МАРДВІ́ЛКА (Аляксандр Канстанцінавіч) (3.2.1867, Мінская вобл. — 12.7. 1938),

расійскі і бел. вучоны ў галіне заалогіі. Д-р біял. н. (1934). Скончыў Варшаўскі ун-т (1893). Даследаваў паразітаў зубра і інш. млекакормячых у Белавежскай пушчы. Працаваў у Заалагічным ін-це АН СССР (Ленінград). Навук. працы па марфалогіі, анатоміі, сістэматыцы і фауністыцы тлей. Даў гістарычны агляд фауны тлей на тэр. СССР.

Літ.:

Биологи: Биогр. справ. Киев, 1984.

т. 10, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СТАР (Nestor),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі цар Піласа (у Месеніі). Лічыўся сынам Нелея (заснавальніка Піласа) і ўнукам Пасейдона. Вылучаўся мудрасцю і красамоўствам. Паводле «Іліяды» Н. — адзін з правадыроў грэч. войска ў Траянскай вайне. З-за старасці амаль не ўдзельнічаў у баях, але дапамагаў грэкам мудрымі парадамі. У сусв. л-ры імя Н. — сімвал мудрай старасці.

Літ.:

Кун Н.А. Легенды и мифы Древней Греции. Мн., 1989.

Я.​У.​Новікаў.

т. 11, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ́КАМЕН ((Newcomen) Томас) (28.2.1663, г. Дартмут, Вялікабрытанія — 7.8.1729),

англійскі вынаходнік, адзін са стваральнікаў цеплавога рухавіка. Каваль па прафесіі. Сумесна з лудзільшчыкам Дж.​Коўлі пабудаваў у 1705 паравую машыну для адпампоўвання вады ў шахтах, якая шырока выкарыстоўвалася ў 18 ст. Адным з першых рэалізаваў ідэю пераўтварэння цеплавой энергіі пары ў мех. работу.

Літ.:

Конфедератов И.Я. История теплоэнергетики: Начальный период (XVII—XVIII вв.). М.; Л., 1954.

т. 11, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯЎНІ́ЧЫЯ САБА́КІ,

група парод свойскіх сабак, якія выкарыстоўваюцца для палявання. Каля 100 парод. Сфарміраваліся ў працэсе шматвяковага выкарыстання ў розных геагр. зонах і ўмовах мясцовасці ў спалучэнні з натуральным, а потым штучным адборам і спец. дрэсіроўкай. Паводле выкарыстання, паляўнічых якасцей і экстэр’еру вылучаюць 6 асн. груп П.с.: выжлы, ганчакі, лайкі, норныя сабакі, спаніэлі і харты.

Літ.:

Слимак К., Духай Й. Охотничьи собаки: Пер. со словац. М., 1986.

т. 12, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ХЕЛЬБЕЛЬ ((Pachelbel) Іаган) (хрышчаны 1.9.1653, г. Нюрнберг, Германія — 3.3.1706),

нямецкі кампазітар, арганіст. Кіраўнік сярэднегерм. школы арганістаў, адзін з папярэднікаў І.​С.​Баха. Працаваў у Вене, Айзенаху, Эрфурце, Штутгарце, Гоце, Нюрнбергу. Асн. значэнне мелі яго творы для аргана і клавіра. Яму належаць таксама духоўныя кантаты і інш. творы.

Літ.:

Ливанова Т История западно-европейской музыки до 1789 г. М.; Л., 1940. С. 310—311, 319—320.

т. 12, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,

ваенна-паліт. аб’яднанне часткі шляхты і некаторых магнатаў Рэчы Паспалітай супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Рас. імперыі ў 1768—72. Засн. 29.2.1768 у г. Бар (зараз Вінніцкая вобл., Украіна) па ініцыятыве Ю.​Пуласкага, А. і М.​Красінскіх і інш. Канфедэраты выступілі з кансерватыўнай праграмай адмовы ад паліт. рэформаў, на якія пайшоў кароль і яго аднадумцы, патрабавалі скасавання закону 1768 пра ўраўнаванне ў правах з католікамі шляхты правасл. і лютэранскага веравызнання, захавання шляхецкіх вольнасцяў і прывілеяў каталіцкай царквы. Разам з тым яны дамагаліся спынення ваен. інтэрвенцыі Расіі, умяшання яе ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай, аднаўлення незалежнасці краіны. Патрыят. заклікі далі шырокі прыток у рады канфедэратаў шляхты, мяшчан, сялян. Масавай з’явай стала партыз. барацьба, якая ахапіла польскія, бел. і літ. землі (на Украіне Барская канфедэрацыя стрымлівалася паўстаннем «калііўшчына»). Увосень 1769 створана Гал. рада Барскай канфедэрацыі («Генеральнасць») з рэзідэнцыяй у г. Прэшаў (Славакія). Дзейнасць канфедэратаў на тэр. Беларусі і Літвы каардынавалі чл. Гал. рады маршалак канфедэрацыі М.​Пац і камандуючы войскамі Ю.​Сапега. У чэрв. 1770 атрад Ш.​Касакоўскага перайшоў з Літвы на Беларусь, дзе папоўніўся дробнай шляхтай, сялянамі і інш. Дзейнічаў у раёне Мядзела, Радашковіч і Мінска, разбіты пад Навагрудкам. У 1771 рух канфедэратаў на Беларусі ўзмацніўся ў сувязі з далучэннем да іх вял. гетмана літ. М.​К.​Агінскага. 12.9.1771 яго невял. войска разбіта А.​В.​Суворавым пад в. Сталовічы. Пасля гэтага барацьба пайшла на спад. Тысячы канфедэратаў, 70% з якіх складалі мяшчане і сяляне, былі сасланы ў Сібір. Разгром Барскай канфедэрацыі садзейнічаў першаму падзелу Рэчы Паспалітай у 1772.

Літ.:

Konopczyński W. konfederacja Barska. Т. 1—2. Warszawa, 1936—38.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 2, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМА́ТАВА (Ганна Андрэеўна) (сапр. Гарэнка; 23.6.1889, Адэса — 5.3.1966),

руская паэтэса. Жонка М.Гумілёва. Паэтычны дэбют звязаны з акмеізмам. Першы зб. «Вечар» (1912). У кн. «Ружанец» (1914), «Белая чарада» (1917) замкнёны свет вытанчаных эстэт. і любоўных перажыванняў. У 1921 выйшлі зб-кі «Трыпутнік» і «Anno Domini MCM XXI» (на вокл. 1922). Нягледзячы на ломку ў 1917 звыклых для асяроддзя Ахматавай уяўленняў пра жыццё і прызначэнне паэта, яна не пакінула радзіму. Афіц. крытыка наз. яе «ўнутранай эмігранткай», творы паэтэсы не друкавалі. Аўтабіягр. цыкл «Рэквіем, 1935—1940» (апубл. 1987) пра ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Зб. «З шасці кніг» (1940) — спроба пераадолець адзіноту. У 1940-я г. з’яўляюцца ліра-эпічныя творы на гіст. тэмы (цыкл «У саракавым годзе», паэма «Шляхам усёй зямлі», «1913 год» — 1-я ч. «Паэмы без героя»). У лірыцы 1941—45 прагучала патрыят. тэма. У 1950—60-я г. ў яе творчасці паглыбляюцца гіст.-філас. і інтымна-лірычная тэмы. У «Паэме без героя» (нап. 1940—62, поўнасцю апубл. 1976), прасякнутай літ.-гіст. і асабістымі асацыяцыямі, адлюстравала эпоху «сярэбранага стагоддзя». Гісторыя, час, лёс — асн. тэмы зб. «Бег часу: Вершы, 1909—1965» (1965). Творам Ахматавай уласцівы напружаны псіхалагізм, выразнасць і дакладнасць слова, класічная прастата і яснасць стылю. Пераклады з усходняй, зах.-еўрап. класічнай паэзіі, з бел. — вершы У.​Дубоўкі, М.​Лужаніна; літ.-знаўчыя працы («Апошняя казка Пушкіна», «Гібель Пушкіна» і інш.), успаміны. На бел. мову творы Ахматавай перакладалі Э.​Агняцвет, В.​Аколава, Р.​Баравікова, П.​Макаль, В.​Макарэвіч, Я.​Міклашэўскі, В.​Рабкевіч і інш.

Тв.:

Сочинения. Т. 1—2. М., 1990;

Дыхание песни: Кн. переводов. М., 1988.

Літ.:

Жирмунский В.М. Творчество Анны Ахматовой. Л., 1973;

Павловский А.И. Анна Ахматова: Жизнь и творчество. М., 1991.

Г.А.Ахматава.

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БКА (Пятро) (Пётр Фёдаравіч; 6. 7.1905, в. Вялікая Уса Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 18.12.1969),

бел. паэт. Акад. АН БССР (1957, чл.-кар. 1950). Скончыў БДУ (1930). Працаваў сакратаром рэдакцыі час. «Узвышша», у газ. «Калгаснік Беларусі», час. «Полымя рэвалюцыі». З 1945 у АН Беларусі: у Ін-це л-ры, мовы і мастацтва, у 1952—56 заг. сектара лексікаграфіі, у 1956—57 дырэктар Ін-та мовазнаўства, у 1957—69 дырэктар Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, адначасова ў 1968—69 акад.-сакратар Аддз. грамадскіх навук. Друкаваўся з 1924. Першы зб. лірыкі «Шыпшына» (1927) выявіў прыхільнасць да рамант. паэзіі, літ. і фалькл. традыцый. Кнігі «Урачыстыя дні» (1930), «Хада падзей» (1932), «Чатыры вятры» (1935) вызначаюцца жанравай разнастайнасцю, узмацненнем грамадз. матываў. Асобныя вершы 1930-х г. рытарычныя, дэкларацыйныя. Тэма рэвалюцыі і Грамадз. вайны ў паэмах «Трывожны сігнал» (1929), «Арлянка» (1931), «Мужнасць» (1934), «У тыя дні» (1937), драм. паэме «Над Бярозай-ракой» (паст. 1940). Вершы часоў Айч. вайны прасякнуты філас. роздумам, напоўнены пачуццём любові да Радзімы, лірызмам. Гал. тэмы пасляваен. творчасці — аднаўленне, памяць вайны, барацьба за мір. Аўтар лібрэта оперы «Андрэй Касценя» (нап. 1947, паст. 1970), вершаванай п’есы «Святло з Усходу» (паст. 1957), літ.-крыт. і публіцыст. артыкулаў. Вёў даследчую работу ў галіне бел. лексікаграфіі, мастацтвазнаўства і фалькларыстыкі. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.​Пушкіна («Барыс Гадуноў», вершы), М.​Лермантава, М.​Горкага (паэма «Дзяўчына і смерць», апавяданні), У.​Маякоўскага, А.​Пракоф’ева, Т.​Шаўчэнкі (паэма «Марына», вершы), М.​Рыльскага і інш.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—4. Мн., 1984—86.

Літ.:

Барсток М. Пятро Глебка. Мн., 1952;

Перкін Н. Пятро Глебка. Мн., 1955;

Пясняр мужнасці: Кніга пра Пятра Глебку. Мн., 1976.

П.Ф.Глебка.

т. 5, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГАМА́НАЎ (Міхайла Пятровіч) (30.9.1841, г. Гадзяч, Украіна — 2.7.1895),

укр. філосаф, гісторык, эканаміст, літ.-знавец, фалькларыст, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Кіеўскі ун-т (1863), дзе працаваў у 1864—75. З 1876 паліт. эмігрант у Швейцарыі, з 1889 праф. Сафійскага ун-та. У Жэневе з М.​Паўлыкам і С.​Падалінскім выдаваў час. «Громада», забароненыя ў Расіі творы Т.​Шаўчэнкі, П.​Мірнага і інш. Прапаведаваў культурна-нац. аўтаномію Украіны. У 1881 выдаў на бел. мове агітац. брашуру Падалінскага «Пра багацтва ды беднасць». Працы Д. па гісторыі Украіны: «Урывак з гісторыі ўкраінафільства» (1876), «Матэрыялы для маларускай гісторыі ў італьянскіх архівах» (1877), «Погляд на ўкраінскую гісторыю» (1895) і інш. Як эканаміст быў на пазіцыях утапічнага сацыялізму. Прадстаўнік культурна-гіст. школы і параўнальна-гіст. метаду ў літ.-знаўстве («Літаратура расійская, велікаруская, украінская і галіцкая», 1873—74, «Шаўчэнка, украінафілы і сацыялізм», 1879, і інш.). Апублікаваў зб-кі ўкр. фальклору «Гістарычныя песні маларускага народа» (т. 1—2, 1874—75, з В.​Б.​Антановічам), «Палітычныя песні ўкраінскага народа 18—19 ст.» (1883—85) і інш. Прызнаваў права Беларусі на самаст. развіццё, асуджаў польск. і рус. палітыку дэнацыяналізацыі беларусаў («Вопыт украінскай палітыка-сацыяльнай праграмы», 1884, «Велікарускі інтэрнацыянал і польска-ўкраінскае пытанне», 1907). Паўлык і І.​Франко пад уплывам Д. ў 1885 склалі праект «Украінска-польска-літоўска-беларускага брацтва». У 1886 перапісваўся з бел. пісьменнікам В.Савіч-Заблоцкім.

Тв.:

Літературно-публіцистичні праці. Т. 1—2. Київ, 1970.

Літ.:

Заславський Д., Романченко І. Михайло Драгоманов. Київ, 1964;

Злупко С.М. М.​П.​Драгаманаў пра Беларусь і беларусаў // Матэрыялы першай навук. канф. па вывучэнню беларуска-ўкраінскіх літаратурных і фальклорных сувязей. Гомель, 1969;

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1988. С. 312—319, 470-471.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУЧО́НЫХ (Аляксей Елісеевіч) (21.2.1886, в. Олеўка Херсонскага р-на, Украіна — 17.6.1968),

рускі паэт, тэарэтык футурызму. Скончыў Адэскае маст. вучылішча (1906). З 1907 у Маскве, пісаў пейзажы, рабіў літаграфічныя партрэты, шаржы для сатыр. часопісаў. Друкаваўся з 1909. У 1910-я г. пазнаёміўся з У.​Маякоўскім і В.​Хлебнікавым, якія паўплывалі на раннюю творчасць К. У 1912 далучыўся да літ.-маст. групы кубафутурыстаў. Першыя зб-кі «Гульня ў пекле» (з Хлебнікавым) і «Старадаўняе каханне» (абодва 1912). Спрабаваў стварыць новую паэт. мову — заум, якую выводзіў ад нар. замоў, гласалій сектантаў, прамовы і дзіцячай мовы: тэарэт. зб-кі «Слова як такое», «Д’ябал і моватворцы» (абодва 1913), «Тайныя заганы акадэмікаў» (1916), «Зрухалогія рускага верша» (1922), «Апакаліпсіс у рускай літаратуры» (1923) і інш. Паэт. зб-кі «Памада», «Узарваль», кн. «Пачнем наракаць» (усе 1913) — узоры гукавой і графічнай заумі. Распрацаваў паэт. тэорыю зруху (кн. «Малахолія ў капоце», зб. вершаў «Лакіраванае трыко», абодва 1919). Аўтар п’ес (п’еса-опера «Перамога над сонцам», паст. 1913, у 1920 паст. К.​Малевічам у Віцебску; «Хуліганы ў вёсцы», 1927, і інш.), фабульных крымін. раманаў у вершах («...Разбойнік Ванька-Каін і Сонька-Манікюрка», 1925; «...Дунька-Рубіха», 1926), кніг любоўнай лірыкі «Іраніяда» і «Рубініяда» (абедзве 1930). Першы даследаваў творчасць У.​Маякоўскага («Вершы У.​Маякоўскага. Выпыт», 1914). Склаў бібліяграфію Б.​Пастарнака (1933), М.​Асеева (1934), выдаваў літ. спадчыну (Хлебнікава і інш.). Пасля 1934 не друкаваўся.

Тв.:

Четыре фонетических романа [Стихи]. М., 1990;

Кукиш пошлякам: Фактура слова;

Сдвигология русского стиха;

Апокалипсис в русской литературе. М., 1992. Наш выход: [К истории рус. футуризма]. М., 1996.

Літ.:

Лившиц Б. Полутороглазый стрелец. Л., 1989;

Алексей Крученых в свидетельствах современников. Мюнхен, 1994.

т. 8, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)