злучэнні бору з вадародам, маюць ад 2 да 20 атамаў бору. Бясколерныя, з рэзкім непрыемным пахам. Боравадароды з 2 і 4 атамамі бору — газы, з 5—9 — вадкасці, з 10 і больш — крышт. рэчывы.
Раствараюцца ў арган. растваральніках. Хімічна актыўныя: на паветры акісляюцца, могуць самазагарацца, з вадой утвараюць борную кіслату, схільныя ўтвараць комплексныя злучэнні. Атрымліваюць піролізам дыбарану. Перспектыўныя для атрымання звышчыстага бору, тэрмаўстойлівых палімераў, проціпухлінных прэпаратаў, легіравання розных матэрыялаў. Таксічныя, дзейнічаюць на дыхальныя шляхі, ц. н. с., ныркі, печань.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЙТАН (Brighton),
горад на Пд Вялікабрытаніі, на беразе праліва Ла-Манш. Засн. ў 1750. З 1782 тут была рэзідэнцыя прынца Уэльскага, пазней караля Георга IV. 143 тыс.ж. (1989). Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн.), харч., мэблевая, паліграф., швейная, фармацэўтычная. Ун-т. Прыморскі кліматычны курорт. Мяккі, умерана вільготны клімат спрыяльны для лячэння органаў дыхання, руху і апоры, расстройстваў нерв. сістэмы. Шматлікія санаторыі, атэлі, вілы, палацы. Арх. помнікі 18 — пач. 19 ст., у т. л. Каралеўскі павільён (1811).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗОТАБА́КТЭР (Azotobacter),
род аэробных азотфіксавальных бактэрый. Жывуць свабодна ў глебе, водным асяроддзі. Упершыню апісаны галанд. вучоным М.Беерынкам (1901). Форма азотабактэру палачкападобная або сферычная, памер 2×5 мкм; грамадмоўныя, могуць перамяшчацца з дапамогай жгуцікаў; з узростам ператвараюцца ў нерухомыя, укрытыя слізістай капсулай сферычныя клеткі (цысты), больш устойлівыя да неспрыяльных умоў асяроддзя. На працягу росту звязваюць да 20 г малекулярнага азоту на 1 г выкарыстанага вугляводу. Найбольш пашыраны на акультураных глебах Azotobacter chroococcum выкарыстоўваецца для атрымання азотабактэрыну. Прадуцыруюць поліцукрыды, шэраг вітамінаў, антыбіётыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́НТу архітэктуры,
арнаментальна-дэкаратыўны элемент аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў і збудаванняў у выглядзе аканта (расліна, пашыраная ў Міжземнамор’і). Вядомы з антычнасці. Характэрны длязах.-еўрап., у т. л. беларускай, архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму. Арнамент з асобных зубчастых лістоў аканта аздабляў кансолі і дэнтыкулы, з сабраных у пучок у форме чашы — карынфскія і кампазітныя капітэлі; бягучы бесперапынны арнамент з аканта выкарыстоўваўся ў фрызах, спіралепадобны — у круглых разетках і медальёнах.
Матыў аканта ў аздабленні інтэр’ера касцёла ў в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУСТЫ́ЧНЫЯ ВЫПРАМЯНЯ́ЛЬНІКІ,
прылады для ўзбуджэння акустычных хваляў. Найб. пашыраны электраакустычныя пераўтваральнікі, дзе эл. энергія пераўтвараецца ў энергію ваганняў цвёрдага цела (выпрамяняльнага элемента), якое выпрамяняе акустычныя хвалі (напр., п’езаэл. і магнітастрыкцыйныя пераўтваральнікі, электрамагн., электрадынамічныя і электрастатычныя выпрамяняльнікі); выкарыстоўваюцца ў дэфектаскапіі, ультрагукавой тэхналогіі, мед. дыягностыцы, кантрольна-вымяральных прыладах. Газадынамічныя і газаструменныя акустычныя выпрамяняльнікі, заснаваныя на пераўтварэнні энергіі струменя газу або вадкасці ў энергію акустычных ваганняў пры перыядычным перарыванні або ўзаемадзеянні яго з цвёрдымі перашкодамі, выкарыстоўваюцца ва ультрагукавой тэхналогіі і сігналізацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЙНЫ ЖЫ́ВАПІС,
від жывапісу маст. алейнымі фарбамі, у якіх сувязным рэчывам для каляровых парашкоў (пігментаў) з’яўляюцца алей ільняны, арэхавы, сланечнікавы і інш. і розныя лакі. Алейны жывапіс выконваецца пераважна на палатне, дрэве, кардоне, метал. плітах, пакрытых спец. грунтамі (станковы алейны жывапіс) ці па вапнавым тынку (манументальны алейны жывапіс). Вядомы з 10 ст. Пашырыўся на пач. 15 ст. пасля ўдасканалення яго Я. ван Эйкам. На Беларусі вядомы з пач. 16 ст. У тэхніцы алейнага жывапісу працуе пераважная большасць мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАСАПРО́БЫ (ад аліга... + грэч. sapros гнілы + bios жыццё),
арганізмы, якія жывуць у чыстых або слаба забруджаных арган. рэчывамі водах з лішкам растворанага кіслароду. Для алігасапробаў характэрна вял. відавая разнастайнасць пры павольнай змене згуртаванняў. Да іх належаць: зялёныя і дыятомавыя водарасці і кветкавыя расліны (напр., гарлачык белы); некаторыя калаўроткі, лічынкі стракоз і аўсянікаў, дафніі; сцерлядзь, фарэль; трытоны. Сярод алігасапробаў шмат драпежнікаў, але мала сапратрофаў, у т. л. бактэрый і арганізмаў, якія кормяцца бактэрыямі. Выкарыстоўваюцца як біял. індыкатары ступені забруджанасці вадаёмаў шкоднымі рэчывамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕ́РДЗІ ((Alberti) Хуан Баўтыста) (29.8.1810, г. Тукуман, Аргенціна — 18.6.1884),
аргенцінскі паліт. і грамадскі дзеяч, філосаф, пісьменнік. У 1838 удзельнічаў у стварэнні тайнага т-ва «Маладая Аргенціна». У 1839—52 у эміграцыі. Пасля падзення дыктатуры Х.М.Росаса (1852) на дыпламат. службе ў краінах Еўропы і ЗША. Аўтар працы «Асновы і зыходныя палажэнні для палітычнай арганізацыі Аргенцінскай Рэспублікі» (1852), кнігі «Злачынства вайны» (1870), драм. хронікі «Майская рэвалюцыя» (1839), паліт. рамана «Паломніцтва Светача дня, або Падарожжа і прыгоды Праўды ў Новым Свеце» (1878) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЯМЁТ,
зброя, прызначаная для паражэння жывой сілы праціўніка струменем агню запаленай сумесі, падпалу тэхн. сродкаў і матэрыяльных запасаў, стварэння ачагоў пажару. Складаецца з рэзервуара, брандспойта і запальніцы. Адрозніваюць агнямёты ранцавыя (пераносныя), цяжкія пяхотныя (на двухколавым лафеце), механізаваныя (на самаходным шасі), танкавыя (асн. або дадатковае ўзбраенне), фугасныя (стацыянарныя з выкідам агнясумесі парахавым зарадам) і рэактыўныя (пераносныя — ружжо з рэактыўным снарадам з агнясумессю). Адлегласць вогнемятання ранцавых да 70 м, рэактыўных — да 800 м, астатніх — да 200 м. Упершыню агнямёты выкарыстаны герм. войскамі ў 1915.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДБЕ́ЛЬНЫЯ ГЛІ́НЫ,
гліністыя горныя пароды з рэзка выражанымі ўласцівасцямі адсорбцыі. У мінулым шырока выкарыстоўваліся для адбельвання сукна (адсюль назва). Ачышчаюць розныя рэчывы (пераважна вадкасці) ад пігментаў, муці, смолаў, слізі і інш. прымесяў. Складаюцца ў асноўным з мантамарыланіту, сапаніту і інш. мінералаў. Трапляюцца пераважна ў адкладах мелавога, палеагенавага і неагенавага перыядаў, у месцах вулканічнай актыўнасці. Выкарыстоўваюць пры ачыстцы нафты і нафтапрадуктаў, алею, тлушчаў, сокаў, воцату, вінаў і інш. Як адсарбенты прыдатныя актывізаваныя стужкавыя гліны, якімі багатыя Віцебскі, Полацкі, Петрыкаўскі р-ны Беларусі.