ДАДЭКА́ЭДР (ад грэч. dōdeka дванаццаць + hedra грань), адзін з пяці тыпаў правільных шматграннікаў. Мае 12 граней (пяцівугольных), 30 рэбраў, 20 вяршынь (у кожнай вяршыні сыходзяцца 3 рабры). Калі a — даўжыня рабра Д., тады яго аб’ём v = a3 4 ( 15 + 75 ) 7,6631   a3 . Упершыню Д. пабудаваў Тэатэт (4 ст. да н.э.).

Дадэкаэдр.

т. 6, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДАМО́КЛАЎ МЕЧ»,

выраз, які абазначае пастаянную небяспеку. Паводле стараж.-грэч. падання, Дамокл, фаварыт сіракузскага тырана Дыянісія I Старэйшага, лісліва называў яго самым шчаслівым з людзей. Каб паказаць нетрываласць свайго шчасця, Дыянісій у час святочнага балявання пасадзіў Дамокла на сваё месца і павесіў над яго галавой на конскім воласе востры меч — сімвал небяспекі.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРДАНЕ́ЛЫ (Dardanelles),

тур. Чанакале-Багазы, стараж.-грэч. Гелеспонт), праліў паміж Еўропай (Балканскі п-аў) і Азіяй (п-аў М.​Азія). Злучае Эгейскае м. з Мармуровым м. Даўж. 120 км, шыр 1,3—27 км, глыб. на фарватэры 29—153 м. Парты Гелібалу, Чанакале (Турцыя). Пра міжнар. прававы рэжым Д. гл. ў арт. Чарнаморскія пралівы.

т. 6, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЫ́ПІЯ (ад гідра... + грэч. typos адбітак),

выраб фатаграфічных каляровых выяў (пазітываў) з выкарыстаннем водарастваральных фарбавальнікаў. Заключаецца ў паслядоўным перанясенні трох часткова афарбаваных выяў (чырвонай, зялёнай і сіняй) у выглядзе жэлацінавых рэльефаў (матрыц), пакрытых фарбавальнікамі, на фотапаперу або кінаплёнку. Добра перадае колеры выяў, забяспечвае іх устойлівасць супраць выцвітання. Асабліва прыдатная пры масавым друкаванні каляровых кінафільмаў.

т. 5, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАКО́ТЫЛЬ (ад гіпа... + грэч. kotylē паглыбленне, чаша),

падсемядольнае калена, самы ніжні ўчастак сцябла праростка насеннай расліны перад семядольным вузлом. Унізе пераўтвараецца ў корань і часта мае анатамічную будову з прыкметамі сцябла і кораня. У некат. раслін даўжыня гіпакотыля малая і ён увесь застаецца ў глебе (семядолі не выносяцца на паверхню; напр. у дуба, гароху).

т. 5, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАТАНІ́Я (ад гіпа... + грэч. tonos напружанне),

паніжэнне тонусу тканак арганізма і артэрыяльнага ціску крыві. Можа развівацца пасля вострых і хранічных інфекц. хвароб, вітаміннай недастатковасці, прафес. шкоднасцей, парушэнняў дзейнасці эндакрыннай і нерв. сістэм, страўнікава-кішачнага тракту. Прыкметы: хуткая стамляльнасць, слабасць, задышка, галавакружэнне. Лячэнне: правільны рэжым працы, адпачынку і харчавання, вітаміны, фізкультура, гармоны, курортатэрапія.

т. 5, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАДЗІ́Н (ад гетэра... + грэч. dynamis сіла),

маламагутны высокачастотны генератар электрычных ваганняў з самаўзбуджэннем. Схема гетэрадзіна бывае лямпавая, напр. з гептодам, і паўправадніковая. Стварае ваганні дапаможнай частаты, якія змешваюцца са знешнімі (карыснымі) высокачастотнымі, у выніку атрымліваюцца ваганні пастаяннай рознаснай (прамежкавай) частаты. Выкарыстоўваецца ў пераўтваральніках частаты супергетэрадзінных радыёпрыёмнікаў, гетэрадзінных частатамерах, радыёвымяральных прыладах і інш.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАСПАРЫ́Я (ад гетэра... + грэч. spora сяўба, насенне),

разнаспоравасць, утварэнне спор розных памераў у некаторых вышэйшых раслін (напр., у водных папарацей, селагінелавых і інш.). Буйныя споры (мегаспоры, або макраспоры) даюць жаночыя расліны, дробныя (мікраспоры) — мужчынскія. У пакрытанасенных раслін мікраспора (пылок) пры прарастанні дае мужчынскі заростак, мегаспора, якая ўтвараецца ў семязавязі, прарастае ў жаночы заростак — зародкавы мяшок.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГРАМАРФІ́ЗМ (ад гігра... + грэч. morphē форма, выгляд),

асаблівасці будовы раслін, якія растуць у вільготных мясцінах, з павышанай вільгаццю паветра. Для іх характэрны прыстасаванні, накіраваныя на ўзмацненне транспірацыі (клеткі эпідэрмы танкасценныя, укрытыя тонкай кутыкулай; вялізныя міжклетнікі і танкасценныя валаскі ствараюць вял. выпаральную паверхню), што забяспечвае інтэнсіўнае перамяшчэнне пажыўных раствораў да парасткаў. Гл. таксама Гіграфіты, Ксерамарфізм.

т. 5, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАІ́МІС ((Zaimēs) Аляксандрас) (28.10.1855, Афіны — 15.9.1936),

дзяржаўны дзеяч Грэцыі. Атрымаў юрыд. адукацыю ў Германіі і Францыі. У 1896 і 1914—20 дырэктар грэч. нац. банка. Прэм’ер-міністр у 1897—99, 1901—02, 1915—17 (з перапынкамі), 1926—28; у 1929—35 прэзідэнт Грэцыі. Садзейнічаў дзярж. перавароту ў кастр. 1935, які прывёў да аднаўлення манархіі.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)