ДОМ МАДЭ́ЛЕЙ у Мінску,

установа для распрацоўкі мадэлей адзення, абутку, галаўных убораў. Адкрыты ў 1948. Ажыццяўляе мадэліраванне і канструяванне швейных вырабаў для швейных прадпрыемстваў лёгкай прам-сці Беларусі, забяспечвае іх тэхн. дакументацыяй, прапагандуе новыя мадэлі і фасоны. Апрача стварэння прамысл. калекцыі адзення праводзіць метадычную работу, распрацоўвае перспектыўныя, выставачныя мадэлі. Неаднаразова дэманстраваў дасягненні бел. моды на міжнар. выстаўках, кірмашах і кангрэсах, у т. л. ў Балгарыі, Індыі, Канадзе, Францыі, Японіі і інш.

т. 6, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́ЖДЖЫ КАРМАВЫ́Я,

від дражджэй, што атрымліваюць на корм с.-г. жывёле. Вырошчваюць іх на адходах драўніны, кукурузнай аснове, саломе, шалупінні сланечніку, а таксама на адходах сульфітна-цэлюлознай і спіртавой вытв-сці. Д.к. — каштоўны бялкова-вітамінны корм для с.-г. жывёлы ўсіх відаў, маюць вітаміны групы B, правітамін D (эргастэрын), мінер. рэчывы, ферменты, гармоны, якія садзейнічаюць засваенню бялкоў і вугляводаў. Скормліваюць іх з канцэнтраванымі кармамі або ўключаюць у склад камбікармоў.

т. 6, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ЙСБУРГ (Duisburg),

горад на З Германіі, у зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія, у Рурскім прамысл. раёне. Горад з 12 ст. 536,8 тыс. ж. (1994). Буйнейшы ў свеце рачны порт, на р. Рэйн і канале Рэйн—Герне. Вузел чыгунак і аўтадарог. Важны індустр. цэнтр Рурскага прамысл. раёна. Цэнтр чорнай і каляровай металургіі, цяжкага машынабудавання, рачнога суднабудавання, вытв-сці стальных канструкцый. Прам-сць: нафтахім. і нафтаперапр., вуглехім., харчасмакавая (піваварная, мукамольная, тытунёвая). Маст. музеі.

т. 6, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФІБРЭ́Р,

машына для атрымання драўнянай масы сціраннем балансавай драўніны на вярчальным абразіўным камені. У магутных Д. камяні дыяметрам 1500—1800 мм, шырынёй каля 1400 мм, у асн. штучныя — з кварцавага, карундавага або карбарундавага зерня на цэментнай, керамічнай ці інш. звязцы. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці паперы, кардону і інш.

Чатырохпрэсавы дэфібрэр: 1 — насечны апарат; 2 — башмак; 3 — гідрацыліндр прэсавай каробкі; 4 — поршань са штокам; 5 — манометр; 6 — абразіўны камень.

т. 6, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ДЗІНСКІ ПОЛІТЭХНІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ Засн. ў 1973 на базе Жодзінскага філіяла (з 1966) Мінскага аўтамех. тэхнікума. Рыхтуе тэхнікаў-электрыкаў, тэхнікаў-тэхнолагаў, бухгалтараў-менеджэраў. Спецыяльнасці (1997/98 навуч. г.): электратэхніка; тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя апрацоўкі матэрыялаў; тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя машынабудавання; тэхн. абслугоўванне тэхнал. абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытв-сці; менеджмент; бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт (на камерцыйнай аснове). Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 6, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕРФЮ́С ((Zehrfuss) Бернар) (н. 20.10.1911, г. Анжэ, Францыя),

французскі архітэктар. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. Зазнаў уплывы А.Перэ і Ш.Э.Ле Карбюзье. Адзін з прадаўжальнікаў функцыяналізму 1920—30-х г. Пабудовы З.: у Парыжы — будынак ЮНЕСКА (1953—57), Нац. цэнтр прам-сці і тэхнікі (1958, абодва ў сааўт.); з-ды «Рэно» (1953, Флен, Іль-дэ-Франс); шматлікія грамадскія і жылыя збудаванні ў Парыжы, Гаўры, Туры, Тунісе і Алжыры.

т. 7, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАНАМЕ́РЬІ,

супалімеры алефінаў з ненасычанымі арган. к-тамі, у якіх частка кіслотных груп нейтралізавана іонамі шчолачных ці шчолачназямельных металаў. Празрыстыя, тэрмапластычныя, шчыльн. 930—950 кг/м³ Набракаюць у этаноле і ацэтоне, устойлівыя да ўздзеяння тлушчаў, алеяў, мінер. масел, разбураюцца моцнымі к-тамі. Вызначаюцца высокай мех. трываласцю, эластычнасцю, добрай адгезіяй да розных матэрыялаў. Выкарыстоўваюць для вырабу труб, шлангаў, ёмістасцей для хім., харч. і фармацэўтычнай прам-сці, для прыгатавання лакаў.

М.Р.Пракапчук.

т. 7, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАМЕРЫЗА́ЦЫЯ,

хімічная рэакцыя, у выніку якой малекула хім. злучэння ператвараецца ў свой ізамер (гл. Ізамерыя). Адрозніваюць практычна неабарачальную І. і дынамічныя раўнаважныя працэсы І. (напр., таўтамерыя). Адбываецца ў час канфігурацыйнай інверсіі, канфармацыйных пераўтварэнняў (гл. Канфармацыя) і малекулярных перагруповак (напр., унутрымалекулярная І., якая ўключае разрыў існуючых і ўтварэнне новых сувязей у малекуле). Выкарыстоўваюць у прам-сці (напр., каталітычнай І. з нізкаактанавых бензінавых фракцый атрымліваюць высокаактанавы бензін) і ў арган. сінтэзе.

Т.Т.Лахвіч.

т. 7, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬНЯНЫ́ АЛЕ́Й,

тлусты алей, які атрымліваюць з ільнянога семя прасаваннем ці экстракцыяй арган. растваральнікамі. Вадкасць ад залаціста-жоўтага да бурага колеру, шчыльн. 926—936 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе. Хутка высыхае, дае гладкую, сухую, бліскучую плёнку, якая не плавіцца пры награванні да 260 °C. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці пакосту, алкідных смол, сікатыву, алейных лакаў, мяккіх гатункаў мыла; у медыцыне для прыгатавання мазей; у некат. краінах як харч. прадукт.

т. 7, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НЕЎ,

горад на Украіне, раённы цэнтр Чаркаскай вобл., на р. Дняпро, за 45 км ад чыг. ст. Таганча. Вядомы з 1149. 29,7 тыс. ж. (1991). Рачны порт. Прадпрыемствы эл.-мех., мед. тэхнікі і спец. тэхнал. абсталявання, дрэваапр., харчасмакавай прам-сці. ГЭС. Музей нар. дэкар. мастацтва, б-ка-музей А.П.Гайдара (пахаваны ў К.). Каля К. на Тарасавай гары літ.-мемар. музей-запаведнік Т.Г.Шаўчэнкі (магіла паэта). Юр’еўскі (Успенскі) сабор (1144).

т. 7, с. 583

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)