КАЧУБЕ́Й (Васіль Лявонцьевіч) (1640, Украіна — 25.7.1708),

украінскі ваен. і дзярж. дзеяч. Пры гетмане Мазепе на вышэйшых пасадах у Гетманскім урадзе: ген. пісар (1687—99), ген. суддзя (1699—1708). Удзельнік Азоўскіх паходаў (1695—96). Паведаміў Пятру I пра тайныя перагаворы Мазепы са швед. каралём Карлам XII і польскім каралём Станіславам Ляшчынскім. Уцёк у Расію, але Пётр I, давяраючы гетману, выдаў яго Мазепе разам з палк. І.​І.​Іскрай. Пасля катаванняў пакараны смерцю. Калі стала вядома аб здрадзе Мазепы, К. і Іскра былі пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШТАЛА́ПАЎ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 20.7.1948, г. Магілёў),

бел. танцоўшчык і музыкант. Засл. арт. Беларусі (1983). З 1970 артыст балета Дзярж. нар. хору Беларусі, з 1974 фальклорна-харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», з 1988 у Бел. дзярж. ансамблі нар. музыкі «Свята». Разнапланавы характарны танцоўшчык і музыкант. Тэмпераментна і маляўніча выконвае розныя сола ў пастаноўках калектыву, у т. л. сола на акарыне ў нар. песнях «Калі каліна не цвіла», «Пасею гурочкі», «Песні-баладзе» ў апрацоўках В.​Купрыяненкі, танец з гармонікам у сюжэтнай харэагр. кампазіцыі «Спаборніцтва музыкаў» і інш.

т. 8, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІФО́З (ад грэч. kyphos сагнуты, згорблены),

скрыўленне пазваночніка ў чалавека, звернутае выпукласцю назад. Адрозніваюць К. фізіял. і паталагічны. Фізіял. грудны і крыжавы К. развіваецца ў дзіцячым узросце. У дарослых выгібы пазваночніка фіксаваныя. У пажылым і старэчым узросце грудны К. павялічваецца. Паталаг. К. выяўляецца на 2-м паўгоддзі жыцця, калі дзіця пачынае стаяць і хадзіць, у выніку прыроджаных адхіленняў ад нармальнага развіцця пазваночніка. К. можа развіцца пры рахіце, туберкулёзе пазваночніка, некат. сямейных і інш. захворваннях, пры доўгім сядзенні сагнутым. Лячэнне: спец. комплекс гімнастыкі, фізіятэрапеўтычнае, масаж, іншы раз — хірургічнае.

А.​У.​Руцкі.

т. 8, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧУ́М (?, Цэнтр. Азія — не раней 1598),

апошні хан Сібірскага ханства. У 1563 скінуў сібірскіх ханаў Едыгера і Бекбулата — даннікаў рас. цара Івана IV і абвясціў сябе ханам. Ён спыніў выплату даніны і ўзначаліў барацьбу супраць казацкай дружыны Ермака. У 1582 пацярпеў паражэнне ў бітве на Чувашаўскім мысе на р. Іртыш, пакінуў сваю сталіцу Кашлык. У 1585 знішчыў атрад казакаў на чале з Ермаком. Працягваў барацьбу да жн. 1598, калі быў канчаткова разбіты ваяводам А.​Ваейкавым на р. Бердзь, уцёк у Нагайскую Арду, дзе і загінуў.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАДДЗЯ́,

старажытнае рачное і марское судна ўсх. славян. Шырока бытавала на тэр. Беларусі. Вядома з 7 ст., калі на іх перавозілі грузы па шляху «з варагаў у грэкі». Аднадрэвы човен, найчасцей з дашчанымі набоямі па баках для павелічэння памераў. З 12 ст. мела палубу. Кіравалася рулявымі вёсламі на карме і носе, рухалася з дапамогай грабных вёслаў і ветразя. Вял. Л. змяшчала 40—60 і нават 100 чал. Тэрмін «Л.» выйшаў з ужытку ў 14 ст. ў сувязі са з’яўленнем тэрміна «судна».

Н.​І.​Буракоўская.

т. 9, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБА́РДА-ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,

аўстрыйскае ўладанне ў Паўн. Італіі ў 1815—66. Утворана аўстр. манархіяй з абласцей Ламбардыя і Венецыя, перададзеных Аўстрыі паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15. Цэнтр — г. Мілан. Кіравалася віцэ-каралём. Аўстр. ўлады перашкаджалі развіццю эканомікі і культуры, устанавілі рэжым жорсткіх паліцэйскіх праследаванняў. У выніку аўстра-італа-французскай вайны 1859 б. ч. Ламбардыі адышла да Сардзінскага каралеўства. Венецыянская вобл. і невял. частка Ламбардыі заставаліся ў складзе Аўстрыі пад назвай Л.-В.к. да 1866, калі ў выніку аўстра-італьянскай вайны 1866 былі далучаны да аб’яднанага Італьян. каралеўства.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЛА́СА ТЭАРЭ́МА,

адна з лімітных тэарэм імавернасцей тэорыі, што адносіцца да размеркавання адхілення частаты з’яўлення падзеі ад яе імавернасці пры незалежных выпрабаваннях.

Паводле Л.т., калі пры кожным з n незалежных выпрабаванняў у m выпадках адбываецца некаторая выпадковая падзея, імавернасць з’яўлення якой роўная p(0<p<1), то імавернасць няроўнасці z1 < ( m − np ) / np ( 1 − p ) < z2 блізкая пры вял. z да значэння інтэграла Лапласа. У агульным выглядзе даказана П.С.Лапласам (1812); асобны выпадак Л.т. быў вядомы А.​Муаўру (1730), таму яе часам наз. тэарэмай Муаўра—Лапласа.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГЕ́НДА ў нумізматыцы, ба́ністыцы, сфрагістыцы,

надпіс на аб’екце даследавання. Па форме напісання бывае гарызантальная (радковая), дугавая (кругавая, паўкругавая), вертыкальная; па месцы размяшчэння ў полі манеты — прыгуртавая (змешчана ўздоўж краю кружка), бакавая (размешчана па баках выявы), нізавая (знаходзіцца на абрэзе манеты). Паводле тэхнікі выканання адрозніваюць Л. рэльефныя, контррэльефныя і камбінаваныя, а таксама суцэльныя і разарваныя, калі разрыў зроблены іншым надпісам, знакам пасярэдзіне або паміж пачаткам і канцом Л Не з’яўляюцца Л. асобныя лічбы, літары і словы, што не маюць адносін да сюжэта відарыса.

І.​І.​Сінчук.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСАЛЯ́НСКІ ПАЛА́Ц.

Існаваў у 19 ст. ў в. Масаляны Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. Меў рысы стыляў ампір і несапраўднай готыкі. Мураваны 1-павярховы будынак складанай канфігурацыі ў плане на высокім цокалі. Цэнтр. ч., пад вальмавым дахам, вылучана 4-калоннай паўратондай, якая заканчвалася квадратным у плане бельведэрам са скульптурай у завяршэнні. Бакавыя крылы палаца на гал. фасадзе афармлялі слупавыя галерэі. Палац вядомы паводле малюнка Н.​Орды 1860—70-х г., калі належаў Біспінгам.

Ю.​А.​Якімовіч.

Масалянскі палац. З малюнка Н.​Орды, 19 ст.

т. 10, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ ЧАКА́ННЕ, сярэдняе значэнне,

лікавая характарыстыка выпадковай велічыні X. Абазначаецца MX або EX. Характарызуе размяшчэнне значэнняў велічыні X і роўнае сярэдняму значэнню яе размеркавання. З вялікіх лікаў закона вынікае, што сярэдняе арыфм. значэнне велічыні X пры павелічэнні колькасці выпрабаванняў набліжаецца да MX. Паняцце М.ч. ўзнікла ў 18 ст. ў сувязі з тэорыяй азартных гульняў: калі выйгрышы гульца прымаюць значэнні X1, X2, ..., Xn з імавернасцямі p1, p2, ..., pn, дзе p1 + p2+ ... + pn = 1, то яго чаканы выйгрыш за гульню роўны MX = Xlp1 + X2p2 + ... + Xnpn (адсюль назва).

т. 10, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)