ГА́БАР ((Gabor) Дэніс) (5.6.1900, Будапешт — 9.2.1979),

англійскі фізік, заснавальнік галаграфіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1956), Венгерскай АН (1964), Нац. АН ЗША (1973). Вучыўся ў Тэхн. ун-це ў Будапешце (1918—20). У 1927—33 працаваў у Германіі, з 1949 у Лонданскім ун-це (з 1958 праф.), з 1967 — у ЗША. Навук. працы па электроннай оптыцы, фізіцы плазмы, тэхніцы сувязі. Стварыў агульную тэорыю галаграфіі, атрымаў першыя галаграмы. Нобелеўская прэмія 1971.

Д.Габар.

т. 4, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬСАН, Уілсан (Wilson) Кенет Гедэс (н. 8.6.1936, г. Уолтэм, ЗША), амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нацыянальнай АН. Скончыў Гарвардскі ун-т (1956), дзе працаваў у 1959—62. З 1963 у Корнелскім ун-це (з 1971 праф.). Навук. працы па квантавай тэорыі поля, тэорыі элементарных часціц і стат. фізіцы. Прапанаваў тэорыю фазавых пераходаў другога роду (тэорыя Вільсана), у якой даў дакладнае тлумачэнне тэмпературнай залежнасці цеплаёмістасці пры малых тэмпературах. Нобелеўская прэмія 1982.

К.Г.Вільсан.

т. 4, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬТА ((Volta) Алесандра) (18.2.1745, г. Кома, Італія — 5.3.1827),

італьянскі фізік, хімік і фізіёлаг. Вучыўся ў школе езуітаў. Працаваў ва ун-тах Павіі (1779—1815) і Падуі (1815—19). Вынайшаў (1799) т.зв. вольтаў слуп — першую крыніцу пастаяннага эл. току. Адкрыў кантактную рознасць патэнцыялаў. Сканструяваў шэраг эл. прыбораў (кандэнсатар, электраскоп, электрометр і інш.). Выявіў і даследаваў уздзеянне электрычнасці на жывыя тканкі жывёл і чалавека. Яго імем названа адзінка эл. напружання — вольт.

А.Вольта.

т. 4, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГСТРЭМ ((Ångström) Андэрс Іонас) (13.8.1814, г. Лёгдзё, Швецыя — 21.6.1874),

шведскі фізік, адзін з заснавальнікаў спектральнага аналізу. Скончыў Упсальскі ун-т (1839), дзе працаваў (з 1858 праф., у 1870—71 рэктар). Навук. працы Ангстрэма па спектральным аналізе, магнетызме, цеплавых з’явах і ўласцівасцях металаў. Вызначыў з вял. дакладнасцю даўжыні хваляў і склаў першы падрабязны атлас спектральных ліній сонечнага спектра. Адкрыў вадарод у сонечнай атмасферы. Імем Ангстрэма наз. адзінка даўжыні, роўная 10​−10м.

т. 1, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Леў Мікалаевіч) (н. 2.1.1940, Варонеж),

бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1987), праф. (1989). Скончыў БДУ (1961). З 1965 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Навук. працы па фіз. электроніцы, лазернай фізіцы і лазерным прыладабудаванні. Правёў даследаванні механізмаў і цеплавых рэжымаў генерацыі розных тыпаў лазераў, эфекту палярызацыйна-частотнай неўзаемнасці ў кальцавых лазерах.

Тв.:

Тепловые эфекты в газовых лазерах. Т. 1. Активные среды газоразрядных лазеров. Мн., 1992.

т. 1, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІО́ ((Biot) Жан Батыст) (21.4.1774, Парыж — 3.2.1862),

французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1803), Лонданскага каралеўскага т-ва (1815), Пецярбургскай АН (1819). Скончыў політэхн. школу ў Парыжы (1797). Праф. з 1800 Калеж дэ Франс, у 1808—49 Парыжскага ун-та. Навук. працы па электрамагнетызме, оптыцы і акустыцы. Адкрыў (1815) закон вярчэння плоскасці палярызацыі (закон Біо), разам з Ф.​Саварам вызначыў індукцыю магн. поля, створанага эл. токам (гл. Біо-Савара закон).

т. 3, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЬЁМ, Гіём (Guillaume) Шарль Эдуар (15.2.1861, г. Флёр’е, Швейцарыя — 13.6.1938), швейцарскі фізік і метролаг. Скончыў Цюрыхскі ун-т (1833). Працаваў у Міжнар. бюро мер і вагі ў г. Сеўр (з 1905 дырэктар). Навук. працы па метралогіі. Даў новае вызначэнне літра, даследаваў прычыны памылак ртутных тэрмометраў і прапанаваў папраўкі да іх (1889). Стварыў новыя сплавы інвар, элінвар і інш., якія выкарыстоўваюцца ў высокадакладных інструментах і метралагічных стандартах (1899). Нобелеўская прэмія 1920.

т. 5, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫМА́ЛЬДЗІ ((Grimaldi) Франчэска Марыя) (2.4.1618, г. Балоння, Італія — 28.12.1663),

італьянскі фізік і астраном. У 1647 атрымаў ступень д-ра і выкладаў філасофію і матэматыку ў Балонскай езуіцкай калегіі. Адкрыў дыфракцыю святла. Сумесна з Дж.​Б.​Рычолі склаў карту Месяца і ўвёў назвы месяцавых утварэнняў. Асн. вынікі яго навук. даследаванняў апублікаваны ў яго творы «Фізічная навука аб святле, колерах і вясёлцы» (1665).

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТО́Н ((Cotton) Эжэні) (13.10.1881, г. Субіз, Францыя — 16.6.1967),

дзяячка франц. і міжнар. жаночага руху, вучоны-фізік. Д-р фіз. н. (1925). Скончыла жаночы Пед. ін-т у г. Сеўр (1904), выкладчыца, у 1936—41 дырэктар, з 1945 ганаровы дырэктар гэтага ін-та. Удзельніца франц. Руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну (1940—44). З 1945 старшыня Міжнар. дэмакр. федэрацыі жанчын. З 1950 віцэ-старшыня, з 1959 чл. Прэзідыума Сусв. Савета Міру.

т. 8, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБУ́ДА (Антон Антонавіч) (н. 9.4.1923, в. Бакуны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1989), праф. (1992). Засл. работнік нар. адукацыі (1992). Скончыў БДУ (1954), дзе працуе з 1957. Навук. працы па дыягностыцы нізкатэмпературнай плазмы і яе выкарыстанні ў электроніцы і мікраэлектроніцы, па метадах кантролю і аўтам. кіравання ў плазменнай тэхналогіі.

Тв.:

Радиофизика и электроника: Сб. науч. тр. Вып. 2. Мн., 1996 (у сааўт.).

т. 9, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)