ПЛАСТЫЧНАСЦЬ МАТЭРЫЯЛАЎ І АПРАЦОЎКА ІХ ЦІСКАМ
Сістэматычныя даследаванні ў галіне пачаліся на Беларусі ў 1948 пад кіраўніцтвам С.І.Губкіна. Распрацаваны фізіка-хім. тэорыя пластычнасці і матэм. метады даследавання пластычнасці металаў пры пракатцы, коўцы, штампоўцы. У 1956—70 даследаванні вяліся пад кіраўніцтвам В.П.Севярдэнкі. Распрацаваны метад ліній слізгання ў дастасаванні да працэсаў коўкі і гарачай аб’ёмнай штампоўкі; аналітычны метад рашэння плоскіх задач тэорыі пластычнасці, набліжаныя метады разліку для аналізу напружана-дэфармаванага стану ва ўмовах складанага нагружэння і тэорыя пераходных абласцей (Я.М.Макушок, А.С.Матусевіч, В.П.Севярдэнка, У.М.Сягал). Пабудова палёў ліній слізгання ў пераходных абласцях, як працяг поля ачага дэфармацыі, дала магчымасць вызначаць размеркаванне напружанняў у іх межах, у т. л. з улікам кантактнага трэння (Я.М.Макушок). Даследаваны ўплыў ультрагукавых ваганняў на працэс пластычнага цячэння металаў. Распрацаваны тэарэт. палажэнні аб мэтазгоднасці і магчымасці выкарыстання ультрагукавых ваганняў для інтэнсіфікацыі працэсаў апрацоўкі ціскам (У.У.Клубовіч, В.П.Севярдэнка, А.В.Сцепаненка), а таксама набліжаныя метады аналітычнага рашэння прыкладных задач: узбурэння палёў ліній слізгання; выкарыстання асімптатычных рашэнняў; лінеарызацыя ўмоў пластычнасці; метады аналізу напружана-дэфармаванага стану ў пераходных абласцях і на кантакце цвёрдага і пластычнага цел; метады канечных элементаў, муаравых палос (Т.В.Каліноўская, Я.М.Макушок, У.М.Сягал). Прапанаваны: эфектыўны спосаб гарачага выціскання з выкарыстаннем квазівадкіх асяроддзяў — гарачае гідрадынамічнае выцісканне (У.Р.Канцін, В.С.Мурас, В.П.Севярдэнка, Э.Ш.Сухадрэў), працэсы дакладнай аб’ёмнай штампоўкі дэталей складанай формы ў штампах з раздымнымі матрыцамі (М.І.Калачоў, В.С.Мурас, В.П.Севярдэнка, Э.Ш.Сухадрэў, В.А.Ціманюк). Развіты ўяўленні аб дэфармацыйным умацаванні металаў. Паказана магчымасць выкарыстання эфекту ўмацавання, звязанага са схемай напружанага стану, для павышэння канстр. трываласці і эксплуатацыйных якасцей вырабаў, што атрымліваюцца апрацоўкай ціскам (М.І.Калачоў). Развіваецца тэорыя папярочнаклінавой пракаткі і працэсы атрымання гэтым метадам вырабаў з падоўжанай воссю тыпу ступеньчатых валоў (Р.В.Андрэеў, В.А.Клушын, Я.М.Макушок, У.І.Садко, В.Я.Шчукін).
З сярэдзіны 1980-х г. пад кіраўніцтвам А.В.Сцепаненкі фарміруецца навук. школа па даследаванні і распрацоўцы новых працэсаў апрацоўкі матэрыялаў ціскам. Упершыню распрацаваны працэс атрымання малаліставых рысор з адначасовай пракаткай двух канцоў загатоўкі для надання ёй парабалічнага профілю (У.А.Кароль, А.В.Сцепаненка). Праведзены тэарэт. і эксперым. даследаванні мех. паводзін парашковых матэрыялаў, прааналізавана кантактнае ўзаемадзеянне часцінак сыпкага асяроддзя і кантынуальных уяўленняў рэалогіі неабарачальна сціснутых асяроддзяў (Л.А.Ісаевіч, А.В.Сцепаненка, В.Я.Харлан). Пад кіраўніцтвам У.У.Клубовіча далей развіты тэарэт. і прыкладныя распрацоўкі ў галіне ультрагукавой апрацоўкі матэрыялаў (В.В.Арцём’еў, В.В.Рубанік, А.В.Сцепаненка). Развіваецца новы навук. кірунак — самаарганізацыя нестацыянарных дэфармацыйных працэсаў (Я.М.Макушок), абгрунтавана мэтазгоднасць прафілявання рабочых паверхняў інструменту для халоднай аб’ёмнай штампоўкі стальных вырабаў з улікам геаметрыі межаў ачагоў дэфармацыі ідэальна пластычнага цела (А.В.Аліфанаў). Распрацавана мадэль прасавання дыскрэтных (парашковых, грануляваных) цел, якая дазваляе ажыццяўляць аналіз напружана-дэфармаванага стану з улікам уплыву міжчасцінкавага і знешняга трэння, вызначаць мяжу і форму ачага пластычнай дэфармацыі, улічваць асаблівасці ўплыву камбінаваных нагрузак і спякання (А.В.Аліфанаў, Я.М.Макушок). Пад кіраўніцтвам В.М.Чачына развіта імпульсная апрацоўка ліставых матэрыялаў (магнітна-імпульсная, гідраўдарная, электрагідраімпульснае дэфармаванне металаў і сплаваў; А.Ю.Жураўскі, Г.М.Здор, Ю.І.Крыванос, А.Л.Скрыпнічэнка, Г.К.Сядзяка, У.Л.Шадуя).
Літ.:
Северденко В.П., Клубович В.В., Степаненко А.В. Обработка металлов давлением с ультразвуком. Мн., 1973;
Чачин В.Н. Электрогидравлическая обработка машиностроительных материалов. Мн., 1978;
Калачев М.И. Деформационное упрочение металлов. Мн., 1980;
Клубович В.В., Степаненко А.В. Ультразвуковая обработка материалов. Мн., 1981;
Инженерная теория пластичности. Мн., 1985;
Щукин В.Я. Основы поперечно-клиновой прокатки. Мн., 1986;
Технологические процессы пластического деформирования в машиностроении. Мн., 1989;
Макушок Е.М. Самоорганизация деформационных процессов. Мн., 1991;
Степаненко А.В., Исаевич Л.А., Харлан В.Е. Обработка давлением порошковых сред. Мн., 1993;
Степаненко А.В., Король В.А., Смирнова Л.А. Прокатка полос переменного профиля. Гомель, 2001;
Артемьев В.В., Клубович В.В., Рубаник В.В.
Ультразвук и обработка материалов. Мн., 2003; Алифанов А.В. Обработка давлением компактных и дискретных материалов Мн., 2004.
А.В.Аліфанаў.
т. 18, кн. 2, с. 538