МАГІЛЁЎСКАГА ЖАНО́ЧАГА ЕПАРХІЯ́ЛЬНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры эклектыкі ў Магілёве. Узведзены ў 1889—92 (арх. П.​Камбураў, М.​Маркаў). Мураваны 3-павярховы П-падобны ў плане будынак на высокім цокалі. Да яго цэнтр. часткі далучаны больш кароткія бакавыя карпусы, якія ўтвараюць унутр. дворык. У цэнтры па восі гал. ўвахода размяшчалася царква (не захавалася), злучаная з будынкам крытым пераходам. Цэнтр гал. фасада вылучаны неглыбокім рызалітам, завершаным атыкам з трохвугольным шчытом, 1-ы паверх аддзелены гарыз. цягамі, аздоблены рустам, сцены завершаны карнізным поясам з сухарыкамі. Аконныя праёмы 1-га і 2-га паверхаў прамавугольныя з плоскімі ліштвамі і замковымі камянямі, 3-га паверха — арачныя, упрыгожаныя сандрыкамі.

Т.​І.​Чарняўская.

Магілёўскага губернскага праўлення будынак. Чарцёж галоўнага фасада.

т. 9, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖА́РА,

у беларусаў грузавая 4-колавая павозка з бартавымі драбінамі (дошкамі або рашоткамі) для коннай ці валовай запрэжкі. Паводле пісьмовых крыніц, вядома з 16 ст. У сял гаспадарках бытавала дыяхронна і не ўсюды, у некат. раёнах Падняпроўя і Цэнтр. Беларусі з пач. 20 ст. Паводле спосабу злучэння пярэдняй і задняй частак (ходаў) М. падзяляліся на развадныя (пярэдні і задні хады маглі разводзіцца на больш шырокую, неабходную адлегласць для транспарціроўкі лесу) і неразвадныя, якія мелі своеасаблівы кузаў, часта з высокімі бартамі (драбінамі; да 1 м і болей) і служылі для перавозкі снапоў, саломы, сена. На Палессі бытавалі вузкія М. (каля 0,8 м), зручныя пры яздзе па лясных дарогах.

В.​С.​Цітоў.

Мажара.

т. 9, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖО́Р (франц. majeur, італьян. maggiore ад лац. major большы),

лад, у аснове якога ляжыць вялікае (мажорнае) трохгучча, а таксама яго ладавая афарбоўка (нахіленне). Мае светлую афарбоўку гучання, процілеглую афарбоўцы мінору, што складае адзін з найб. важных кантрастаў у музыцы. Асн. віды М.: натуральны, гарманічны (з VI паніжанай ступенню) і меладычны (з VI і VII паніжанымі ступенямі). Эвалюцыя М. выявілася ва ўзбагачэнні 7-ступеннай асновы вытворнымі і варыянтнымі тонамі. М. — адна з асн. ладавых форм у музыцы 17—20 ст. Яго выяўл. якасці шырока выкарыстоўваюцца ў розных жанрах музыкі.

Літ.:

Мазель Л. Проблемы классической гармонии. М., 1972;

Бершадская Т.С. Лекции по гармонии. 2 изд. Л., 1985.

Т.​С.​Ляшчэня.

т. 9, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКО́ЎСКІ ((Makowski) Юзаф Тадэвуш) (29.1.1882, г. Асвенцім, Польшча — 1.11.1932),

польскі жывапісец. Вучыўся ў АМ у Кракаве (1903—08) у Я.​Станіслаўскага і Ю.​Мехофера і ў Парыжы (1908) у А. Ле Факанье. Жыў пераважна ў Францыі. У ранні перыяд пад уплывам П.​Пюві дэ Шавана ствараў манум. сімвалічныя карціны («Хрышчэнне ў Іардані», 1909), пазней зазнаў уплыў кубізму («Партрэт мужчыны ў белым капелюшы», 1912). З 1920-х г. рабіў геаметрызаваныя кампазіцыі, пераважна на тэмы з жыцця дзяцей, у якіх спалучаў рысы сімвалізму, кубізму і прымітывізму. Сярод твораў: «Дзіцячая капэла» (1922), «Дзеці і ліхтарыкі» (каля 1928), «Шавец» (1930), «Скнара» (1932), «Двое дзяцей з сабакам» (каля 1932) і інш.

Ю.Макоўскі. Двое дзяцей з сабакам. Каля 1932.

т. 9, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́НЧАНКА (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 1.1.1932, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне радыебіялогіі. Д-р мед. н. (1974). Брат Р.Ф.Маленчанка. Скончыў 1-ы Ленінградскі мед. ін-т (1955). З 1965 у Ін-це радыеэкалагічных праблем Нац. АН Беларусі (з 1973 заг. лабараторыі). Навук. працы па вывучэнні медыка-біял. наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС: біял. эфекты спалучанага дзеяння іанізавальнага выпрамянення і фактараў нерадыяцыйнай прыроды, распрацоўка метадаў карэкцыі выкліканых паталаг. змен.

Тв.:

Ядерная энергетика: Общество и природа. Мн., 1990 (разам з А.​А.​Паўлоўскім, Ю.​С.​Панітковым);

Макрофаги легких при сочетанном воздействии ионизирующего излучения и оксидов азота (разам з Т.​Я.​Даражэнкавай) // Радиационная биология. Радиоэкология. 1994. Т. 34, вып. 4—5.

т. 10, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНСА́РДА (ад франц. mansarde),

паддашак, памяшканне, пераважна жылое, на гарышчы, кожны схіл даху якога складаецца з 2 частак — верхняй пакатай і ніжняй стромкай. М. дае дадатковую карысную плошчу, а т.зв. мансардавы дах узбагачае сілуэт і аб’ёмную кампазіцыю будынка, надае яму своеасаблівы выгляд за кошт выцягнутых па вертыкалі прапорцый. Канструкцыю М. распрацаваў франц. арх. Ф.Мансар (адсюль назва). На Беларусі М. пашырана з 17 ст. Выкарыстоўваецца ў сучасным малапавярховым, пераважна жылым, буд-ве. Дамы з М. часта будуюць у мяшанай тэхніцы: асн. аб’ём мураваны, М. — з дрэва. У шырокім сэнсе М. — любое памяшканне на гарышчы пад высокім дахам.

В.​Б.​Ангелаў.

Мансарда сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага раёна Гродзенскай вобл.
Мансарда. Паводле чарцяжа арх. Ф.​Мансара.

т. 10, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ТЫНГЛІ ((Mattingly) Томас) (н. 17.3.1936, г. Чыкага, штат Ілінойс, ЗША),

касманаўт ЗША. Бакалаўр навук па авіяц. тэхніцы. Скончыў вышэйшую школу ў г. Маямі (штат Фларыда), ун-т у г. Оберн (1958, штат Алабама), школу па падрыхтоўцы пілотаў для аэракасм. даследаванняў. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 16—27.4.1972 з Дж.Янгам і Ч.Дзюкам здзейсніў палёт да Месяца з выхадам у адкрыты космас як пілот асн. блока касм. карабля (КК) «Апалон-16» (у час пасадкі месяцавай кабіны знаходзіўся на калямесяцавай арбіце); 27.6—4.7.1982 з Г.​Хартсфілдам — палёт на КК «Калумбія» (як камандзір); 24—27.1.1985 — палёт на КК «Дыскаверы» (як камандзір). У космасе правёў 20,8 сут. Залаты медаль НАСА.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 10, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАСЕКВО́Я (Metasequoia),

род хвойных дрэў сям. таксодыевых. 1 від — М. рассечанашышкавая (M. glyptostroboides). Пашырана ў Цэнтр. і Паўд.-Зах. Кітаі. Расце ў горных цяснінах, па берагах ручаёў. Рэдкая рэліктавая расліна, апісана па выкапнёвых знаходках і лічылася вымерлай, знойдзена жывая ў 1941—46. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі М. (пылок, шышкі, галінкі з ігліцай) знойдзены ў адкладах алігацэну і міяцэну.

Лістападныя дрэвы з пірамідальнай ажурнай кронай выш. да 40 м і дыям. ствала да 2 м. Кара чырванавата-карычневая, адслойваецца. Ігліца ярка-зялёная, мяккая, вузкалінейная, даўж. 1—3 см, ападае на зіму разам з укарочанымі парасткамі. Шышкі вісячыя. Насенне з крылцам. Дэкар. расліна. Культывуецца ў Еўразіі і Амерыцы (на Беларусі вымярзае).

У.​І.​Торчык.

т. 10, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЧАХВО́СТЫ (Xiphosura),

атрад марскіх членістаногіх жывёл кл. мерастомавых. Вядомы з сілуру (каля 440 млн. гадоў назад). 12 выкапнёвых і 3 сучасныя роды; 5 сучасных відаў. 1 від пашыраны каля берагоў Паўн. і Цэнтр. Амерыкі, астатнія — у Паўд.-Усх. і Усх. Азіі. Жывуць на мелкаводдзі, плаваюць брухам дагары, закопваюцца ў грунт.

Даўж. да 90 см. Цела сплошчанае, падзяляецца на ўкрытыя злітным хіцінавым шчытом галавагрудзі з 6 парамі канечнасцей (для перамяшчэння, захопу корму і яго драбнення) і брушка з хваставым шыпам (адсюль назва) і 6 парамі лістападобных канечнасцей са шматлікімі шчэлепнымі лісткамі. Пераважна драпежнікі, кормяцца малюскамі, бентасам, часам водарасцямі. Раздзельнаполыя; развіццё з ператварэннем. У Амерыцы і Японіі аб’ект промыслу.

Мечахвосты.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ШКА I (Mieszko),

Мечыслаў I (каля 935—25.5.992), першы гістарычна вядомы польскі князь (960—992); стваральнік польскай дзяржавы. З дынастыі Пястаў. Сын Земамысла. Заключыў саюз з Чэхіяй, ажаніўся з чэш. князёўнай Добравай (965) і прыняў хрысціянства ў яго зах. форме (966), даў пачатак будаўніцтву царк. арг-цыі ў Польшчы. Ваяваў з люцічамі за Памор’е (967), у 979 адбіў нападзенне на Польшчу імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Атона II. Пасля смерці Добравы (977) і распаду польска-чэш. саюза каля 990 авалодаў Сілезіяй і Малапольшчай. Пры ім аб’яднаны карэнныя польскія землі (акрамя Кракаўскай). Перад смерцю падзяліў краіну паміж Баляславам I Храбрым (сынам Добравы) і малалетнімі сынамі ад другога шлюбу.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)