КАМБІФО́РМ (ад камбій + лац. forma від, форма),
элементы лубу (флаэмы) пераважна травяністых раслін. Клеткі К. выцягнутай формы, танкасценныя, завостраныя, без папярочных перагародак, паводле функцыі адпавядаюць клеткам парэнхімнай флаэмы. Узнікаюць з клетак пракамбію ці верацёнападобных клетак камбію і захоўваюць характэрную для іх форму (адсюль назва).
т. 7, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЬВІН,
адзінка тэрмадынамічнай т-ры, роўная 1/273,16 часткі тэрмадынамічнай т-ры трайнога пункта вады; адна з асн. адзінак СІ. Абазначаецца К; да 1968 наз. градус Кельвіна (°К). 1 К = 1 °C. Назва ад імя У.Томсана (лорда Кельвіна). Выкарыстоўваецца як адзінка Міжнар. практычнай тэмпературнай шкалы.
т. 8, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬКВІСІ́Н, сусін,
у карэйскай міфалогіі агульная назва вадзяных духаў, што жылі ў морах, рэках, балотах і калодзежах. Лічылася, што душы тапельцаў рабіліся М. Каб уміласцівіць М. і пазбегнуць бедстваў, звязаных з воднай стыхіяй, жыхары Карэі прыносілі ахвяры духам чатырох мораў і сямі вял. вадаёмаў.
т. 11, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ТЭ́ХНІКУМ Засн. ў 1973 у г. Калінкавічы Гомельскай вобл. як саўгас-тэхнікум. З 1996 сучасная назва. Рыхтуе аграномаў, заатэхнікаў, механікаў с.-г. вытв-сці. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): аграномія, заатэхнія, механізацыя сельскай гаспадаркі. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.
т. 11, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́КТЫ (лац. Picti),
назва групы плямён, якія складалі стараж. насельніцтва Шатландыі. П. пастаянна рабілі набегі на рымскую Брытанію, у 360-я г. дайшлі да Лондана. У 6 ст. ірландскі місіянер Калумбан схіліў іх да хрысціянства. У сярэдзіне 9 ст. заваяваны скотамі і змяшаліся з імі.
т. 12, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́НЯ,
гаспадарчая пабудова для захоўвання сена, саломы; пабудова, аналагічная адрыне. На Падняпроўі выкарыстоўвалася і як хлеў. Шырока бытуе на Беларусі, а таксама ў Смаленскай, Наўгародскай і інш. абласцях Расіі. Назва запазычана з літ. мовы — «пуне». У стараж.-бел. мове зафіксавана ў пач. 16 ст.
т. 13, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАВУ́ЧЫЯ САРАКАВЫ́Я»,
традыцыйная назва акіянскай прасторы ў 40-х шыротах Паўд. паўшар’я, дзе моцныя і ўстойлівыя зах. вятры і частыя штормы. Гэта тлумачыцца абсалютнай перавагай адкрытых акіянскіх прастораў і адсутнасцю перашкод для вятроў. Тыя ж кліматычныя асаблівасці характэрны і для 50-х шырот Паўд. паўшар’я.
т. 13, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАСТРАПА́ДКА»,
бел. нар. танец. Муз. памер 2/4, тэмп жвавы. Назва ад растрапаць, трапаць. Выконваецца пад песню. Мае сольны імправіз. характар; кожны танцор імкнецца найлепш паказаць свае здольнасці. Зафіксаваны ў 1930-я г. ў беларусаў Лудзенскага пав. (цяпер Лудзенскі р-н, Латвія).
Л.К.Алексютовіч.
т. 13, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЯ́РЫЙ (лац. solarium ад sol Сонца),
1) у старажытных рымлян — тэраса, плоскі дах на паўд. баку дома.
2) Другая назва сонечнага гадзінніка.
3) Спец. абсталяваная адкрытая пляцоўка для прыняцця сонечных ваннаў (гл. Сонцалячэнне).
4) У птушкагадоўлі — абгароджаная пляцоўка з цвёрдым пакрыццём падлогі для выгулу птушак.
т. 14, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НА,
1) у тэкстыльнай прамысловасці від пакоўкі нітак (ніткі намотваюцца на шпулю без фланцаў).
2) У электратэхніцы — прылада ў рухавіках унутр. згарання з батарэйнай сістэмай запальвання (іншая назва — індукцыйная шпуля, шпуля запальвання).
3) У выліч. тэхніцы, гука- і кінатэхніцы шпуля для намотвання магн. стужкі або кінаплёнкі.
т. 2, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)