных правоў, якія гарантуюць абарону асн. матэрыяльных правоў і свабод чалавека. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе права грамадзян на суд. абарону ад замахаў на жыццё і здароўе, гонар і годнасць, асабістую свабоду і маёмасць, інш. законныя правы і свабоды, а таксама ад неправамерных дзеянняў органаўдзярж. кіравання і службовых асоб. У судаводстве ўсе грамадзяне маюць права на абарону і на кваліфікаваную юрыд. дапамогу для яе ажыццяўлення (у выпадках, прадугледжаных законам, юрыд. дапамога аказваецца за кошт дзярж. сродкаў); права на прэзумпцыю невінаватасці, права не сведчыць супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і, блізкіх родных (доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыд. сілы); права асуджанага на перагляд прыгавору вышэйстаячым судом ва ўстаноўленым законам парадку. Замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства таксама гарантуецца права на зварот у суд для абароны асабістых, маёмасных, сямейных і інш. правоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫЙНАЯ ЗБРО́Я,
адзін з магчымых відаў зброі масавага паражэння, дзеянне якога заснавана на выкарыстанні баявых радыеактыўных рэчываў. Дастаўка іх у зону паражэння можа ажыццяўляцца з дапамогай авіябомбаў, распыляльных авіяц. прылад, беспілотных самалётаў, крылатых ракет і інш.
Баявыя рэчывы Р.з. — парашкі або растворы, якія маюць у сабе высокаактыўныя і караткадзейныя ізатопы хім. элементаў, здольных да іанізавальнага выпрамянення. Асн. крыніца іх атрымання — адходы ядз. рэактараў, а таксама апрамяненне спец. рэчываў у ядз. рэактарах. Знешняе і ўнутранае біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў выклікае ў чалавека прамянёвую хваробу або лакальнае пашкоджанне асобных органаў, таксічнае атручэнне (чалавек страчвае працаздольнасць, мае патрэбу ў працяглым лячэнні). Дзеянне Р.з. параўнальнае з дзеяннем радыеактыўных рэчываў на арганізм чалавека, жывёл, расліннасці, якія ўтвараюцца пры выкарыстанні ядзернай зброі і заражаюць навакольнае асяроддзе. Інтэнсіўнае і працяглае выпрамяненне выклікае гібельныя наступствы для жывёльнага і расліннага свету ў мясцовасці паражэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
сукупнасць эканам., прававых і арганізац. мерапрыемстваў дзярж.органаў, цэнтр. банкаўскіх і фінансавых устаноў у сферы валютных адносін з мэтай уздзеяння на плацежны баланс, валютныя курсы, канкурэнтаздольнасць нац. вытв-сці; састаўная частка эканам. палітыкі краіны. Валютная палітыка бывае бягучая і доўгатэрміновая. Бягучая мае на мэце аператыўнае рэгуляванне валютна-рыначнай кан’юнктуры і дзейнасці валютнага рынку, забеспячэння ўпарадкаванага функцыянавання механізмаў нац. і сусв.валютных сістэм; ажыццяўляецца пераважна ў 2 формах: дыскантнай (змена ўліковай стаўкі працэнта для ўздзеяння на аб’ём крэдыту ў краіне, тэмпы інфляцыі, стан плацежнага балансу і валютны курс) і дэвізнай (рэгуляванне валютнага курсу з дапамогай валютнай інтэрвенцыі і валютных абмежаванняў). Мэта доўгачасовай валютнай палітыкі — ажыццяўленне структурных змен у міжнар. валютным механізме (роля золата, рэзервовых валют, СДР і інш. лікавых адзінак у міжнар. разліках, рэжым валютных парытэтаў і курсаў і інш.); рэалізуецца перагаворамі краін на рэгіянальным узроўні і міждзяржаўнымі (найперш у межах міжнар. валютнага фонду).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБАСАДЖА́ЛКА,
машына для механізаванай пасадкі бульбы з адначасовым унясеннем угнаенняў. Бываюць 2-, 4- і 6-радковыя, з лыжкава-дыскавым, элеватарным, стужачна-лыжкавым і раменным тыпамі высаджвальнага апарата. Высаджваюць бульбу ў грабяні, якія бульбасаджалкі ўтвараюць самі, або ў папярэдне нарэзаныя.
Ва ўмовах Беларусі найб. выкарыстоўваюцца бульбасаджалкі з лыжкава-дыскавымі высаджвальнымі апаратамі, рабочыя органы якіх прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці трактара. Асобныя іх тыпы маюць бункеры для загрузкі пасадачнага матэрыялу з самазвальных трансп. сродкаў, прыстасаваны для пасадкі прарослых клубняў. «Лідсельмаш» выпускае 2- і 4-радковыя бульбасаджалкі з элеватарным высаджвальным апаратам (Л-201, Л-202). Навясная бульбасаджалка Л-202 можа выкарыстоўвацца пры наяўнасці глебавых дамешкаў у пасадачным матэрыяле і без жорсткіх патрабаванняў да каліброўкі клубняў. Прывод рабочых органаў — ад хадавых колаў. Прадукцыйнасць 1,25—2.4 га/гадз.
расійскі прыродазнавец, заснавальнік эмбрыялогіі. Акад. Пецярбургскай АН. (1828—30 і 1834—62; ганаровы чл. з 1862), замежны чл.-кар. (1826). Адзін з заснавальнікаў Рус.геагр.т-ва. Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1814). Працаваў у Аўстрыі і Германіі, у 1829—30 і з 1834 у Расіі. Адкрыў яйцаклетку ў млекакормячых, апісаў стадыю бластулы, вывучыў эмбрыягенез у кураняці, устанавіў падабенства эмбрыёнаў вышэйшых і ніжэйшых жывёл, паслядоўнае з’яўленне ў эмбрыягенезе адзнак тыпу, класа, атрада і інш.; апісаў развіццё ўсіх асн.органаў пазваночных. Удзельнік экспедыцый на Новую Зямлю (1837) і Каспійскае м. (1853—56). Растлумачыў заканамернасць падмыву берагоў рэк (Бэра закон). Рэдактар серыі выданняў па геаграфіі Расіі. Імем Бэра названы мыс на Новай Зямлі і востраў у Таймырскім зал., грады ў Прыкаспійскай нізіне (гл.Бэраўскія бугры).
Тв.:
Рус.пер. — Избранные работы. Л., 1924;
Автобиография. М., 1950;
История развития животных. Т. 1—2. М.; Л., 1950—53.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯ́НКА,
лішкавае назапашванне вадкасці ў серозных поласцях і тканках арганізма, якое праяўляецца павелічэннем аб’ёму органа ці памяншэннем ёмістасці серознай поласці. Бывае вадзянка абалонкі яечка (гідрацэле), вадзянка цяжарных, вадзянка сустава перамежная (гідраартроз).
Вадзянка абалонкі яечка — хвароба органаў машонкі, пры якой адбываецца назапашванне серознай вадкасці паміж вонкавым і ўнутр. лістком уласнай абалонкі яечка. Адрозніваюць прыроджаную (найчасцей у дзяцей) і набытую (пераважна ў дарослых) формы хваробы, паводле цячэння — вострую (да 2 сут), вадзянку, якая хутка развіваецца (да 1 мес), і хранічную. Прычыны развіцця ў дарослых — запаленчыя працэсы, траўмы яечка і прыдатка абалонак. Фізіял. вадзянка лячэння не патрабуе, пры вострай вадзянцы робяць пункцыю, іншыя формы вадзянкі лечаць хірургічна. Вадзянка цяжарных — адна з формаў таксікозу ў 2-й пал. цяжарнасці. Праяўляецца ацёкам і лішняй вагой у выніку парушэння водна-салявога абмену і кровазвароту. Лячэнне: разгрузка арганізма ад вадкасці, абмежаванае ўжыванне кухоннай солі, тэрапеўтычнае. Прычыны ўзнікнення і лячэнне вадзянкі суставаў, як і пры інш.артрозах, залежаць ад ступені цяжкасці пашкоджання іх функцый.