ПАЛЕАЛІ́Т (ад палеа... + грэч. lithos камень), старажытнакаменны век,

самая ранняя і найб. працяглая эпоха каменнага веку. Пачаўся каля 2,2 млн. г. назад са з’яўлення стараж. людзей (архантрапаў) і прылад, доўжыўся на працягу большай часткі ледавіковага перыяду (плейстацэну) і да канчатковага адступання ледавікоў (каля 8,3 тыс. г. назад). Падзяляецца на ніжні (ранні, стараж., датуецца 2,2 млн. г. назад), сярэдні (мусцье, у Еўропе ахоплівае адрэзак ад 125/100 да 40 тыс. г. назад), верхні (позні, датуецца 40/35—10 тыс. г. назад). Апошнім часам прызнана існаванне асобай, завяршальнай стадыі позняга перыяду — фінальнага П. (14—11 тыс. г. назад ці 12—8,3 тыс. г. назад). У раннім П. пераважалі ядрышчавыя галечныя прылады на адшчэпах. У познім П. пашыраюцца неаантрапы, пласцініста-разцовая індустрыя і пячорнае мастацтва ў Еўропе. Неаантрапы (краманьёнцы) намнога пашырылі айкумену пражывання, значна ўдасканалілі тэхніку апрацоўкі каменю і косці, распаўсюдзілася прызматычная тэхніка расколвання каменю, яго свідраванне, пілаванне і шліхтаванне. Набор прылад працы складаў каля 100 тыпаў. Чалавек асвойваў практыку домабудаўніцтва — вядома вял. колькасць самых разнастайных відаў жылля. Асновай гаспадаркі было паляванне. Дзякуючы яму чалавек здабываў не толькі ежу, але і матэрыялы для адзення, будаўніцтва і паліва. Развіваліся спосабы палявання з дапамогаю загонаў, аблаў, лоўчых ям. У паляўнічае ўзбраенне ўваходзілі дзіды, дроцікі, боласы, лук і стрэлы. Запасы ежы істотна дапаўняліся ад збіральніцтва, а ў некат. выпадках — рыбалоўства. Складаны светапогляд тагачаснага чалавека адлюстраваны ў творах першабытнага мастацтва і пахавальным абрадзе. На Беларусі доўгачасовыя верхнепалеалітычныя паселішчы (26—24 тыс. г. назад) выяўлены ў Юравічах і Бердыжы. Асобныя крамянёвыя прылады працы мусцьерскага тыпу знойдзены каля Абідавіч і в. Чамярня Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.

Літ.:

История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. М., 1988;

Семенов Ю.И. На заре человеческой истории. М., 1989.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ХАВІЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення цэнтр. Беларусі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. на тэр. паміж гарадамі Слуцк Мінскай і Асіповічы Магілёўскай абл. (абапал р. Пціч). Яму ўласцівы строгасць форм, тонкае ўмеркаванае аздабленне, разнастайнасць форм у жаночым і мужчынскім адзенні.

Жаночы летні гарнітур складаўся з 2 варыянтаў: кашуля, спадніца, фартух; кашуля, спадніца, фартух, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з адносна вузкім рукавом, адкладным ці стаячым каўняром. Аздаблялі ўзорыстымі рознай шырыні папярочнымі палосамі натыкання ці вышыўкі з акцэнтам на прыплечавой частцы. Чырвоны ці чырвона-чорны графічна выразны арнамент палос утвараўся з ромбаў, квадратаў, трохвугольнікаў, гладкіх і зубчатых ліній. Арнамент 2-полкавага (радзей 1-полкавага) фартуха, стылістычна і каларыстычна блізкі да аздаблення кашулі, размяшчаўся палосамі, паводле прынцыпу згушчэння, да нізу; па краях нашывалі мохрыкі ці карункі. Спадніцу (андарак) шылі з 4 (кроеных па аснове) або 2 (кроеных па ўтку) полак, натыканых у сакавітыя (малінавыя, васільковыя, бурачковыя, фіялетавыя і стрыманыя чорныя, белыя) гарызантальныя палосы і клеткі. Гарсэт меў 2 варыянты крою: у выглядзе кароткага ліфа з глыбокімі выразамі ў пройме і на грудзях і ў выглядзе доўгай безрукаўкі з баскай-чатырохклінкай. Шылі гарсэт з шарсцянкі ці аксаміту васільковага, чорнага колераў, аздаблялі нашыўкамі залацістага галуна, парчовай тасьмы, каляровай аблямоўкай. Касцюм завяршала намітка ці скіндачка. Мужчынскі гарнітур складалі кашуля, нагавіцы, пояс і камізэлька. Кашулю (тунікападобную ці з прамымі плечавымі ўстаўкамі) аздаблялі чырвоным геам. арнаментам на плечавых устаўках, каўняры, каўнерцах, падоле; адкладны каўнер завязвалі тасёмкай або зашпільвалі меднай спражкай. Кашулю навыпуск падпяразвалі тканым ці скураным поясам, на якім часта насілі кайстру, ножык, шабету. Камізэльку з прываленага сукна ці карычнева-белай клятчастай даматканкі апраналі паверх кашулі. Традыц. галаўным уборам былі суконныя магеркі, аздобленыя блакітнымі, чырвонымі, зялёнымі матузкамі, саламяныя капелюшы, аўчынныя футраванкі.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.

М.​Ф.​Раманюк.

Пухавіцкі строй.

т. 13, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л Антоні Генрык (13.6.1775, Вільня — 7.4.1833),

палітычны дзеяч, мецэнат, кампазітар-аматар, спявак (тэнар). Сын Міхала Гераніма Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (да 1794). У 1796 ажаніўся з Фрэдэрыкай Луізай, прынцэсай Брандэнбургскай, пляменніцай прускага караля, і застаўся ў Прусіі. Пасля паўстання 1794 падтрымліваў планы адраджэння польскай дзяржавы на чале з каралём Прусіі Гогенцолернам, дзе сам разлічваў стаць віцэ-каралём, а Т.​Касцюшка — галоўнакамандуючым. Выступаў за кааліцыю Прусіі, Расіі і Аўстрыі супраць Напалеона, стварэнне асобнай арміі з ураджэнцаў б. Рэчы Паспалітай. Ардынат нясвіжскі і алыцкі (1814). У 1815—33 намеснік прускага караля ў Вял. кн. Пазнанскім, ген.-паручнік. Трымаў у Берліне і Познані артыстычныя салоны. Быў выдатным віяланчэлістам і гітарыстам, іграў на інш. муз. інструментах, пісаў музыку, спяваў у аматарскіх спектаклях («Вялікі дзень у замку, альбо Сцэны трубадураў з 1148 года»; паст. у час Венскага кангрэса 1815). Пісаў рамансы (у т. л. з «Вільгельма Майстэра» І.​В.​Гётэ), вак. дуэты і трыа, фп. творы (вальсы, паланэзы), хары (у сучасным рэпертуары хар. калектываў Берлінскай акадэміі музыкі). Набыў вядомасць як кампазітар оперы «Фауст» (лібрэта Гётэ). Падтрымліваў кантакты з вядомымі кампазітарамі. Свае творы яму прысвяцілі Л.​Бетховен («Імянінная» уверцюра), Ф.​Мендэльсон (фп. квартэт), Ф.​Шапэн (фп. трыо g-moll), М.​Шыманоўская (серэнада для фп. і віяланчэлі). На Беларусі фрагменты оперы «Фауст» упершыню паказаны ў 1995 у Нясвіжы «Беларускай капэлай», у 1999 цалкам Нац. акад. т-рам оперы, запісана на радыё.

Літ.:

Скорабагатаў В. Беларускі «Фауст» // Спадчына. 1995. № 1;

Яго ж. Лёс падарыў Гётэ музыку Радзівіла // Мастацтва. 1995. № 4;

Собалева Н. Агмень родавы, агмень культурны: (Жыцьцё, дзейнасць і атачэньне Антонія Генрыка Радзівіла) // Там жа. № 8;

Яе ж. «Геніяльная парывістая кампазіцыя...» // Там жа. № 9;

Jachimecki Z., Pozniak W. Antoni Radziwilł i jego muzyka do Fausta. Kraków, 1957.

В.​І.​Скорабагатаў.

т. 13, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЛЁЎ Андрэй (каля 1360—70—1427 або 1430),

старажытна-рускі жывапісец, заснавальнік самабытнай школы іканапісу. У сталым узросце прыняў манаства ў Троіца-Сергіевым (г. Сергіеў Пасад) або ў Андронікавым (Масква) манастырах. Яго творчасць развівалася на глебе маст. культуры Маскоўскай Русі з уплывам візант. маст. традыцый. Застаючыся ў межах сярэдневяковага ўспрымання і выяўлення рэчаіснасці, сцвярджаў узвышанае разуменне духоўнай прыгажосці і маральнай сілы чалавека. Гэтыя ідэалы ўвасоблены ў абразах Звянігарадскага чына («Спас», «Архангел Міхаіл», «Апостал Павел», усе 14—15 ст., па інш. звестках 1410-я г.), дзе строгія плаўныя контуры, шырокая манера і святланосны каларыт блізкія да прыёмаў манум. жывапісу. У канцы 14 — пач. 15 ст. (або 1411 ці 1427) стварыў абраз «Тройца» — шэдэўр стараж.-рус. іканапісу. Дасканаласць маст. формы гэтага абраза выражае вышэйшы для свайго часу маральны ідэал гармоніі духу з жыццём і светам. У 1405 з Феафанам Грэкам і Прохарам з Гарадца размаляваў Благавешчанскі сабор Маскоўскага Крамля (фрэскі не захаваліся); у 1408 з Даніілам Чорным — Успенскі сабор ва Уладзіміры і стварыў абразы для яго шмат’яруснага іканастаса. З фрэсак гэтага сабора найб. значныя сцэны «Страшнага суда», трактаванага як свята перамогі справядлівасці, сцвярджэнне духоўнай сутнасці чалавека. У 1425—27 з Даніілам Чорным і інш. майстрамі размаляваў Троіцкі сабор Троіца-Сергіева манастыра і напісаў некалькі абразоў для яго іканастаса, якім уласцівы нарастанне драматызму («Апостал Павел»), некат. змрочнасць каларыту, узмацненне дэкаратыўнасці. Апошняй яго работай лічыцца размалёўка Спаскага сабора Андронікава манастыра (каля 1427). Яму прыпісваюць шэраг інш. работ: фрэскі Успенскага сабора на Гарадку ў Звянігарадзе (канец 14 — пач. 15 ст.), абразы «Спас у сілах» (1408), «Уладзімірская Божая Маці» (каля 1409), частка абразоў святочнага чыну Благавешчанскага сабора Маскоўскага Крамля (1399 або 1408), некат. мініяцюры «Евангелля Хітрова».

Літ.:

Алпатов М.В. Андрей Рублев. М., 1959;

Андрей Рублев и его школа. М., 1978;

Сергеев В.И. Рублев. М., 1981;

Троица Андрея Рублева: Антология. М., 1981.

С.​У.​Пешын.

А.Рублёў. Тройца.

т. 13, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЯ́НЦАЎ Мікалай Пятровіч (14.4.1754, С.-Пецярбург — 15.1.1826),

расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, мецэнат. Граф. Канцлер (1809) з захаваннем пажыццёва гэтага звання. Сын П.​А.​Румянцава-Задунайскага. У 1781—95 на дыпламат. службе ў Германіі. З 1801 чл. Неадменнага Савета пры імператару Аляксандру I. Дырэктар водных камунікацый (1801—09), міністр камерцыі (1802—10), замежных спраў (1807—14), адначасова ў 1810—12 старшыня Дзярж. Савета. Да вайны 1812 праводзіў курс на збліжэнне з Францыяй. З 1814 у адстаўцы. Ганаровы чл. многіх акадэмій. Стварыў Румянцаўскі гурток; у 1811 па яго ініцыятыве засн. Камісія друкавання дзярж. грамат і дагавораў, якая выдала «Збор дзяржаўных грамат і дагавораў» (т. 1—4, 1813—28), дзе шмат дакументаў па гісторыі Беларусі. Удзельнік археаграфічных экспедыцый К.​Ф.​Калайдовіча і П.​М.​Строева (у т. л. па Беларусі), выявіў у замежных архівах дакументы па рас. гісторыі. На ўласныя сродкі выдаў больш за 40 кніг, пераважна па гісторыі Расіі і інш. слав. народаў, у т. л. «Беларускі архіў старажытных грамат». Удзельнічаў у арг-цыі першага рас. кругасветнага плавання І.​Ф.​Крузенштэрна і Ю.​Ф.​Лісянскага (1803—06), на ўласныя сродкі арганізаваў марскую экспедыцыю О.​Я.​Кацэбу (1815—18). Ганаровы чл. многіх навук. т-ваў, у т. л. Вольнага з 1802, і акадэмій, у т. л. Рас. АН з 1819. Яму належаў г. Гомель, дзе ў сваім палацы ён сабраў шмат кніг, рукапісаў, твораў мастацтва, нумізматычныя калекцыі, археал. і этнагр. матэрыялы; дбаў пра забудову і добраўпарадкаванне горада. У 1831 у Пецярбургу на аснове яго збораў адкрыты Румянцаўскі музей (у 1861 пераведзены ў Маскву). У 1862 у складзе музея засн. б-ка (з 1925 Б-ка СССР імя Леніна, з 1992 Расійская дзяржаўная бібліятэка).

Літ.:

Козлов В.П. Колумбы российских древностей. 2 изд. М., 1985.

А.​М.​Лукашэвіч.

М.П.Румянцаў.

т. 13, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫФЕ́Й (ад лац. Riphaei montes Рыфейскія горы — антычная назва Уральскіх гор),

рыфейскі комплекс, рыфейская эонатэма (эон), надрэгіянальнае падраздзяленне Агульнай стратыграфічнай шкалы дакембрыю краін СНД і адпаведны яму інтэрвал геал. часу ад 1650 ± 50 млн. г. да 650 ± 20 млн. г. таму назад. Вылучаны М.С.Шацкім у 1945. Падзяляюць Р. на ніжні (бурзяній), сярэдні (юрмаціній) і верхні (каратавій). Да пачатку рыфейскага эону ў выніку завяршальных тэктанічных рухаў і магматычных працэсаў карэльскай эпохі складкавасці ў канцы ранняга пратэразою закончыўся геасінклінальны этап развіцця тэр. Беларусі. У раннім Р. (1650—1350 млн. г.) яна, як і ўся Усх.-Еўрап. платформа, уяўляла сабой узнятую сушу, дзе пераважалі працэсы выветрывання і дэнудацыі. Толькі на адносна апушчаных участках намнажаліся вулканагенна-асадкавыя (бабруйская серыя) і асадкавыя (шаровіцкая серыя) тоўшчы. У сярэднім Р. (1350—1000 млн. г. назад) пачаў развівацца Валына-Аршанскі прагін паўн.-ўсх. распасцірання. Тут утварыўся мелкаводны марскі басейн, дзе намнажаліся пераважна чырванаколерныя пясчаныя і пясчана-алеўрытавыя адклады (пінская і аршанская світы беларускай серыі). На завяршальным этапе Р. на тэр. Беларусі часова існавалі невял. ізаляваныя або паўзамкнёныя басейны (лагуны) з пераменнай салёнасцю вады, дзе намнажаліся абломкавыя і абломкава-карбанатныя адклады лапіцкай світы. У цэлым адклады Р. займаюць больш як палову тэр. Беларусі і цягнуцца ў паўн.-ўсх. напрамку амаль суцэльнай паласой шыр. 200—300 км. Магутнасць іх павялічваецца з ПдЗ на ПнУ ад 480 м да 850 м, месцамі больш за 1400 м. Залягаюць на крышт. фундаменце, перакрываюцца вендскімі або больш маладымі (да антрапагенавых уключна) адкладамі. Паверхня іх на глыб. ад дзесяткаў метраў (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ) да 500—800 м (Аршанская ўпадзіна). З адкладамі Р. звязаны значныя запасы расолаў і мінер. вод, якія выкарыстоўваюцца ў бальнеалагічных мэтах (санаторыі ў Ждановічах, Рагачове, Лётцах); на Палескай седлавіне вял. запасы прэсных вод, прыдатных для гасп. водазабеспячэння.

М.​В.​Вераценнікаў.

т. 13, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКАЕ КНЯ́СТВА,

1) удзельнае княства Тураўскай зямлі ў 12—14 ст. Цэнтр — г. Слуцк. Вылучылася ў 1160, калі слуцкім князем стаў Уладзімір Мсціславіч, унук Уладзіміра Манамаха. Канчаткова аформілася ў 1190-я г. Тут княжылі нашчадкі тураўскага кн. Юрыя Яраславіча. Гэта дынастыя панавала да канца 14 ст. Апошні князь з яе, Юрый, згаданы ў грамаце 1387. У 1320—30-я г. С.к. разам з інш. княствамі Тураўскай зямлі ўвайшло ў склад ВКЛ.

2) Буйное феад. княства ў ВКЛ. Узнікла ў 1395, калі вял. кн. Вітаўт адабраў у кн. Уладзіміра Альгердавіча Кіеўскае княства і даў яму як кампенсацыю Слуцк і Капыль з навакольнымі землямі ў якасці ўдзельнага княства. Да сярэдзіны 15 ст. цэнтрам княства быў Капыль (гл. Капыльскае княства), пасля Слуцк. Нашчадкі Уладзіміра Альгердавіча, князі Алелькавічы (Слуцкія) валодалі С.к. да 1612. Пасля смерці ў 1612 княгіні Соф’і С.к. перайшло да яе мужа Я.​Радзівіла і заставалася ў родзе Радзівілаў, з перапынкам у 1695—1744, калі знаходзілася ў жаночых нашчадкаў Радзівілаў слуцка-біржанскай лініі, княгінь Нойбургскіх.

С.к. займала тэрыторыю паміж р. Нёман на Пн, р. Лань на З, р. Пціч на У і р. Прыпяць на Пд; уключала гарады і мястэчкі Слуцк, Капыль, Цімкавічы, Грэск, Таль, Пагост, Любань, у 16 ст. — і Петрыкаў. Да 16 ст. яно знаходзілася ў васальнай залежнасці ад велікакняжацкай улады. Кіраваў С.к. князь з дапамогай баярскай рады. У слуцкага князя былі свае васалы — князі, баяры і слугі путныя, якія атрымлівалі за службу (вайсковую і адміністрацыйную) маёнткі. У валасцях кіравалі намеснікі князя. У 16 ст. С.к. паступова ператварылася ў вял. феад. вотчыну, але захавала рысы ўдзельнага княства. Да канца 18 ст. заставалася унікальнай адм.-тэр. адзінкай ВКЛ. З 1507 уваходзіла ў Новагародскі пав. і адначасова захоўвала ў адм., суд. і вайск. структурах свае асобныя ўстановы, якія падпарадкоўваліся слуцкаму князю. У 1791 С.к. скасавана, замест яго створаны Случарэцкі павет.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКІЯ ПАЯСЫ́,

вырабы ручнога шаўкаткацтва на Беларусі ў сярэдзіне 18—сярэдзіне 19 ст. Назва ад г. Слуцк Мінскай вобл., дзе яны вырабляліся на Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў. Напачатку С.п., як і нясвіжскія, капіравалі ўзоры, што прывозілі з Б.​Усходу, потым сталі ўключаць у арнамент нац. матывы, кветкі мясц. флоры — васількі, незабудкі і інш. З 1750-х г. у Нясвіжскай, пасля ў Слуцкай мануфактуры працаваў вядомы майстар Я.​Маджарскі (гл. ў арт. Маджарскія), які распрацаваў новы тып пояса — слуцкі, назва якога стала сінонімам усіх доўгіх шаўковых паясоў. Сувязь з усх. ўзорамі паступова страчвалася. С.п. мелі гарманічныя суадносіны частак, выпрацавалася выразная ўстойлівая структура арнаменту. Бел. майстры перанялі і творча перапрацавалі ўсх. рамяство, надалі яму мясц. характар. Ткалі С.п. даўжынёй 2—4,5 м з шаўковых, залатых, сярэбраных нітак (т.зв. літыя паясы, правы бок іх быў цалкам затканы залатой ніткай, якая закрывала шаўковую аснову). Рабілі паясы аднабаковыя (з адваротным бокам), 2-баковыя (абодва бакі правыя ці адзін двухбаковы і адзін адваротны) і 4-баковыя (па ўсёй даўжыні былі падзелены на палавіны з утком рознага колеру). Пояс складаўся з сярэдніка, аблямоўкі і 2 канцоў. Сярэднік арнаментаваўся папярочнымі гладкімі ці ўзорыстымі палосамі, радзей узор быў сеткавы, у гарошак і інш. Па краях пояса ішла арнаментальная аблямоўка (шлячок). Канцы мелі складаную арнаментоўку, найчасцей з 2 матывамі. Найб. тыповыя матывы: авал, абкружаны лісцем са сцяблінкамі і кветкамі; кветкі на доўгі сцябле з галінкамі, якія выходзяць з зямлі ці з ваз; букеты кветак з хвалепадобным абрамленнем. На рагу пояса з абодвух бакоў ткалася метка на стараслав. ці лац. мовах («Слуцк», «У горадзе Слуцку», «Зроблена ў Слуцку»). Канцы пояса часта абшывалі махрамі. Шаўковыя паясы на ўзор слуцкіх выраблялі таксама ў Гродне, Нясвіжы, Ружанах, Кракаве, Ліпкове і Кабылках пад Варшавай, а таксама ў Францыі.

Літ.:

Якуніна Л.І. Слуцкія паясы. Мн., 1960.

Дз.​С.​Трызна.

Слуцкія паясы.

т. 15, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРО́ГАНАВЫ,

расійскія купцы і прамыслоўцы, буйныя землеўладальнікі, дзярж. дзеячы і мецэнаты 16 — пач. 20 ст. З паморскіх сялян. У 1515 Анікей Фёдаравіч С. (1497—1570) засн. на р. Вычэгда саляны промысел. У 1558 цар Іван IV падараваў яму і яго нашчадкам землі па рэках Кама і Чусавая. Пазней С. захапілі і асвоілі новыя тэр. на Урале і ў Сібіры, дзе будавалі гарады і крэпасці, развівалі земляробства, солеварэнне і інш. промыслы. Унукі Анікея Максім Якаўлевіч (?—1620-я г.) і Мікіта Рыгоравіч (?—1620) спрыялі паходу ў Сібір у 1581—82 Ермака (гл. Ярмак), у 1610 атрымалі званне «імянітых людзей». У 1680-я г. ўсе ўладанні С. аб’яднаў Рыгор Дзмітрыевіч С. (1656—1715), які значна дапамог дзяржаве ў час Паўночнай вайны 1700—21, за што яго сыны Аляксандр, Мікалай і Сяргей атрымалі ад Пятра I тытул баронаў (1722) і ўвайшлі ў склад рас. арыстакратыі. Сярод іх нашчадкаў найб. вядомыя: Аляксандр Сяргеевіч С. (1733—1811), граф «Свяшчэннай Рым. імперыі» (1761), рас. граф (1798), прэзідэнт Акадэміі мастацтваў, чл. Дзярж. савета; яго сын граф Павел Аляксандравіч С. (1772—1817), таварыш (нам.) міністра ўнутр. спраў (1802—07); Сяргей Рыгоравіч С. (1794—1882), граф (1817), папячыцель (кіраўнік) Маскоўскай навуч. акругі (1835—47), маскоўскі ген.-губернатар (1859—60), старшыня Маскоўскага таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх (1837—74), заснавальнік Строганаўскага маст. вучылішча (1825, цяпер Маскоўскі маст.-прамысл. ін-т); Рыгор Аляксандравіч С. (1770—1857), граф (1826), рас. пасланнік у Швецыі (1812—16) і Турцыі (1816—21); Аляксандр Рыгоравіч С. (1795—1891), граф, чарнігаўскі, палтаўскі і харкаўскі ген.-губернатар (1836—38), міністр унутр. спраў (1839—41). Многія са С. цікавіліся мастацтвам, л-рай, гісторыяй, археалогіяй, былі ўладальнікамі багатых бібліятэк і маст. калекцый. З іх прозвішчам звязана назва Строганаўскай школы 16 — пач. 17 ст.

т. 15, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНВІ́ЗІН Дзяніс Іванавіч (14.4.1744 або 1745, Масква — 12.12.1792),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1761—62). Служыў у Калегіі замежных спраў. Літ. дзейнасць пачаў у 1761 перакладамі з зах.-еўрап. моў і сатыр. мініяцюрамі. Перарабіў сентыментальную драму Ж.​Б.​Грасэ «Сідней» у камедыю «Карыён» (паст. 1764). У сацыяльна-быт. камедыі «Брыгадзір» (паст. 1770) высмеяў нізкапаклонства дваран перад франц. культурай. У 1781 напісаў камедыю «Недаростак» — з’едлівую сатыру на прыгонніцтва. Актуальнасць праблематыкі, выключнае майстэрства характарыстыкі персанажаў, жыццёвасць калізій забяспечылі поспех п’есы. Асветнік па светабачанні, дэмакрат па перакананнях, Ф. выступаў за паступовае вызваленне сялян, за законнасць і канстытуцыйную манархію. Пасля апублікавання арт. «Некалькі пытанняў, што могуць выклікаць у разумных сумленных людзей асаблівую ўвагу» спробы Ф. выступіць у друку спыняліся Кацярынай II. Аповесць «Калісфен» выйшла ананімна. Упершыню Ф. наведаў Беларусь у 1777 праездам у Парыж. У лістах з дарогі апісаў Мінск, Оршу, Стоўбцы, Мір, Слонім і інш. Яму належала в. Лісна (Верхнядзвінскі р-н), дзе працаваў над апошняй сваёй камедыяй «Выбар гувернёра». Камедыю «Недаростак» у пач. 20 ст. ставілі прафес. і аматарскія калектывы Беларусі, у 1930-я г. — Польскі дзярж. вандроўны тэатр БССР. На бел. мову яе пераклаў К.​Крапіва (1933; паст. БДТ-І, 1933), што падштурхнула яго да творчасці ў жанры драматургіі. К.​Крапіва сярод інш. называе Ф. сваім настаўнікам. Бел. драматургі вучыліся ў Ф. майстэрству моўнай характарыстыкі персанажаў.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1959;

Бел. пер. — Недарасль. Мн., 1947.

Літ.:

Благой Д.Д., Д.​И.​Фонвизин. М., 1945;

Кулакова Л.И. Д.​И.​Фонвизин. М.; Л., 1966;

Букчин С. Судебное дело Дениса Фонвизина // Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984;

Сцяпанаў С. Фанвізін на Беларусі // Беларусь. 1955. №1;

Шпадарук І. На зямлі беларускай... // ЛіМ. 1975. 8 жн.

С.​С.​Лаўшук.

Дз.І.Фанвізін.

т. 16, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)