паўночны марскі шлях паміж Атлантычным і Ціхім ак. праз моры і пралівы Канадскага Арктычнага архіпелага. Упершыню пройдзены з У на З у 1903—06 нарв. экспедыцыяй Р.Амундсена на судне «Іоа» (з 3 зімоўкамі), у 1944 — за адну навігацыю Г.Ларсенам на тым жа судне. Большую ч. года ўкрыты лёдам. У адрозненне ад Паўн.-Усх. праходу (гл.Паўночны марскі шлях) малаасвоены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІФО́Н,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі народжаны багіняй падземнага царства Геяй пачварны дракон, які ахоўваў каля г.Дэльфы аракул Геі. Апалон забіў П. стралой (адсюль Апалон Піфійскі) і заснаваў на тым месцы свой аракул (Піфійскі, або Дэльфійскі аракул), дзе ад яго імя прадказвала Піфія. З нагоды перамогі над П. Апалон, паводле міфа, заснаваў Піфійскія гульні. Ад імя П. паходзіць другая назва г. Дэльфы — Піфо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́НКІНА ЦЫКЛ,
абарачальны кругавы працэс, у якім цеплавая энергія пераўтвараецца ў работу (ці наадварот); ідэальны рабочы цыкл цеплавога рухавіка. Складаецца з паслядоўна чаргавальных двух ізабарных і двух адыябатных працэсаў. Ад Карно цыкла адрозніваецца тым, што падвод цеплаты да рабочага цела ажыццяўляецца пры пастаянным ціску і павышэнні т-ры. Распрацаваны У.Дж.М.Ранкіным (разам з Р.Клаўзіусам) як тэарэт. цыкл паравога рухавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФІ́ЗМ (грэч. sophisma выдумка, галаваломка),
лагічна няправільнае, уяўнае меркаванне (вывад, доказ), якое выдаецца за правільнае. Звычайна абгрунтоўвае заведама абсурднае ці парадаксальнае сцвярджэнне, якое супярэчыць агульнапрынятым уяўленням. Грунтуецца на наўмысных лагічных памылках (падмена тэзіса доказу, парушэнне правіл лагічнага вываду, прыняцце несапраўдных пасылак), мнагазначнасці слоў, аманіміі і інш. Класічным узорам С. з’яўляецца сцвярджэнне: «Тое, што ты не страціў, ты маеш; ты не страціў рогі, значыць, ты іх маеш». Шматлікія ўзоры С. прыводзіў у сваіх дыялогах Платон («Эўтыдэм» і інш). Лагічны аналіз С. і іх класіфікацыю зрабіў Арыстоцель у працы «Аб сафістычных абвяржэннях». Сенека параўноўваў выкарыстанне С. з мастацтвам фокуснікаў. Г.Гегель лічыў, што С. не толькі выконвае функцыю ўвядзення ў зман, але і з’яўляецца своеасаблівай формай усведамлення праблемнай сітуацыі. Адрозніваюць 3 асн. віды С.: «пачацвярэнне тэрміна» — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла простага катэгарычнага сілагізму аб тым, што ў сілагізме выкарыстоўваюцца толькі 3 тэрміны; меркаванне будуецца з выкарыстаннем падобных, але не тоесных паняццяў (напр., «Злодзей не жадае набыць нічога кепскага; набыццё добрага ёсць справа добрая; значыць, злодзей жадае добрага»); С. недазволенага працэсу — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла аб тым, што тэрміны, не ўзятыя ў пасылках ва ўсім аб’ёме, не могуць быць узяты ва ўсім аб’ёме і ў заключэнні (напр., «Усе ўважлівыя добра засвойваюць урокі; некат. вучні ўважлівыя; усе вучні добра засвойваюць урокі»); С. зборнага сярэдняга тэрміна — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла аб тым, што сярэдні тэрмін (агульны для абедзвюх пасылак) павінен быць узяты ва ўсім аб’ёме хаця б у адной з пасылак (напр., «Некат. людзі ўмеюць іграць на скрыпцы; усе дыпламаты — людзі; усе дыпламаты ўмеюць іграць на скрыпцы»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАНЕ́ЎСКІ (Даманоўскі) Язэп
(2-я пал. 16 ст. — 1-я пал. 17 ст.),
бел. мысліцель і гуманіст, паэт эпохі позняга Адраджэння і барока. Сын Ф.Даманеўскага. З пазіцый сацыніянства (гл.Сацыніяне) удзельнічаў у 1594 у Навагрудку ў дыспуце з філосафам-схаластам М.Сміглецкім пра спрадвечнасць Хрыста. У канцы 1590-х г. схіляўся да атэізму, адмаўляў бессмяротнасць душы, існаванне замагільнага свету, за што быў выключаны з сацыніянскай абшчыны. Займаўся паэт. творчасцю, пісаў на польск. і лац. мовах. Свае філас.-этычныя погляды адлюстраваў у вершаваных творах «Жыццё сельскае і гарадское», «Перасцярога і заахвочванне тым, хто многа гаворыць і думае, але нічога не робіць», «Суцяшэнне тым, каму мужы перашкаджаюць паводзіць сябе з годнасцю», «Некаторыя эмблемы», «Афарызмы Саламона ў паэтычным выкладанні» і інш. (1620—23). Апяваў працавітасць, памяркоўнасць, сумленнасць, імкненне да ведаў, чалавечы розум. Ідэалізаваў вясковае жыццё як увасабленне «натуральнага стану» чалавека. Каларытна апісаў жыццё бел. горада пач. 17 ст.
Літ.:
Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕЛІЧЭ́ННЕ АПТЫ́ЧНАЕ,
адносіны лінейных ці вуглавых памераў відарыса аптычнага, атрыманага з дапамогай аптычнай сістэмы, да адпаведных памераў аб’екта.
Для восесіметрычных аптычных сістэм адрозніваюць лінейнае, вуглавое і падоўжнае П.а. Лінейнае (папярочнае) П.а. — адносіны даўжыні відарыса адрэзка, перпендыкулярнага аптычнай восі сістэмы, да даўжыні гэтага адрэзка. Для рэальных сістэм лінейнае П.а. для спалучальных паверхняў рознае ў розных пунктах поля зроку, што вядзе да парушэнняў геам. падобнасці паміж аб’ектам і яго відарысам (гл.Дысторсія). Вуглавое П.а. — адносіны тангенса вугла нахілу праменя да аптычнай восі ў прасторы відарысаў да тангенса вугла нахілу спалучанага яму праменя ў прасторы аб’ектаў. Падоўжнае П.а. — адносіны даўжыні адрэзка, адкладзенага ўздоўж аптычнай восі ў прасторы відарысаў, да даўжыні спалучальнага яму адрэзка ў прасторы аб’ектаў. Усе віды П.а. ўзаемазвязаны. Напр., для аптычнай сістэмы, якая знаходзіцца ў паветры, вуглавое павелічэнне адваротна прапарцыянальнае лінейнаму (чым большае лінейнае павелічэнне, тым больш вузкімі светлымі пучкамі будуецца відарыс і тым меншая яго асветленасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ЕВЫЯ ІМХІ́, андрэіды (Andreaeidae),
падклас лістасцябловых імхоў. Уключае 2 сям.: андрэевыя (120 відаў) і андрэебрыевыя (1 від). На Беларусі адзін род — андрэя з сям. андрэевых.
Старажытная група імхоў, якія, магчыма, існуюць з верхняга дэвону-карбону. Шэрагам прыкмет нагадваюць брыевыя імхі, адрозніваюцца тым, што каробачка раскрываецца прадаўгаватымі шчылінамі, як у пячоначнікаў. Прыстасаваны да скальна-камяністых субстратаў, вытрымліваюць нізкія т-ры і працяглае высыханне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЫМЕ́ (ад франц. bouts rimés рыфмаваныя канцы),
верш, напісаны на загадзя вядомыя рыфмы. Узнік у Францыі ў 1-й пал. 17 ст. як форма салоннай «лёгкай паэзіі», чыста літаратурная забава. З 20 ст. становіцца пераважна эстрадным жанрам. Прынцып бурыме пакладзены ў аснову некаторых бел.нар. песень: назвы ўсіх дзён тыдня прадвызначылі рыфмы, а разам з тым і арганізавалі вершаваныя радкі жартоўнай песні «Ад панядзелка да панядзелка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́Ж (франц. collćge),
сярэдняя і няпоўная сярэдняя навуч. ўстанова ў Францыі і краінах, дзе выкарыстоўваюцца прынцыпы франц.адукац. сістэмы (Бельгія, Швейцарыя, Канада і інш.). Першыя К. ўзніклі ў Францыі ў сярэдневякоўі пры ун-тах. У перыяд Франц. рэвалюцыі канца 18 ст. зачынены. У 1808 такая назва была прысвоена сярэднім школам (прыватным і тым, што былі на бюджэце мясц. улад). У 1963 у Францыі створаны К. сярэдняй адукацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОВАЗМЯШЭ́ННЕ, інцэст,
палавая сувязь паміж блізкімі сваякамі (бацькам і дзецьмі, братамі і сёстрамі). Пры К. магчыма сустрэча аднолькавых паталаг. генаў (чым бліжэй кроўная роднасць бацькоў, тым больш слабае фізічна і непаўнацэннае псіхічна іх патомства). Верагоднасць генет. (прыроджаных) дэфектаў ці разумовай адсталасці ў звычайным шлюбе 3—4%, пры К. павялічваецца ў 5 разоў. У большасці краін свету кроўныя шлюбы і палавая сувязь паміж блізкімі сваякамі забаронены.