ПАНА́МА́ (Panamá),

горад, сталіца Рэспублікі Панама. На беразе Панамскага зал. Ціхага ак. Засн. іспанцамі ў 1519. 464,9 тыс. ж. (1997). Порт каля ўвахода ў Панамскі канал з Ціхага ак., чыг. ст., вузел аўтадарог, праходзіць Панамерыканская шаша. Міжнар. аэрапорт. Эканоміка цесна звязана з абслугоўваннем суднаходства па канале, дзейнасцю порта. Прам-сць: харч., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, мэблевая, цэментная. Вытв-сць сувеніраў. Ун-т Панамы, каталіцкі ун-т, Нац. АН, акадэмія мовы, акадэмія гісторыі. Музеі: Нац., рэліг. каланіяльнага мастацтва і інш. Тэатры, кансерваторыя. Арх. помнікі 17 (у старой П., разбуранай піратамі ў 1671) і 18 ст. Цэнтр турызму.

т. 12, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ГУ ((Pigou) Артур Сесіл) (18.11.1877, г. Райд, Вялікабрытанія — 7.3.1959),

англійскі эканаміст, прадстаўнік кембрыджскай школы паліт. эканоміі. Скончыў Кембрыджскі ун-т. У 1908—43 кіраваў у ім кафедрай. З 1918 чл. валютнага К-та, у 1919 чл. каралеўскай камісіі па падаходных падатках, у 1924—25 чл. кабінета міністраў па пытаннях грашовага абарачэння. Даследаваў праблемы тарыфнай палітыкі, цыклічных ваганняў у прам-сці, занятасці, дзярж. фінансаў («Прамысловыя ваганні», 1929; «Даследаванне грамадскіх фінансаў», 3-е выд. 1947), распрацоўваў канцэпцыю «эканомікі дабрабыту». У кн. «Эканоміка дабрабыту» (1920) выклаў пачаткі тэорыі дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту, адно з палажэнняў якой — неабходнасць умяшання дзяржавы ў эканам. жыццё.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́БІН (Якаў Ізраілевіч) (н. 16.12.1918, г. Ельня Смаленскай вобл., Расія),

бел. вучоны-эканаміст і сацыёлаг. Д-р эканам. н. (1981). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1941). З 1963 у Н.-д. эканам. ін-це Мін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па дэмаграфічных і эканоміка-сацыялагічных праблемах, гісторыі сацыялагічных і эканам. вучэнняў.

Тв.:

Теории народонаселения: (Мальтузианское и буржуазно-антимальтузианское направления). М., 1972;

Дом наш земной. Мн., 1981;

Наследники Мальтуса. М., 1983;

Право на счастье: О пробл. семьи и детей. Мн., 1986;

Материальный достаток: как его понимать? Мн., 1990 (разам з І.​В.​Катляровым).

т. 13, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКІ БАНК РЭКАНСТРУ́КЦЫІ І РАЗВІЦЦЯ́ (European Bank for Reconstruction and Development; ЕБРР),

спецыялізаваная міжнар. эканам. арг-цыя. Створаны ў 1991. Чл. ЕБРР — 57 краін, а таксама Еўрапейскі саюз і Еўрапейскі інвестыцыйны банк. Месца знаходжання — г. Лондан. Мэта ЕБРР — фін. падтрымка краін Цэнтр. і Усх. Еўропы, якія заявілі аб сваёй прыхільнасці дэмакр. прынцыпам (шматпарт. дэмакратыя, плюралізм, рыначная эканоміка), садзейнічанне іх пераходу да адкрытай рыначнай эканомікі і прыватнага прадпрымальніцтва. Устаноўчы капітал банка 10 млрд. ЭКЮ. Гал. органы — Савет кіраўнікоў, Савет дырэктараў, Кансультатыўны савет па пытаннях навакольнага асяроддзя. Мае прадстаўніцтвы ў краінах, якім аказваецца дапамога, у т. л. на Беларусі.

С.​Ф.​Свілас.

т. 6, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫТЭ́РЫЙ АПТЫМА́ЛЬНАСЦІ ў эканоміцы,

паказчык, які дае магчымасць вызначыць гранічную меру эканам. эфекту ад таго ці інш. рашэння для параўнальнай ацэнкі магчымых рашэнняў (альтэрнатыў) і выбару найлепшага (напр., максімум прыбытку, мінімум выдаткаў, мінімальны час дасягнення мэты). Важны элемент любой аптымальнай эканоміка-матэматычнай мадэлі. У адносінах да эканам. сістэм К.а. — прыкмета, па якой функцыянаванне сістэмы прызнаецца найлепшым з магчымых варыянтаў. К.а. класіфікуюць па: узроўні агульнасці (глабальныя, лакальныя), часавым аспекце (статычныя і дынамічныя, бягучыя і фінішныя, крытэрыі часу дасягнення мэты); спосабах фарміравання (нарматыўныя, сацыёлага-статыстычныя і інш.); тыпу вымяральніка (вартасныя, натуральныя і інш.); спосабах выкарыстання (практычныя, тэарэтычныя, палітыка-прапагандысцкія); матэматычнай фармалізацыі і інш.

т. 8, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЧО́Ў (Уладзімір Карпавіч) (14.7.1926, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне эканомікі. Д-р эканам. н. (1977), праф. (1979). Засл. дз. н. Латвіі (1986). Скончыў Ленінградскі дзярж. ун-т (1957). З 1968 у Мінскім радыётэхн. ін-це, з 1969 у БДУ (у 1971—78 заг. кафедры палітэканоміі). У 1978—92 заг. кафедры палітэканоміі Рыжскага ін-та інжынераў грамадз. авіяцыі. З 1992 на прамысл. прадпрыемствах Рэчыцы. Даследуе тэаратыка-метадалагічныя праблемы фарміравання эканам. свядомасці, методыкі выкладання і вывучэння эканам. тэорыі ў ВНУ, метады эканоміка-матэм. аналізу работы прамысл. прадпрыемстваў.

Тв.:

Экономическое сознание как фактор развития общественного производства при социализме (методологический анализ). Мн., 1977;

Экономические знания — наука и идеология. Рига, 1988.

т. 6, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙЦАЎ (Анатоль Цімафеевіч) (н. 13.9.1939, в. Гарадок Смаленскай вобл., Расія),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). Працуе ў кніжнай і станковай графіцы ў тэхніцы дрэварыту, у галіне афармленчага мастацтва. Творы адметныя лаканічнасцю выяўл. сродкаў, дынамічнасцю танальных градацый, кампазіцыйнай завершанасцю: гравюры да кнігі «Георгій Скарына» М.​Садковіча і Я.​Львова (1966), серыі нацюрмортаў «Вакол нас» (1967—83), пейзажы «Мая Беларусь» (1980—82), эстампы «Сажалка ў Вязьніцы» (1982) і інш., экслібрысы. Аформіў інтэр’еры гандл. цэнтра ў калгасе «Савецкая Беларусь» Камянецкага р-на (1975), крамы будматэрыялаў «Еўралюкс» (1995) у Мінску, экспазіцыі фотавыстаўкі «Вялікі пясняр Беларусі — Янка Купала» (1992), выстаўкі «Эканоміка Беларусі» ў г. Прага (Чэхія, 1995, і інш.). Іл. гл. таксама да арт. Дрэварыт.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Валерый Паўлавіч) (н. 3.8.1941, в. Баравое Кемераўскага р-на, Расія),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1990). Скончыў Ленінградскі ін-т дакладнай механікі і оптыкі (1964). З 1966 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі, н.-д. і праектна-тэхнал. ін-це арганізацыі і тэхнікі кіравання СССР. З 1975 у выліч. цэнтрах Мінкамгаса і Мінбыта БССР, Ін-це эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР. З 1990 у БДУ. Навук. працы па метадах і прыладах неразбуральнага кантролю цеплафіз. уласцівасцей матэрыялаў. Распрацаваў новыя метады рашэння ўраўнення цеплаправоднасці пры змешаных гранічных умовах.

Тв.:

Двумерные осесимметричные нестационарные задачи теплопроводности. Мн., 1986.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 7, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЖЫНАЛІ́ЗМ (ад франц. marginal гранічны),

выкарыстанне гранічных велічынь у аналізе эканам. працэсаў. Увесці маржынальны аналіз у эканам. тэорыю спрабавалі ў сярэдзіне 19 ст. А.​Курно (Францыя), І.​Цюнен, Г.​Госен (Германія). Матэматычны апарат у значнай ступені распрацаваны прадстаўнікамі матэматычнай школы (У.​Джэванс, Л.​Вальрас, В.​Парэта). Паводле дактрыны М., эканоміка ўяўляе сабой комплекс індывід. гаспадарак; даследаванне законаў яе развіцця заснавана на аналізе гасп. рашэнняў індывідаў (спажыўца, які імкнецца максімізаваць карыснасць даброт, што знаходзяцца ў яго распараджэнні, і вытворцы, які спрабуе атрымаць максімум прыбытку пры дадзеных рэсурсах або мінімізаваць выдаткі пры дадзеных цэнах і інш.) і іх вынікаў. Асн. катэгорыі М. (гранічныя карыснасць, прадукцыйнасць і інш.) выкарыстоўваюцца ў сучасных тэорыях попыту, цаны, фірмы, рыначнай раўнавагі.

т. 10, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ ГА́НДАЛЬ,

сукупнасць знешняга гандлю розных краін свету; працэс сусв. гандлю. Зыходныя прынцыпы М.г. сфармуляваў у 1919 шведскі вучоны Э.​Ф.​Хекшэр, у 1930-я г. развіў яго вучань Б.Олін. Паглыбленне тэарэт. уяўленняў пра М.г. звязана з развіццём у пач. 1950-х г. практычнага эканоміка-матэм. мадэліравання (В.Лявонцьеў, М.Дуглас). На тэарэт. узроўні адрозніваюць аўтаркію (урад краіны стварае такую сістэму абмежаванняў, што знешні гандаль робіцца нявыгадным, настае ізаляцыя краіны ад знешняга свету), і сістэму свабоднага гандлю (адсутнічаюць абмежаванні ў гандлі). Павелічэнне гандл. абмежаванняў, або палітыка пратэкцыянізму, забяспечвае ахову інтарэсаў унутр. вытворцы, а іх зняцце, або лібералізацыя, садзейнічае павелічэнню знешнегандл. абароту краіны і выцясненню неканкурэнтаздольнай прадукцыі імпартнымі таварамі. Выбар форм і спосабаў удзелу краін у М.г. вызначае стратэгію правядзення дзярж. інвестыцыйнай палітыкі.

В.​А.​Дадалка.

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)