САР’Я́Н (Саран) Гегам Багдасаравіч
(25.12.1902, г. Тэбрыз, Іран — 14.11.1976),
армянскі паэт. Засл. дз. культ. Арменіі (1967). Засл. дз. культ. Украіны (1972). Скончыў Тэбрызскую арм. семінарыю (1920). Настаўнічаў. З 1922 жыў у Арменіі. Друкаваўся з 1919. Аўтар зб-каў грамадз. і патрыят. лірыкі «Краіна Савецкая» (1930), «Поўдзень» (1935), «Балады» (1944), «Хрызантэма» (1968, Дзярж. прэмія Арменіі 1970), «Выбранае. Вершы і балады» (1974) і інш. Пераклаў на арм. мову вершы Я.Купалы «Хвалююцца морскія хвалі...», «Алеся», «Хлопчык і лётчык». На бел. мову яго асобныя вершы пераклаў М.Чарняўскі.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1982.
Літ.:
Мнацаканян В. Гегам Сарьян. Ереван, 1956.
т. 14, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРЫ́ЛЬ ((Avril) Філіп) (21.7.1654, г. Ангулем, Францыя — студз. 1698),
французскі падарожнік. Як манах-езуіт пасланы для місіянерства ў Кітай. Праз Турцыю і Іран дабраўся да Астрахані (1685—86), адтуль да Масквы. Не атрымаўшы дазволу на выезд у Кітай, высланы праз Беларусь у Польшчу. Зноў вярнуўся ў Расію і зноў не атрымаў дазволу на праезд у Кітай. Вярнуўся ў Францыю, у 1692 выдаў кнігу пра свае падарожжы, у якой апісаў жывёльны свет Беларусі, пасяленні палонных з Рэчы Паспалітай, у т. л. з Беларусі, «паміж Волгай і Масквой».
Літ.:
Пирлинг П. Французский иезуит в Москве в XVII столетии // Рус. старина. 1902. № 9.
В.П.Грыцкевіч.
т. 2, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́ НУВА́С (паміж 747 і 762, г. Ахваз, Іран — паміж 813—815),
арабскі паэт. Жыў пры двары абасідскіх халіфаў у Багдадзе. Адзін з герояў кн. «Тысяча і адна ноч». Пісаў хвалебныя прыдворныя касыды, пародыі на традыц. жанры араб. паэзіі і багаслоўскія хадысы. Праціўнік бедуінскага «псеўдакласіцызму», распрацоўваў новыя тэмы і сюжэты (гарадское жыццё, забароненае ісламам віно, паляванне і інш.). Аўтар лірычных імправізацый, што апяваюць каханне і пачуццёвыя ўцехі (цыкл «Хамрыят»), богазневажальных і прасякнутых духам аскетызму вершаў (цыкл «Зухдзіят»), сатыраў, пяшчотных вытанчаных песень, прысвечаных нявольніцы Джынане. У яго вершах сустракаюцца імёны іранскіх гіст. і фальклорных герояў, апісанне звычаяў і традыцый зараастрызму.
Літ.:
Шидфар Б.Я. Абу Нувас. М., 1978.
т. 1, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТАРЫ́НІ ((Contarini) Амброджа) (?—1499),
італьянскі дыпламат і падарожнік. У 1474 накіраваны да правіцеля Зах. Ірана Узун-Хасана з прапановай пачаць вайну супраць Турцыі ў саюзе з Венецыяй. На адваротным шляху наведаў ВКЛ: у лют. 1477 прыняты ў г. Трокі каралём Казімірам IV, быў у Слоніме, Варшаве. У крас. 1477 вярнуўся ў Венецыю. У 1487 апублікавана апісанне яго падарожжа, у якім змешчаны каштоўныя звесткі пра Іран, Расію, Польшчу, ВКЛ, Грузію, Азербайджан, Крым і Астраханскае ханства.
Тв.:
Рус. пер. — Путешествие А.Контарини, посла светлейшей Венецианской республики к знаменитому персидскому государю Узун-Гассану // Библиотека иностранных писателей о России. Отд. 1. СПб., 1836.
Дз.М.Чаркасаў.
т. 7, с. 604
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХТА́РАЎ (Гусейн) (11.7.1914, г. Мешхед, Іран — 9.4.1980),
туркменскі драматург. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1953). Друкаваўся з 1941. Аўтар п’ес, лібрэта опер і балетаў, кінасцэнарыяў (усяго больш за 30, некаторыя — у сааўт.). У п’есах «Я — старшыня» (1942), «Каханне і паклёп» (1943), «Алтын» (1945), «Сям’я Алана» («Гонар сям’і», паст. 1949; Дзярж. прэмія СССР 1951), «Вясёлы госць» (1954), «Трыццатыя гады» (паст. 1958), «Хто злачынец?» (1963), «Прыгожая» (1972), «Я жанюся на бабулі», «Брыгадзір» (абедзве паст. 1977), скіраваных супраць гультайства, паразітызму і прыстасавальніцтва, спалучаны гуманістычны пафас і дабрадушны гумар, грамадзянскасць пазіцыі аўтара і псіхалагічна тонкае пранікненне ў характары герояў.
Тв.:
Рус. пер. — Пьесы. М., 1968.
т. 11, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСІ́ДСКІ ЗАЛІ́Ў.
На ПнЗ Індыйскага ак., каля берагоў Паўд.-Зах. Азіі. Адасоблены Аравійскім п-вам. На У, праз Армузскі прал. і Аманскі зал., злучаецца з Аравійскім м. Пл. 240 тыс. км². Даўж. 926 км, шыр. 180—320 км, глыб. да 115 м. Каля берагоў шмат астравоў (Бахрэйн і інш.), у паўд. ч. — каралавых рыфаў. Упадае р. Шат-эль-Араб. Рыбалоўства. Здабыча жэмчугу. На шэльфе і ў раёнах, прылеглых да П.з., — вял. паклады нафты (гл. Персідскага заліва нафтагазаносны басейн). Гал. парты: Фао, Басра (Ірак), Абадан, Бендэр-Хамейні (Іран), Эль-Кувейт (Кувейт), Рас-Танура (Саудаўская Аравія), Манама (Бахрэйн), Ум-Саід (Катар), Абу-Дабі, Дубай, (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты).
т. 12, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗА́ АБАСІ́, Рызае Абасі (каля 1575, г. Кашан, Іран — 1635),
іранскі мініяцюрыст, вядучы прадстаўнік ісфаханскай школы мініяцюры пры Абасе 1. Працягваў традыцыі Мухамедзі, аднаго з буйнейшых мініяцюрыстаў Тэбрыза. Узначальваў прыдворную школу мастацтваў у Ісфахане. Рабіў жанравыя сцэнкі і партрэты, часам ілюстрацыі. Эвалюцыяніраваў ад паэт.-спакойных кампазіцый, у якіх сілуэты фігур акрэслены плаўнай замкнёнай лініяй, што ізалюе вобраз, да напоўненых глыбокім ўнутр. напружаннем работ, у якіх зменлівая, перарывістая лінія выяўляе пластыку фігур і іх сувязь з навакольным асяроддзем. Сярод твораў: «Дзяўчына ў футравай шапцы» (1602—03), «Партрэт старога» (1614), «Ландшафт з трыма паляўнічымі», «Пара закаханых», «Юнак з баранам» і інш. Іл. гл. да арт. Ісфаханская школа мініяцюры.
т. 13, с. 556
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Персія (гістар.) 4/62, 129; 5/469; 6/356; 8/49, 370, 396, гл. Іран
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАБ (сапр. Сеід Алі Махамед; 20.10.1819, г. Шыраз, Іран — 9.7.1850),
заснавальнік шыіцкай секты бабідаў, якая ўзначаліла бабідскія паўстанні 1848—52 у Іране. Спачатку належаў да секты шэйхітаў, што прапаведавала хуткае прышэсце 12-га імама Махдзі (шыіцкага месіі). У 1844 абвясціў сябе Бабам («варотамі», праз якія Махдзі перадае сваю волю людзям). У 1847 арыштаваны і зняволены. У зняволенні напісаў твор «Беян» («Адкрыццё»), у якім абвясціў сябе Махдзі і выклаў асн. палажэнні свайго вучэння (неадпаведнасць законаў і парадкаў Карана патрэбам часу, роўнасць усіх людзей, усталяванне свяшчэннага царства бабідаў, выгнанне з краіны небабідаў, іншаземцаў, канфіскацыя і падзел іх маёмасці сярод бабідаў, абарона правоў асобы і ўласнасці і інш.). Расстраляны шахскімі ўладамі ў г. Тэбрыз.
т. 2, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФЯ́НЕ старажытнаіранскія плямёны, якія ў 1-м тыс. да н.э. і ў першыя стагоддзі н.э. жылі на ПдУ ад Каспійскага м. (цяпер тэр. Паўд. Туркменістана і Харасана). Размаўлялі на адной з іран. моў, займаліся пераважна земляробствам (ірыгацыйныя збудаванні ў Парфіі вядомы з пач. 1-га тыс. да н.э.). Уваходзілі ў Мідыйскае царства, у час праўлення Кіра II — у Ахеменідаў дзяржаву. У 320-я г. да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім, з 281 да н.э. ў складзе дзяржавы Селеўкідаў. Каля 250 да н.э. на землях П. узнікла самаст. Парфянскае царства. Пісьменства П. створана на аснове арамейскага алфавіта. Парфянскай мовай карысталіся ў 3—4 ст. н.э. пры Сасанідах, каля 6 ст. яе выцесніла перс. мова.
т. 12, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)