АРГАНО́ІДЫ (ад грэч. organon прылада, інструмент + eidos від),

пастаянныя спецыялізаваныя цытаплазматычныя структуры жывёльнай ці расліннай клеткі, што выконваюць пэўную функцыю. Да іх адносяцца мітахондрыі, комплекс Гольджы, рыбасомы, эндаплазматычная сетка, клетачны цэнтр, мікратрубачкі, філаменты, лізасомы і інш., у раслінных клетках — пластыды. Спецыяльныя арганоіды — цытаплазматычныя структуры, што выконваюць спецыфічную функцыю пэўнага тыпу клетак (міяфібрылы, тонафібрылы, базафільнае рэчыва нейрона). Іх часта наз. арганеламі.

т. 1, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГЕНТЫ́Т (ад лац. argentum серабро),

сярэбраны бляск, мінерал класа сульфідаў, кубічная паліморфная мадыфікацыя Ag2S. Прымесі медзі, свінцу, жалеза і інш. Утварае масіўныя агрэгаты, плёнкі, пражылкі, украпанні. Колер свінцова-шэры да чорнага. Бляск металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 7,3 г/см³. Трапляецца ў нізкатэмпературных гідратэрмальных радовішчах сярэбраных рудаў. У прыродзе рэдкі, назва «аргентыт» часта выкарыстоўваецца да псеўдамарфозаў акантыту па аргентыце.

Аргентыт.

т. 1, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЖА́НІЦА,

рака ў Беларусі, у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Бярозаўка (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 130 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Крулеўшчына, цячэ ў межах Свянцянскіх град. Даліна трапецападобная, шыр. 0,4—1 км, ніжэй воз. Чачалёўскае (праз якое працякае) 2—2,5 км. Рэчышча шыр. 12—16 м, на працягу 19 км каналізаванае.

т. 1, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РБАН ((Barbon) Нікалас) (1640, Лондан — 1698),

англійскі вучоны-эканаміст. Каля 1680 пасля вял. пажару ў Лондане заснаваў першае ў Англіі т-ва па страхаванні ад пажараў. У сваёй асн. працы «Нарыс пра гандаль» (1690) выступаў супраць меркантылізму, крытыкаваў дзярж. рэгламентаванне эканомікі, абгрунтоўваў неабходнасць свабоднага гандлю. Абараняў інтарэсы землеўладальнікаў, ідэі наміналізму. Упершыню вызначыў працэнт як цану капіталу, быў прыхільнікам заканад. абмежавання працэнта.

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАСАНО́ГІЯ»,

удзельнікі нар. паўстання 1639 у Ніжняй Нармандыі (Францыя). Назва ад паўлегендарнага кіраўніка паўстанцаў Жана Басаногага. Паўстанне выклікана ўвядзеннем цяжкага салянога падатку («габелі»). Пачалося ў г. Аўранш, распаўсюдзілася на ўсю вобласць. Паўстанцы (сяляне, гар. нізы, буржуа) стварылі сваю армію (саманазва «армія пакуты»; каля 20 тыс. чал.), заклікалі насельніцтва не плаціць падаткі, узбройвацца і забіваць зборшчыкаў падаткаў. Разбіты восенню 1639 каралеўскімі часцямі.

т. 2, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛААЗЁРСКІ КАНА́Л,

меліярацыйны канал у Беларусі, у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобл., правы прыток Дняпроўска-Бугскага канала. Даўж. 16 км. Пачынаецца з воз. Белае на мяжы з Валынскай вобласцю Украіны, за 5,6 км на Пд ад в. Гаравіца. Упадае ў водападзельны б’еф Дняпроўска-Бугскага канала каля в. Селішча. Пабудаваны ў 1905—10 для падачы вады з Прыпяці; рэгулюецца плацінай каля в. Радастава.

т. 2, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Прыпяць, за 14 км на ПнЗ ад г. Жыткавічы. Пл. 1,56 км², даўж. 1,8 км, найб. глыб. 6 м.

Катлавіна выцягнутая з ПнЗ на ПдУ. Берагі пясчаныя. Злучана пратокамі з Даманавіцкім каналам і рэкамі Случ і Скрыпніца. Упадае Рэпішчанскі канал. Жывіць сажалкі рыбакамбіната «Белае». Уваходзіць у зону адпачынку Юркевічы.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Шоша, за 26 км на У ад г. Глыбокае. Пл. 0,58 км², даўж. 2,9 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 21 м. Пл. вадазбору 23,3 км².

Схілы катлавіны разараныя, паўднёвыя пад лесам, балоцістыя. Дно пясчанае і галечнае, у глыбокіх месцах глеістае. Упадаюць 3 ручаі, сцёк у р. Шоша.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобл., у бас. р. Прыпяць, за 17 км на ПнЗ ад г. Лунінец. Пл. 0,22 км², даўж. 600 м, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 5 м.

Схілы катлавіны пясчаныя, пад хваёвым лесам. Берагі выш. да 2 м, пясчаныя. У возеры растуць палушнік азёрны і лабелія Дортмана — ахоўныя віды раслін, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 2, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯПСІ́Я (ад бія... + грэч. opsis разгляданне),

дыягнастычная аперацыя выразання пробнага кавалачка хваравіта змененай тканкі жывога арганізма з далейшым мікраскапічным даследаваннем для вызначэння характару паталагічнага працэсу (запаленне, пухліна і інш.). Біяпсія ў час хірург. аперацыі (тэрміновая) дае магчымасць удакладніць клінічны дыягназ і вызначыць межы пашкоджання. Разнавіднасць біяпсіі — біяпункцыя, пры дапамозе якой ацэньваюць характар змянення ўзятых для даследавання клетак, вадкіх тканак (напр., спіннамазгавой вадкасці).

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)