крываўка, эпідэмічная хвароба з групы кішачных. Узбуджальнік Д. ў чалавека — дызентэрыйныя бактэрыі (самы пашыраны від Флекснера і Зоне). Крыніца інфекцыі — хворыя на Д. і бактэрыяносьбіты. Пашырэнню Д. спрыяюць мухі, парушэнне асабістай гігіены і сан. стану ўстаноў водазабеспячэння і харч. прадпрыемстваў. З харч. прадуктамі і вадой бактэрыі трапляюць у страўнікава-кішачны тракт і выклікаюць спецыфічнае запаленне язваў на слізістай абалонцы тоўстага кішэчніка.
Інкубацыйны перыяд 2—3, часцей 3—7 дзён. Вострая Д. пачынаецца з павышэння т-ры (37—38 °C), агульнай млявасці, дрэннага апетыту, схваткападобнага болю ў ніжняй ч. жывата, вадкага (з крывёю і сліззю) і частага (5—10 разоў у суткі) надворку. У апошні час амаль у 80% хворых Д. бывае са слабымі клінічнымі прыкметамі. Цяжкая форма вострай Д.: высокая ліхаманка, ці гіпатэрмія, часты (30—40 разоў у суткі) надворак і інш. — трапляецца рэдка. Хранічная Д. перыядычна абвастраецца. Лячэнне: шпіталізацыя, лячэбнае харчаванне, антыбіётыкі, аральная дэгідратацыя салявымі растворамі.
Сярод с.-т. жывёл на Д. хварэюць ягняты і парасяты. Заражэнне адбываецца праз корм, пітную ваду і подсціл, забруджаныя выдзяленнямі хворых жывёл і бактэрыяносьбітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЮЦЫНА́ЦЫІ (ад лац. hallucinatio трызненне, прывід),
стан уяўнага (несапраўднага) успрымання чалавекам чаго-небудзь як рэальна існуючага ў навакольным асяроддзі без уздзеяння знешніх раздражняльнікаў. Паводле І.П.Паўлава, у аснове галюцынацый ляжаць парушэнні функцый кары галаўнога мозга. Найчасцей галюцынацыі ўзнікаюць пры псіхічных захворваннях.
Адрозніваюць галюцынацыі: зрокавыя, слыхавыя, нюхальныя, тактыльныя і інш.; простыя (успышкі святла, шоргат, стук) і складаныя (вобразы людзей, гаворка); сапраўдныя галюцынацыі і псеўдагалюцынацыі (менш выразныя і ў меншай ступені звязаныя з пачуццём рэальнасці; адсутнічаюць у дзіцячым узросце). Да галюцынацый не адносяць ілюзіі. Зрокавыя галюцынацыі характэрныя для псіхозаў інфекц. і інтаксікацыйнага паходжання. Пры белай гарачцы, напр., хворыя бачаць дробных жывёл (мышэй, змей), адчуваюць поўзанне па скуры насякомых, уяўную прысутнасць пачвар, страшыдлаў, забойцаў. Слыхавыя галюцынацыі больш частыя пры шызафрэніі. Нярэдка яны тояць сац. небяспеку, таму што могуць мець імператыўны (загадвальны) змест і накіроўваць хворага на агрэсіўныя дзеянні. У хранічных алкаголікаў слыхавыя галюцынацыі часцей «каментарныя» («галасы» абмяркоўваюць стан ці дзеянні хворага). Нюхальныя і тактыльныя галюцынацыі ўвасабляюцца ў адчуванні несапраўдных пахаў (напр., гнілі, парфумы, газы і г.д.) і дотыкаў да скуры (насякомых, вільгаці, паветраных патокаў і інш.). Шэраг рэчываў (галюцынагены) здольныя выклікаць галюцынацыі штучна, што ўласціва наркаманіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕПАТЫ́Т ІНФЕКЦЫ́ЙНЫ, Боткіна хвароба,
вострая інфекц. хвароба чалавека з пераважным пашкоджаннем печані. Узбуджальнікі гепатыту інфекцыйнага — РНК-змяшчальныя вірусы A, C, E, D (дэльта-агент, які складаецца з антыгену і малекулы РНК) і ДНК-змяшчальны вірус B (часціца Дэйна). Адрозніваюць гепатыт інфекцыйны — A і E, якім характэрны фекальна-аральны механізм перадачы (харч. прадукты, вада, быт. кантакты), і парэнтэральныя (сываратачныя) гепатыт інфекцыйны — B, C і D, што перадаюцца пры пераліваннях крыві ці сывараткі. Крыніца інфекцыі — хворыя на гепатыт і вірусаносьбіты.
У арганізме чалавека вірусы пранікаюць ў лімфатычныя вузлы, потым у кроў з наступнай генералізацыяй інфекцыі (першасная вірусемія) і інтэнсіўным размнажэннем іх у печані («гепатагенная фаза»). З печані вірусы трапляюць у кроў, што значна павялічвае аб’ёмы вірусеміі (другасная стадыя) і абумоўлівае хвалепадобнае цячэнне, абвастрэнні і рэцыдывы хваробы. Інкубацыйны перыяд пры гепатыце інфекцыйным — 20—45, пры парэнтэральным — 60—160 сутак. У пераджаўтушны перыяд (1—2 тыдні) пры гепатыце інфекцыйным назіраецца страта апетыту, ірвота, адчуванне цяжару ў падмышачнай вобласці, пры парэнтэральным — болі ў суставах і мышцах. Іншы раз гепатыт інфекцыйны пачынаецца з жаўтухі, якая напачатку ахоплівае склеры, паднябенне, потым скуру. Прыкметы хваробы: павялічаная печань, магчымы сверб скуры, парушэнне сну, галаўныя болі, мача цёмная, кал ахалічны. Жаўтушны перыяд цягнецца 2—4 тыдні. Лячэнне: спец. рэжым і харчаванне, вітаміны, кіслародатэрапія і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́РУСНЫЯ ХВАРО́БЫ,
хваробы раслін, жывёл і чалавека, узбуджальнікамі якіх з’яўляюцца вірусы. Падзяляюцца на групы: пухліны і інфекцыі. У чалавека выклікаюцца вірусамі РНК- і ДНК-геномных тыпаў. Крыніца заражэння — хворыя і вірусаносьбіты; шляхі — паветрана-кропельны (узбуджальнікі вострых рэспіратарных захворванняў, адру і інш.), аліментарны (узбуджальнікі кішэчных інфекцый і інш.), трансмісіўны (узбуджальнікі крывяных інфекцый і інш.), праз скуру (вірусы шаленства, воспы натуральнай, папіломы і інш.), палавы (вірус герпесу, узбуджальнік СНІДу і інш.), парэнтэральны (узбуджальнік гепатыту B), трансплацэнтарны (унутрывантробны, выклікае цяжкія захворванні нованароджаных) і інш. Патагеннае дзеянне вірусаў абумоўлена ў першую чаргу пашкоджаннем клетак, у якіх яны размнажаюцца. Часткова яно можа быць звязана з гібеллю клетак пад уплывам антывірусных антыцел і сенсібілізаваных Т-лімфацытаў, а таксама з цытатаксічным уплывам вірыёнаў на клеткі органаў, у якіх вірус не размнажаецца. Вірусныя хваробы класіфікуюць паводле цяжкасці хваробы, віду ўзбуджальніка, механізма перадачы, крыніцы інфекцыі, месца заражэння і інш. Адрозніваюць прыроднаачаговыя і антрапагенныя заанозы, паза- і ўнутрыбальнічныя антрапанозы. Да вірусных хвароб адносяцца: поліяміэліт, герпес, грып, воспа, адзёр, энцэфаліты, ліхаманкі, гепатыт інфекцыйны, краснуха, шаленства і інш. У большасці выпадкаў пасля іх застаецца працяглы імунітэт. Лячэнне: процівірусныя хім. прэпараты, інтэрфероны, імунапрэпараты, патагенетычныя і сімптаматычныя сродкі. У жывёл вірусныя хваробы выклікаюцца агульнымі з чалавекам або патагеннымі толькі для іх заавірусамі. Адрозненні ў этыялогіі, патагенезе, клінічных праяўленнях, фарміраванні імунітэту, метадах дыягностыкі і лячэння ў параўнанні з віруснымі хваробамі чалавека нязначныя. Для свойскай жывёлы асабліва небяспечныя яшчур, шаленства, чума, воспа, грып і інш.У раслін — гл.Вірусныя хваробы раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРУЧЭ́ННЕ,
захворванне, абумоўленае паступленнем у арганізм таксічных рэчываў (ядаў), якія парушаюць яго фізіялагічныя функцыі і ствараюць небяспеку для жыцця. Атрутным дзеяннем валодаюць многія хім. рэчывы сінт. і прыроднага паходжання (напр., пестыцыды, прамысл. яды, таксіны мікраарганізмаў, атрутныя рэчывы ядавітых раслін і жывёл). Трапляюць яды ў арганізм праз рот, дыхальныя шляхі, скуру, пры ўкусах змей ці членістаногіх (восы, пчолы, шэршні, скарпіёны, ядавітыя павукі і інш.), пры падскурных і ўнутрымышачных ін’екцыях. Адрозніваюць атручэнні бытавыя (напр., рэчывамі быт. хіміі, харчовыя, алкагольныя, чадным газам і інш.), прафесійныя (пры парушэнні правілаў гігіены і тэхнікі бяспекі), медыкаментозныя (ад перадазіроўкі лякарстваў). У асобную групу вылучаюць кармавыя атручэнні жывёл, што ўзнікаюць ад корму, забруджанага ядахімікатамі (пестыцыдамі, гербіцыдамі, фунгіцыдамі), плесневымі і інш. грыбкамі (напр., спарыннёй), травяной тлёй, вусенямі капусніцы, ядавітымі раслінамі (цыкутай, дурнап’янам, белакрыльнікам, казяльцом і інш.).
Вострыя атручэнні ўзнікаюць адразу або неўзабаве пасля паступлення вял. дозы яду ў арганізм, хранічныя — пры працяглым яго ўздзеянні ў невял. дозах. Клінічныя прыкметы атручэння залежаць ад прыроды і колькасці яду, што трапіў у арганізм, выбіральнасці яго ўплыву на дзейнасць органаў і тканак, адчувальнасці арганізма і стану здароўя. Могуць пераважаць пашкоджанні нервовай (сутаргі, галюцынацыі, псіхозы), сардэчна-сасудзістай (пачашчэнне пульсу, сінюшнасць, падзенне ціску), дыхальнай сістэм, печані і нырак. Горш пераносяць атручэнне дзеці, цяжарныя жанчыны, старыя і хворыя людзі. Лячэнне атручэння павінна пачынацца неадкладна. Меры першай дапамогі пры атручэнні: штучна выклікаць ірвоту, многа піць вады, малака, слабы раствор марганцоўкі, суспензіі актываванага вугалю; пры неабходнасці робяць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца; пры газавых атручэннях пацярпелага выносяць на свежае паветра. У бальнічных умовах выкарыстоўваюць антыдоты (проціяддзі), пры неабходнасці робяць гемадыяліз, гемасорбцыю, заменнае пераліванне крыві
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАК РАСЛІ́Н,
група хвароб, якія характарызуюцца празмерным, няправільным разрастаннем асобных частак раслін, што прыводзіць да ўтварэння пухлін і нарастаў. Узбуджальнікі—грыбы, бактэрыі, вірусы. Пашыраны паўсюдна; на Беларусі найб. шкодныя: чорны рак пладовых дрэў, рак бульбы, канюшыны, бактэрыяльны рак памідораў і інш.
Чорны рак пладовых дрэў (узбуджальнік—грыб з роду сферопсіс), пашкоджвае лісце, кветкі, плады, ствалы яблыні і грушы. На кары паяўляюцца бура-фіялетавыя ўціснутыя плямы. Кара чарнее, растрэскваецца, ападае. Хворыя тканкі разрастаюцца, акальцоўваюць галіны, ствалы, якія ў выніку гінуць. Рак бульбы (узбуджальнік—грыб з роду сінхітрыум), каранцінная хвароба. Пашкоджвае таксама памідоры і інш. паслёнавыя. На клубнях, сталонах, сцёблах, радзей на лісці ўтвараюцца нарасці, спачатку белыя, потым цёмна-бурыя. Пашкоджаныя клубні загніваюць. Рак канюшыны (узбуджальнік—грыб з роду склерацынія) праяўляецца ўвосень у выглядзе павуціністага налёту на лісці. Вясною загнівае каранёвая шыйка — расліна лёгка адрываецца ад каранёў. Пры бактэрыяльным раку памідораў (узбуджальнік — бактэрыя з роду корынебактэрый) на сцёблах, галінах утвараюцца язвы, на пладах — дробныя плямы («птушыныя вочы»), расліна засыхае. Ступеньчаты рак лісцевых дрэў (узбуджальнік — грыб з роду нектрыя) часцей пашкоджвае клён, граб, ясень, яблыню. На ствалах і галінах дрэў адміраюць кара і камбій, фарміруецца адкрытая рана (язва), якая з кожным годам павялічваецца і набывае шматступеньчатую форму. Паступова язва акальцоўвае ствол, і дрэва адмірае. Смаляны рак (узбуджальнік — некат. ржаўныя грыбы) найб. часта пашкоджвае хвойныя дрэвы ў зрэджаных насаджэннях. Адміраюць камбій і драўніна, кара трэскаецца і ападае. У межах пашкоджвання выцякае смала, утвараючы на ствале жаўлакі і падцёкі. Дрэва адмірае ці становіцца сухаверхім.
Л.М.Прыступук.
Рак раслін: 1 — чорны рак яблыні (пашкоджаныя ліст, завязь і галіна); 2 — рак бульбы; 3 — рак канюшыны (пашкоджаныя расліна і сцёблы); 4 — ступеньчаты рак дрэў; 5 — смаляны рак хвоі (крона пашкоджанага дрэва і частка ствала).