АНТЫЁХ III Вялікі

(грэч. Anciochos Megas; 242—187 да н.э.),

цар дзяржавы Селеўкідаў (223—187), праўнук Селеўка I. У 212—205 падпарадкаваў парфян і Бактрыю, у 203 адваяваў у Егіпта Палесціну. Пацярпеўшы паражэнне ад Рыма ў Сірыйскай вайне 192—188, заключыў мір, т.зв. Апамейскі дагавор 188, пасля якога Селеўкідскае царства стала другараднай дзяржавай. Забіты ў Элімаідзе ў час рабавання яго войскамі храма бога Бэла.

т. 1, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛАДО́Р (Apollodōros) з Дамаска, старажытнарымскі архітэктар і інжынер пач. 2 ст. Пабудаваў грандыёзны ансамбль форума Траяна ў Рыме (111—114), будынкі бібліятэк і знакамітую калону Траяна, абвітую стужкай рэльефаў на тэму паходу Траяна ў Дакію. Апаладор прыпісваюць аркі Траяна ў гарадах Анкона (пасля 115) і Беневента. Сярод работ, якія не захаваліся, — мост цераз Дунай каля г. Дробета (цяпер у Румыніі), адэон, цырк і тэрмы Траяна ў Рыме.

т. 1, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́СТАЛ (Даніла Паўлавіч) (14.12.1654—28.1.1734),

апошні выбарны гетман Левабярэжнай Украіны ў 1727—34. Ваенны дзеяч, удзельнік паходаў супраць Турцыі і Крыма, Паўн. вайны 1700—21. У 1708 прымкнуў да І.Мазепы, аднак у хуткім часе пакінуў яго. У 1722 удзельнічаў у Персідскім паходзе рус. войскаў. Садзейнічаў росту буйнога феад. землеўладання на Украіне, праводзіў палітыку запрыгоньвання левабярэжнага сялянства і часткі казацтва. Пасля смерці Апостала выбары гетмана на Украіне забаронены.

т. 1, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БІ-ПАША́, Урабі-паша Ахмед (1839—21.9.1911), адзін з кіраўнікоў нац.-вызв. руху ў Егіпце ў 1879—82. Палкоўнік. У вер. 1881 узначаліў паўстанне каірскага гарнізона, у выніку якога створаны егіп. нац. ўрад. Ваенны міністр. У час англа-егіпецкай вайны 1882 кіраваў егіп. арміяй супраць англ. інтэрвенцыі. Пасля паражэння (снеж. 1882) прыгавораны да пакарання смерцю (заменена пажыццёвай ссылкай на в-аў Цэйлон). У 1901 памілаваны.

т. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАГО́ ((Arago) Дамінік Франсуа) (26.2.1786—2.10.1853),

французскі астраном, фізік і паліт. дзеяч. Чл. Парыжскай АН (1809). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы, дзе ў 1809—31 праф., з 1830 неадменны сакратар Парыжскай АН і дырэктар Парыжскай астр. абсерваторыі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1848 у складзе Часовага ўрада. Навук. працы па астраноміі, оптыцы, эл.-магнетызму, метэаралогіі, фіз. геаграфіі. Ініцыятар даследаванняў, якія прывялі да адкрыцця Нептуна, атрымання першых фатаграфій Сонца.

т. 1, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЖЭ́ШКА (Арэшка) Фларыян

(Фларэнцій) Феліксавіч (1833, Кобрынскі пав. — 1905),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі. З роду Ажэшкаў. Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1861). Уваходзіў у Кобрынскую паўстанцкую арг-цыю. У крас. 1863 уступіў у атрад Р.Траўгута, удзельнічаў у баях. Пасля разгрому атрада спрабаваў яго аднавіць. 5.7.1863 арыштаваны. У 1864 сасланы ў Томск. З 1878 23 гады працаваў урачом томскай турмы, потым урачом духоўнай семінарыі.

т. 1, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АІ́Д, Гадэс, Плутон,

у грэч. міфалогіі бог — уладар царства мёртвых, а таксама само царства. Аід — алімп. бажаство, але пастаянна знаходзіцца ў сваіх падземных уладаннях, дзе царуе з жонкай Персефонай. У хрысціянстве міф пра Аіда ператварыўся ў міф пра пекла, куды пасля смерці трапляюць душы грэшнікаў. Апісаны ў творах Гамера, Платона, Вергілія і інш.

Да арт. Аід. Аід і Персефона. Рэльеф з Локраў. 470—460 да н.э.

т. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАБА́МА (Alabama),

рака ў Паўн. Амерыцы, на ПдУ ЗША. Даўж. 640 км. Пл. бас. 115 тыс. км². Утвараецца ад зліцця рэк Куса і Талапуса, якія сцякаюць з паўд. адгор’яў Апалачаў. Цячэ па Прымексіканскай нізіне. Пасля злучэння з р. Тамбігбі наз. Мабіл, упадае ў аднайм. заліў Мексіканскага заліва. Разводдзе вясной, сярэдні расход вады 1790 м³/с. Вадасховішчы. Суднаходная ад г. Мантгомеры. У вусці марскі порт Мабіл.

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТРАПЛА́СТЫКА (ад грэч. arthron сустаў + пластыка),

аперацыі па аднаўленні функцый сустава пры анкілозах, артрозах, няправільным зрастанні ўнутрысустаўных пераломаў. Асн. этапы: раз’яднанне сустаўных канцоў, мадэляванне новых сустаўных паверхняў і размяшчэнне паміж імі пракладак са скуры або фасцый хворага. Выкарыстоўваюць таксама каўпачкі з храсткоў або плодных абалонак, кансерваваныя канцы касцявых суставаў, штучныя метал. або пластмасавыя суставы ці галоўкі суставаў. Пасля артпластыкі патрабуецца працяглае функцыянальнае лячэнне, фізіятэрапія, масаж.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАРХАДО́Н (асір. Ашурахіддзін),

цар Асірыі ў 680—669 да нашай эры. Уступіў на трон у выніку перамогі ў грамадз. вайне. Аднавіў разбураны яго бацькам Сінахерыбам г. Вавілон, вярнуў шэрагу гарадоў прывілеі, увёў падаткі на карысць храмаў, вёў войны ў Аравіі, Фінікіі і Егіпце. Пасля заваявання г. Мемфіс прыняў егіп. царскія тытулы. У 673—672 да нашай эры рабіў паходы ў Шубрыю (на граніцы з Урарту).

т. 2, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)