КРАЯВЫ́ САКРАТАРЫЯ́Т ЦК КПЗБ,
цэнтральны кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1924—37 (у 2-й пал. 1920-х г. называўся Краявое бюро ЦК КПЗБ). Працаваў у падполлі. Фактычна быў часткай Цэнтральнага Камітэта КПЗБ з 3—4 яго членаў, якія пастаянна знаходзіліся на нелегальнай рабоце ў Вільні, з канца 1920-х г. — у Варшаве. У склад сакратарыята зрэдку ўваходзілі кандыдаты ў чл. ЦК КПЗБ. Працаваў пад кіраўніцтвам Бюро ЦК КПЗБ, агульнае паліт. кіраўніцтва яго дзейнасцю ажыццяўляў Краявы сакратарыят ЦК КПП (знаходзіўся ў Варшаве). Кіраваў Цэнтр. краявой рэдакцыяй, Цэнтр. тэхнікай (падп. друкарні, распаўсюджванне л-ры), акр. к-тамі КПЗБ, ЦК КСМЗБ, ЦК МОПР Зах. Беларусі, некаторымі цэнтрамі бел. нац.-вызв. руху і іх легальнымі выданнямі, вёў парт. касу; падтрымліваў канспіратыўную сувязь з Прадстаўніцтвам ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у Мінску. У розны час К.с. ЦК КПЗБ узначальвалі члены Бюро ЦК А.А.Альшэўскі, Л.Н.Аранштам, М.С.Арэхва, І.К.Лагіновіч (П.Корчык), С.Т.Мілер, Л.М.Янкоўская; у яго склад уваходзілі члены Бюро і канд. ў чл. ЦК КПЗБ Я.С.Бабровіч, Р.Д.Вольф, М.І.Гурын-Маразоўскі, Г.М.Дуа, А.У.Канчэўскі, С.М.Малько, М.Л.Перавалоцкі, Ф.Б.Пірышка, А.Х.Раф, Л.І.Родзевіч, А.М.Розенштайн і інш.
У.Ф.Ладысеў.
т. 8, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ШКАЎЦЫ, евангельскія хрысціяне святыя сіяністы,
рэлігійная секта. Узнікла ў канцы 1920-х г. у Зах. Беларусі. Назва ад імя заснавальніка Івана Мурашкі, які абвясціў сябе прарокам ад бога і стаў прапаведаваць канец свету і страшны суд. Члены секты павінны былі выконваць запаведзі Майсея, святкаваць суботу і нядзелю, не спажываць мяса, не галіць бараду, не чытаць свецкую л-ру, не мець зносін з іншаверцамі. У 1936 Мурашка заснаваў каля г. Сарны Валынскага ваяв. рэліг. камуну «Новы Іерусалім». У 2-й пал. 1930-х г. М. было каля 800—1000 чал. У 1938, забраўшы касу, Мурашка з жонкай уцёк у Аргенціну. Пасля Вял. Айч. вайны найб. актыўныя «апосталы» секты стварылі новыя «сіёны» ў Антопальскім, Высокаўскім, Іванаўскім, Кобрынскім р-нах. У 1951 секта перайменавана ў царкву св. Тройцы, аднак ніколі не рэгістравалася. Да 1953 усе «сіёны» разагнаны, многія члены секты арыштаваны і асуджаны. Вернікі раз’ехаліся па Малдавіі, Грузіі, Казахстане, Краснадарскім краі. У Беларусі засталіся адзінкі М., якія не маюць сваёй арг-цыі, але выконваюць веравучэнне і абрады секты, часам наведваюць малітоўныя сходы пяцідзесятнікаў і адвентыстаў, радзей баптыстаў.
Літ.:
Камейша Б.И. Кто такие мурашковцы. Мн., 1970.
Б.І.Камейша.
т. 11, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО ВАН КІЕ́Т (н. 23.11.1922),
палітычны і дзярж. дзеяч В’етнама. Чл. Камуніст. партыі В’етнама (КПВ) з 1930-х г. Удзельнік нац.-вызв. руху. У 1976—78 старшыня Нар. к-та г. Хашымін, пазней сакратар Хашымінскага гаркома КПВ. У 1982—88 нам. старшыні СМ і старшыня Дзяржплана краіны. У сак.—чэрв. 1988 выконваў абавязкі старшыні СМ. Старшыня СМ з 1991. З 1976 чл. ЦК, канд. у члены Палітбюро ЦК, з 1982 чл. Палітбюро ЦК КПВ. Дэп. Нац. сходу краіны.
т. 4, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГІЛЬДЗЕ́ЙСКІ САЦЫЯЛІЗМ»,
гільдэізм, рэфармісцкая плынь у Вялікабрытаніі ў пач. 20 ст. Заснавальнікі — члены «Фабіянскага таварыства» (Дж.Коўл і інш.), якія стварылі ў 1914 Нац. гільдзейскую лігу і распрацавалі праграму «Гільдзейскага сацыялізму» (спалучала традыц. палажэнні фабіянскага рэфармізму з ідэямі анарха-сіндыкалізму). Тэарэтыкі «Гільдзейскага сацыялізму» ўяўлялі пераход ад капіталізму да сацыялізму ў выглядзе паступовага працэсу выцяснення капіталіст. манаполій шляхам перадачы нацыяналізаваных прадпрыемстваў нац. гільдыям — аб’яднанням працоўных пэўнай галіны. У 1920-я г. «Гільдзейскі сацыялізм» сышоў з паліт. арэны.
т. 5, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́СІЯ ЕЎРАПЕ́ЙСКІХ СУПО́ЛЬНАСЦЕЙ (Commission of the European Communities; CEC),
выканаўчы орган Еўрапейскіх супольнасцей. Створана паводле Брусельскага дагавора (падпісаны 8.4.1965). Дзейнічае з 1.7.1967. Выпрацоўвае праекты рашэнняў Еўрап. савета, кантралюе выкананне дагавораў аб стварэнні Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі, Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі і пастаноў Еўрап. савета, прымае рашэнні па пытаннях, прадугледжаных дагаворамі і інш. Члены камісіі прызначаюцца ўрадамі дзяржаў-членаў і могуць быць адхілены ад выканання сваіх функцый толькі рашэннем асобага суда. Месцазнаходжанне — г. Брусель.
т. 7, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСАЦЫ́ЙНЫ ТРЫБУНА́Л пры ЦВК БССР,
орган нагляду за дзейнасцю Рэв. трыбунала рэспублікі ў 1921—22. Разглядаў у касацыйным парадку скаргі і пратэсты на прыгаворы трыбунала па справах аб контррэвалюцыйных і інш. небяспечных злачынствах. У склад К.т. ўваходзілі старшыня (звычайна нар. камісар юстыцыі рэспублікі) і 2 члены — заг. суд. аддзела Наркамюста і адзін з членаў Рэв. трыбунала (які не прымаў удзел у разглядзе справы па 1-й інстанцыі). Скасаваны 1.9.1922, яго функцыі перададзены Вышэйшаму касацыйнаму суду.
Г.А.Маслыка.
т. 8, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ФІЛАСО́ФСКІХ ТАВАРЫ́СТВАЎ,
(МФФТ), арганізацыя, якая аб’ядноўвае філасофскія таварыствы і інстытуты. Створана ў 1948. Найвышэйшы кіруючы орган — генеральная асамблея і выбраны ёю камітэт. Штаб-кватэра ў Парыжы. Дзейнасць МФФТ звязана з распрацоўкай філас. вучэнняў і арганізацыяй даследаванняў. Садзейнічае ўзаемаабмену ідэй і поглядаў, развіццю творчых сувязей паміж філосафамі розных краін у духу гуманізму і ўзаемнай павагі, пашырэнню кантактаў паміж ін-тамі, т-вамі і перыядычнымі выданнямі па праблемах філасофіі. У міжнар. філас. кангрэсах прымаюць удзел члены Беларускага філасофскага таварыства.
т. 10, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІЯ́ЦКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́ (Asian Development Bank; АзБР),
рэгіянальны міжнар. банк для фінансавання праграм развіцця. Створаны ў 1966. Члены больш як 40 краін Азіі, Еўропы, Акіяніі, у т. л. 14 развітых краін, якія не ўваходзяць у гэты рэгіён (ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Канада і інш.). Штаб-кватэра ў Маніле (Філіпіны). Афіц. мэты: спрыяць развіццю эканомікі і знешняга гандлю краін Азіі, што сталі на шлях незалежнага развіцця; стымуляваць рэгіянальнае супрацоўніцтва, аказваць тэхн. дапамогу і дапамогу ў каардынацыі іх эканам. палітыкі. Вышэйшы орган — савет кіраўнікоў.
т. 1, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЕ КАСМІ́ЧНАЕ АГЕ́НЦТВА (European Space Agency; ЕКА),
міжнародная арганізацыя, якая аб’ядноўвае 13 дзяржаў Еўропы (Францыя, Германія, Італія, Бельгія, Вялікабрытанія і інш.). Створана ў 1975 з мэтаю развіцця даследаванняў касм. прасторы і выкарыстання на камерцыйнай аснове спадарожнікавых сродкаў для сувязі, тэлебачання, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, навігацыі. метэаралогіі і інш. Мае сетку станцый сачэння за палётамі касм. апаратаў з цэнтрам кіравання ў г. Дармштат (Германія). Краіны — члены Е.к.а. маюць свае касм. агенцтвы для вырашэння задач па даследаванні і выкарыстанні касм. прасторы ў нац. мэтах.
т. 6, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́КАВЫ ШЭ́РАГ,
выраз
, члены якога a1, a2, ..., an, ... з’яўляюцца лікамі.
Калі сума першых n членаў Л.ш. (частковая сума) пры неабмежаваным павелічэнні n імкнецца да пэўнай мяжы S, то гэты лік S наз. сумай шэрагу, а сам Л.ш. — збежным; калі частковая сума не мае канечнага ліміту, то шэраг наз. разбежным. Высвятленне ўмоў збежнасці Л.ш. неабходнае для выканання матэм. аперацый над імі, вывучаецца ў тэорыі шэрагаў. Найпрасцейшыя Л ш. — арыфметычная прагрэсія і геаметрычная прагрэсія.
т. 9, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)