ШУМЕ́РЫ,

старажытны народ, які насяляў Паўд. Месапатамію ў 4—2-м тыс. Да н.э. (гл. Шумер). Мелі самастойную мову, роднаснасць якой з мовамі інш. груп не ўстаноўлена. У антрапал. адносінах належалі да міжземнаморскай і балкана-каўказскай рас. вял. еўрапеоіднай расы. З сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. пачаўся паступовы працэс выцяснення шумерскай мовы і асіміляцыі Ш. акадцамі, які завяршыўся ў 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. Ш. — стваральнікі клінапісу; шумерская культура паслужыла асновай для развіцця культур пазнейшых цывілізацый Месапатаміі.

Я.​У.​Новікаў.

т. 17, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЎПАТРЫ́ДЫ (ад грэч. eupatridai літаральна — якія паходзяць ад высакародных бацькоў),

родавая землеўладальніцкая арыстакратыя ў Стараж. Грэцыі; адна з 3 (з геаморамі і дэміургамі) груп вольнага насельніцтва Афін. Паводле падання, заснаваны царом Тэзеем у 13 ст. да н.э. У 8—6 ст. да н.э. Э. авалодалі лепшымі ворнымі землямі, сканцэнтравалі ў сваім асяроддзі ўсю ўладу. З іх ліку штогод выбіралі калегію архонтаў, з Э. складаўся вышэйшы дзярж. орган — арэапаг. У выніку рэформ Салона (594 да н.э.) і Клісфена (510 да н.э.) Э. страцілі паліт. ўплыў і прывілеі.

А.​Г.​Зельскі.

т. 18, кн. 1, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ГІС IV (каля 262—241 да н.э.),

цар Спарты [245—241 да н.э.]. Правёў шэраг рэформаў для паляпшэння становішча грамадзян (касацыя даўгоў, перадзел зямлі, павелічэнне колькасці паўнапраўных грамадзян за кошт перыэкаў) і аднаўлення ваен. моцы дзяржавы. Разагнаў эфораў, адкрыў даўгавыя турмы і спаліў даўгавыя дакументы. Абвінавачаны ў імкненні да тыраніі і пакараны смерцю.

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЗЕ-ВА́ДКАСЦЬ,

квантавая вадкасць з часціц (ці квазічасціц) з нулявым або цэлалікавым спінам (базонаў). Падпарадкоўваецца Бозе — Эйнштэйна статыстыцы. Да Бозе-вадкасці адносяцца, напр., вадкі гелій ​4He, які пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля, можа перайсці ў стан звышцякучасці; сукупнасць купераўскіх пар электронаў, утварэнне якіх прыводзіць да звышправоднасці. Гл. таксама Квантавая вадкасць.

т. 3, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКХАНА́ЛІІ,

у Старажытным Рыме святкаванні, містэрыі ў гонар Дыяніса (Вакха). Першапачаткова да ўдзелу ў вакханаліях дапускаліся толькі жанчыны, пазней і мужчыны. З 2 ст. да н.э. набылі характар оргій. У 186 да н.э. на вакханаліі сенацкім указам накладзены абмежаванні. У пераносным сэнсе вакханаліі — дзікі разгул, оргія.

Вакханалія. Мастак Н.​Пусэн. 1620-я г.

т. 3, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАУ́РЫЯ, Даурская зямля,

руская назва ч. тэр. Забайкалля і (да 17 ст.) зах. Прыамур’я. Да сярэдзіны 17 ст. была населена даурамі (дахурамі). Тэр. паўд. Забайкалля ад воз. Байкал да Ябланавага хр. называюць Байкальскай Д., яе ч. на У ад Ябланавага хр. — Нерчынскай Д., самую паўд. ч. на У ад ракі Селенга — Селенгінскай Д.

т. 6, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДЭНСКІ ЗАЛІ́Ў,

у Аравійскім м., паміж п-вамі Аравійскім і Самалі. Баб-эль-Мандэбскім пралівам злучаецца з Чырвоным м. Даўж. каля 900 км, шыр. да 300 км, глыб. да 4525 м. Рэльеф дна рэзка расчлянёны. Характэрна інтэнсіўнае свячэнне вады на паверхні заліва. Прылівы паўсутачныя, выш. да 2,9 м. Гал. порт — г. Адэн.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ПІЕВА ДАРО́ГА (лац. via Appia),

першая брукаваная дарога (працягласць каля 350 км), пракладзеная ў 312 да н.э. паміж Рымам і Капуяй. Пабудавана ў стратэг. мэтах пры цэнзару Апію Клаўдзію (адсюль назва), у 244 да н.э. прадоўжана да Брундызія. Вымашчана квадратнымі камянямі, уздоўж дарогі (каля Рыма) захаваліся помнікі стараж. некропаля язычніцкіх і раннехрысц. часоў.

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАКСЕ́РКС II Мнемон,

персідскі цар [404—358 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. На пач. праўлення вёў барацьбу за трон з малодшым братам Кірам, правіцелем М.​Азіі. Нягледзячы на поспехі ў знешняй палітыцы (разграміў спартанскі флот каля Кніда ў 394 да н.э., заключыў Анталкідаў мір 387 да н.э.), праўленне Артаксеркса II — перыяд аслаблення Ахеменідаў дзяржавы.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАКСЕ́РКС III Ох,

персідскі цар [358—338 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў, сын Артаксеркса II. Стаў царом пасля знішчэння старэйшых братоў. Імкнуўся аднавіць цэласнасць і магутнасць Ахеменідаў дзяржавы, жорстка душыў паўстанні ў М.​Азіі, Фінікіі, на Кіпры. У 341 да н.э. зноў далучыў да сваёй дзяржавы Егіпет. Забіты сваім прыбліжаным еўнухам Багоем.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)