СІНХРО́ННЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,

электрычная сінхронная машына, якая працуе ў рэжыме рухавіка. У С.э. магн. поле статара і ротар маюць аднолькавую частату вярчэння n, якая знаходзіцца ў строгіх суадносінах да частаты эл. току ƒ : n = 60ƒ/p, дзе p — колькасць пар полюсаў. Выкарыстоўваюцца ў прамысл. устаноўках, сістэмах аўтаматыкі, кінаапаратуры, быт. і інш. прыладах, якія патрабуюць пастаяннай вуглавой скорасці. Магутнасць ад долей вата да некалькіх дзесяткаў мегават.

У параўнанні з асінхронным электрарухавікам С.э. мае больш высокі магутнасці каэфіцыент і перагрузачную здольнасць. Аднак з-за неабходнасці сілкавання абмоткі ўзбуджэння ад генератара пастаяннага току ці статычнага ўзбуджальніка (іоннага, паўправадніковага выпрамніка), а таксама з-за асаблівасцей пуску (разгону да намінальнай вуглавой скорасці) часта не можа канкурыраваць з асінхронным рухавіком. Ротар С.э. малой магутнасці выконваецца ў выглядзе пастаяннага магніта, без абмоткі ўзбуджэння. Вял. ціхаходныя С.э. маюць яўнаполюсны ротар, высокаскарасныя — наяўнаполюсны. У С.э. малой магутнасці з-за адсутнасці абмоткі ўзбуджэння рэактыўны момант з’яўляецца асноўным, таму яны наз. рэактыўнымі. У пераўзбуджаным стане С.э. можа аддаваць рэактыўную энергію ў сетку — працаваць у рэжыме сінхроннага кампенсатара.

У.​М.​Сацута.

т. 14, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СКАЗА́ННЕ ПРА ВІ́ЛЕНСКІХ ПАКУ́ТНІКАЎ ІАА́НА, АНТО́НІЯ, ЯЎСТА́ФІЯ», «Жыціе віленскіх (літоўскіх) пакутнікаў»,

помнік бел. перакладной агіяграфічнай л-ры 15 ст. Напісана ў Візантыі ў 3-й чвэрці 14 ст. напачатку, верагодна, па-грэчаску, пасля перакладзена на царк.-слав. мову. У жыціі коратка выкладзена гісторыя пра трох язычнікаў з «Літоўскай зямлі», якія перайшлі ў хрысціянства, сталі гарачымі прыхільнікамі новай веры і дачасна скончылі жыццё пакутніцкай смерцю: паводле загаду князя іх павесілі. У аснову твора пакладзены, відаць, сапраўдны факт, але ён апісаны вельмі сцісла, даволі трафарэтна і схематычна. У жыціі мала гіст. рэалій, канкрэтных быт. дэталей, жыццёвай праўды. Толькі ў спісах усх.-слав. паходжання згадваецца літ. кн. Альгерд, адзначаецца, што падзеі адбываліся ў Вільні і падаюцца язычніцкія імёны герояў — Круглец, Няжыла, Кумец. «Сказанне...» бытавала ў розных зборніках, унесена ў «Вялікія Мінеі Чэцці» Макарыя (16 ст.), аднак бел.-літ. летапісы і хронікі гісторыю пра трох віленскіх пакутнікаў не адзначаюць. Самыя стараж. спісы — Віленскі і Бялградскі (15 ст.).

Літ.:

Сперанский М.Н. Сербское житие литовских мучеников. М., 1909.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 14, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКА́ТЫ (Batomorpha, або Batoidei),

надатрад пласцінажабравых рыб. Вядомы з верхняй юры, шматлікія з верхняга мелу (каля 200—140 млн. г. назад). 5 атр.: піларылападобныя (пілы-рыбы), гнюсападобныя, або эл. С. (Torpediniformes), хвастаколападобныя (Dasyatiformes), ромбаскатападобныя (Rajiformes) і рохлепадобныя (Rhinobatiformes). 14 (16) сям., каля 50 родаў, 350 відаў. Пашыраны ў акіянах, трапляюцца на мелкаводдзі і да глыб. 2700 м, ёсць прэснаводныя (у бас. р. Амазонка і інш.). Прыдонныя рыбы, акрамя мантавых і хвастаколавых, якія жывуць у тоўшчы вады.

Даўж. ад некалькіх сантыметраў да 7 м, маса да 2,5 т. Цела плазаватае, шырокае, дыска- або ромбападобнае. Скура голая або ўкрыта шыпамі. Зубы шыпападобныя ці пляскатыя, закругленыя Жабравых адтулін 5, на брушным баку. Грудныя плаўнікі вял., іх краі зрошчаны з бакамі галавы і тулава. Спінныя плаўнікі на хвасце або адсутнічаюць. Хвастаколападобныя маюць калючыя хваставыя шыпы з яданоснай залозай, гнюсападобныя — эл. органы па баках цела. Бентафагі і драпежнікі. Жывародныя і яйцажывародныя; ромбаскатападобныя адкладваюць яйцы. Аб’екты промыслу.

А.​М.​Петрыкаў.

Скаты: 1 — манта двухрогая; 2 — гнюс чорны; 3 — гладкі скат-матыль; 4 — хвастакол махрыстахвосты.

т. 14, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛА́ЛАМ (ад нарв. slalåm літ. след, які спускаецца) гарналыжны, спуск на лыжах з гары па звілістай трасе з варотамі. Даўж. трасы для мужчын 500—700 м з перападам вышынь паміж стартам і фінішам 180—220 м, для жанчын — адпаведна да 550 м і 130—180 м. На трасе парамі расстаўляюцца сцяжкі (вароты), праз якія трэба праехаць і не збіць.

Зарадзіўся ў 1920-я г.; спаборніцтвы праходзілі ў Аўстрыі, Італіі, Францыі, Швейцарыі Чэмпіянаты свету з 1930. У праграме Алімп. гульняў з 1936. Адрозніваюць таксама С. гіганцкі (даўж. трасы больш за 2000 м, перапад вышынь 250—400 м у мужчын і 250—350 м у жанчын) і С. супергіганцкі (розніца вышынь 500—600 м у мужчын і 350—500 м у жанчын). Найб. пашыраны ў Аўстрыі, Германіі, ЗША, Італіі, Францыі, Швейцарыі, Японіі.

С. на водных лыжах (адной або двух) — спаборніцтва водных лыжнікаў на буксіровачным тросе за катэрам па абходзе буёў, размешчаных на вызначанай трасе. С. вяслярны, на байдарках і каноэ — спаборніцтвы ў спуску па рацэ або спец. канале з хуткай плынню і натуральнымі або штучнымі перашкодамі.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛІ́СТЫКА,

навука пра рух артыл. снарадаў, куляў, авіябомбаў, некіроўных ракет і інш. целаў. Грунтуецца на законах механікі, газадынамікі, тэрмадынамікі, тэорыі імавернасцяў і інш.

Узнікла пад уплывам прац італьян. вучонага Н.​Тартальі (16 ст.), а таксама грунтоўных даследаванняў Г.​Галілея, І.​Ньютана, Л.​Эйлера. Тэрмін балістыка прапанаваў франц. вучоны М.​Мерсен (1644). Важкі ўклад у развіццё балістыкі зрабілі выхадзец з Беларусі К.Семяновіч, расійскія вучоныя М.​В.​Астраградскі, М.​У.​Маіеўскі, вучоныя б. СССР А.​М.​Крылоў, Д.​А.​Вентцэль, С.​А.​Хрысціяновіч і інш., а таксама вучоныя Дэ Сакр, П.​Шарбанье (Францыя), Д.​Біянкі (Італія) і інш.

Адрозніваюць унутраную і вонкавую балістыку. Унутраная балістыка вывучае рух снарадаў у канале ствала і заканамернасці працэсаў, што адбываюцца ў час выстралу (гарэнне пораху, газаўтварэнне пры яго згаранні і інш.). Выяўляе залежнасці змены ціску парахавых газаў, скорасці снарада і інш. параметраў на шляху снарада і ад часу яго руху па канале ствала. Уключае таксама балістычнае праектаванне зброі — вызначэнне канструкцыйных асаблівасцяў канала ствала, умоў зараджання, пры якіх снарад пэўнага калібру і масы атрымае пры вылеце зададзеную (дульную) скорасць. Вонкавая балістыка вывучае рух у прасторы снарадаў, куляў, некіроўных ракет і інш. пасля заканчэння сілавога ўзаемадзеяння іх са ствалом, пускавой устаноўкай, а таксама фактары, якія ўплываюць на гэты рух. Метадам вонкавай балістыкі карыстаюцца пры вывучэнні заканамернасцяў руху касм. апаратаў і кіроўных ракет, даныя балістыкі знаходзяць таксама практычнае выкарыстанне ў крыміналістыцы.

Літ.:

Серебряков М.Е. Внутренняя баллистика ствольных систем и пороховых ракет. 3 изд. М., 1962;

Дмитриевский А.А., Лысенко Л.Н., Богодистов С.С. Внешняя баллистика. 3 изд. М., 1991;

Иванов Н.М., Дмитриевский А.А., Лысенко Л.Н. Баллистика и навигация космических аппаратов. М., 1986.

Да арт. Балістыка. Рыс. 1. Крывыя змены ціску (P) парахавых газаў і скорасці (V) снарада ў залежнасці ад шляху (l) снарада (ln — адлегласць, на якой заканчваецца ўздзеянне парахавых газаў на снарад у перыяд паслядзеяння; lg — даўжыня шляху снарада да дульнага зрэзу). Рыс. 2. Крывыя перамены ціску (P) парахавых газаў і скорасці снарада ў залежнасці ад часу (t) (Po — ціск фарсіравання; Pm — максімальны ціск; Pg — дульны ціск; Vg — дульная скорасць). Рыс. 3. Элементы траекторыі і асноўныя сілы, якія дзейнічаюць на снарад у палёце; O — пункт вылету снарада; S — вяршыня траекторыі; C — пункт падзення; Vo — пачатковая скорасць снарада; θo — вугал кідання; x і y — бягучая гарызантальная далёкасць і вышыня палёту снарада; V — бягучая скорасць снарада; Y — вышыня траекторыі; X — поўная гарызантальная далёкасць палёту; Vc — канцавая скорасць снарада; θc — вугал падзення; R — сіла супраціўлення паветра; q — сіла цяжару.

т. 2, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСІ́НТЭЗ (ад бія... + сінтэз),

утварэнне ў жывых арганізмах складаных арган. рэчываў з больш простых злучэнняў пры ўдзеле ферментаў. Гал. функцыі біясінтэзу — ажыццяўленне актыўнага абмену рэчываў, утварэнне і аднаўленне структурных частак клетак і тканак (гл. Анабалізм), што цесна звязана з адначасовым процілеглым працэсам расшчаплення складаных арган. рэчываў на больш простыя (гл. Катабалізм), якія з’яўляюцца крыніцай «будаўнічага матэрыялу» і энергіі для біясінтэзу. У выніку біясінтэзу павялічваюцца памеры малекул, ускладняецца іх структура і павышаецца энергет. патэнцыял.

Пачатковыя пастаўшчыкі энергіі для біясінтэзу — зялёныя расліны і фотасінтэзавальныя бактэрыі, што акумулююць сонечную энергію (гл. Фотасінтэз), а таксама некаторыя інш. бактэрыі, якія выкарыстоўваюць энергію акіслення неарган. злучэнняў (гл. Хемасінтэз). З дапамогай гэтай энергіі аўтатрофныя і хематрофныя арганізмы здольны сінтэзаваць простыя арган. рэчывы з неарган. (гл. Асіміляцыя). Усе іншыя (гетэратрофныя) арганізмы выкарыстоўваюць гатовыя арган. рэчывы як матэрыял і крыніцу энергіі для свайго біясінтэзу (гл. Акісляльнае фасфарыліраванне). Асн. крыніца энергіі для біясінтэзу — распад макраэргічных злучэнняў, пераважна адэназінтрыфосфарнай кіслаты (гл. Біяэнергетыка). Для біясінтэзу некаторых клетачных кампанентаў патрабуюцца таксама багатыя энергіяй атамы вадароду, донарам якіх з’яўляецца нікацінамідадэніндынуклеатыдфасфат (НАДФ). У ходзе біясінтэзу кожны аднаклетачны арганізм, як і кожная клетка мнагаклетачнага арганізма, самастойна сінтэзуе рэчывы, што складаюць яго. Асноўныя з іх — полінуклеатыды (ДНК і РНК), поліцукрыды і бялкі, малекулы якіх разнастайныя па структуры і найбольш складаныя. Утварэнне палімерных арган. злучэнняў з больш простых манамераў суправаджаецца ў кожным выпадку рэакцыяй дэгідратацыі (вывядзеннем малекул вады з рэагуючых злучэнняў). Палімерызацыя адбываецца або «з галавы», або «з хваста». Калі палімерызацыя ідзе «з галавы», актываваная сувязь знаходзіцца на канцы палімеру, што бесперапынна расце, і павінна рэгенерыраваць пры кожным далучэнні манамеру. У гэтым выпадку кожны манамер прыносіць з сабой актываваную групу, якая будзе выкарыстана ў рэакцыі з наступным манамерам дадзенай паслядоўнасці. Калі палімерызацыя ідзе «з хваста», актывізаваная сувязь, якую нясе з сабой новы манамер, будзе выкарыстана для далучэння гэтага манамеру да палімернага ланцуга. Палімерызацыя полінуклеатыдаў і некаторых простых поліцукрыдаў ідзе «з хваста», бялкоў — «з галавы». Характар біясінтэзу, які адбываецца ў клетцы, вызначаецца спадчыннай інфармацыяй, што «закадзіравана» ў геноме.

Біясінтэз можа быць ажыццёўлены і ў эксперым. умовах. У прам-сці шырока выкарыстоўваецца мікрабіял. сінтэз — біясінтэз мікраарганізмамі біялагічна актыўных рэчываў (вітамінаў, некаторых гармонаў, антыбіётыкаў, амінакіслот, бялкоў і інш.). Многія інш. рэакцыі біясінтэзу ўлічваюцца або выкарыстоўваюцца ў розных галінах біятэхналогіі.

Літ.:

Биосинтез белка и нуклеиновых кислот. М., 1965;

Молекулярная биология клетки: Пер. с англ. Т. 1. 2 изд. М., 1994;

Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 2. М., 1985.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 3, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСТРА́КЦЫЯ (ад лац. abstractio адцягненне),

метад навук. даследавання, заснаваны на мысленным вылучэнні істотных уласцівасцяў і сувязяў, агульнай адзнакі, якая характарызуе пэўны клас прадметаў і адцягненні ад інш. прыватных яго ўласцівасцяў і сувязяў; вынік працэсу абстрагавання, сінонім «мысленнага», «паняційнага». За кошт такога звужэння (спрашчэння) мадэлі аб’екта адкрываецца магчымасць пазнання фундаментальных бакоў і сувязяў у параўнанні з зыходнай мадэллю. Ступень абстрактнасці паняцця расце адпаведна павелічэнню яго аб’ёму і звужэнню зместу, што забяспечвае больш глыбокае пранікненне думкі ў аб’ект. Даволі абстрактныя паняцці, зведзеныя ў лагічна ўпарадкаваныя сістэмы, з’яўляюцца не толькі адлюстраваннем фундаментальнага парадку свету, але і лагічнымі, універсальнымі формамі думкі (напр., філасофія). На розных ступенях пазнання і культуры абстракцыя не заўсёды існуе ў сваёй уласнай форме; нават у народаў з развітой культурай у паўсядзённай свядомасці пераважаюць паняцці наглядна-эмпірычнага характару. Павышэнне ўзроўню абстрактнасці паняццяў, з якіх фарміруецца сістэма ведаў, — паказчык развітасці і тэарэтычнага ўзроўню навукі, яе практычнай эфектыўнасці. Часам тэрмін «абстракцыя» выкарыстоўваюць для абазначэння адарванасці навукі ад практыкі і рэчаіснасці (уласцівы абстрактна-лагічнаму «вобразу» свету). Аднак мера абстракцыі змяншаецца разам з дэталізацыяй і ростам сістэмнасці «вобраза». Паслядоўна разгортваючыся ў абстрактна-лагічных сістэмах, пазнанне праходзіць свой асаблівы шлях, накіраваны да канкрэтнага, да свету законаў, якія кіруюць бясконцай разнастайнасцю прадметаў і з’яў. На веданні такіх законаў аб’ектыўнай рэальнасці трымаецца ў канчатковым выніку ўвесь прагрэс чалавецтва.

У залежнасці ад мэтавай характарыстыкі вылучаюць, некалькі відаў абстракцыі: абстракцыя атаясамлівання (абстрагаванне ад уласцівасцяў рэчаў, якія адрозніваюцца паміж сабой, і вылучэнне аднолькавых, падобных, агульных, тоесных уласцівасцяў); ізалявальная абстракцыя (вычляненне з’явы, якая даследуецца з пэўнай цэласнасці); абагульняльная абстракцыя (дае абагульненую карціну з’явы); абстракцыя актуальнай бесканечнасці (абумоўлівае магчымасць абстрагавання ад незавершанасці і незавяршальнасці працэсу ўтварэння бясконцых мностваў і аперыравання імі на аснове законаў і правілаў матэматыкі і логікі); абстракцыя патэнцыяльнай ажыццявімасці (абстрагаванне ад канструктыўных магчымасцяў чалавека і прыняцце рэальнай ажыццявімасці пэўных крокаў). Сучасны наміналізм пазітывісцкага кірунку адмаўляе неабходнасць для навукі абстракцый высокіх узроўняў, чым пазбаўляе яе важнейшых сродкаў адлюстравання рэчаіснасці і патэнцыяльных магчымасцяў. У дыялектычнай логіцы слова «абстракцыя» ўжываецца таксама як паняцце «аднабаковае», «неразвітое», у адрозненне ад канкрэтнага (гл. Абстрактнае і канкрэтнае).

Літ.:

Лазарев Ф.В. О природе научных абстракций. М., 1971;

Новосёлов М.М. Абстракция и научный метод // Логика научного познания. М., 1987;

Зуев Ю., Широканов Д. Генезис логических форм «единично-общее» и процедура обобщения // Принципы единства и развития в научном познании. Мн., 1988.

А.​В.​Ягораў.

т. 1, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́НЗА (франц. bronze),

1) у тэхніцы — сплаў на аснове медзі, у якім асн. дабаўкамі з’яўляюцца волава, алюміній, берылій, крэмній, свінец, хром і інш. элементы, за выключэннем цынку (яго сплаў з меддзю наз. латунь) і нікелю (медна-нікелевы сплаў). Адпаведна бронза называецца алавянай, алюмініевай і г.д. Бронза мае значную трываласць, пластычнасць, цвёрдасць, высокія антыкаразійныя і антыфрыкцыйныя ўласцівасці.

Алавяная бронза мае да 11% волава і невялікія дабаўкі цынку, свінцу, фосфару, нікелю. Вызначаецца малым каэф. трэння па сталі. З яе робяць рабочы слой падшыпнікаў слізгання і антыкаразійную арматуру. Алюмініевая бронза мае 11% алюмінію і дабаўкі жалеза, нікелю і марганцу, якія павялічваюць трываласць сплаву. Устойлівая да сернай і большасці арган. кіслот. З яе робяць стужкі, палосы на спружыны, пруткі, трубы і фасонныя адліўкі. Берыліевая бронза мае да 2,4% берылію. Ідзе на выраб мембран, спружын, кантактаў, шасцерняў. Крэмніевая бронза мае 1—3% крэмнію, а таксама нікель, цынк, свінец, марганец. Вызначаецца высокімі мех. характарыстыкамі, антыфрыкцыйнымі ўласцівасцямі, добра зварваецца, паяецца і апрацоўваецца рэзаннем. З яе робяць пруткі, стужкі, сеткі, рашоткі, электроды. Марганцавая бронза вызначаецца павышанай каразійнай устойлівасцю, гарачатрываласцю. Свінцовістая бронза можа мець да 60% свінцу. Ёю ўкрываюць (тонкім слоем) укладышы і ўтулкі, якія працуюць у рэжыме слізгання. Хромістая бронза вызначаецца высокай электра- і цеплаправоднасцю. Ідзе на выраб калектараў эл. рухавікоў, электродаў.

2) У мастацтве — адзін з найб. пашыраных матэрыялаў для дэкар.-прыкладных вырабаў і скульптуры. Ліццё з алавянай бронзы (сплаў медзі з волавам, часам з дадаткамі інш. металаў) дае магчымасць з макс. дакладнасцю ўзнаўляць найдрабнейшыя дэталі мадэлі. Добра паддаецца апрацоўцы (чаканцы, паліроўцы, таніроўцы). Матэрыял пластычна вельмі выразны, на паверхні скульптуры (манум., дэкар., станковай) стварае своеасаблівыя святлоценявыя эфекты. Пад дзеяннем атм. з’яў набывае спецыфічныя адценні (паціну).

Вырабы з бронзы вядомы ў мастацтве Месапатаміі (3-е тыс. да н.э.), Стараж. Егіпта (2-е тыс. да н.э.); час росквіту — эпоха італьян. Адраджэння. З 17 ст. маст. ліццё з бронзы пашырана ў Францыі. Вядомыя творы з бронзы ў бел. мастацтве: помнікі Я.​Коласу (1972, скульпт. З.​Азгур), Я.​Купалу (1972, А.​Анікейчык, Л.​Гумілеўскі, А.​Заспіцкі), М.​Багдановічу (1981, С.​Вакар) у Мінску, Ф.​Скарыне (1974, А.​Глебаў) у Полацку, С.​Буднаму (1980, С.​Гарбунова) у Нясвіжы і інш.

Да арт. Бронза. Барыс і Глеб. Сярэдзіна 12 ст. Гарадскі пасёлак Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобл.
Да арт. Бронза. Статуэтка Асірыса. 2-я пал. 1-га тыс. да н.э.

т. 3, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВІЛО́НІЯ,

старажытная дзяржава на Пд Месапатаміі (тэр. сучаснага Ірака) у 19−6 ст. да н.э. Назва ад яе сталіцы — Вавілона. Засн. каля 1894 да н.э. пасля пранікнення ў Месапатамію качавых плямён амарэяў. Старававілонская дзяржава (1894—1595 да н.э.) дасягнула магутнасці ў час праўлення 6-га цара 1-й Вавілонскай (Амарэйскай) дынастыі Хамурапі

[1792—1750 да н.э.],

мела рысы стараж.-ўсх. дэспатыі. На чале яе стаяў цар, які валодаў заканад., выканаўчай, суд. і рэліг. уладай і абапіраўся на армію; воіны атрымлівалі ад дзяржавы зямельныя надзелы, што перадаваліся ў спадчыну па мужчынскай лініі і былі неадчужальныя. Асн. масу насельніцтва складалі дробныя вытворцы і ўласнікі. Грамадства падзялялася на паўнапраўных грамадзян, юрыдычна свабодных, але непаўнапраўных мушкенумаў, якія працавалі ў царскай гаспадарцы, і рабоў. Былі развіты ірыгацыйнае земляробства, садаводства, рамёствы, знешні і ўнутр. гандаль (гандл. цэнтры Вавілон, Ніпур, Сіпар, Ларса, Ур). Сын Хамурапі Самсуілуна [1749—1712 да н.э.] каля 1742 да н.э. адбіў уварванне касітаў. З канца 17 ст. да н.э. Вавілонія перажыла ўнутр. крызіс. Уварванне хетаў у 1595 да н.э. і захоп Вавілона іх царом Мурсілі I у 1594 да н.э. спынілі праўленне старававілонскай дынастыі. Каля 1518 да н.э. заваявана касітамі, якія панавалі да 1150-х г. да н.э. (сярэдневавілонскі ці касіцкі перыяд). Пры апошнім касіцкім цару Эліль-надзін-аху [1159—1157 да н.э.] Вавілонія трапіла пад уладу Элама. Вызвалілася пры Навухаданосару I [1126—1105 да н.э.], які перанёс сталіцу з г. Ісін у Вавілон. У 9 ст. да н.э. паўд. ч. Вавілоніі занялі халдзеі. Пасля захопу Вавілона асірыйскім царом Тыглатпаласарам III у 729 да н.э. дзяржава страціла незалежнасць, аднак захавала статус асобнага царства ў складзе Асірыі. Зноў стала незалежная ў час праўлення халдзейскага правадыра Набапаласара [626—605 да н.э.], які заснаваў халдзейскую (новававілонскую) дынастыю. Эканам. росквіту і культ. адраджэння дасягнула пры Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля яго смерці знаць і жрацы ўмешваліся ва ўладу. Рэліг. рэформа (вылучэнне на першы план культу бога Месяца Сіна замест культу вярх. вавілонскага бога Мардука) апошняга цара (арамея па паходжанні) Набаніда [556—539 да н.э.] выклікала канфлікт са жрацамі, яго актыўная знешняя палітыка (войны ў Аравійскай пустыні) аслабіла армію. У 539 да н.э. Вавілонія заваявана персамі.

Літ.:

Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.

У.​Я.​Калаткоў.

Да арт. Вавілонія. Партрэтная галава, магчыма, цара Хамурапі з Сузаў. 18 ст. да н.э.

т. 3, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙКА,

горад, цэнтр Вілейскага раёна Мінскай вобл., на р. Вілія. За 103 км ад Мінска. Чыг. ст. на лініі Маладзечна—Полацк. Вузел аўтадарог (на Маладзечна, Смаргонь, Мядзел, Докшыцы, Плешчаніцы). 29,8 тыс. ж. (1995).

Вядома з 1599 як мястэчка, цэнтр Вілейскага староства Ашмянскага пав. ВКЛ. Мела назву Стары Куранец, у 16 ст. належала роду Куранецкіх З 1793 у складзе Рас. імперыі, Кацярына II падаравала Вілейку мінскаму ген.-губернатару Карнееву, які аб’яднаў мястэчка і вёску Вілейку ў адзін нас. пункт. З 1795 цэнтр Вілейскага павета. 22.1.1796 зацверджаны герб горада: чырв. поле шчыта перасякае выява ракі з суднам і залатым коласам. Развіццю Вілейкі спрыяла гандл. суднаходства, штогод адбываліся 4 кірмашы. Вял. страты гораду прычынілі пажар 1810 і вайна 1812. У час паўстання 1830—31 тут дзейнічаў паўстанцкі к-т, паўстання 1863—64 — паўстанцкі атрад. У 1860 у Вілейцы царква, 3 малітоўныя дамы, 3 капліцы, шпіталь, бровар, 14 крам, 272 дамы, у 1861 — 2931 ж., у 1897 — 3560 ж. У 1904 праз Вілейку прайшла чыгунка. У рэвалюцыю 1905—07 дзейнічаў рэв.-сялянскі к-т, с.-д. група. У 1918 акупіравана герм., у 1919—20 польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета Віленскага ваяв. Дзейнічалі падп. райкомы КПЗБ і КСМЗБ, арг-цыі Бел. сялянска-работніцкай грамады, Т-ва бел. школы. З 1939 у БССР, цэнтр Вілейскай вобласці. З 26.6.1941 да 2.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут больш за 6 тыс. чал.; дзейнічала Вілейска-Куранецкае патрыятычнае падполле 31.10—1.11.1943 адбыўся Вілейскі бой 1943. У 1959 у Вілейцы 8,2 тыс., у 1989 — 25 тыс. жыхароў.

Арх.-планіровачную структуру горада фарміруюць вуліцы 17 Верасня, Першамайская, Вадап’янава, якія ўтвараюць прамавугольную сетку дробных кварталаў сядзібнай, пераважна драўлянай забудовы. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр — прамавугольная ў плане пл. Леніна. Яе асн. кампазіцыйнымі дамінантамі з’яўляюцца Вілейскі Крыжаўзвіжанскі касцёл і Вілейская царква. У зах. частцы будуюцца шматпавярховыя дамы, на Пн і З фарміруецца індывід. забудова сядзібнага тыпу. Зберагліся помнікі архітэктуры 19—20 ст.: будынкі гімназіі, турмы, бальніцы, жылы дом па вул. Чырвонаармейскай, 28. Паводле генплана 1979 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжана развіццё горада ў паўд. напрамку ўздоўж р. Вілія, рэканструкцыя і забудова цэнтр. часткі 3—6-павярховымі жылымі дамамі з захаваннем існуючай сеткі вуліц, стварэнне на левабярэжжы буйнога шматпавярховага жылога раёна.

Заводы «Зеніт» і аўтарамонтны, прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Вілейскі гісторыка-краязнаўчы музей. Магілы ахвяр фашызму. За 1 км ад Вілейкі Вілейскае вадасховішча.

Г.​А.​Каханоўскі (гісторыя).

Вілейка. Цэнтр горада. Крыжаўзвіжанскі касцёл і царква (справа).

т. 4, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)