МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ (ад лац. memorialis памятны),

творы архітэктуры, выяўл. і дэкар. мастацтва, якія ствараюцца для ўвекавечання памяці адной ці групы асоб, знамянальных дат у гісторыі краіны, пэўнай мясцовасці, для ўслаўлення баявых, рэв., працоўных і інш. подзвігаў; належаць да твораў манументальнага мастацтва. Да М.з. належаць: абеліскі, помнікі, піраміды, маўзалеі, пахавальні, надмагіллі, брамы, аркі трыумфальныя, калоны, курганы, грабніцы, капліцы, кенатафы і інш.

Першапачатковыя формы М.з. набліжаліся да прыродных утварэнняў, арганічна ўключаліся ў наваколле (курганы, мегаліты), уздзейнічалі грандыёзнасцю памераў і магутнай масай (піраміды). У ант. эпоху склаліся арх.-скульпт. комплексы маўзалеяў, мэтай іх стварэння было ўслаўленне ваен. правадыроў, манархаў, мужных герояў. У сярэднія вякі будавалі пахавальні, маўзалеі, помнікі ў гонар святых, прарокаў, пакутнікаў. У 18—19 ст. узводзілі арх. манументы, часцей звязаныя з прыродным наваколлем ці пейзажным паркам, яны ўшаноўвалі памяць герояў, што загінулі. У 20 ст. ў памяць рэвалюцый і войнаў створаны мемар. ансамблі: Марсава пале (1917—23) і Піскароўскія могілкі (1956—60) у Пецярбургу, Брацкія могілкі ў Рызе (1924—36, арх. А.​Бірзеніек, скульпт. К.​Зале), у Бухенвальдзе (Германія; 1952—58, скульпт. Ф.​Крэмер), Ясенавацы (Сербія, 1960—66, арх. Б.​Багдановіч), на в-ве Сітэ ў Парыжы (1961, арх, А.​Пенгюсон), у Саласпілсе (Латвія; 1961—67, скульпт. Л.​Букоўскі і інш.), на Мамаевым кургане ў г. Валгаград (Расія; 1963—67, скульпт. Я.​Вучэціч і інш., арх. Я.​Белапольскі і інш.) і інш.

На Беларусі ў 18—19 ст. будаваліся часовыя драўляныя трыумфальныя аркі (Нясвіж, Магілёў, Шклоў) і мемар. калоны. У 2-й пал. 19 ст. пабудаваны Гомельская капліца, капліца-пахавальня ў в. Закозель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., у 1898 у гонар перамогі ў рус.-турэцкай вайне 1877—78 — Мінская царква Аляксандра Неўскага. У 1908—12 каля в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. пастаўлена мемар. капліца (гл. Ляснянскі мемарыяльны комплекс). У 1912 з нагоды 100-годдзя перамогі рас. войск у вайне 1812 пастаўлены помнік-абеліск у Віцебску (арх. І.​Фамін), Полацку, помнік у г. Кобрын (арх. Д.​Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца. У 1920-я г. ствараліся помнікі-бюсты на ўшанаванне памяці дзеячаў рэв. руху. У 1930—33 на месцы бітвы ўдзельнікаў паўстання 1863—64 пастаўлена Мілавідская мемарыяльная капліца. Пасля 1945 створаны шэраг М.з., прысвечаных падзеям Вял. Айч. вайны. Найб. пашыраныя іх тыпы: абеліскі (Манумент Перамогі, арх.-скульпт. комплекс «Мінск — горад-герой» ў Мінску, на месцы лагера смерці каля в. Вял. Трасцянец Мінскага р-на, 1963, арх. Л.​Каджар), стэлы (на месцы лагера смерці ў в. Масюкоўшчына Мінскага р-на, 1959, арх. В.​Волчак), на брацкіх вайсковых могілках (Рыленкі, гарнізонныя могілкі ў Брэсце), помнікі на ўшанаванне памяці землякоў, што загінулі ў Вял. Айч. вайну — курганы Славы, помнікі-танкі (у Барысаве, Мінску, Гомелі і інш.), помнік-катэр у Пінску (1964, арх. М.​Заржэцкі, інж. М.​Круглік), помнік-самалёт у Пружанах (1971); «Кацюша» ў Оршы; мемар. комплексы — на месцы спаленых вёсак (Хатынь, Дальва; Шунеўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл., гл. «Праклён фашызму»), знішчэння ням.-фаш. захопнікамі бел. і замежных грамадзян (ахвярам фашызму каля в. Брыцалавічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., 1975, скульпт. М.​Андрэеў, А.​Крохалеў, А.​Салятыцкі; Урочышча Гай на ўскраіне г. Баранавічы; мінскага гета на пл. Юбілейнай у Мінску, 1998—99, арх. Л.​Левін, скульпт. Э.​Полак, А.​Фінскі), партыз. стаянак (на в-ве Зыслаў Любанскага р-на Мінскай вобл.) і прарыву варожай блакады (гл. «Прарыў»), гераічнай абароны (Брэсцкая крэпасць-герой) і інш. Многія М.з. 1960—80-х г. створаны ў выглядзе арх. (Помнік вызваліцелям у Віцебску) і скульпт. (Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне) манументаў. М.з. 1970-х г. у выглядзе складаных комплексаў архітэктуры і арганізаванага ландшафту, пластыкі і манум.дэкар. мастацтва са складанай прасторавай структурай, спалучаюцца з асвятленнем, гукам, надпісамі. Сярод прыкладаў выкарыстання сінтэзу мастацтваў у сучасных М.з. — храм-помнік «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку ў Мінску (1996, аўтары Ю.​Паўлаў, М.​Каралёў, Т.​Каралёва-Паўлава, В.​Лапцэвіч, Г.​Паўлава, А.​Паўлаў, Д.​Хамякоў). Ідэйна-маст. цэнтрам плошчаў і паркаў у гарадах з’яўляюцца помнікі: Я.​Коласу (1972, скульпт. З.​Азгур, арх. А.​Градаў, Г.​Заборскі, Левін), Я.​Купалу (1972, скульпт. А.​Анікейчык, Л.​Гумілеўскі, А.​Заспіцкі; Дзярж. прэмія Беларусі 1974) у Мінску, Ф.​Скарыну ў Полацку (1974, скульпт. А.​Глебаў; Дзярж. прэмія Беларусі 1976) і інш. Іл. гл. да арт. Манументальнае мастацтва, Манументальна-дэкаратыўная скульптура, Помнікі гісторыі і культуры.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Да арт. Мемарыяльныя збудаванні. Храм-помнік «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т. зв. Востраве мужнасці і смутку ў Мінску. 1996.

т. 10, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,

галіна архітэктуры, якая развіваецца пад пераважным уплывам нар. буд. традыцый. У ім увасоблены светапогляд народа, яго ўменне сродкамі архітэктуры арганізаваць жыццёвую прастору ў канкрэтных прыродна-кліматычных і сац.-эканам. умовах на ўзроўні размяшчэння населеных пунктаў і іх планіроўкі, фарміравання сядзібных комплексаў і інтэр’ера асобных памяшканняў. Уяўленні чалавека пра арганізацыю асяроддзя для існавання замацоўваліся таксама спосабамі буд. вытворчасці, рытуальнымі абрадамі, што іх суправаджалі, сімвалізмам арх.-канструктыўных элементаў будынкаў і прыёмамі дэкар. ўпрыгожвання. Гэта абумовіла з’яўленне адметных рыс архітэктуры кожнага народа. Прагрэс. прынцыпы і эстэт. ідэалы Н.д. рабілі ўплыў на прафес. архітэктуру. Творчасць многіх вядучых архітэктараў свету (К.Мельнікаў, Ле Карбюзье, К.Тангэ і інш.) характарызуе асэнсаванне працэсаў узаемадзеяння канстр. і фарматворчых асноў Н.д. Аб’екты нар. архітэктуры, размяшчэнне і формы якіх дакладна адпавядаюць прыродна-кліматычным умовам і асаблівасцям мясцовасці, звычайна з’яўляюцца важнымі кампанентамі ландшафту. Для сучаснай навукі і тэхнікі Н.д. — адна з крыніц вывучэння гісторыі народа і яго культуры, творчага пошуку сродкаў стварэння асяроддзя, спрыяльнага для жыцця, працы і адпачынку.

Бел. Н.д. мае шмат агульнага з рус., літ., укр., польскім. Яно адметнае высокім майстэрствам, дасканаласцю тэхн. і дэкар. прыёмаў, арыгінальнасцю канструкцый. З сярэднявечча гістарычна склаліся тыпы сельскіх паселішчаў: вёска, засценак, мястэчка, сяло, хутар. Са старажытнасці вядомы вёскі з бессістэмнай (хаатычнай) забудовай, лінейнай або радковай планіроўкай. З 16 ст. пашырылася сістэмная вулічная забудова. Кожнае паселішча мела пэўную колькасць сядзіб, якія ўключалі двор, агарод і гумнішча. У двары стаялі хата, клець, варыўня, павець, хлявы, адрына, пуня. Непадалёку ад двара ставілі лазню. Важнымі элементамі Н.д. былі малыя арх. формы (агароджы, брамы, азяроды, студні і інш.) і вытв. пабудовы (кузні, ветракі, вадзяныя млыны). Стараж. тыпы планіроўкі двароў — вянковы (усе пабудовы згрупаваны ў прамавугольны ў плане «вянок») і пагонны [хата ставілася тарцом або пад вуглом да вуліцы, а гасп. пабудовы — у адну лінію (пагон) за хатай]. З 2-й пал. 19 ст. пашырыліся новыя тыпы сядзібнай планіроўкі: П-падобнай, 2-раднай, Г-падобнай і з нязвязанымі пабудовамі.

Асн. буд. матэрыял у Н.д. — дрэва (гл. Драўлянае дойлідства). Да 3 ст. асн. канструкцыя была слупавая, яна дазваляла будаваць пры дапамозе простых прылад працы. Паступова яе замянілі зрубныя канструкцыі. Зруб рабілі з акоранага, з 12 ст. — з ачасанага бярвення, часцей на 4 грані; вуглы засякаліся з «астаткам» — «у просты замок» з адной або 2 чашкамі. Тэхніка рубкі вуглоў без «астатку» (без выступаў бярвён) — «у чысты вугал» здаўна вядома ў гар. жыллі, з пач. 20 ст. пашырана і ў сял. жыллі. Зруб-клець квадратнага ці прамавугольнага плана (суадносіны 1:1—1:1,3) была асн. аб’ёмна-прасторавай і канструктыўнай адзінкай, з якой складалася структура разнастайных будынкаў. Даўжыня бервяна (6—9 м) вызначала памеры зруба пры вышыні ў 9—13 вянкоў (2,2—2,4 м). Суадносіны вышынь зруба і страхі (2:1—1:1) залежалі ад Канструкцыі страхі. Найб. старадаўняя яе канструкцыя — на стаяках і закотам — паступова замянялася лёгкімі дахамі каркаснага тыпу (на дзядках, козлах, ключах, кроквах). Найб. пашыраны дахі 2-схільныя; выкарыстоўвалі таксама 3- і 4-схільныя (вальмавыя), шатровыя, а таксама пераходнага тыпу — з «залобкам» (верхняй ч. вальмы) або з «прычолкам» (ніжняй ч. вальмы). Матэрыял і тэхніка пакрыцця залежалі ад мясц. буд. матэрыялу і традыцый, найб. пашыраны салома, дрэва (дошкі, дранка), з сярэдзіны 19 ст. — гонта, бляха, дахоўка. Падлога часта была земляная або гліняная, з 19 ст. — дашчаная.

На пабудову хат ішла якасная хваёвая драўніна. Сцены імшыліся і пакідаліся адкрытымі ўнутры і звонку. Зруб ставілі на вуглавыя камяні ці драўляныя калоды (штандары), часам проста на зямлю. Для ўцяплення хаты ніжні вянок (падваліна) абносіўся прызбай. З сярэдзіны 19 ст. бытуюць каменныя фундаменты. Аконныя і дзвярныя праёмы прарэзвалі ў гатовым зрубе ці рабілі пры яго складанні. Валаковыя вокны рабілі ў выглядзе невял. адтулін у 2 сумежных вянках, якія зачыняліся драўлянай засаўкай. З часам памеры акон павялічваліся, у іх канструкцыі паявіліся рамы. Большымі сталі і дзвярныя праёмы, замест завес і клямак драўляных пачалі рабіць металічныя. Пашырыліся знадворныя ўпрыгожанні хаты з выкарыстаннем расл., геам. і зааморфных матываў. Асн. сродкі аздобы нар. жылля — скразная і краявая разьба (гл. Разьба архітэктурная), маст. раскладка шалёўкі і паліхромія. Найб. стараж. форма ўпрыгожання — разныя вільчыкі. У пач. 20 ст. з’явіліся ліштвы і вуглавыя накладкі. У інтэр’еры адзін з кутоў займала печ, найчасцей пры ўваходзе. Самая стараж. столь скляпеністая, потым плоская на «траме» — тоўстай бэльцы ўздоўж хаты, пазней — на папярочных бэльках і камбінаваная; насцілалася з дошак у адзін рад — «упрытык», часцей у 2 рады — «у разбежку», зверху ўцяплялася кастрыцай, сухім мохам, лісцем і пяском ці зямлёй. З 1950-х г. столь часта падшываюць фанерай або сухой тынкоўкай, абклейваюць шпалерамі. Стараж. 1 -камерная хата была асновай развіцця больш дасканалых тыпаў жылля. Да 15—16 ст. склаліся 2- і 3-камерныя жылыя пабудовы (хата + сенцы + хата), а таксама хаты-пяцісценкі з капітальнай папярочнай сцяной унутры. У мястэчках і гарадах сфарміраваўся своеасаблівы тып жылля з уваходам з вулічнага тарцовага фасада, дзе знаходзілася майстэрня рамесніка ці крама. Жылыя памяшканні са двара мелі дадатковы ўваход. Для гар. забудовы характэрны хаты на падклетах (да 16 ст.), 2-павярховыя драўляныя дамы ці на высокіх мураваных сутарэннях, дамы з мезанінам ці мансардай. На сядзібах гараджан гасп. будынкаў было менш. Забудова фальваркаў мела больш складаную кампазіцыю, акрамя палаца і сядзібнага двара, сярод будынкаў былі лямусы, сырніцы, бровары, лядоўні і інш. Наводдаль ставілі хлявы, стайні і інш. будынкі для свойскай жывёлы, гумны з асецямі ці еўнямі, сянніцы. Буд-ва ў гарадах і мястэчках вялося ў цесным супрацоўніцтве вясковых майстроў з прафес. будаўнікамі. Своеасаблівасці эканомікі і культуры гар. жыцця спрыялі развіццю тыпалогіі будынкаў (крамы, гандлёвыя рады, корчмы, ратушы і інш.), ускладненню і ўзбагачэнню арх. форм і дэкар. прыёмаў. Найб. выразна ўзаемадзеянне нар. традыцый з прафес, прыёмамі праяўлялася ў архітэктуры культавых будынкаў (цэрквы, касцёлы, капліцы, званіцы і інш.). У гар. жыллі 16—18 ст. склаўся арыгінальны тып дома рамесніка, дзе спалучаліся жылыя і вытв. часткі, гал. фасад афармлялі падчэні. Гіст., сац.-эканам., прыродныя ўмовы садзейнічалі і адначасова вызначалі для кожнага гісторыка-этнагр. рэгіёна Беларусі (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне, усх. і зах. Палессе, цэнтр. Беларусь) фарміраванне тыпалагічных рыс, арх., канстр.-тэхн. і маст. асаблівасцей. Н.д. кожнага рэгіёна ўзбагачаецца разнастайнасцю лакальных варыянтаў. Нар. архітэктура захавала свае рысы ў самадз. буд-ве жылых і гасп. пабудоў на вёсцы і ў перыферыйных раёнах гарадоў сучаснай Беларусі. Будуюць часцей на аснове праектнай дакументацыі, распрацаванай спецыялістамі з улікам пажаданняў заказчыка. Пашыраны новыя буд. матэрыялы (сілікатная цэгла, газа-сілікатныя блокі, шыфер, пластыкі і інш.), інж. абсталяванне (катлы, газавыя пліты, сантэхн. прылады). Рэгіянальныя аспекты Н.д. захоўваюцца ў прынцыпах арганізацыі двароў сядзіб. Маст. традыцыі арх. дэкору характарызуюць усх. раёны Беларусі (Гомель, Ветка, Рагачоў, Шклоў і інш.). Гл. таксама Сельская архітэктура.

Літ.:

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;

Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;

Локотко А.И. Белорусское народное зодчество: Середина XIX—XX в. Мн., 1991;

Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999;

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Народнае дойлідства: 1 — жылы дом у г. Ветка Гомельскай вобл.; 2 — жылы дом у вёсцы Стараселле Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.; 3 — фрагмент дэкору ўвахода жылога дома ў Віцебску; 4 — жылы дом у г. Чачэрск Гомельскай вобл.

т. 11, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на У Беларусі, каля граніцы з Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 29 тыс. км². Нас. 1241,3 тыс. чал. (1998). Цэнтр — г. Магілёў. У вобласці 21 раён: Асіповіцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Бялыніцкі, Глускі, Горацкі, Дрыбінскі, Касцюковіцкі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Краснапольскі, Круглянскі, Крычаўскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі (гл. адпаведныя артыкулы), 14 гарадоў, у т. л. 4 абласнога падпарадкавання — Магілёў, Асіповічы, Бабруйск, Горкі, 11 гар. пасёлкаў, 196 сельсаветаў, 3247 сельскіх населеных пунктаў.

Прырода. Паверхня вобласці пераважна раўнінная. Усх. ч. займае Аршанска-Магілёўская раўніна, зах. — Цэнтральнабярэзінская раўніна. На ПнЗ — частка Аршанскага ўзвышша, на ПнУ — Горацка-Мсціслаўская ўзвышаная раўніна і частка Смаленскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 239 м. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. 126 м (урэз р. Сож, ніжэй в. Гайшын Слаўгарадскага р-на). Карысныя выкапні: цэментны мел і мергель (каля 75% агульнарэспубліканскіх запасаў цэм. сыравіны, Камунарскае, Сожскае, Каменкаўскае, Варонькаўскае радовішчы), фасфарыты, мел (найб. паклады ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Крычаўскім і Чэрыкаўскім р-нах), гліна і цагельныя суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. і сілікатныя пяскі, трэпел, торф, сапрапелі і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -8,2 °C на ПнУ да -6,5 °C на ПдЗ, у ліп. ад 17,8 °C на ПнУ да 18,7 °C на ПдЗ. Вегетац. перыяд 183—194 дні. Гадавая колькасць ападкаў 575—675 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.—кастр.). Тэрыторыя М.в. адносіцца да бас. Дняпра, які перасякае вобласць з Пн на Пд. Найб. яго прытокі Лахва, Друць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Бярэзіны — Свіслач, Ольса, Ала; Друці — Аслік, Вабіч, Грэза; Сажа — Лабжанка, Волчас, Проня з Басяй і Растой, Бесядзь з Суравам і Жадунькай; на ПдЗ працякае р. Пціч (прыток Прыпяці). Азёр мала, яны невялікія. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (53,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,7%), тарфяна-балотныя (8,3%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць сугліністыя (45,9%) і супясчаныя (38,7%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 15% сельгасугоддзяў, найб. у Быхаўскім, Бабруйскім, Глускім, Асіповіцкім і Горацкім р-нах. Пад лесам каля 34% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 54,9%, яловыя і бярозавыя па 15,1, альховыя 5,6, дубовыя 5,4%. Найб. лясістасць на ПдЗ вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,6%, каля палавіны іх нізінныя. Балоты пераважна нізінныя, займаюць каля 7,7% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці гідралагічныя заказнікі рэсп. значэння Заазер’е і Астравы Дулебы, 72 заказнікі мясц. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 33,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзіі-137 больш як 5 Кі/км² займае 11,7% тэр. вобласці. Найб. забруджана радыенуклідамі тэр. Краснапольскага, Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага і Слаўгарадскага р-наў.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,3%), жывуць таксама рускія (11,1%), украінцы (1,9%) і інш. Гарадскога насельніцтва 70,4% (1998). Сярэдняя шчыльн. 42,8 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс. чал., 1998): Магілёў (369), Бабруйск (227), Асіповічы (33,8), Горкі (33,5). Колькасць насельніцтва мае тэндэнцыю да памяншэння (з 1992 смяротнасць насельніцтва перавышае нараджальнасць), павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Слаўгарадскім і Чэрыкаўскім р-нах (найб. пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася на 40—50%.

Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. У ёй занята 29,4% працуючых. За 1991—97 аб’ём прамысл. прадукцыі знізіўся на 25%, вял. спад адбыўся ў чорнай металургіі (на 69%), прам-сці буд. матэрыялаў (на 48%). Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі хім. і нафтахім., маш.-буд., дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харчовай прам-сці. Вядучае месца (1997) належыць хім. і нафтахім. прадукцыі (28,7%), машынабудаванню і металаапрацоўцы (14,0%), лёгкай (10,1%) і харч. прам-сці. У 1996 у М.в. атрымана (у % да рэсп. вытв-сці): шын аўтамаб. і для с.-г. машын — 100, хім. валокнаў і нітак — 55, сінт. смол і пластмас — 40,6, электрарухавікоў пераменнага току — 59,6, магнітафонаў — 77, ліфтаў — 100, драўняна-валакністых пліт — 33,8, фанеры — 22, кардону — 27,6, цэменту — 43, шаўковых тканін — 39, цюлегардзінных вырабаў — 100, гумавага абутку — 48,7, безалкагольных напіткаў — 28, масла жывёльнага — 15,2. Асн. прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Магілёве і Бабруйску; значныя прамысл. цэнтры — Асіповічы, Крычаў, Шклоў, Быхаў, Касцюковічы. Прадпрыемствы хім. прам-сці размешчаны пераважна ў Магілёве (аб’яднанне «Хімвалакно», якое выпускае поліэфірныя і віскозныя валокны і ніткі, прадукцыю аргсінтэзу, розныя тавары нар. ўжытку; рэгенератны з-д, хімкамбінат «Зара» і інш.), Бабруйску (шынны камбінат, вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, гідролізная вытв-сць) і Крычаве (вытв-сць гумавага абутку, гумава-тэхн. вырабаў). Машынабудаванне сканцэнтравана ў Магілёве (аўтамабільны з-д, выпускае самазвалы, падземныя аўтапаязды, скрэперы, бульдозеры, пагрузчыкі і інш.; «Магілёўтрансмаш» па вытв-сці аўтамаб. прычэпаў, гідраўлічных кранаў, рэфрыжэратараў і інш.; ліфтабудаўнічы з-д; аб’яднанне «Тэхнапрылада»; з-ды «Строммашына» і «Электрарухавік» і інш.), у Бабруйску (вытв-сць цэнтрабежных помпаў, вымяральных прылад, машын для ўнясення ўгнаенняў, трактарных дэталей і агрэгатаў і інш.), у Асіповічах (з-д аўтамаб. агрэгатаў). У Магілёве працуе металургічны з-д, які выпускае стальныя і чыгунныя трубы. Самае буйное прадпрыемства дрэваапрацоўкі — фанера-дрэваапр. камбінат у Бабруйску; мэблю робяць у Бабруйску, Магілёве, Быхаве; у Шклове — папяровая ф-ка «Спартак». Прам-сць буд. матэрыялаў прадстаўлена 2 цэментнымі прадпрыемствамі (у Крычаве і Касцюковічах), камбінатамі буд. матэрыялаў, сілікатных вырабаў, з-дамі зборных жалезабетонных вырабаў (пераважна Магілёў і Бабруйск), кардонна-руберойдным (Асіповічы), цагельнымі. Развітая лёгкая прам-сць уключае швейныя, трыкат., абутковыя, маст. вырабаў прадпрыемствы. У Магілёве буйныя прадпрыемствы «Магатэкс» (шаўковыя тканіны і вырабы з іх), «Стужка» (стужкаткацкія і гардзінныя вырабы), ф-ка галаўных убораў, у Бабруйску — гарбарны з-д, футравая, валюшна-лямцавая, люстраная ф-кі. На тэр. вобласці 10 ільнозаводаў. Харч. прам-сць прадстаўлена кандытарскай ф-кай «Чырвоны харчавік», маслабойным з-дам (Бабруйск), мясакамбінатамі (Магілёў, Бабруйск), 20 заводамі па перапрацоўцы малака, кансервава-агароднінасушыльным камбінатам (Быхаў) і інш.

Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве ў спалучэнні з ільнаводствам. Усюды пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур, бульбы. У прыгарадных зонах гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,2% тэрыторыі, ворныя землі — 35,5% (1997). За 1986—91 з сельгасабароту выведзена 47 тыс. га сельгасугоддзяў, забруджаных радыенуклідамі. Акрамя таго, на 1.1.1997 доля забруджаных радыенуклідамі зямель у агульнай плошчы сельгасугоддзяў у грамадскім сектары складае 29,7%. М.в. дае 16,7% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 12,8% бульбы, 7,7% ільновалакна, каля 16% мяса (у жывой вазе), 12,6% малака (1997). За 1991—97 вытв-сць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі знізілася на 27,4%, у т. л. прадукцыі жывёлагадоўлі — на 33,3%, раслінаводства — на 12,7%, у выніку чаго доля жывёлагадоўлі ў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці панізілася і склала 52,3%, а раслінаводства павялічылася да 47,7%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл. табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад ільном-даўгунцом. На 1.1.1998 у М.в. 445 фермерскіх гаспадарак, яны мелі 14,7 тыс. га сельгасугоддзяў, у т. л. 12,1 тыс. га ворнай зямлі. У карыстанні грамадзян (разам з фермерскімі гаспадаркамі) 13,2% сельгасугоддзяў і 14,7% ворнай зямлі. У 1997 у асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарках атрымана 85% бульбы, 82% агародніны, 94% садавіны і ягад. Развіта таксама жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, свінагадоўля, птушкагадоўля. У 1990-я г. пагалоўе жывёлы і птушкі зніжаецца (гл. табл. 2). Характэрна павелічэнне долі асабістых гаспадарак насельніцтва (разам з фермерскімі) у вытв-сці мяса (з 12,8% у 1990 да 24,7% у 1997) і малака (з 21,5% да 35,7%).

Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 818 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін, Жлобін—Бабруйск—Мінск, Орша—Крычаў—Унеча, Крычаў—Магілёў—Асіповічы, якія звязваюць вобласць з Расіяй, Украінай, інш. абласцямі рэспублікі. Найважн. чыг. вузлы: Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Крычаў. На долю чыг. транспарту прыпадае 93% грузаабароту (1997). Працягласць аўтамабільных шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 8,02 тыс. км (1997). Асн. магістралі Санкт-Пецярбург—Магілёў—Кіеў, Рослаўль—Бабруйск—Брэст, Магілёў—Беразіно—Мінск, Магілёў—Бабруйск—Мінск. Суднаходства па Дняпры, Бярэзіне, Сажы (грузаабарот рачнога транспарту складае 0,1% ад агульнага грузаабароту, 1997). Па тэр. вобласці праходзіць нафтаправод Унеча—Полацк.

Л.​В.​Казлоўская.

Табліца 1
Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс. га) Гады
1990 1997
Уся пасяўная плошча 1008,7 1023,0
Збожжавыя і зернебабовыя 415,9 422,3
Тэхнічныя культуры 24,2 8,6
    у т. л. лён-даўгунец 19,0 6,3
    рапс 5,2 1,6
Бульба 88,3 87,7
Агародніна 5,0 10,8
Кармавыя культуры 459,2 457,2
Табліца 2
Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках
Пагалоўе (тыс. галоў) Гады
1991 1998
Буйная рагатая жывёла 955,5 631,8
    у т. л. каровы 306,9 250,0
Свінні 664,5 438,1
Авечкі і козы 36,4 20,9
Птушка 6252,7 4956,3

т. 9, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)