КЛАВЕСІ́Н (франц. clavecin ад позналац. clavicymbalum адлац. clavis ключ + cymbalum цымбалы),
чэмбала, струнны шчыпковы клавішны муз. інструмент. Бліскучы, адрывісты, хутка затухаючы гук здабываюць плектрам з птушынага пяра ці скуры, які пры націсканні клавішы чапляецца за струну. Дынаміка і тэмбр змяняюцца пры пераходзе з адной ручной клавіятуры (мануала) на другую і пераключэнні рэгістраў. Разнавіднасці К. (клавічэмбала, унісон, спінет, вёрджынел, клавіцытэрыум і інш.) адрозніваюцца крылападобнай ці прамавугольнай формай корпуса ў залежнасці адгарыз. ці верт. размяшчэння струн, памерамі, колькасцю мануалаў (1—3) і рэгістраў, дыяпазонам (4—5 актаў).
Канструкцыя К. распрацоўвалася з 14 ст. Росквіту клавесіннае мастацтва дасягнула ў 2-й пал. 17—18 ст. ў Італіі і асабліва ў Францыі ў т. зв. галантным стылі (ракако). У канцы 18 ст. яно заняпала ў сувязі з развіццём фп. музыкі. Аднавілася ў 20 ст. з адраджэннем цікавасці да старадаўняй музыкі.
На Беларусі К. вядомы з канца 16 ст.Найб. пашыраны ў 2-й пал. 18 ст., у т. л. ў капэлах Нясвіжа, Гродна, Дзярэчына, Шклова. Сярод выканаўцаў на К. Я.Баэрт, Ф.Яжомбек, Я.Д.Голанд, Я.Л.Дусек, К.Абатэ, Ю.Віткоўскі, Л.Сітанскі, Э.Ванжура, клавесініст-віртуоз Я.М.Шоль (Нясвіж, Слуцк). У 1-й пал. 19 ст. К. вырабляліся ў Мінску на ф-цы муз. інструментаў І.Фотха. К. ўведзены ў склад Дзярж. камернага аркестра Беларусі, ансамбля старадаўняй музыкі «Кантабіле». Тэмбр К. імітуецца на электраарганах і сінтэзатарах.
Літ.:
Зимин П. История фортепиано и его предшественников. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯЗЬ,
кіраўнік манархічнай дзяржавы ці асобнага паліт. ўтварэння (удзельны К.) пераважна ў 9—16 ст. у славян і інш. народаў; пазней дваранскі тытул. Першапачаткова К. — правадыр племя часоў дакласавай ваен. дэмакратыі; паступова ён ператварыўся ў кіраўніка феад. дзяржавы, напачатку выбарнага, потым спадчыннага (напр., Рурыкавічы на Русі, Гедзімінавічы і Ягелоны ў ВКЛ, Пясты ў Польшчы, Пржэмыславічы ў Чэхіі). К., што ўзначальвалі ВКЛ і буйныя дзярж. ўтварэнні на Русі, наз.вялікімі князямі. У Польшчы, Чэхіі, Румыніі і Сербіі кіруючыя К. прынялі каралеўскі тытул. З утварэннем цэнтралізаваных манархій удзельныя К. паступова страчвалі свае суверэнныя правы і станавіліся прыдворнымі велікакняжацкіх двароў Расіі (з 1547 царскага) і ВКЛ, каралеўскага ў Польшчы і інш. Паступова з разрастаннем княжацкіх родаў значэнне тытула К. зменшылася. Стаць К. у ВКЛ і Польшчы можна было толькі праз нараджэнне ў сям’і К. (выключэнне — прадстаўнікі вышэйшага каталіцкага духавенства — біскупы і канонікі, якія карысталіся княжацкім тытулам пажыццёва), таму бел. магнаты Радзівілы (у 16 ст.) і Сапегі (у 18 ст.) набылі сабе ад імператараў «Свяшчэннай Рым. імперыі» ганаровы тытул імперскіх К. У Расіі да 18 ст. тытул К. быў таксама толькі радавым. З 1707 рас. цары пачалі надаваць тытул К. вышэйшым саноўнікам за асаблівыя заслугі перад дзяржавай. Адначасова ў Расіі на ўзор «Свяшчэннай Рым. імперыі» ўведзена больш высокая за звычайны княжацкі тытул ступень княжацкай годнасці — тытул святлейшага К. («яго светласці», у адрозненне ад «іхніх сіяцельстваў» — інш. князёў). Княжацкія тытулы ў Расіі адменены ў адпаведнасці з дэкрэтам ВЦВК «Аб знішчэнні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў» ад 10(23).11.1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІЧЫ́,
гарадскі пасёлак у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на р. Сэрвач. За 39 кмад Мядзела, 139 кмад Мінска, 3 кмадчыг. ст. Крывічы на лініі Маладзечна—Полацк. 1,6 тыс.ж. (1998).
Пад 1493 К. ўпамінаюцца як шляхецкая ўласнасць. У 1552 вёска, мела 8 дымоў. Пазней уласнасць Кішкаў. Каля 1640 пабудавана Свята-Троіцкая царква. З 1684 належала Укольскім, Ходзькам, Любанскім, Швыкоўскім. У 1770 цівун і падкаморы трокскі А.Укольскі дазволіў пасяліцца тут трынітарыям і выдаў грамату кляштару на крывіцкія землі. У 1777 пабудаваны мураваны касцёл. З 1776 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв., з 1793 ў Рас. імперыі. цэнтр воласці Вілейскага пав. У 1860—485 ж., 55 двароў. У 1886 у К. школа, нар. вучылішча, валасная ўправа, царква, касцёл, капліца, багадзельня, 3 крамы, 3 заезныя дамы, карчма; 2 разы на год праводзіліся кірмашы. У 1897—719 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. У 1921 у мястэчку 623 ж., у фальварку 13 ж., управа, касцёл, 4 млыны, бальніца, пошта, аптэка; штотыднёвы кірмаш. З 1939 у БССР, у 1940—62 цэнтр Крывіцкага раёна. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 да 4.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. якія загубілі ў К. і раёне 2189 чал. З 28.6.1958 гар. пасёлак, з 1962 у Мядзельскім р-не.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дапаможная, муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Крывіцкі касцёл і кляштар трынітарыяў (18 ст.), царква (1887).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ВА,
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Краўлянка, каля аўтадарогі Ашмяны—Мінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на Пдад горада і 20 кмадчыг. ст. Смаргонь, 222 кмад Гродна. 812 ж., 357 двароў (1998).
Упершыню згадваецца ў ням. хроніках (13 ст. як сталіца Нальшчанаў. З 1260-х г. (пасля ўцёкаў мясц. князя Даўмонта) у складзе ВКЛ. У 14 ст. цэнтр Крэўскага княства, пабудаваны Крэўскі замак. У К. падпісана Крэўская унія 1385, у 1387 заснаваны адзін з першых у ВКЛ касцёл. Пасля 1391 К. ў Ашмянскім пав. Да 17 ст. неаднаразова было месцам барацьбы ў час усобіц і войнаў. У 17—18 ст. мястэчка. мела магдэбургскае права. У 19—1-й пал. 20 ст. адзін з буйнейшых цэнтраў керамічнай вытв-сці (гл.Крэўская кераміка). У 1897 у К. 1380 ж., 217 двароў. 2 царквы, сінагога, вучылішча, школа, 2 магазіны, 5 кірмашоў штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Смаргонскім р-не. У 1972—1155 ж. У 1998 створаны міжнар. фонд «Крэва» — грамадская недзярж. арг-цыя з мэтай садзейнічання захаванню і адраджэнню Крэўскага замка.
Лясніцтва. Дрэваапр. цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл Праабражэння Гасподняга (1997). Брацкія могілкі салдат рус. арміі, што загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква Аляксандра Неўскага (1854). На зах. ускраіне вёскі захаваліся руіны Крэўскага замка і гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАВІКІ́,
рухомыя скопішчы лёду атмасфернага паходжання на зямной паверхні. Утвараюцца ў тых раёнах, дзе цвёрдых атм. ападкаў намнажаецца больш, чым растае і выпараецца. Займаюць пл. 16,3 млн.км² (10,9% пл. сушы), сумарны аб’ём лёду каля 30 млн.км³ (98,5% прэснага лёду на Зямлі). Магутнасць сучасных Л. ад 20 м да 4600 м. Асн. раёны скопішча Л.: Антарктыда, Грэнландыя, арктычныя астравы, некаторыя горныя раёны па-за межамі Арктыкі і Антарктыкі. У Л. вылучаюць вобласці жыўлення, дзе адбываецца намнажэнне снегу і ператварэнне яго ў фірн і лёд, і абляцыі, якія падзелены мяжой жыўлення. Л. падзяляюцца на покрыўныя, або расцякання, і горныя, або сцёку. Покрыўныя распасціраюцца на шмат млн.км², маюць пукатую форму паверхні, лёд у іх расцякаецца ад цэнтра да перыферыі Працягам наземных ледавіковых покрываў служаць шэльфавыя ледавікі. Горныя Л. займаюць пераважна адмоўныя элементы рэльефу, утвараюць каравыя (гл.Кар), вісячыя, далінныя і інш. тыпы Л. Пераходнымі ад горнага да покрыўнага з’яўляюцца сеткавыя і перадгорныя тыпы зледзяненняў. Рух Л. адбываецца ў выніку дэфармацый, што ўзнікаюць пад дзеяннем сілы цяжару. Звычайна скорасць руху Л. дзесяткі і першыя сотні метраў за год, асобных Л. Грэнландыі — 20—40 м за суткі, пры катастрафічных зрухах — да 100 м за суткі (ледавік Мядзведжы на Паміры, 1953). Найбуйнейшы горны Л. — ледавік Берынга на Алясцы (даўж. 170 км), шэльфавы Л. — ледавік Роса ў Антарктыдзе (пл. 538 тыс.км²). У выніку дзейнасці Л. фарміруюцца ледавіковыя адклады. Разам з расталымі водамі Л. ўдзельнічаюць ва ўтварэнні розных форм ледавіковага рэльефу. Вывучае Л. Гляцыялогія. Гл. таксама Зледзяненні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕ́ВІЧ (Казімір Севярынавіч) (23.2.1878, каля Кіева — 15.5.1935),
бел. і расійскі мастак; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва, заснавальнік супрэматызму. Вучыўся ў Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1904—05) і ў студыі Ф.Рэрберга (1905—10) у Маскве. У 1919—22 выкладаў у Нар.маст. школе «новага рэвалюцыйнага ўзору» ў Віцебску, стваральнік (разам з Л.Лісіцкім) арг-цыі «Сцвярджальнікі новага мастацтва». У 1923—27 дырэктар Ленінградскага ін-та маст. культуры. Раннія творы блізкія да імпрэсіянізму («Жанчына з кветкай», 1903; «Квітнеюць яблыні», 1904), пазней імкнуўся сумясціць прынцыпы кубізму і футурызму («На сенажаці», 1909 «Станцыя без прыпынку», 1911; «Салдат першай дывізіі», 1914). З 1915 ствараў супрэматычныя кампазіцыі, у якіх цалкам адышоў ад адлюстравання натуральных рэчаў і з’яў, адмовіўся ад канкрэтнай сюжэтнай змястоўнасці твораў, трактаваў прадметную форму як камбінацыі кантрастных паводле колеру геам. элементаў: «Чорны квадрат», «Палёт аэраплана» «Супрэматызм (з сінім трохвугольнікам і чорным прамавугольнікам» (усе 1915), «Чырвоны квадрат» (1917), «Белы квадрат на белым фоне» (1919) і інш. У 1920 кіраваў маст. афармленнем свята 3-й гадавіны Кастр. рэвалюцыі ў Віцебску. У 1921 рабіў «супрэматычную кераміку» для Дзярж. завода ў Петраградзе. У апошнія гады жыцця маляваў партрэты («Дзяўчына з грэбенем», 1935, і інш) і пейзажы. Аўтар кніг «Ад кубізму і футурызму да супрэматызму» (3-е выд.М., 1916), «Супрэматызм» (Віцебск, 1920), «Бог не скінут: Мастацтва, царква, фабрыка» (Віцебск, 1922).
Літ.:
Малевич: Художник и теоретик: Альбом. М., 1990;
Сарабьянов Д.В., Шатских АС. Казимир Малевич: Живопись. Теория. М., 1993;
Малевич: Классич. авангард. Витебск, 1997;
Конан У. Вобраз Казіміра Малевіча: факты і міфы // Мастацтва. 1998. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКСІКА́НСКАЕ НАГО́Р’Е.
На ПдПаўн. Амерыкі, большая ч. ў Мексіцы і на Пд ЗША. Пл. каля 1200 тыс.км². Унутр. яго ч. ўтварае плато Паўн. Меса (выш. 900—1200 м) і Цэнтр. Меса (выш. 2000—2400 м). На У, З і Пд іх абкружаюць горныя хрыбты Усх. Сьера-Мадрэ (4054 м), Зах. Сьера-Мадрэ (3150 м) і Папярочная Вулканічная Сьера (дзеючыя вулканы Арысаба — 5700 м, Папакатэпетль — 5452 м і інш.). Складзена з вапнякоў, пясчанікаў, мергеляў, вельмі пашыраны лававыя покрывы і алювіяльна-дэлювіяльныя адклады. Радовішчы руд каляровых і высакародных металаў. Клімат трапічны, змяняецца ад кантынентальнага сухога на Пн да мяккага, вільготнага на Пд. Сярэднія месячныя т-ры студз.ад 9 да 14 °C (у высокіх гарах і на Пн бываюць маразы да -20 °C), ліп.ад 15 °C да 20 °C. Гадавыя ападкі 200—400 мм на Пн, 2000—3000 мм на Пд. Сухія паўн. часткі не маюць сцёку ў акіян, вадатокі носяць часовы характар, за выключэннем р. Кончас. На Пд рэкі паўнаводныя, шмат азёр. Расліннасць б.ч. пустынная з мноствам сукулентаў. На Пн пануюць кактусы (каля 500 відаў), агавы (140 відаў), юкі, калючыя хмызнякі, на Пд — саванны, на наветраных схілах гор — вільготныя трапічныя лясы, якія змяняюцца з выш. 1000—2000 м хваёва-піхтавымі лясамі, а вышэй 4000 м — субальпійскімі і альпійскімі лугамі. Для жывёльнага свету характэрны алені, антылопа віларог, розныя грызуны, з драпежных — чырвоная рысь, пума, ваўкі, лісы, выдры, яноты, з птушак — разнастайныя прадстаўнікі вераб’іных; шмат паўзуноў. На Пд трапляюцца ягуар, ацэлот, пекары, браняносец, мурашкаед і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖМАЛЕКУЛЯ́РНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
узаемадзеянне паміж малекуламі з насычанымі хім. сувязямі. Існаванне М.ў. ўпершыню ўлічыў Я.Д.Ван дэр Ваальс пры тлумачэнні ўласцівасцей рэальных газаў і вадкасцей (гл.Ван-дэр-Ваальса ўраўненне). Асобны выпадак М.ў. — вадародная сувязь.
Характар М.ў. залежыць ад адлегласці паміж малекуламі (r). Пры вялікіх r (r≫l, дзе l — лінейныя памеры малекул, што ўзаемадзейнічаюць) электронныя абалонкі малекул не перакрываюцца, паміж малекуламі пераважаюць сілы прыцягнення (далёкадзейныя сілы), якія маюць эл. прыроду. Далёкадзейныя сілы падзяляюць на арыентацыйныя (сілы ўзаемадзеяння паміж палярнымі малекуламі), індукцыйныя (паміж палярнымі і непалярнымі малекуламі), дысперсійныя (паміж любымі малекуламі). Пры малых r (r∼l), калі электронныя абалонкі малекул перакрываюцца, пераважаюць сілы адштурхоўвання, якія з’яўляюцца кароткадзейнымі сіламі. Энергія адштурхоўвання залежыць адr так, як у выпадку абменнага ўзаемадзеяння, што прыводзіць да ўтварэння хім. сувязі. М.ў. звычайна апісваецца патэнцыяльнай энергіяй узаемадзеяння U(r) (патэнцыялам М.ў.), а сіла ўзаемадзеяння ƒ — функцыяй ƒ = −dU(r)/dr. Тэарэт. вызначэнне залежнасці U(r) ці эксперым. вымярэнне ƒ практычна немагчымыя з-за вельмі вял. колькасці малекул, што ўзаемадзейнічаюць, і малых значэнняў r. Звычайна залежнасць U(r) падбіраюць эмпірычна так, каб праведзеныя з яе дапамогай разлікі розных характарыстык рэчыва адпавядалі эксперым. даным. М.ў. вывучаюць рознымі фіз. метадамі, асн. з іх: метад малекулярных пучкоў і дыфракцыйныя метады. Пры даследаванні М.ў. усё часцей выкарыстоўваюць разліковыя метады квантавай хіміі.
Літ.:
Межмолекулярные взаимодействия: От двухатомных молекул до биополимеров: Пер. с англ.М., 1981.
Крывая залежнасці патэнцыяльнай энергіі U(r) міжмалекулярнага ўзаемадзеянняад адлегласці r паміж малекуламі; r = σ — найменшая магчымая адлегласць паміж нерухомымі малекуламі; ε — глыбіня патэнцыяльнай ямы (вызначае энергію сувязі малекул).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬ,
вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Ясельда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на Пнадг. Іванава, 161 кмад Брэста, 23 кмадчыг. ст. Янаў-Палескі. 4413 ж., 1247 двароў (1999). Спажывецкае т-ва, камбінат каап. прам-сці, кааператыў «Моталь». 2 сярэднія школы, навуч.-вытв. камбінат, дзіцячая школа мастацтваў, Дом культуры, Мотальскі музей народнай творчасці, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Малітоўны дом хрысціян веры евангельскай. Традыцыйны цэнтр вырабу мотальскіх ручнікоў і мотальскіх кажухоў. Брацкая Магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Праабражэнская царква (1888). Каля вёскі група археал. помнікаў Моталь.
Упершыню ўпамінаецца пад 1422 у актах Літоўскай метрыкі як прыватнае ўладанне. Пазней уваходзіла ў Пінскае княства. У 1520 сяло пінскага кн. Фёдара Іванавіча Яраславіча, пасля смерці якога перайшло да караля польскага і вял.кн.ВКЛ Жыгімонта I Старога. У сярэдзіне 16 ст. мястэчка. Паводле рэвізіі 1555 М. аднесены да гарадоў з самакіраваннем, г.зн. меў магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі. У 1886—2294 ж., 239 двароў, 2 царквы, капліца, яўр. малітоўны дом, школа, 13 крам, 7 корчмаў, праводзіўся кірмаш. З 1921 у складзе Польшчы, у Драгічынскім пав. Палескага ваяв. Дзейнічалі мясц. арг-цыі БСРГ, КПЗБ, КСМЗБ. З 1939 у БССР, з 12.19.1940 гар. пасёлак у Іванаўскім раёне. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў М. каля 2 тыс.ж., спалілі каля 400 двароў. У М. дзейнічала Мотальскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З 1954 вёска, цэнтр сельсавета. У 1962—65 у Драгічынскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗІРА́ННЕ,
мэтанакіраваная дзейнасць чалавека, якая дазваляе яму атрымліваць інфармацыю аб навакольным свеце; у шырокім сэнсе — спосаб пазнання свету. З ускладненнем сац. рэчаіснасці і прац. аперацый Н. вылучаецца ў адносна самаст. аспект дзейнасці (навук. Н., успрыманне інфармацыі на прыборах, Н. як частка працэсу маст. творчасці і інш.). Навук. Н. накіравана на дасягненне пэўнай навук. мэты і характарызуецца сістэматычнасцю, планамернасцю, магчымасцю ажыццяўлення кантролю шляхам паўторнага Н. або выкарыстання інш. метадаў Н., напр., эксперыменту. У некаторых сац. навуках (эканам. статыстыка, дэмаграфія) пад Н. разумеюць любую палявую працэдуру (апытанне, збор звестак, візуальнае Н.), проціпастаўляючы яго ўскоснаму атрыманню звестак з літ. крыніц. Н. ў сацыялогіі — метад збору сац. інфармацыі праз прамую, непасрэдную фіксацыю падзей і з’яў. Паводле ступені фармалізацыі працэдуры адрозніваюць Н.: стандартызаванае, або кантрольнае (назіральнік працуе па папярэдне вызначанай Праграме), і нестандартызаванае (этапы і фазы даследавання папярэдне не вызначаюцца). У залежнасці ад становішча назіральніка вылучаюць Н. ўключанае (прадугледжвае інтэграцыю назіральніка ў падзеі і працэсы, што даследуюцца, і іх аналіз «знутры») і неўключанае (без мэтанакіраванага ўмяшання даследчыка ў з’явы, што вывучаюцца). Паводле ўмоў арганізацыі адрозніваюць Н. палявыя (праводзяцца ў натуральных умовах) і лабараторныя; паводле рэгулярнасці правядзення — сістэматычныя, эпізадычныя і выпадковыя (праграма не распрацоўваецца і стадыі Н. папярэдне не вызначаюцца). Н. ў псіхалогіі — адзін з асн. эмпірычных метадаў даследавання, які заключаецца ў наўмысным, сістэматычным і мэтанакіраваным успрыманні псіхічных з’яў з мэтай вывучэння іх спецыфічных змен у пэўных умовах; як адзін з псіхал. метадаў выкарыстоўваецца саманазіранне. Вынікі Н. ў значнай ступені залежаць ад асобы даследчыка, яго ўстановак і адносін да працэсаў і з’яў, што назіраюцца, ад яго стэрэатыпаў і каштоўнасных арыентацый.