ТРАНСМІСІ́ЎНЫЯ ХВАРО́БЫ (ад лац. transmissio пераход, перадача),
інфекцыйныя хваробы чалавека, с.-г. і дзікіх жывёл, перадача ўзбуджальнікаў якіх адбываецца пры ўдзеле крывасосных членістаногіх. Пераносчыкі Т.х. — вошы, блохі, кляшчы, клапы, камары і інш. Узбуджальнікі: вірусы, бактэрыі, прасцейшыя. Налічваецца больш за 200 Т.х., у т. л.малярыя, тулярэмія, чума, сонная хвароба, эпідэмічны сыпны тыф і інш. Большасць Т.х. — прыродна-ачаговыя, сезонныя. Сярод іх вылучаюць антрапазаанозы, заанозы. Для чалавека і жывёл падзяляюцца на аблігатна-трансмісіўныя (узбуджальнікі перадаюцца толькі пераносчыкамі, напр., малярыя, інфекцыйная анемія коней) і факультатыўна-трансмісіўныя (узбуджальнікі перадаюцца пераносчыкамі і праз ежу, паветра, ваду, напр., сібірская язва, тулярэмія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФО́РМУЛЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,
формулы для абазначэння саставу і структуры малекул з дапамогай знакаў хімічных (хім. сімвалаў) і лічбавых індэксаў. Колькасць атамаў у малекуле пішуць у падрадковым індэксе справа ад сімвала элемента (адзінку апускаюць), напр., H2O.
Вылучаюць Ф.х. эмпірычныя (паказваюць прасцейшыя колькасныя суадносіны паміж элементамі), малекулярныя (колькасць атамаў, якія ўваходзяць у малекулу гэтага злучэння), рацыянальныя (пры абазначэнні вылучаюць функцыян. групы) і структурныя (характарызуюць размяшчэнне атамаў, парадак сувязі і валентнасць кожнага атама ў малекуле). Напр., для воцатнай к-ты эмпірычная Ф.х. CH2O, малекулярная — C2H4O2, рацыянальная — CH3COOH, структурная — .
З дапамогай Ф.х. кадзіруюць хім. злучэнні, складаюць даведнікі і інш.Гл. таксама Наменклатура хімічная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФТАРЫ́ДЫ,
хімічныя злучэнні фтору з іншымі элементамі. Вядомыя для ўсіх элементаў, акрамя гелію і неону. Адрозніваюць простыя Ф. (солі фторыставадароднай кіслаты, галагенфтарыды, кавалентныя Ф. металаў і неметалаў), оксіфтарыды, гідрафтарыды, комплексныя Ф. і інш.
Ф. большасці металаў — цвёрдыя рэчывы з высокімі т-рамі плаўлення (напр., фтарыд натрыю NaF tпл 996 °C). Ф. неметалаў — вадкасці ці газы, моцныя акісляльнікі. Большасць гідралізуецца вадой, усе здольныя да пірагідролізу. Ф. сустракаюцца ў прыродзе (напр., флюарыт, крыяліт, селаіт). Атрымліваюць непасрэдным злучэннем элементаў, узаемадзеяннем фторыставадароднай к-ты з металамі і інш. Выкарыстоўваюць для атрымання фтору, урану, алюмінію, як флаціруючыя агенты, дыэлектрыкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛА́ДНІ ФІГУ́РЫ,
фігуры, якія ўтвараюцца скопішчам дробных часцінак (напр., сухога пяску) паблізу вузлавых ліній на паверхні вагальнай пласцінкі ці інш. механічнай сістэмы. Адкрыты ням. вучоным Э.Ф.Ф.Хладні (1787).
Кожнаму ўласнаму ваганню (стаячай хвалі) пласцінкі адпавядае сваё размяшчэнне вузлавых ліній. У выпадку круглай пласцінкі вузлавыя лініі бываюць кругавымі ці радыяльнымі; у выпадку прамавугольнай ці трохвугольнай пласцінкі яны накіраваны паралельна старанам ці дыяганалям. Пры змене пункту замацавання і месца ўзбуджэння можна атрымаць разнастайныя Х.ф. Выкарыстоўваюцца ў дэфектаскапіі (тапаграфічны метад) для даследавання мех. якасцей вырабу ў цэлым (напр., пласцінкі ці абалонкі).
Хладні фігуры ў выпадку круглай (1) і прамавугольнай (2) пласцінак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫКЛАДАЛУЧЭ́ННЯ РЭА́КЦЫІ, цыкладалучэнне,
група арган. рэакцый, у якіх 2 ненасычаныя малекулы далучаюцца адна да адной з утварэннем новага цыкла. Суправаджаецца змяншэннем кратнасці сувязей.
Паводле колькасці атамаў кожнага кампанента адрозніваюць [2+1]-, [2+2]-, [2+4]-цыкладалучэнні і інш. Пры [2+1]-Ц.р. да кратнай сувязі малекулы далучаецца атам з запоўненай і адначасова вакантнай арбіталлю (напр., карбен, дыхлоркарбен), у выніку чаго ўтвараецца трохскладовы цыкл. Чатырохскладовыя цыклы ўтвараюцца ў выніку [2+2]-Ц.р., напр., з алкенаў утвараюцца замешчаныя цыклабутаны. Прыклад [2+4]-Ц.р. — дыенавы сінтэз (рэакцыя Дзільса—Альдэра), які дазваляе атрымаць шасціскладовы цыкл з рознымі замяшчальнымі групамі. Выкарыстоўваюцца Ц.р. ў арган. хіміі для сінтэзу карба- і гетэрацыклічных злучэнняў зададзенай структуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫРАДЖЭ́ННЕў квантавай механіцы,
уласцівасць некаторых фізічных велічынь, што апісваюць фіз. сістэму (атам, малекулу і інш.), мець аднолькавае значэнне для розных станаў сістэмы. Колькасць станаў сістэмы, якім адпавядае адно і тое ж значэнне пэўнай фіз. велічыні, наз.кратнасцю выраджэння дадзенай фіз. велічыні. Напр., калі не ўлічваць эл.-магн. і слабыя ўзаемадзеянні («выключыць» іх), то ўласцівасці пратона і нейтрона будуць аднолькавыя і іх можна разглядаць як 2 станы адной часціцы (нуклона), якія адрозніваюцца толькі эл. зарадам.
Найб. важнае выраджэнне ўзроўняў энергіі: сістэма мае пэўнае значэнне энергіі, але пры гэтым можа быць у розных станах. Напр., свабодная часціца мае бясконцакратнае выраджэнне энергіі: энергія вызначаецца модулем імпульсу, а напрамак імпульсу можа быць любым. Пры руху часціцы ў знешнім сілавым полі выраджэнне можа поўнасцю або часткова здымацца, напр., у магн. полі выяўляецца залежнасць энергіі ад напрамку магн. моманту часціцы: пры ўзаемадзеянні з полем часціцы атрымліваюць дадатковую энергію і ўзроўні энергіі «расшчапляюцца» (гл.Зеемана з’ява). Расшчапленне ўзроўняў энергіі часціц у знешнім эл. полі гл. ў арт.Штарка з’ява.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗОНД (франц. sonde),
1) у медыцыне — інструмент для даследавання (лячэння) пустацелых органаў, каналаў, ран і інш. Дазваляе вызначыць глыбіню і шырыню поласці, наяўнасць іншародных цел, змесціва органа, уводзіць дыягнастычныя і лекавыя сродкі і інш. 2) У метэаралогіі — шар з прыладамі для рэгістрацыі метэаралагічных даных верхніх слаёў атмасферы. Атрыманая інфармацыя перадаецца, напр., па радыё (радыёзонд) і рэгіструецца ў пункце выпуску З.) У ваеннай тэхніцы — металічны стрыжань (шчуп), які служыць, напр., для пошуку мін, снарадаў, авіябомбаў і інш. боепрыпасаў, якія знаходзяцца ў зямлі.
4) У электратэхніцы — металічны электрод для вывучэння (разам з электрометрам) размеркавання патэнцыялу ў эл. ланцугу.
5) У горнай справе — сукупнасць электродаў для вымярэння ў свідравіне эл. праводнасці горных парод. Дазваляе атрымліваць звесткі аб пародах, якія перасякала свідравіна, без падымання ўзораў на паверхню.
6) У рыбалоўстве — суднавая апаратура для кантролю параметраў рыбалоўнага трала і падводных абставін у час тралення. Служыць таксама для навядзення трала на скопішча рыбы, вызначэння ступені напаўнення яго рыбай і інш. 7) У акустыцы — прылада для вымярэння гукавога ціску ў зададзеным пункце гукавога поля. Уяўляе сабой вузкі акустычны хвалявод, злучаны з прыёмнікам гуку, напр. мікрафонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНО́ЖАННЕ,
аперацыя ўтварэння па двух дадзеных аб’ектах a і b (сумножніках) трэцяга аб’екта c (здабытку). Абазначаецца c = a × b = a ∙ b = ab. Уласцівасці М. вывучаюцца ў агульнай алгебры, тэорыях груп і кольцаў.
Мае розны канкрэтны сэнс у залежнасці ад канкрэтнага віду сумножнікаў і здабытку. Напр., у выніку М. цэлых дадатных лікаў a і b атрымліваецца лік c, роўны суме b складаемых, кожнае з якіх роўнае a: c = a + a + ... + a (b складаемых). М. лікаў адназначнае і мае ўласцівасці камутатыўнасці, асацыятыўнасці і дыстрыбутыўнасці. Абагульненні М. звязаныя з магчымасцю разглядаць лікі як аператары ў сукупнасці вектараў на плоскасці. Напр., камплекснаму ліку
адпавядае аператар расцяжэння ўсіх вектараў у r разоў і павароту іх на плоскасці на вугал φ вакол пачатку каардынат. Пры гэтым М. камплексных лікаў адпавядае М. адпаведных аператараў. Такое вызначэнне аператараў пераносіцца на інш. іх віды, якія ўжо нельга выразіць з дапамогай лікаў, напр., лінейныя пераўтварэнні, М. вектараў, матрыц, кватэрніёнаў. Пры гэтым часта парушаюцца некаторыя ўласцівасці М. (звычайна камутатыўнасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ЙНАЕ ПРАМЕНЕПЕРАЛАМЛЕ́ННЕ,
падваенне светлавых прамянёў пры праходжанні праз анізатропнае асяроддзе (напр., крышталь). Абумоўлена залежнасцю пераламлення паказчыка дадзенага асяроддзя ад напрамку эл. вектара светлавой хвалі (гл.Анізатрапія ў фізіцы, Крышталяоптыка).
Пры падзенні светлавой хвалі на анізатропнае асяроддзе ў ёй узнікаюць 2 хвалі з узаемна перпендыкулярнымі плоскасцямі палярызацыі (гл.Палярызацыя святла). У аднавосевых крышталях адна з хваль мае плоскасць палярызацыі, перпендыкулярную да плоскасці, якая праходзіць праз напрамак праменя святла і аптычную вось крышталя (звычайны прамень), плоскасць палярызацыі другой хвалі паралельная гэтай плоскасці (незвычайны прамень). Скорасць распаўсюджвання звычайнай хвалі і яе паказчык пераламлення не залежаць ад напрамку распаўсюджвання, а скорасць і паказчык пераламлення незвычайнай хвалі — залежаць, і для яе парушаюцца звычайныя законы пераламлення, напр., незвычайны прамень не можа ляжаць у плоскасці падзення. П.п. назіраецца таксама ў асяроддзях са штучнай анізатрапіяй, напр., пры накладанні эл. поля (Кера эфект), магн. поля (Катона—Мутона эфект) або поля пругкіх сіл (гл.Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў, Фотапругкасць).
Падвойнае праменепераламленне ў аднавосевым крышталі: 1 — падаючы прамень, 2 — крышталь, 3 — звычайны прамень, 4 — незвычайны прамень, α — вугал падвойнага праменепераламлення, OZ — аптычная вось крышталю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТАМО́ЎЕ,
1) вусна-размоўныя словы, выразы, іх варыянты і формы, якія выкарыстоўваюцца ў літаратурнай мове як стылістычны сродак зніжанай, грубаватай характарыстыкі прадметаў, вобразаў, з’яў. Напр., «абармот», «выскаляцца», «перціся на ражон», «раней яна прыгажэй была» і інш. 2) Разнавіднасць нацыянальнай мовы, якой уласцівы вусна-размоўныя словы, выразы, формы і якой карыстаюцца як сродкам непасрэдных вусных моўных зносін.
Для П. характэрны: неафіцыйнасць моўных зносін, экспромтнасць, адсутнасць папярэдняга абдумвання тэмы размовы і адбору адпаведных моўных сродкаў, першаснасць вуснай формы рэалізацыі мовы. П. ў якасці стыліст. сродкаў жартаўлівага, гумарыст., іранічнага, сатыр. адлюстравання рэчаіснасці ўваходзіць у склад літ. мовы, можа выкарыстоўвацца пры пэўных абставінах усімі яе носьбітамі і ўтварае разрад літ. П. (напр., «абібок», «канючыць»). Словы і выразы, што адрозніваюцца ад літ. адпаведнікаў націскам, асобнымі гукамі, форма- і словаўтваральнымі сродкамі, як ненарматыўны моўны элемент служаць сродкам стварэння эфекту зніжанасці маўлення, стылізацыі і ўтвараюць разрад пазаліт. П. (напр., «магазін», «іграць на піяніне»).
Літ.:
Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1976;
Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983.