Паляванне і паляўнічая гаспадарка Беларусі маюць спартыўна-аматарскі кірунак, з’яўляюцца сферай матэрыяльнай вытворчасці (збор «ураджаю» дзічыны) і сродкам адпачынку людзей на ўлонні прыроды. У апошнія гады актыўна развіваецца міжнар. паляўнічы турызм — адна з крыніц валютнага прыбытку. У выніку палявання атрымліваюць далікатэсную мясную прадукцыю, пушніну, паляўнічыя трафеі. Паляўнічыя арганізацыі і юрыдычныя асобы арандуюць дзярж. паляўнічыя ўгоддзі агульнай пл. 17 635 тыс.га (на 1.1.2004) тэрмінам на 10 гадоў. Карыстальнікамі іх з’яўляюцца грамадскія аб’яднанні паляўнічых — 11 946 тыс.га (68%), Міністэрства лясной гаспадаркі (МЛГ) Рэспублікі Беларусь — 3635 тыс.га (21%), вытворчае аб’яднанне ваенных паляўнічых (ВАВП) — 1900 тыс.га (11%) і інш. Паляўнічым уладкаваннем ахоплена 84,6% усіх угоддзяў Беларусі, якія падзяляюцца на палявыя — 9408 тыс.га (53,4%), лясныя — 7024 тыс.га (39,8%), водна-балотныя — 1203 тыс.га (6,8%). Паляўнічая фауна ўключае 24 віды млекакормячых і каля 50 відаў птушак.
Кіраўніцтва паляўнічай гаспадаркай ажыццяўляе Мін-ва лясной гаспадаркі (прымае экзамены і выдае пасведчанні на права палявання) і Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Самая буйная паляўнічая арганізацыя — грамадскае аб’яднанне Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР; існуе з 1921), якое налічвае 66,5 тыс.чал. (на 1.1.2004). Кіруе таварыствам прэзідыум Рэспубліканскага савета на выбарнай аснове праз абласныя і раённыя саветы (больш за 2800 калектываў). БТПР існуе ў асноўным за кошт членскіх узносаў, якія складаюць 80% усіх даходаў таварыства. У паляўнічых гаспадарках працуе 1488 егераў, біёлагаў, паляўніцтвазнаўцаў-заолагаў, эколагаў і інш. На Беларусі 303 паляўнічыя гаспадаркі, у т. л. ў МЛГ — 138, БТПР — 114, ВАВП — 14, юрыдычных асоб — 10 і інш. Штогод паляўнічыя арганізацыі праводзяць улікі дзікіх жывёл, на аснове якіх плануецца здабыча; гл. табл.
Колькасць і аб’ём здабычы асноўных відаў дзікіх жывёл і птушак за 2002
Від
Колькасць, тыс. асобін
Аб’ём здабычы, тыс. асобін
Здабыча, %
Алень высакародны
4,5
0,174
3,9
Андатра
78,6
5,3
6,7
Бабёр
33,2
0, 108
0,3
Воўк
1,3
0,7
53,8
Выдра
4,2
0,013
0,3
Дзік
35,0
4,21
12,0
Заяц-бяляк
77,2
10,8
14,0
Заяц-русак
150,0
61,7
41,1
Зубр
0,174
0,007
4,0
Казуля
49,6
2,8
5,6
Куніца лясная
24,3
5,0
20,6
Ліс
40,0
19,6
49,0
Лось
15,4
0,446
2,9
Норка
18,6
2,5
13,4
Сабака янотападобны
9,0
3,6
40,0
Глушэц
9,0
0,108
1,2
Качкі
673,0
95,0
14,1
Курапатка шэрая
108,0
4,160
3,9
Цецярук
51,0
1,788
3,5
У паляўнічых угоддзях Беларусі каля 100 мядзведзяў, 270 рысяў.
Штогод паляўнічыя здабываюць 16—30 тыс. асобін балотна-лугавой дзічыны (бакас, гаршнэп, драч, дупель, пагоніч, пастушок, турухтан і інш.). Запасы балотна-лугавой дзічыны больш за 1 млн. асобін, аб’ём здабычы 1%. Даходы ад паляўнічай гаспадаркі ў 2002 г. склалі 2 187 тыс.руб., у т. л. за продаж разавых пуцёвак і дазволаў 1286,9 тыс.руб. (58,8%), ад замежнага турызму 618,1 тыс.руб. (28,3%) і інш.З 1978 Беларусь першая сярод паляўнічых саюзаў перайшла на дыферэнцыраваную аплату па спарт. ліцэнзіях у адпаведнасці з узростам і полам жывёл, аптымізавала сярэднюю (чыстую) разліковую масу. Час палявання ўстанаўліваюць па сезонах на пэўныя віды дзічыны. Праводзяцца вывадкі, выстаўкі, іспыты і спаборніцтвы, у т. л. міжнародныя, паляўнічых сабак. Беларускія паляўнічыя неаднаразова ўдзельнічалі ў міжнар. выстаўках паляўнічых трафеяў і атрымлівалі перамогі. Напр., на міжнар. выстаўцы паляўнічай гаспадаркі і рыбалоўства «Жывая прырода» ў Чэхіі (2000) бел. паляўнічыя трафеі атрымалі 51 залатую, 12 сярэбраных і 2 бронзавыя медалі. Вышэйшую ўзнагароду выстаўкі «Гран-пры» і сусветны рэкорд атрымаў чэрап ваўка, здабытага на Беларусі.
Паляўнічыя (біялагічныя) заказнікі ствараюцца паводле палажэння аб паляўнічых заказніках і забароненых для паляўніцтва зонах, зацверджанага МЛГ Беларусі 25.7.1979. Яны арганізуюцца з мэтамі захавання запасаў паляўнічай фауны, стварэння спрыяльных умоў для яе аднаўлення і павелічэння колькасці дзікіх жывёл. Падзяляюцца на заказнікі рэспубліканскага і мясц. значэння. Рэспубліканскія заказнікі арганізуюцца не менш, чым на 10 гадоў паводле пастановы СМ Беларусі, мясцовыя — тэрмінам на 5 гадоў паводле рашэння абласных выканкомаў. Ахову паляўнічай фауны, правядзенне біятэхнічных, паляўніча-гаспадарчых і інш. мерапрыемстваў арганізуе і ажыццяўляе дзярж. лясная ахова пад кіраўніцтвам дырэктараў лясгасаў. На 1.1.2004 г. на Беларусі існуюць 52 заказнікі рэсп. значэння агульнай плошчай 261,3 тыс.га. Пытанні палявання, дзейнасць паляўнічых гаспадарак і арганізацый Беларусі і інш. асвятляе газета «Паляўнічы і рыбалоў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНОМІКА АГРАПРАМЫСЛОВАГА КОМПЛЕКСУ
Эканоміка аграпрамысловага комплексу (АПК) як навука на Беларусі пачала развівацца ў пач. 1920-х г. Першыя даследаванні праводзіліся на эканам. аддзяленні БДУ. Вывучаліся пытанні спецыялізацыі і аплаты працы, работы саўгасаў і МТС, узаемаадносін МТСз калгасамі і інш. У пасляваенны перыяд эканамісты-аграрнікі распрацоўвалі пытанні арганізац-гасп. ўмацавання калгасаў, удасканалення планавання, спалучэння грамадскіх і асабістых інтарэсаў калгаснікаў. У 1950-я г. ў Ін-це эканомікі АН Беларусі даследаваліся праблемы развіцця грамадскай гаспадаркі і асваення рэсурсаў Палесся (Г.Ц.Кавалеўскі, Г.М.Лыч, Ф.С.Марцінкевіч, С.Г.Скарапанаў, І.П.Чарняўскі). У 1960—70-я г. распрацоўваліся праблемы ўнутрыгасп. разліку, зніжэння сабекошту і павышэння рэнтабельнасці с.-г. прадукцыі, эфектыўнасці капіталаўкладанняў і асн. фондаў (І.Ш.Гарфінкель, І.М.Качура, В.Р.Крастоўскі і інш.). Праблемы АПК даследаваліся ў НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР, у н.-д. установах Мін-ва сельскай гаспадаркі Беларусі (І.В.Барысевіч, Ф.С.Марцінкевіч, У.В.Міласердаў і інш.). У 1971 у Мінску арганізавана Зах. аддзяленне УАСГНІЛ, на базе якога пазней створана Акадэмія агр. навук.
У наш час даследаванні праблем АПК ажыццяўляюцца ў Інстытуце аграрнай эканомікі Нац.АН Беларусі, які з’яўляецца галаўной арганізацыяй па распрацоўцы рэсп. праграм павышэння эфектыўнасці АПК на перыяд 2000—05 і ўдасканалення АПК на 2001—05. У праграмах абгрунтаваны крытэрыі пераходу суб’ектаў гаспадарання на самаакупнасць, аб’ёмаў вытворчасці і збыту прадукцыі, фарміравання каап.-інтэграцыйных аб’яднанняў, фінансавання і крэдытавання, матэрыяльна-тэхн. і кадравага забеспячэння аграпрамысл. вытворчасці (В.А.Папкоў, Г.І.Гануш, У.Р.Гусакоў, Ю.Д.Мароз, А.С.Сайганаў, А.П.Шпак, С.Б.Шапіра, і інш.).У 2003 супрацоўнікі Ін-та агр. эканомікі Нац.АН Беларусі з удзелам вучоных Н.-д.эканам. ін-та Мін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь, спецыялістаў зінш. мін-ваў і ведамстваў, абл. камітэтаў і шэрагу раённых упраўленняў сельскай гаспадаркі распрацавалі Праграму сац.-эканам. развіцця і адраджэння вёскі на 2004—10-я г. (Г.І.Гануш, У.Р.Гусакоў, З.М.Ільіна, П.В.Лешчылоўскі, С.С.Палонік, С.Б.Шапіра, А.П.Шпак, У.М.Шылаў і інш.). Праблемы эканомікі АПК уключаюцца ў праграмы навук. даследаванняў спец. кафедраў БСГА, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Бел.эканам. ун-та, Бел.агр.тэхн. ун-та і інш.ВНУ, НДІ сістэмы Мін-ва сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, 8 абл. і спецыялізаваных доследных станцый, 10 эксперым. гаспадарак. Вывучаюцца праблемы тэорыі і метадалогіі эканам. развіцця сельскай гаспадаркі, стратэгіі агр. рэформ (В.А.Дадалка, А.І.Ківейша, Г.М.Лыч, М.Ф.Пракапенка, А.С.Скакун, М.І.Ціценка), міжгасп. кааперацыі і аграпрамысл. інтэграцыі (Г.І.Гануш, М.Е.Заяц, П.В.Лешчылоўскі), навук.тэхн. прагрэсу, стварэння арганізац.-эканам. сістэмы кіравання і інфарм.-вылічальнага забеспячэння АПК (М.П.Краўцоў, В.М.Ліхачоў, П.Г.Нікіценка, Я.А.Пятровіч), удасканалення гасп. механізму ва ўмовах трансфармацыйнай эканомікі (У.Л.Клюня, К.П.Рыхатка, А.П.Шпак), развіцця лізінгавых адносін і фін. устойлівасці прадпрыемстваў АПК (Л.П.Догіль, А.С.Сайчанкаў), павышэння ўстойлівасці развіцця с.-г. вытворчасці, стымулявання інвестыцыйнай дзейнасці (М.М.Антоненка, А.М.Новак, А.П.Шпак), арганізац. асноў фарміравання рынкаў вытворча-тэхн. паслуг у раённым звяне АПК (У.І.Бельскі, Р.К.Лянькова). Выдадзены навуч. дапаможнікі: «Рынкі сельскагаспадарчай сыравіны і харчавання» З.М.Ільіной (2-е выд., 2001), «Эканоміка прадпрыемстваў і галін АПК» падрэд. П.В.Лешчылоўскага і І.С.Танковіча (2-е выд., 2001), «Антыкрызіснае кіраванне аграпрамысловым комплексам Беларусі» П.І.Іванцова (2002); калект. працы «Аграрная навука Беларусі: дасягненні, праблемы, рашэнні» (2001), «Навуковыя асновы перспектыўнага развіцця АПК Рэспублікі Беларусь» (2001), «Актуальныя праблемы развіцця аграпрамысловага комплексу Беларусі» (2003) і інш.
Літ.:
Прокопенко Н.Ф. Агропром: научно-технический прогресс и качество. Мн., 1988;
Лещиловский П.В. Трудовые ресурсы села: проблемы и пути решения. М., 1998;
Шапиро С.Б. Основы управления аграрным сектором в условиях рынка: (Теория, методология и практ. рекомендации). Мн., 1999;
Ильина З.М. Научные основы продовольственной безопасности. Мн., 2001;
Научные принципы эффективного функционирования АПК Беларуси. Мн., 2002;
Формирование рыночных отношений в АПК и перспективные направления аграрной политики Республики Беларусь. Мн., 2002;
Скакун А.С. Социально-экономические преобразования в АПК Республики Беларусь (вопросы теории и практики). Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАЯ АРХІТЭКТУ́РА,
праектаванне і буд-вапрамысл. прадпрыемстваў і вытв. збудаванняў. Сродкамі П.а. ствараецца матэрыяльна і эстэтычна арганізаванае асяроддзе, неабходнае для ажыццяўлення чалавекам вытв. працэсу. Пры праектаванні аб’ектаў. П.а. ўлічваюцца рацыянальнае размяшчэнне прадпрыемстваў у сістэме горада, арх.-планіровачная арг-цыя і забудова саміх прадпрыемстваў і комплексаў, арг-цыякульт.-быт. абслугоўвання і камфортных умоў працы ў сферы вытв-сці, добраўпарадкаванне тэрыторый, а таксама эфектыўнасць капіталаўкладанняў.
Станаўленне і развіццё П.а. звязана з развіццём прамысл. вытв-сці і нар. гаспадаркі на ўсіх гіст. этапах. Да 18 ст.вытв. працэс быў засн. на ручной працы, вытв. пабудовы не вылучаліся ў самаст. тып будынкаў. У эпоху прамысловага перавароту (з 1760-х г.), калі вытв. працэс быў звязаны з выкарыстаннем машыннай тэхнікі, узнікла неабходнасць у буйных памяшканнях для машын, абсталявання, рабочых. Першыя прамысл. будынкі былі прамавугольныя ў плане, з нясучымі цаглянымі ці каменнымі сценамі і драўлянымі перакрыццямі (ф-кі ў Вялікабрытаніі). Пераважалі утылітарныя вырашэнні: падоўжаныя масіўныя сцены, якія часам чляніліся пілястрамі, упрыгожваліся паясамі фігурнай муроўкі. Выкарыстанне ў канцы 18—19 ст. каркасных канструкцый з металу і жалезабетону паспрыяла стварэнню вытв. будынкаў з рацыянальнай планіроўкай унутр. аблегчанымі сценамі, павелічэнню колькасці паверхаў і памераў светлавых праёмаў, што істотна змяніла вонкавае аблічча вытв. будынкаў. У П.а. пач. 20 ст. пашыраліся новыя канстр. сістэмы, якія давалі магчымасць перакрываць без апор вял. пралёты, выкарыстоўваліся новыя буд. і аддзелачныя матэрыялы. Лепшыя аб’екты П.а. (напр., турбінная ф-ка фірмы «АЭГ» у Берліне, 1909—12, арх. П.Берэнс, ф-ка «Фагус» у г. Альфельд, Германія, 1911—16, арх. В.Гропіус) з выразным рытмам калон, каркаснымі канструкцыямі, вялікапралётнымі перакрыццямі, новымі прыёмамі члянення вял. паверхняў сцен палосамі зашклення ў метал. пераплётах істотна паўплывалі на архітэктуру 20 ст. Сучасныя прамысл. будынкі і збудаванні вылучаюцца буйным маштабам, аб’ёмна-планіровачным вырашэннем і сілуэтам, становяцца важным арх. акцэнтам у гар. забудове.
На Беларусі з 9 ст. вядомы выраб прадметаў з дрэва, каменю, гліны, жалеза і інш., заснаваны на ручной працы. Першымі т.зв.вытв. збудаваннямі былі дамы-майстэрні: драўляныя пабудовы ў традыцыях нар. дойлідства, якія ўключалі жылую, вытв. і гасп. часткі (у Полацку, Віцебску, Магілёве, Гродне і інш.). Развіццё П.а. звязана з паяўленнем у 1-й пал. 18 ст. мануфактур (шкляныя ў Налібаках Стаўбцоўскага і Урэччы Любанскага р-наў, шаўковых паясоў у Слуцку, суконная ў Нясвіжы; усе Мінская вобл.). У 2-й пал. 18 ст. драўляныя 1-павярховыя будынкі мануфактур пастаўлены ў Гродне, Паставах і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст., калі ў П.а. пачалі выкарыстоўвацца новыя буд. матэрыялы (чыгун, пракатнае жалеза, бетон, жалезабетон), пабудаваны шэраг прадпрыемстваў (пераважна на берагах рэк або побач з чыгункай), у т. л.Добрушская папяровая фабрыка, Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна», суконная ф-ка ў в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. і інш. У пач. 20 ст. рэканструяваны старыя (папяровая ф-ка «Папірус» і хрусталёвы з-д у Барысаве, шклозавод «Старава» ў Бабруйскім пав.) і пабудаваны новыя прадпрыемствы. Пошук новых арх. форм вёўся ў кірунку стварэння арх. вобраза лаканічнымі і простымі маст. сродкамі, абапіраючыся на традыцыі. Адна з першых прамысл. пабудоў — станкабуд. з-д «Энергія» (1920) у Мінску. 1930-я г. адметныя буд-вам новых прадпрыемстваў і тэхнал. пераабсталяваннем старых. Больш шырокае ўжыванне металу і жалезабетону дазволіла якасна змяніць формы і арх. аблічча прамысл. будынкаў. Шматпралётныя карпусы з адносна вял. пралётамі, выразнай арх. кампазіцыяй і дакладнай арг-цыяй унутр. прасторы, з выяўленнем функцыян. і канстр. зместу будавалі без лішніх дэкар. дэталей у афармленні фасадаў (ф-кі панчошна-трыкат. імя КІМ у Віцебску, штучнага валакна ў Магілёве, кандытарская «Камунарка» ў Мінску, з-д «Гомсельмаш» у Гомелі). Пасляваен. аднаўленне і рэканструкцыя вяліся паралельна з увядзеннем новых будынкаў, абсталяваных новай тэхнікай. Пабудаваны аўтамаб. і трактарны заводы-гіганты ў Мінску, буйныя прадпрыемствы радыётэхн., прыладабуд., паліграф. прам-сці. Прамысл. аб’екты ўключаліся ў асн. горадабуд. вузлы і структуру старых і новых гарадоў, дапаўнялі і ўзмацнялі арх.-вытв. кампазіцыю гар. забудовы. У 1950-я г. паляпшалася аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне вытв. будынкаў, узведзены першы на Беларусі паўназборны шматпавярховы вытв. будынак — гал. корпус Мінскага гадзіннікавага завода. У кампазіцыі выкарыстоўваліся элементы класічнай спадчыны (Мінскі паліграфічны камбінат, з-д электронных выліч. машын у Мінску). Пашырыліся блакіроўка прамысл. будынкаў, уніфікацыя і тыпізацыя іх канструкцый, стварэнне карпусоў пад адным дахам (дывановы камбінат, з-ды электрамех. і электралямпавы ў Брэсце, комплекс харч. прадпрыемстваў у раёне Дражні ў Мінску). У 1960—70-я г. пабудаваны буйныя аб’екты вытв. аб’яднанняў «Палімір» у Наваполацку, «Хімвалакно» ў Магілёве, «Азот» у Гродне, «Беларуськалій» у Салігорску, «Гідрааўтаматыка» ў Гомелі і інш. На базе існуючых прадпрыемстваў створаны сучасныя вытв. комплексы змакс. блакіроўкай і кааперацыяй службаў і камунікацый, з эфектыўным выкарыстаннем тэрыторый, неабходнымі эстэт. і сан.-гігіенічнымі ўмовамі. Вял. перавагу мела аб’яднанне дробных прадпрыемстваў у камбінаты, замена старых 1-павярховых пабудоў сучаснымі шматпавярховымі будынкамі са свабоднай унутр. прасторай, што давала магчымасць мадэрнізаваць тэхнал. працэс, ствараць выразныя планіровачныя структуры і арх. прадстаўнічасць. Ствараюцца аб’яднаныя прамысл. комплексы — прамысл. вузлы, упарадкоўваюцца існуючыя прамысл. раёны. У павышэнні эстэт. і арх. выразнасці будынкаў і збудаванняў важнае месца належыць маст. выяўленню ўласцівасцей матэрыялаў і канструкцый, сістэме чляненняў сцен фасадаў, фактуры і колеру канстр. і аддзелачных матэрыялаў, колераваму вырашэнню інтэр’ераў. У арх.-кампазіцыйным вырашэнні выкарыстоўваецца прыём кантрасту падоўжаных 1-павярховых аб’ёмаў і шматпавярховых кампазіцыйных дамінантаў інж.-лабараторных карпусоў (Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік», Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, Мінскі завод халадзільнікаў, Мінскі тонкасуконны камбінат і інш.). Новыя прамысл. будынкі гарманічна ўключаюцца ў прыродны ландшафт. Вядучая арг-цыя па праектаванні прамысл.буд-ва на Беларусі — ін-т«Белпрампраект» (засн. ў 1949). Значны ўклад у П.а. зрабілі архітэктары С.Баткоўскі, Э.Бацян, І.Боўт, У.Караль, С.Корчык, У.Некрашэвіч, Н.Шпігельман і інш.
Літ.:
Ким Н.Н. Промышленная архитектура. 2 изд. М., 1988;
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986.
І.І.Боўт.
Да арт.Прамысловая архітэктура. Будынкі суконнай фабрыкі ў вёсцы Парэчча Пінскага раёна Брэсцкай вобл.З малюнка Н.Орды. 19 ст.Да арт.Прамысловая архітэктура. Будынак гадзіннікавага завода ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ДНІЦКІ ФІ́ЛЬМ,
сістэма жанраў кіно, заснаваных на напружаным сюжэце, нечаканых паваротах падзей, розных прыгодах герояў пры раскрыцці таямніцы, пошуках скарбаў, невядомых зямель, пераадольванні катастроф, барацьбе са злачынцамі і інш. Сфарміраваўся пад уплывам прыгодніцкай літаратуры. У залежнасці ад ідэйнай накіраванасці, гіст., геагр., прасторавых умоў падзяляецца на фільмы падарожжаў (гіст. і сучасныя), вестэрн, трылер, ваен., шпіёнскі, крымінальны, дэтэктыўны фільм, навукова-фантастычны фільм, фэнтэзі, парадыйны фільм. Герой П.ф. павінен валодаць пэўнымі фізічнымі і маральнымі якасцямі, загартаваным характарам, нязломнай воляй, у фантаст. сюжэтах — надзвычайнымі магчымасцямі.
Першы П.ф. — славуты вестэрн і гангстэрскі фільм «Вялікае абрабаванне цягніка» (1903, рэж. Э.С.Портэр, ЗША). З 1920-х г. у ЗША пашырыліся гангстэрскія фільмы, у Зах. Еўропе — «фільмы плашча і шпагі» (у т. л. пра мушкецёраў заднайм. рамана А.Дзюма, шматлікія варыяцыі прыгод «высакародных ліхадзеяў» Зора, Робін Гуда і інш.). З 1960-х г. у еўрап. і амер. кіно развіваюцца традыц. і абноўленыя мадыфікацыі гангстэрскіх фільмаў («Боні і Клайд», 1967, рэж. А.Пен; «Хросны бацька», 1972, рэж. Ф.Копала; «Аднойчы ў Амерыцы», 1984, рэж. С.Леоне), акультныя («Дзіця Розмары», 1968, рэж. Р.Паланскі; «Выганяючы д’ябла», 1973, рэж. У.Фрыдкін), катастроф і жахаў («Прыгоды Пасейдона», 1972, рэж. Р.Нім; «Аэрапорт-75», 1974, рэж. Дж.Смайт; «Парк юрскага перыяду», 1993, рэж. С.Спілберг), на ваен. тэму («Доктар Стрэйнджлаў, або Як я навучыўся не хвалявацца і палюбіў бомбу», 1963, рэж. С.Кубрык; «Зялёныя берэты», 1968, рэж. Дж.Уэйн; «Жалезны крыж», 1977, рэж. С.Пекінпа; «Паляўнічы на аленяў», 1978, рэж. М.Чыміна; «Апакаліпсіс сёння», 1979, рэж. Копала), філасофска-фантаст. (серыял «Зорныя войны», з 1977, рэж.Дж-Дукас; «Неба над Берлінам», 1987, рэж. В.Вендэрс; «Пяты элемент», 1998, рэж. Л.Бесон) фільмы. У канцы 1980—90-х г. вызначыўся постмадэрнісцкі кірунак П.ф.: «Повар, злодзей, яго жонка і каханак» (1989, рэж. П.Грынуэй), «Крымінальная чытаніна* (1994, рэж. К.Таранціна), «Рассякаючы хвалі» (1996, рэж. С.Ларс фон Трыер), «Шырока заплюшчаныя вочы» (1999, рэж. Кубрык) і інш. У рас. кінематографе 1920-х г. элементы П.ф. спалучаліся з ідэйнай рэв. скіраванасцю («Чырвоныя д’ябаляты», 1923, рэж. І.Перэстыяні; «Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў», рэж. Л.Куляшоў; «Прыгоды Акцябрыны», рэж. Р.Козінцаў і Л.Траўберг; «Аэліта», рэж. Я.Пратазанаў; усе 1924). У 1930-я г. адымаліся фільмы пра навук. экспедыцыі («Залатое возера», 1935, рэж. У.Шнейдэраў; «Сямёра смелых», 1936, рэж. С.Герасімаў), падарожжы («Дзеці капітана Гранта», 1936; «Востраў скарбаў», 1938, рэж. абодвух У.Вайншток), шпіёнскія фільмы («Джульбарс», 1936, рэж. У.Шнейдэраў), з 1940-х г. — ваен. («Сакратар райкома», 1942, рэж. І.Пыр’еў; «Смелыя людзі», 1950, рэж. К.Юдзін; «А досвіткі тут ціхія...», 1972, рэж. С.Растоцкі; тэлесерыял «Семнаццаць імгненняў вясны», 1973, рэж. Т.Ліёзнава; карціны пра міжнар. адносіны («Сакрэтная місія», рэж. М.Ром, 1950; «Мёртвы сезон», 1968, рэж. С.Куліш), рэв. тэматыкі («Няўлоўныя мсціўцы», 1967, рэж. Э.Кеасаян; «Белае сонца пустыні», 1969, рэж. У.Матыль; «Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх», 1974, рэж. М.Міхалкоў). Сярод лепшых П.ф. 1970—90-х г.: фантастычна-філас. прытчы «Салярыс» (1972), «Сталкер» (1980, абодва рэж. А.Таркоўскі), таксама фільмы пра тэхнагенныя і экалагічныя катастрофы: «Уцёкі містэра Мак-Кінлі» (1975, рэж. М.Швейцэр), «Экіпаж» (1980, рэж. А.Міта) і інш.
У бел. кінематографе жанр П.ф. развіваецца з 2-й пал. 1920-х г. («Лясная быль», 1926, рэж. Ю.Тарыч; «Кастусь Каліноўскі», 1928, рэж. У.Гардзін). У 1930-я г. структурныя прыкметы П.ф. выявіліся ў фільмах-экранізацыях «Паручнік Кіжэ» (1934, рэж. А.Файнцымер), «Салавей» (1937, рэж. Э.Аршанскі), карцінах пра «ворагаў народа», шпіёнаў, дыверсантаў: «Вораг ля парога» (1931, рэж. Л.Анцы-Палоўскі), «Дачка Радзімы» (1938, рэж. У.Корш-Саблін) і інш.З 2-й пал. 1940-х г. пераважалі П.ф. пра рэвалюцыю і гіст. — «Чырвонае лісце» (1958, рэж. Корш-Саблін), ваен. тэматыкі — «Канстанцін Заслонаў» (1949, рэж. Корш-Саблін, Файнцымер), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1956, рэж. М.Фігуроўскі), «Альпійская балада» (1966), «Воўчая зграя» (1975, рэж. абодвух Б.Сцяпанаў), «Круглянскі мост» (1989, рэж. А.Мароз), «Пайсці і не вярнуцца» (1992, рэж. М.Князеў), «У жніўні 44-га» (2000, рэж. М.Пташук), тэлевізійныя «Руіны страляюць» (1971—72, рэж. В.Чацверыкоў), «Парашуты на дрэвах» (1973, рэж. І.Шульман), «Дзяржаўная граніца» (1980—84). У 1980—90-я г. пашырыліся гісторыка-прыгодніцкія экранізацыі з элементамі дэтэктыва («Дзікае паляванне караля Стаха», 1980, рэж. В.Рубінчык; «Чорны замак Альшанскі», 1983, рэж. Пташук; «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», 1994, рэж. В.Тураў), дэтэктывы і трылеры («Уік-энд з забойцам», 1992, рэж. Ю.Марухін; «Сын за бацьку», 1995, рэж. М.Яроменка; «Бег ад смерці», 1996, рэж. У.Дзяругін; «Рэйнджэр з атамнай зоны», 1999, рэж. В.Нікіфараў), фантаст. фільмы («Адступнік», 1986—87, рэж. Рубінчык; «Кашкадаў Сільвер», 1989, «Анамалія», 1993, рэж. абодвух Ю.Ялхоў). У жанры П.ф. зняты шэраг фільмаў для дзяцей (гл. ў арт.Дзіцячае кіно), у т. л. «Палескія рабінзоны» (1934, І.Бахар, П.Малчанаў), «Корцік» (3 серыі, 1973), «Бронзавая птушка» (3 серыі, 1974, рэж. абодвух М.Калінін), «Апошняе лета дзяцінства» (1974. рэж. Рубінчык) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНЗА́НІЯ (Tanzania), Аб’яднаная Рэспубліка Танзанія (суахілі Jamhuri ya Muungano wa Tanzania, англ. United Republic of Tanzania),
дзяржава ва Усх. Афрыцы. Складаецца з мацерыковай (Танганьіка) і астраўной (а-вы Занзібар і Пемба) частак. Мяжуе на Пнз Кеніяй і Угандай (частка граніцы па воз. Вікторыя), на Зз Руандай, Бурундзі, Дэмакр. Рэспублікай Конга (граніца па воз. Танганьіка), Замбіяй, Малаві (частка граніцы па воз. Ньяса), на Пдз Мазамбікам; на У абмываецца Індыйскім ак.Пл. 945,09 тыс.км². Нас. 35 306,1 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — суахілі і англійская. Сталіца — г.Дадома (урадавыя ўстановы паступова пераводзяцца зг.Дар-эс-Салам). Краіна падзяляецца на 25 абласцей (20 на мацерыку, 5 у астраўной частцы). Нац. свята — Дзень Саюза (26 крас.).
Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1977. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — парламент, у які ўваходзяць прэзідэнт краіны і Нац. асамблея з 232 дэпутатаў, што выбіраюцца кожныя 5 гадоў на ўсеагульных выбарах прамым і тайным галасаваннем (частка дэпутатаў назначаецца).
Прырода. Большая ч.тэр. — на Усх.-Афр. пласкагор’і (на выш. больш за 1000 м). Характэрны ланцугі пласкаверхіх узвышшаў і гор. Уздоўж зах. і паўд.-зах. граніц працягнуліся скідавыя ўпадзіны Усх.-Афр. высокасейсмічнай зоны разломаў з вулканамі Кіліманджара (выш. 5895 м, найвыш. пункт Афрыкі) і Меру (4567 м). Уздоўж узбярэжжа Індыйскага ак. — вузкая нізіна. Карысныя выкапні: алмазы, волава, вальфрам, фасфарыты, тытана-магнетытавыя, ніобіевыя руды і інш. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэднямесячныя т-ры ад 15—20 °C да 25—27 °C. Ападкаў на б.ч. краіны 500—1500 мм за год. Гал. рэкі Пангані, Руфуджы, Рувума ўпадаюць у Індыйскі акіян. Т. часткова належаць азёры Вікторыя, Танганьіка, Ньяса; ёсць бяссцёкавыя салёныя азёры Руква, Натран, Эясі. У натуральнай расліннасці на З і Пд пераважаюць трапічныя сухія рэдкалессі, на прыморскай нізіне — паркавыя саванны, у цэнтр. і паўн.-ўсх. раёнах — травяністыя саванны. Па схілах гор — вечназялёныя лясы, хмызнякі. Шматлікія нац. паркі і рэзерваты, у т. л. Селус, Серэнгеці, Кіліманджара і Нгарангора, якія ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны, а таксама Руаха, Мікумі, Тарангірэ, Рунгва, створаныя для аховы багатай фауны млекакормячых (сланы, насарогі, бегемоты, буйвалы, зебры, жырафы і інш.).
Насельніцтва. Т. — шматнацыянальная краіна, больш за 30 народаў. Каля 98% складаюць афр. народы, што пераважна належаць да ўсх. банту. Найб. народы: ньямвезі, сукума, суахілі, хехе, бена, макондэ, хайя, кінга, джага. На ПнУ жывуць масаі, мова якіх адносіцца да нілоцкай сям’і, у цэнтр. частцы — народы, што гавораць на кушыцкіх і кайсанскіх мовах. Ёсць таксама індыйцы, пакістанцы, арабы. Сярод вернікаў хрысціяне (45%), мусульмане (35%), прыхільнікі традыц. вераванняў (20%). Сярэднегадавы прырост 2,57% (2000). Сярэдняя шчыльн. 37,4 чал. на 1 км. Найб. населены раён на Пд ад воз. Вікторыя, схілы Кіліманджара і Меру, в-аў Занзібар (да 500 чал. на 1 км²), найменш — унутр. пласкагор’і. У гарадах жыве 31% насельніцтва (1998). Найб. гарады (2000, тыс.ж.): Дар-эс-Салам — 1360,8, Мванза — каля 300, Дадома, Танга і Занзібар — каля 200. У сельскай гаспадарцы занята 80% эканамічна актыўнага насельніцтва.
Гісторыя. На тэр. Т. знойдзены найб.стараж. рэшткі чалавека (гл.Олдувай). Аўтахтоннае насельніцтва Т. — плямёны, блізкія да сучасных бушменаў і гатэнтотаў. У 1-м тыс.н.э. тут пасяліліся плямёны земляробаў банту і жывёлаводаў нілотаў. У 7—8 ст. сюды праніклі арабы; у выніку іх узаемадзеяння змясц. насельніцтвам ва ўзбярэжных раёнах Т. склалася мусульм. паводле веравызнання этн. супольнасць — суахілі. Існаваў шэраг гарадоў-дзяржаў суахілі, багацце якіх ствараў транзітны гандаль паміж унутр. раёнамі Афрыкі і краінамі Б. Усходу. У канцы 15 ст. тут з’явіліся партугальцы, якія ўсталявалі кантроль над гарадамі суахілі. У канцы 17 ст. партугальцаў выгналі аманцы. У 1856 узнік самастойны султанат Занзібар з цэнтрам на аднайм. востраве на чале з дынастыяй аманскага паходжання. У 1884 над мацерыковай ч. Т. ўстанавіла кантроль Германія. А-вы Занзібар з 1890 сталі брыт. пратэктаратам. У 1-ю сусв. вайну Герм.Усх. Афрыку акупіравалі брыт. войскі; у 1920 б.ч. яе пад назвай Танганьіка перададзена Лігай Нацый пад кіраванне Вялікабрытаніі. У 2-ю сусв. вайну больш за 80 тыс. выхадцаў з Т. змагаліся ў складзе брыт. арміі. У 1954 створаны Нац.афр. саюз Танганьікі (ТАНУ) на чале з Дж.К.Ньерэрэ. ТАНУ перамог на ўсеагульных выбарах 1960 і ўзначаліў урад Танганьікі. 9.12.1961 абвешчана незалежнасць краіны.
У снеж. 1962 абвешчана рэспубліка на чале з прэзідэнтам Ньерэрэ, 10.12.1963 абвешчана незалежнасць Султаната Занзібар. Паўстанне 12.1.1964 скінула манархію на Занзібары і паклала канец панаванню выхадцаў з Амана; да ўлады прыйшла Афра-шыразі партыя (АШП). 26.4.1964 Танганьіка і Занзібар аб’яднаны ў адзіную дзяржаву (з 29.10.1964 — Аб’яднаная Рэспубліка Т.); Занзібар пры гэтым захаваў значную аўтаномію. Па ініцыятыве Ньерэрэ ў краіне пачалася пабудова сацыяліст. грамадства шляхам аб’яднання сял. гаспадарак у калектыўныя — т.зв. уджамаа; нацыяналізаваны замежныя банкі і прадпрыемствы. У 1977 ТАНУ і АШП аб’яднаны ў Рэв. партыю (РП), усе інш. партыі забаронены. У пач. 1980-х г.эканам. становішча Т. пагоршылася, што прымусіла Ньерэрэ падаць у 1985 у адстаўку. Новае кіраўніцтва краіны і РП на чале з А.Х.Мвіньі пачало лібералізацыю эканомікі, што спрыяла пераадольванню крызісу. У 1992 дазволена шматпартыйнасць. На першых шматпартыйных выбарах 1995 перамагла РП, яе прадстаўнік Б.У.Мкапа абраны прэзідэнтам Т. Т. — чл.ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства. Дыпламат. адносіны паміж Т. і Рэспублікай Беларусь з мая 1996. У Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Рэв. партыя, Нац. канвенцыя за стварэнне і рэформы, Аб’яднаны грамадз. фронт, Аб’яднаная дэмакр. партыя, Партыя дэмакратыі і прагрэсу.
Гаспадарка. Т. — эканамічна слабаразвітая агр. краіна, уваходзіць у лік 25 найменш эканамічна развітых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) расце больш марудна, чым насельніцтва, складае каля 250 дол. на 1 чал. ў год. 25% ВУП ствараецца ў сельскай гаспадарцы, лесаводстве, рыбалоўстве, Паляўніцтве. 14,4% — у прам-сці, энергетыцы, будаўніцтве, 4,9% — у транспарце і сувязі, 14,8% — у гандлі, атэлях і рэстаранах, 40,9% — у інш. абслуговых галінах. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 52 млн.га (каля 55% тэр. краіны), у т. л. каля 10,4 млн.га ў раслінаводстве і каля 31,6 млн.га ў жывёлагадоўлі. Частка зямель арашаецца. Праведзена агр. рэформа, ёсць с.-г. кааператывы і дзяржгасы. У некаторых раёнах захоўваецца абшчыннае землеўладанне. Узровень с.-г. вытв-сці непастаянны, церпіць страты ад неспрыяльных умоў надвор’я, недахопу ўгнаенняў, паліва і машын. Пераважае матычнае раслінаводства. Збор асн.харч. культур (1999, млн.т): кукурузы 2,8, рысу 0,9, маніёку 2,2. Сеюць таксама пшаніцу. проса, сорга, бабовыя, маніёк, батат. алейныя культуры і агародніну. Асн. экспартныя культуры (1999, тыс.т): кава 37,1, зялёны чай 120,6, бавоўна 133,5, арэхі кэш’ю 75,8, тытунь 37,9, сізаль 24 (1-е месца ў свеце). На а-вах Занзібар і Пемба плантацыі гваздзіковага дрэва (1-е месца ў свеце, каля 60—80% сусв. вытв-сці) і какосавых пальмаў. Вырошчваюць таксама цукр. трыснёг, арахіс, бананы, пірэтрум. Трапічнае садоўніцтва. Харч. культуры вырошчваюць амаль паўсюдна, экспартныя — у асобных раёнах: каву — у горных і перадгорных раёнах, на схілах вулкана Рунгве, чай — на схілах Кіліманджара, бавоўну — на паўд. узбярэжжы воз. Вікторыя, арэхі кэш’ю — на ўзбярэжжы акіяна, тытунь і пірэтрум — каля г. Ірынга, сізаль — у раёнах гарадоў Дар-эс-Салам і Танга. Жывёлагадоўля малатаварная, развіта ў раёнах, дзе няма мухі цэцэ. Колькасць жывёлы ў многіх этнічных групах мае прэстыжны характар, таму яе забіваюць вельмі рэдка. Пагалоўе (1997, млн. галоў); буйн. раг. жывёлы 14,4, коз 9,9, авечак 4,2. Каля 75% пагалоўя сканцэнтравана ў раёне воз. Вікторыя. на ПнУ і ў цэнтр. раёнах. Пераважае паўкачавая, адгонна-пашавая і пашавая жывёлагадоўля. Развіццё галіны стрымліваецца эпізаотыямі і недастатковай абводненасцю значнай часткі пашы. Птушкагадоўля (больш за 28 млн. курэй). Рыбалоўства ў моры і азёрах (357,2 тыс.т, 1999). Паляўніцтва. У прам-сці Пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, тэкст. і абутковыя ф-кі, з-ды па вытв-сці ўгнаенняў, буд. матэрыялаў і цэменту. Вядзецца здабыча золата, алмазаў, рубінаў, сапфіраў, каменнай солі, фасфарытаў, гіпсу, жал. руды, волава і кааліну. На ПдЗ здабываюць кам. вугаль (каля 300—400 тыс.т штогод). На Пд ад г. Дарэс-Салам пачата здабыча прыроднага газу. Энергетыка заснавана на выкарыстанні гідрарэсурсаў (каля 70%) і імпартнай нафты (каля 30%). Найб.ГЭС на р. Пангані. У 1999 атрымана 1,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Вытв-сцьасн.прамысл. прадуктаў (1999): цукру — 153 тыс.т, цыгарэт — 3,4 млн.шт., піва — 123,9 млн.л, тэкстылю — 49,8 млн.м² цэменту — 833 тыс.т, металапракату — 9,5 тыс.т, нафтапрадуктаў — 287 тыс.т, фарбаў — 12,9 млн. л. Працуюць нафтаперапр., цэм., аўтазборачны з-ды (Дар-эс-Салам), шынны і фармацэўтычны з-ды (Аруша), цукр.з-д і каваперапр. ф-ка (Букоба) і інш. Развіты саматужныя рамёствы: пашыў нац. адзення і абутку, выраб посуду, упрыгожанняў, цыновак і сувеніраў. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны і марскі. Даўж. (1999, тыс.км): чыгункі — 4,4, аўтадарог — 88,2, у т. л.з цвёрдым пакрыццём 3,7, унутр. водных шляхоў (у асн. па азёрах) — каля 0,8. Нафтаправод з Дар-эс-Салама ў г. Ндола (Замбія). У краіне 55 тыс. легкавых. 78,8 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Гал. марскія парты Дар-эс-Салам, Танга, Лінды, Занзібар, азёрныя — Мванза (воз. Вікторыя), Кігома (воз. Танганьіка). Праз марскія парты Т. ідзе значная частка знешнеэканам. сувязей Уганды, Бурундзі, Руанды, Замбіі. У краіне больш за 100 аэрапортаў і пасадачных пляцовак, у т. л. 3 міжнар. аэрапорты (каля гарадоў Дар-эс-Салам, Аруша і Занзібар). У 1999 экспарт склаў 828 млн.дол., імпарт — 1440 млн.дол. У экспарце пераважаюць кава, чай, бавоўна, сізаль, арэхі кэш’ю, мінер. сыравіна, тытунь, у імпарце — спажывецкія тавары, абсталяванне і трансп. сродкі, паўфабрыкаты і камплектуючыя вырабы, нафта. Гал.гандл. партнёры: Паўд.-Афр. Рэспубліка, Японія, Кенія, Германія, Вялікабрытанія. Саудаўская Аравія. Знешні доўг больш за 7,7 млрд.дол. Краіна знаходзіцца ў стане пастаяннага знешнегандл. дэфіцыту. Дапамога складае каля 1 млрд.дол. штогод, паступае ад міжнар. арг-цый, а таксама скандынаўскіх краін, Вялікабрытаніі, Германіі, Японіі, Італіі, Канады. У Т. самыя вядомыя запаведнікі Афрыкі, якія прыцягваюць турыстаў з усяго свету. Даходы ад абслугоўвання турыстаў і продажу паляўнічых ліцэнзій (каля 300—500 млн.дол. штогод) — важная крыніца папаўнення бюджэту. Грашовая адзінка — танзанійскі шылінг.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У раёнах Кандоа, Кісесе, Тамбала, Мванза выяўлены наскальны жывапіс верхняга палеаліту (прымітыўныя выявы фантаст. жывёл) і неаліту (наіўна-рэаліст. сцэны палявання, бітваў і інш.). У 7—15 ст. развівалася мусульм. архітэктура, захаваліся шматлікія палацы, мячэці (Вял. мячэць у Кілва-Кісівані), жылыя дамы з каралавага вапняку і інш.З канца 19 ст. паводле праектаў еўрап. архітэктараў забудоўваліся партовыя гарады (Дар-эс-Салам) і гандл. цэнтры (Мошы, Дадома). Традыц. сельская забудова — прамавугольныя ў плане жытлы з канічнымі ці плоскімі дахамі, нізкія хаціны акруглай формы (у народа масаі), у выглядзе вял. кашоў з галерэяй па акружнасці (у макондэ), конусападобныя буданы (у джага). У 2-й пал. 20 ст. пашырылася буд-ва грамадскіх аб’ектаў, пасёлкаў з 1- і 2-павярховымі дамамі, складзены праект планіроўкі г. Занзібар. У мастацтве пераважае драўляная скульптура: слупападобныя фігуры, звязаныя з культам продкаў у народаў сукума і хехе, экспрэсіўныя фігуры танцуючых жанчын у макондэ, гратэскныя фігуры чалавека з рухомымі канечнасцямі ў вазарама, выявы жывёл у джага. Характэрны антрапаморфныя маскі, манахромныя ці размаляваныя, з багатым дэкорам, які імітуе татуіроўку. У 2-й пал. 20 ст. пачала складвацца нац. школа жывапісу: партрэты і сцэны зсял. жыцця С.Дж.Нтыра, нацюрморты В.Мача, жанравыя кампазіцыі Ф.К.Мзангі, Т.Ф.Абдулы і інш. Сярод маст. рамёстваў найб. пашыраны разьба па дрэве, пляценне, ганчарства.
Герб і сцяг Танзаніі.Да арт.Танзанія. У запаведніку Серэнгеці.Да арт.Танзанія. Узбярэжжа вострава Занзібар.Да арт.Танзанія. Горад Мошы каля падножжа Кіліманджара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў,
горад, цэнтр Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р.Віхра. За 95 км ад Магілёва, 19 км ад чыг. ст. Ходасы на лініі Орша—Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хіславічы. 12,5 тыс.ж. (1998).
Першыя звесткі пра М. звязаны з граматай кн. Расціслава Смаленскага, якая датуецца 1136—50. У Іпацьеўскім летапісе названы пад 1156 як горад Смаленскай зямлі. Заснавальнікам М. лічаць кн.Давыда Расціславіча. З 1180 цэнтр удзельнага Мсціслаўскага княства. У 14—18 ст. у М. існаваў Мсціслаўскі замак. У 13—1-й пал. 14 ст. М. у Смаленскім княстве. У розны час належаў Сямёну Лугвену (гл.Мсціслаўскія), які каля 1380 заснаваў тут Мсціслаўскі пустынскі Успенскі манастыр, Жыгімонту II Аўгусту. З 1528 цэнтр староства Віленскага ваяв., пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 цэнтр Мсціслаўскага ваяводства. У 1-й пал. 17 ст. заснаваны Мсціслаўскі езуіцкі калегіум, у 1634 горад атрымаў магдэбургскае права і герб (у блакітным полі шчыт і рука з мячом). У 1620—1832 у М. існаваў Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адбыліся Мсціслава абарона 1654 і Мсціслава абарона 1659. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, у 1772—76 цэнтр Мсціслаўскай правінцыі. З 1773 цэнтр Мсціслаўскага павета Магілёўскай губ., у 1781 атрымаў новы герб (у сярэбраным полі чырвоны ліс). З 1796 — у Беларускай губ., з 1802 зноў у Магілёўскай губ. У 1785 у М. 2,8 тыс.ж., 502 двары. З 1808 дзейнічала Мсціслаўская суконная мануфактура, у 1816—84 — Мсціслаўская талесная мануфактура. У 1861 у горадзе больш за 6 тыс.ж., дзейнічалі 2 плісавыя мануфактуры, ф-ка баваўняных тканін, гарбарны, вапнавы і цагельны з-ды, крупадзёрка, маслабойня. У 1897 у М. 8514 ж., гар., духоўнае і прыходскае вучылішчы, 17 дробных прадпрыемстваў, 3 бальніцы. У 12—19 ст. буйны цэнтр ганчарных вырабаў і арх.-дэкар. керамікі (гл.Мсціслаўская кафля, Мсціслаўская кераміка). На пач. 20 ст. ў горадзе 1048 жылых будынкаў, у т. л. мураваных, жаночая і мужчынская гімназіі, 2 б-кі, друкарня, 3 манастыры, 3 царквы, касцёл, сінагога, 10 малітоўных дамоў, бальніца, аптэка. З 1915 дзейнічаў Мсціслаўскі царкоўна-археалагічны музей. У 1919—24 у складзе Смаленскай губ. РСФСР, цэнтр павета. У 1921 працаваў педтэхнікум. З 1924 у БССР, цэнтр Мсціслаўскага раёна ў Калінінскай, у 1927—30 — Аршанскай акругах. З 1938 у Магілёўскай вобл. У 1927—8,1 тыс.ж.З 14.7.1941 да 28.9.1943 акупіраваны ням. фашыстамі; на тэр. горада існаваў лагер смерці, у якім закатавана 900 чалавек. У 1959—8,1 тыс. жыхароў.
Стараж. М. складаўся з дзядзінца, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага горада, абнесенага ў 13 ст. 2-й лініяй умацаванняў з боку плато. На Пн, ПнУ і ПнЗ размяшчаўся пасад (цяпер у раёне вуліц Піянерскай і Заслонава) і пераправа — пачатак стараж. шляху з М. на Смаленск. Рэльеф і сляды стараж. тапанімікі сведчаць, што пасад распасціраўся таксама ўверх і ўніз па рацэ і каля падножжа Троіцка-Нікольскай, Дзявочай і Панівойскай гор (цяпер у раёне вуліц Акцябрскай, Рэспубліканскай, Пушкіна). Арх. аблічча М. вызначалася дамінантамі драўлянага комплексу замка з Нікольскім храмам у цэнтры, мноствам драўляных і мураваных цэркваў, касцёлаў, кляштараў, абарончымі сценамі і вежамі пасада. Ад замка да 4 уязных драўляных брам — Траецкай, Афанасьеўскай, Спаскай і Папоўскай — радыяльна адыходзілі вуліцы. Ніжняя частка М. ўздоўж р. Віхра (Падол) мела нерэгулярную забудову. У 17 — пач. 20 ст. ў М. існаваў Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр. У 17—18 ст. пабудаваны мураваныя кляштары: кармелітаў (гл.Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў). езуітаў (гл.Мсціслаўскі езуіцкі калегіум), бернардзінцаў. У 1778 зацверджаны рэгулярны план М., які вызначаў прамавугольную планіроўку і сістэму плошчаў. Пабудаваны драўляны палац (згарэў у 1858), на цэнтр. плошчы створаны бульвар. У вайну 1812 горад разбураны М. шмат пацярпеў ад пажараў, асабліва ў 1858 (згарэў амаль увесь гар. цэнтр). Захавалася гіст. планіроўка горада, цяпер горад развіваецца ўздоўж р.Віхра ў паўн. напрамку Яго генпланы распрацаваны ў 1961, 1977, карэкціроўка ў 1987. Арх.-планіровачная структура М. — прамавугольная сетка вуліц у цэнтр. частцы і свабодная забудова ў перыферыйных раёнах. Гал. вось — вул. Ленінская (зПнЗ на ПдУ, забудавана 2—3-павярховымі жылымі дамамі) з паркамі. У арх.-планіровачную кампазіцыю ўваходзяць помнікі архітэктуры 17—19 ст. — Мсціслаўская царква Аляксандра Неўскага, Спаса-Праабражэнская царква, будынкі б. земскай управы, мужчынскай гімназіі, а таксама гіст. зоны — Траецкая, Замкавая, Дзявочая горы. Захаваліся таксама жылыя драўляныя дамы традыц. архітэктуры, характэрныя для рэгіёна гасп. пабудовы, малыя арх. формы і інш. Цэнтр частка горада забудавана 2—5-павярховымі жылымі дамамі. Новыя шматпавярховыя дамы будуюцца на свабодных тэрыторыях уздоўж Магілёўскай шашы. Паводле праекта рэгенерацыі гіст. цэнтра М. 1985 прадугледжана захаванне гіст. рэгулярнай планіровачнай структуры цэнтр. часткі забудовы, яе далейшая рэканструкцыя, аднаўленне і рэстаўрацыя; дапаўненне гіст. забудовы ў межах цэнтра новай, малапавярховай (не вышэй як 3 паверхі), кампазіцыйна, маштабна і функцыянальна адпаведнай; арг-цыя пешаходных вуліц і зон; захаванне гіст. пераемнасці ў арх.-прасторавай арганізацыі цэнтра і будове яго сілуэта з дамінантамі — помнікамі архітэктуры 18—19 ст. і інш.
Масласырзавод, хлебазавод, асфальтавы з-д і інш. 2 прафес.-тэхн. вучылішчы, Мсціслаўскі гісторыка-археалагічны музей. Мемар. комплекс землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, помнік П.Ц.Мсціслаўцу. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Мсціслаўская царква Аляксандра Неўскага, Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў, Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр, Спаса-Праабражэнская царква (19 ст.), грамадскія будынкі канца 19 — пач. 20 ст. Помнікі археалогіі: 2 гарадзішчы, вакольны горад.
Мсціслаў. Будынак былой мужчынскай гімназіі. 1908.Да арт.Мсціслаў. Будынкі аптэкі, гар. вучылішча, жаночай гімназіі. Пач. 20 ст.У цэнтры Мсціслава.Мсціслаў. Фрагмент сучаснай забудовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫЯ ПРАВЫ́, СВАБО́ДЫ І АБАВЯ́ЗКІ ГРАМАДЗЯ́Н РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
асабістыя, паліт., сац.-эканам., сац.-культ. правы і абавязкі грамадзян, замацаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі і міжнар. абавязацельствамі дзяржавы; аснова прававога статусу грамадзяніна, узаемаадносін дзяржавы і асобы. Выкладзены ў раздз. Канстытуцыі «Асоба, грамадства, дзяржава». Да асабістых правоў і свабод адносяцца: права на жыццё (жыццё чалавека абараняецца дзяржавай ад любых проціпраўных замахаў; смяротная кара да яе поўнай адмены як выключная мера пакарання можа прымяняцца за асабліва цяжкія злачынствы і толькі па прыгаворы суда); права на свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы (абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам; асоба, узятая пад варту, мае права на суд. праверку законнасці яе затрымання або арышту; ніхто не павінен быць падвергнуты бесчалавечнаму або зневажальнаму абыходжанню ці пакаранню); права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё; права на недатыкальнасць жылля і інш. законных уладанняў грамадзян, на свабоду перамяшчэння і выбар месца жыхарства ў межах краіны, права пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад; права на свабоду вызнаваць любую рэлігію, або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць свае перакананні ў адносінах да рэлігіі, прымаць удзел у набажэнствах, рытуалах, абрадах, не забароненых законам; права на ўступленне ў шлюб і стварэнне сям’і. У палітычныя правы і свабоды ўваходзяць: свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне (ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх; манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі і цэнзура недапушчальны); права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджанне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў, паліт., эканам., культ. і міжнар. жыццё. пра стан навакольнага асяроддзя; права на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы інш. грамадзян; права на свабоду аб’яднанняў; права на ўдзел у вырашэнні дзярж. спраў як непасрэдна, так і праз сваіх прадстаўнікоў або шляхам абмеркавання на рэферэндумах, сходах і інш. вызначанымі законам спосабамі; права свабодна выбіраць і быць выбранымі ў дзярж. органы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога або ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаванні, мець доступ да любых пасад у дзярж. органах; права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзярж. органы і атрымліваць адказы па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. У галіне сацыяльна-эканамічных правоў Канстытуцыя гарантуе: права на працу і выбар прафесіі, род заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, праф. падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы і гарантаванае атрыманне платы за сваю працу; права на дапамогу па беспрацоўю; права на абарону сваіх эканам. і сац. інтарэсаў, на забастоўку; права на адпачынак, на ахову здароўя, сац. забеспячэнне і жыллё; права на ўласнасць і абарону яе дзяржавай (прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці, а таксама паводле пастановы суда); права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права. Сацыяльна-культурнымі правамі з’яўляюцца: права на адукацыю, на захаванне сваёй нац. прыналежнасці і карыстанне роднай мовай, на ўдзел у культ. жыцці, што забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айч. і сусв. культуры, развіццём сеткі культ,асв. устаноў; права на свабоду маст., навук. і тэхн. творчасці.
Канстытуцыя абвяшчае і гарантуе роўнасць усіх перад законам без усякай дыскрымінацыі, роўную абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Абмежаванне правоў і свабод дапускаецца толькі ў прадугледжаных законам выпадках, у інтарэсах нац. бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод інш. асоб. Ніхто не можа карыстацца прывілеямі і перавагамі, што супярэчаць закону. Кожны, хто знаходзіцца на тэр. краіны, абавязаны: выконваць яе Канстытуцыю, законы і з павагай ставіцца да яе традыцый, паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы інш. асоб, берагчы гіст.-культ., духоўную спадчыну і інш.нац. каштоўнасці, ахоўваць прыроднае асяроддзе. Грамадзяне краіны абавязаны ўдзельнічаць у фінансаванні дзярж. выдаткаў шляхам выплаты дзярж. падаткаў, пошлін, інш. плацяжоў. Абарона Айчыны — свяшчэнны абавязак кожнага яе грамадзяніна. Ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй і законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЗЫ́ЧНІЦТВА (ад царк.-слав. языцы — народы, чужаземцы), паганства (ад лац. paganus сельскі, вясковы),
агульны тэрмін для абазначэння стараж. народных вераванняў і культаў, што існавалі да ўзнікнення і пашырэння «вышэйшых» сусветных рэлігій (будызм, хрысціянства, іслам). Пасля ўвядзення хрысціянства ў Рымскай імперыі язычніцкія вераванні пэўны час захоўваліся ў сельскай мясцовасці, адсюль этымалогія тэрміна «паганства». Для Я. характэрны: вера ў шматлікіх багоў і божастваў (політэізм, або мнагабожжа); абагаўленне розных прыродных сіл і стыхій (пантэізм); перакананне ў рэальным існаванні душы, добрых і злых духаў (анімізм), надзяленне чалавечымі рысамі і якасцямі прыродных з’яў, багоў, міфічных істот (антрапамарфізм); вера ў цудадзейную сілу асобных матэрыяльных прадметаў (фетышызм); уяўленні пра роднасць паміж людзьмі і пэўным відам жывёл, раслін (татэмізм); магічныя дзеянні; культ продкаў. Язычнікі прыносілі разнастайныя ахвяры (часцей прадукты харчавання, расліны, радзей — жывёл і нават людзей) шматлікім божаствам, пакланяліся духам рэк, азёр, лясоў, асобным жывёлам, а таксама дрэвам, камяням, крыніцам і ц. Найб. паважаныя язычніцкія багі слав. плямён: Пярун (бог грому і маланкі), Вялес (бог жывёлагадоўлі), Сварог (бог неба) і яго сын Дажбог (бог сонца). Язычніцкія культавыя збудаванні называліся капішчамі ці свяцілішчамі; у цэнтры іх ставіліся драўляныя ці каменныя ідалы, каля якіх выконваліся рытуальныя дзеянні.
На Беларусі адметныя рысы язычніцкага светапогляду і магічна-абрадавай практыкі адлюстроўваліся ў міфалогіі, у святкаванні Дзядоў, Радаўніцы, у звычаях і рытуальных дзеяннях, звязаных з нараджэннем і пахаваннем, ва ўяўленнях пра «той свет», а таксама ў шматлікіх бел.нар. паданнях, легендах, песнях, дзе ўшаноўваюцца сонца, месяц, зоркі, дрэвы, рэкі, згадваюцца такія персанажы нар.дэманалогіі, як русалкі, чэрці, лесавікі, вадзянікі, дамавікі, ваўкалакі і інш.Найб. шаноўнымі божаствамі пэўных відаў дзейнасці, якія змянялі адзін аднаго на працягу каляндарнага года, былі Пярун, Вялес, Ярыла, Зюзя, Жыжаль, Цаца, Лёля, Лада, Цёця. Беларусы карысталіся спосабамі і сродкамі вербальнай (слоўнай) і невербальнай магіі, што выяўлялася ў шырокім бытаванні разнастайных замоў, праклёнаў, рытуальна-засцерагальных дзеянняў ад усялякіх стыхійных бедстваў, эпідэмій, сац. катаклізмаў (войнаў, голаду), звярталіся за дапамогай да чараўнікоў, вешчуноў, знахароў. Вядомы комплекс рытуальных дзеянняў пад умоўнай назвай «выкліканне дажджу», звычай ткаць з ахоўнымі мэтамі ахвярнае палатно — т.зв. «абыдзённік». Язычніцкае паходжанне маюць многія стараж.бел. святы, абрады, звычаі — Купалле, Каляды, трызна, гуканне вясны, ваджэнне «куста», пахаванне «стралы» і інш.З канца 10—11 ст. Я. на бел. землях пачало паступова выцясняцца хрысціянствам — найперш у выглядзе ўсх. абраду (праваслаўя), некалькі пазней — каталіцтва. Працэс хрысціянізацыі мясц. насельніцтва неаднойчы суправаджаўся ўзаемнымі непрыхільнасцю, сутыкненнямі, праследаваннямі, знішчэннем язычніцкіх свяцілішчаў і ідалаў. Працяглы час на бел. землях захоўвалася «двухвер’е» — адначасова існавалі Я. і хрысціянства. У «Аповесці мінулых гадоў» полацкаму князю Усяславу Брачыславічу прыпісваецца нараджэнне ад «валхвавання», а ў «Слове аб паходзе Ігаравым» — здольнасць ператварацца ў ваўка. Паступова хрысц. царква пачала дапасоўваць стараж. язычніцкія вераванні да сваіх свят і абрадаў. Напр., да язычніцкіх Каляд былі дапасаваны святы нараджэння Хрыста (Раство Хрыстова) і Вадохрышча, да Купалля — свята Іаана Прадцечы і інш. Функцыі некат. язычніцкіх багоў надаваліся асобным хрысц. святым (напр., функцыі Вялеса як апекуна жывёлагадоўлі — хрысц.св. Уласу, Ярылы як апекуна земляробства — хрысц.св. Георгію (Юрыю), Перуна як увасаблення грому і маланкі — хрысц.св. Ільі і да т.п.). Нярэдка на месцы былых язычніцкіх свяцілішчаў будавалі хрысц. храмы (Полацкі Сафійскі сабор, Віцебская Благавешчанская царква, Гродзенская Барысаглебская царква і інш.). У сучасным бел. грамадстве сляды язычніцтва захаваліся ў выглядзе рэліг. прымхаў: замоў, варажбы, добразычлівых ці зласлоўных пажаданняў і інш. Некат. жыхары Беларусі вераць у абрады лячэбнай магіі (знахарства), пакланяюцца асобным камяням, дрэвам, крыніцам і да т.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕМНЫЯ ВОДЫ.
На Беларусі падземныя воды пашыраны ў водапранікальных пародах асадкавага чахла і масівах крышталічнага фундаменту. Паводле якасных паказчыкаў іх падзяляюць на прэсныя, мінеральныя, прамысловыя і тэрмальныя.
Прэсныя падземныя воды сканцэнтраваны пераважна ў верхніх ваданосных гарызонтах і комплексах Прыбалтыйскага, Прыпяцкага, Брэсцкага, Аршанскага артэзіянскіх басейнаў. Мінералізацыя прэсных падземных вод пераважна 0,3—0,5 г/дм3, пітных — да 1 г/дм3 (паводле ДАСТа). У іх хім. саставе пераважаюць гідракарбанаты, кальцый, магній, радзей сульфаты і натрый. Паводле ўмоў залягання прэсныя падземныя воды падзяляюцца на грунтавыя і артэзіянскія. Грунтавыя воды насычаюць пароды 1-га ад паверхні зямлі ваданоснага гарызонту і звычайна безнапорныя. Артэзіянскія воды насычаюць пароды 2-га, 3-га і ніжэй залягаючых ад зямной паверхні ваданосных гарызонтаў. Яны пераважна напорныя. Галоўная мэта здабычы прэсных падземных вод — гаспадарча-пітное водазабеспячэнне. На тэр. Беларусі разведана каля 250 радовішчаў прэсных падземных вод, іх эксплуатацыйныя запасы складаюць больш за 6 млн.м³/сут (прыкладна па 600 л на кожнага жыхара краіны). Эксплуатуюцца адзінкавымі свідравінамі (больш за 30 тыс.), групавымі водазаборамі, калодзежамі (у сельскай мясцовасці для ўласных патрэб насельніцтва, абсталяваны пераважна пад выкарыстанне грунтавых вод). На большай частцы тэрыторыі прэсныя падземныя воды добра ахаваны ад антрапагеннага ўздзеяння. За іх якасцю ажыццяўляецца пастаянны кантроль у межах дзярж. маніторынгу падземных вод.
Мінеральныя воды пашыраны ў многіх месцах краіны. Паводле іх іонна-салявога саставу вылучаюць гідракарбанатныя, сульфатныя (напр., «Рассветаўская»), хларыдныя (напр., «Мінская-4») і складанага саставу (гідракарбанатна-хларыдная, напр., «Брэсцкая»; гідракарбанатна-сульфатныя; сульфатна-хларыдныя, напр., «Усмешка», «Бярэзінская», «Барысаўская», «Бабруйская»; хларыдна-сульфатныя, напр., «Магілёўская»); паводле катыённага саставу — натрыевыя (напр., «Нарачанская», «Крынічка», «Дарыда») і кальцыевыя (напр., «Парэчча-1»). Паводле павышаных канцэнтрацый біялагічна актыўных кампанентаў вылучаюць мінеральныя воды серавадародныя, жалезістыя, радонавыя, бромныя, бромна-ёдныя, борныя, фторыстыя.
У гідракарбанатных водах з рознай камбінацыяй аніёнаў і катыёнаў, ускрытых у крышталічным фундаменце, павышаная колькасць радону (170—1480 Бк/дм3). Мінералізацыя вод да 2—3 г/дм3. Сульфатныя і складанага саставу мінеральныя воды пашыраны на значнай частцы тэр. краіны ў адкладах ад ардовіку і сілуру да юры. Характарызуюцца мінералізацыяй ад 4—6 г/дм3 да 25,8 г/дм3 і канцэнтрацыяй бору да 40 мг/дм3. Хларыдныя і складанага саставу мінеральныя воды пашыраны на ўсёй тэр. краіны, у пародах крышталічнага фундаменту, адкладах пратэразою, кембрыю, дэвону, пярмі, трыясу, юры. Паводле мінералізацыі падзяляюцца на воды малой мінералізацыі (да 10 г/дм3), сярэдняй (10—35 г/дм3) і расолы (35—70 г/дм3). У хларыдных водах рознай мінералізацыі павышаная канцэнтрацыя жалеза (да 20 мг/дм3), серавадароду (200—300 мг/дм3), брому (да 500 мг/дм3), ёду (да 3 мг/дм3), бору (да 20—25 мг/дм3), фтору (да 3,3 мг/дм3). На тэр. Беларусі адкрыта больш за 80 радовішчаў мінеральных вод, агульныя запасы якіх складаюць больш за 20 тыс.м³/сут. На іх базе функцыянуюць заводы па разліве мінеральных вод у гарадах Мінск, Брэст, Гомель, Магілёў, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, г.п. Ушачы (Віцебская вобл.), пасёлках Ждановічы (Мінскі р-н), Парэчча (Гродзенскі р-н), в. Нарач (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) і інш.; санаторыі «Аксакаўшчына», «Беларусь», «Дружба», «Крыніца» (Мінская вобл.), «Лётцы» (Віцебская вобл.), «Радон» (Гродзенская вобл.) і інш.; прафілакторыі і дамы адпачынку. Мінеральныя воды выкарыстоўваюць у якасці сталовых, лячэбна-сталовых і бальнеалагічных. На кожным радовішчы арганізаваны зоны санітарнага кантролю, вядуцца рэжымныя назіранні і кантроль хімічнага саставу.
Прамысловыя воды — гэта падземныя расолы з мінералізацыяй 320—460 г/дм3, у якіх ёсць шэраг каштоўных кампанентаў у прамысловых колькасцях. Такімі расоламі насычаны верхнепратэразойскія і дэвонскія адклады Прыпяцкага артэзіянскага басейна. Яны залягаюць на глыбінях 2000—4500 м і перакрыты дзвюма магутнымі водатрывалымі саляноснымі тоўшчамі, якія забяспечваюць утварэнне расолаў і іх захаванасць. Т-ра расолаў у прыродным заляганні 40—90 °C, што дае падставу адносіць іх да тэрмальных вод. Прагнозныя запасы прамысловых расолаў складаюць каля 35 тыс.м³/сут. Яны сканцэнтраваны ў 4 радовішчах, на 2 з якіх праведзены разведачныя работы і ацэнены эксплуатацыйныя запасы. Прамысловыя воды выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, медыцыне. На іх аснове наладжана доследная вытворчасць ёду і брому.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭР’Е́Р (ад франц. interieur унутраны) у архітэктуры, унутраная прастора будынка або памяшкання.
Функцыян. прызначэнне вызначае яго арх. вырашэнне (памеры, прапорцыі) і характар убрання (мэбля, абсталяванне). Сінтэз арх. форм і манум.-дэкар. мастацтва стварае ў ім маст. вобраз — асяроддзе, здольнае выклікаць у чалавека пэўную эмацыянальную рэакцыю (грандыёзныя І. храмаў Стараж. Егіпта і сярэдневяковай Еўропы, пышныя залы італьян. палацца эпохі Адраджэння, парадныя І. рус. архітэктуры 18—19 ст.). Сродкі гэтага ўздзеяння: характар асяроддзя, асвятленне і колеравае вырашэнне, метрарытміка яго элементаў і іх падпарадкаванне зададзенаму маштабнаму строю. Для розных арх. стыляў характэрна пэўная планіровачная і прасторавая структура, канстр. сістэма, аддзелачныя матэрыялы, мэбля і інш. На Беларусі ў 11—12 ст. характар І храмаў вызначала сістэма масіўных слупоў і цыліндрычных скляпенняў, значную ролю адыгрывалі фрэскі. У 13—16 ст. І. замкаў, некат. культавых пабудоў адлюстроўваў абарончы характар раманскай і гатычнай архітэктуры. Значную дэкар. ролю мелі крыжовыя і зорчатыя скляпенні. З 16 ст.пад уплывам барока І. палацаў вызначаўся анфіладнай планіроўкай, багатым аздабленнем (творы жывапісу, маст. тканіны, шпалеры, разная мэбля, абліцаваныя кафляй каміны і інш.). У культавай архітэктуры павялічылася роля разных іканастасаў і алтароў са скульптурай. У І. класіцызму гарманічная строгасць форм, прапорцый, маштабнасці. Рысамі эклектыкі адзначаны І. 2-й пал. 19 ст., пач. 20 ст. — рысамі стылю мадэрн.
Традыцыйныя І. нар. жылля перыяду феадалізму вызначаўся сціпласцю, стрыманасцю, адсутнасцю аздаблення. У канцы 19 ст. ў І. з’яўляюцца мэбля, часта аздобленая разьбой, дэкар. тканіны, размалёўкі. Сучасны І. вызначаецца арган. спалучэннем традыц. прыёмаў і сродкаў аздаблення з новымі (маст. вырабы прамысл. характару, рэпрадукцыі з карцін і інш.). І. сучаснага гар. жылля ствараецца індустр. метадамі на аснове тыпізацыі элементаў жылога дома і яго абсталявання. З 1960-х г. у І. шырока выкарыстоўваюць металапластыку, кераміку, габелены, вітражы, мазаіку, сграфіта і інш. І. сучасных грамадскіх будынкаў вызначаюцца высокімі эстэт.-выразнымі якасцямі, выкарыстаннем найноўшых матэрыялаў і тэхналогій, спалучэннем сродкаў архітэктуры і выяўл. мастацтваў, сувяззю знац. традыцыямі.
У выяўленчым мастацтве І. — жанр, які адлюстроўвае прастору грамадскіх, культавых, жылых, прамысл. і інш. памяшканняў Звязаны з адпаведным стылем эпохі, характарам жылля, спосабам жыцця гаспадара Часта спалучаецца зінш. жанрамі мастацтва як элемент вобразнага свету (быт. і гіст. жанры).
Элементы І. вядомы ў мастацтве Стараж. Егіпта і Двухрэчча, у ант. мастацтве (арх. кампазіцыі фрэсак у Пампеях з незвычайнай фантаст. перспектывай). У Італіі ў эпоху Адраджэння набыў рысы самаст. жанру (творы Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна і інш.). У І. нідэрл. мастакоў асн. ўвага аддавалася адлюстраванню свету жыцця гаспадара (творы Я. ван Эйка, Р. ван дэр Вэйдэна). Вял. значэнне для развіцця І. мела адкрыццё лінейна-геам. і паветр. перспектывы, распрацаванай Леанарда да Вінчы і А.Бальдавінеці, і адлюстраванне ў жывапісе трохмернай прасторы. У 17 ст. пашырыўся ў франц., англ., італьян. мастацтве, дасягнуў росквіту ў галандскім і флам. жывапісе (Я.Стэн., А. ван Астадэ). У рус. мастацтве 17—18 ст. выкарыстоўваўся ў якасці арх. фону ў абразах і фрэсках (т.зв. «нутровыя палаты») і выконваўся па законах адваротнай перспектывы. У еўрап. мастацтве 18 ст. цікавасць да адлюстравання І. ўзмацнілася ў час панавання сентыменталізму, што было звязана з імкненнем да перадачы ідэальнага асяроддзя і настальгіяй па мінулым. Успрымаўся як правобраз новага перспектывізму, часам уяўляў сабой умоўна пабудаваную перспектыўную схему з канкрэтнымі рэчамі. У канцы 18 — пач. 19 ст.з аналітычнай дакладнасцю І. стваралі прадстаўнікі класіцызму (Ж.Л.Давід, Ж.А.Д.Энгр). Прадстаўнікі рэалізму аддавалі перавагу сац. характарыстыцы (Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле), прадстаўнікі рамантызму — суадносінам І. з характарам чалавека, прадстаўнікі імпрэсіянізму кадравалі прастору памяшканняў, якую адлюстроўвалі. Найб. росквіту дасягнуў у рус. жывапісе 1820—30-х г. (мастакі кола А.Венецыянава). З сярэдзіны 19 ст. ў развіцці жанру адбываецца пэўны спад; І. сталі больш эмацыянальныя, пачуццёвыя (творы П.Сезана, А.Тулуз-Латрэка, В. ван Гога, В.Сярова і інш.), у канцы 19 ст. — больш камерныя, ненаўмысна арганізаваныя («выпадковыя»). З’явіліся разнавіднасці І. (заводскі, інтымны і інш.). Цікавасць да І. як да самаст. жанру пабольшала ў 20 ст. (творы П.Сіньяка, А.Матыса, П.Пікасо, М.Урубеля і інш.). Вельмі пашыранай разнавіднасцю І. сталі кампазіцыі «ў майстэрні мастака».
У бел. мастацтве фрагменты І. трапляюцца ў фрэсках і абразах 16—18 ст., партрэтах і мініяцюрах 16—17 ст. Як самаст. жанр упершыню сустракаецца ў гравюрах канца 16 ст., пабудаваных па законах перспектывы. Найб. пашырэнне атрымаў у 19 ст. У творах І.Хруцкага, С.Жукоўскага, Ф.Гарэцкага, Б.Залескага асн. месца займае камерны, хатні І. з адлюстраваннем жылых пакояў («рэтраспектыўны» І.), які вылучаецца агульным настроем сумнага любавання мінулым, вытанчанасцю маст. стылю. У бел. мастацтве 20 ст. І. вял. пашырэння не меў і часта ператвараўся ў рэчава-прасторавы дадатак да кампазіцыі. Новы рост цікавасці да І. пачаўся з 1970-х г. Ён становіцца ўсё больш разнастайным па жывапіснай арганізацыі і тэматыцы, вызначаецца імкненнем да эмацыянальнасці і перадачы настрою. Пашыраны т.зв. канцэптуальны І., які вылучаецца дэталёва распрацаванай арх. прасторай. У жанры І. працавалі А.Казак, П.Данелія, М.Бут, І.Бархаткоў, Я.Красоўскі, У.Ткачэнка, У.Сулкоўскі і інш.
Літ.:
Пономарева Е.С. Интерьер гражданских зданий. 2 изд. Мн., 1991.
Інтэр’ер сялянскай хаты. Канец 19 — пач. 20 ст. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.Інтэр’ер сучаснага гарадскога жылля.Інтэр’ер касцёла бернардзінак у г. Слонім Гродзенскай вобл.Да арт.Інтэр’ер. В. ван Гог. Начная кавярня ў Арлі. 1888.Да арт.Інтэр’ер. П.Тутукін. Павільённая зала ў Эрмітажы (С.-Пецярбург). 1837.Да арт.Інтэр’ер. С.Жукоўскі. Інтэр’ер. 1916.
М.Л.Цыбульскі (у выяўл. мастацтве), Я.С.Аграновіч-Панамарова, Я.М.Сахута (у архітэктуры).