ШКАЛА́ЕВА-АПІЁК Тамара Іванаўна (н. 18.3.1943, в. Ляды Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). У 1966—74 працавала ў Гродзенскім абл.драм. т-ры. З 1975 у Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца драм. роляў. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца тонкім пранікненнем у псіхалогію характару, яркім тэмпераментам, жаночай пяшчотай і мужнасцю, спалучэннем глыбокіх пачуццяў з мяккім лірызмам. Сярод роляў: у Гродзенскім т-ры — Надзя («Трыбунал» А.Макаёнка), Ізабела Дрозд («Амністыя» М.Матукоўскага), Зубрыч («Трывога» А.Петрашкевіча), Наташа («104 старонкі пра каханне» Э.Радзінскага), Турандот («Прынцэса Турандот» К.Гоцы), Кацярына («Навальніца» А.Астроўскага), Алена Тальберг («Дні Турбіных» М.Булгакава), Раксана («Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана) і інш.; у т-ры імя Я.Купалы — Наталля Мікалаеўна і Тамара Паўлаўна («Пагарэльцы» і «Верачка» Макаёнка), Вера («Радавыя» А.Дударава), Каця («Эшалон» М.Рошчына), Шындзіна («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.Гельмана), сакратарка («Святая святых» І.Друцэ), Яна («Віват, імператар!» Э.Іанеска), Ала Кастрова («Курыца» М.Каляды), маці Гаральда («Гаральд і Мод» К.Хігінса, Ж.К.Кар’ера), генеральша Крахоткіна («Вечны Фама» У.Бутрамеева паводле Ф.Дастаеўскага) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРС (франц. farce ад лац. farcio начыняю),
камедыйны жанр малой драматургічнай формы. Узнік каля 12 ст. ў Зах. Еўропе ў гарадскім дэмакр. асяроддзі як жартоўныя ўстаўкі (начынкі) у літургічных драмах, містэрыях, плошчавых карнавальных прадстаўленнях.
Росквіту Ф. дасягнуў у франц. л-ры 14—16 ст., дзе акрэсліўся як самаст. жанр нар. паказаў. Яго выяўл. асаблівасці: карыкатурнасць персанажаў (з выкарыстаннем вобразаў-масак), буфанаднасць прыёмаў, эксцэнтрычнасць паказу падзей, схільнасць да фрывольных знешніх эфектаў, вострасюжэтных грубавата-пікантных сітуацый, зніжанай лексікі. У працэсе эвалюцыі часам набліжаецца да сатыр. камедыі, побач з пераважна пацяшальнымі функцыямі, выконвае ролю паліт. сатыры, памфлета. Фарсавасць уласціва многім творам Гальдоні, Лопэ дэ Вэгі, Мальера, М.Сервантэса, У.Шэкспіра, Б.Брэхта і інш.
У бел. драматургіі Ф. як жанр не развіўся, аднак яго выяўл. прыёмы шырока выкарыстоўваліся («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Прымакі» Я.Купалы, «Конскі партрэт» Л.Родзевіча, «Ветрагоны» У.Галубка, «Каваль-ваявода» Е.Міровіча, «Трыбунал» А.Макаёнка, «Куды ноч, туды сон» А.Петрашкевіча і інш.). Многія прыёмы Ф. захаваліся ў сучаснай цыркавой клаунадзе, у святочна-карнавальных прадстаўленнях.
Літ.:
История зарубежной литературы. 2 изд. М., 1959;
Волькенштейн В. Драматургия. 5 изд. М., 1969. С. 171—173.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПІЁК Мікалай Афанасьевіч (н. 20.11.1935, в. Макараўка Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (2002). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1964). Працуе ў розных галінах станковага жывапісу, графікі і сцэнаграфіі. Сярод жывапісных твораў: «Год 1929» (1976), «Купалле 41» (1977), «Кветкі пераможцам» (1980), «Слуцкія ткачыхі» (1990), «Май 45-га года» (1991), «Маё хрышчэнне» (1992), «...I апусціўся анёл» (1996), «Святочны выезд Радзівіла (Каханкі) у г. Нясвіж» (2001), «З гісторыі Полацка. У.Чарадзей» (2002—03), партрэтаў, прысвечаных дзеячам культуры Беларусі: «А.Дзянісаў у ролі М.Гусоўскага», «У.Рагаўцоў у ролі Ф.Скарыны» (абодва 1980), «Скульптар У.Церабун» (1989), «Кампазітар Я.Глебаў» (1990), «А.Дудараў, В.Раеўскі і Б.Герлаван» (1995), «С.Станюта» (2000), пейзажы, нацюрморты. Аформіў больш за 30 спектакляў у т-рах Беларусі, у т. л. «Варвары» М.Горкага (1966), «Шануй бацьку свайго» В.Лаўрэнцьева «Дамы і гусары» А.Фрэдры (абодва 1964), «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна, «Камедыя памылак» У.Шэкспіра (абодва 1968), «Амністыя» М.Матукоўскага (1970), «Трыбунал» А.Макаёнка і «Адкуль грэх» А.Петрашкевіча (1971), «Снежная каралева» Я.Шварца (1979) і інш. Творам уласцівы разнапланавасць і рамантызацыя сюжэтаў, нечаканасць кампазіцыйнай пабудовы, каларыстычная гармонія, сюжэтная насычанасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РАВА Галіна Кліменцьеўна (27.12.1919, г.п. Старобін Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 28.9.1993),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1967). Нар.арг.СССР (1980). Скончыла студыю Бел.т-ра імя Я.Купалы (1938), у якім і працавала. Яркая нац. актрыса. Яе мастацтва было адметнае сакавітасцю сцэнічных фарбаў, праўдзівасцю, багатай моўнай характарыстыкай. Стварыла каларытныя, яркія індывідуальныя нар. характары. Талент М. як глыбока самабытнай актрысы найб. выявіўся ў нац. рэпертуары, найперш у п’есах А.Макаёнка (многія ролі напісаны спецыяльна для М.): Марыя Кірылаўна («Выбачайце, калі ласка!»), Лушка («Лявоніха на арбіце»), Паліна («Трыбунал», сярэбраны медаль імя А.Папова 1973; выступала ў гэтай ролі ў спектаклі Маскоўскага т-ра на Малой Броннай), Старая («Святая прастата»), Аксана Смятанкіна («Таблетку пад язык»); а таксама Агата («Паўлінка» Я.Купалы), Матруна («На крутым павароце» К.Губарэвіча), Дзятлічыха («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Ганна, Маці («Вечар», «Парог» А.Дударава). З інш. роляў: Кабаніха («Навальніца» А.Астроўскага), Квашня («На дне» М.Горкага), Лізавета («У мяцеліцу» Л.Лявонава), Гаспадыня зімоўя («Таня» А.Арбузава), Старая ўдава з Фларэнцыі («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра). Здымалася ў кіна- і тэлефільмах: баба Шура («Удовы»), Ганна Іванаўна («Развітанне славянкі»), Драздова («Фруза»), мачаха Ганны («Завеі, снежань») і інш. Пра М. зняты дакумент. фільм «Каралеў я не іграла» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДО́ВЫЯ ПРАЦЭ́СЫ НАД ВАЕ́ННЫМІ НЯМЕ́ЦКА-ФАШЫ́СЦКІМІ ЗЛАЧЫ́НЦАМІ І ІХ ПАМАГА́ТЫМІ,
пакаранне асоб, вінаватых у зверствах і забойствах мірных жыхароў, ваеннапалонных і інш. цяжкіх злачынствах супраць чалавецтва ў Вял.Айч. вайну. Урад СССР праз дыпламат. каналы і ноты Наркамата замежных спраў з 25.11.1941 раскрываў усяму свету праўду пра палітыку генацыду, якую праводзіў германскі фашызм на акупіраванай тэрыторыі. Выяўленне звестак пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў праводзіла Надзвычайная дзяржаўная камісія. Першыя суд. працэсы над катамі з СД, СС, гестапа і здраднікамі Радзімы адбыліся ў 1943 у г. Краснадар, Краснадон, Харкаў. У жн. 1945 створаны Міжнар.ваен.трыбунал і аддадзены пад суд гал.ваен. злачынцы (гл.Нюрнбергскі працэс). На Беларусі суд. працэсы адбыліся: 15—29.1.1946 у Мінску (асуджаны 18 ваеннаслужачых ням. арміі), 13—20.12.1947 у Гомелі (16 ваеннаслужачых ням. арміі), 28.10—4.11.1947 у Бабруйску (21 ваеннаслужачы ням. арміі), у ліст. 1947 у Віцебску (10 ваеннаслужачых ням. арміі). Суд. працэсы над вінаватымі ў злачынствах на тэр. Беларусі адбыліся таксама ў 1945 у Бранску, у 1946 і 1961 у Рызе, у 1963 у Кобленцы (Германія) і інш. 26.11.1968 23-я сесія Ген. Асамблеі ААН прыняла канвенцыю аб непрымяненні тэрміну даўнасці да ваен. злачынцаў і злачынстваў супраць чалавецтва. Таму суд. працэсы праводзяцца ва ўсіх выпадках устанаўлення факта падобнага злачынства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКІ́ЙСКІ ПРАЦЭ́С,
судовы працэс над гал.яп.ваеннымі злачынцамі пасля 2-й сусв. вайны. Адбыўся 3.5.1946—12.11.1948 у Токіо ў Міжнародным ваенным трыбунале для Д. Усходу. Праведзены на падставе патрабаванняў Патсдамскай дэкларацыі 1945 і Акта аб капітуляцыі Японіі ад 2.9.1945. Суду падлягала група з 28 дзярж. і ваен. дзеячаў Японіі, прыгавор вынесены адносна 25 з іх (2 падсудныя памерлі ў час працэсу, 1 прызнаны ў стане несвядомасці). У ходзе працэсу праведзены 818 адкрытых суд. пасяджэнняў, прыняты 4356 дакумент. доказаў і 1194 паказанні сведкаў. З 4.11.1948 зачытваўся прыгавор (1214 старонак). Падсудныя прызнаны вінаватымі ў тым, што на працягу 1928—45 планавалі, рыхтавалі і вялі агрэсіўныя войны супраць Кітая, СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і інш. краін, арганізоўвалі ваен. злачынствы і злачынствы супраць чалавецтва (знішчэнне мірных жыхароў, забойствы і катаванні ваеннапалонных і інш.). Трыбунал прыгаварыў да пакарання смерцю 7 падсудных (павешаны ў Токіо ў ноч на 23.12.1948), да пажыццёвага зняволення 16, да 20 гадоў турмы — 11, да 7 гадоў зняволення — 1 падсуднага. Т.п., як і Нюрнбергскі працэс, садзейнічаў зацвярджэнню прынцыпаў і нормаў сучаснага міжнар. права ў галіне асуджэння дзярж.агрэсіі.
Літ.:
Смирнов Л.Н., Зайцев Е.Б. Суд в Токио. М., 1978;
Рагинский М.Ю. Милитаристы на скамье подсудимых: По материалам Токийского и Хабаровского процессов. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ,
1) група музыкантаў-інструменталістаў або спевакоў, аб’яднаных для сумеснага выканання. Ансамблі падзяляюцца паводле складу (аднародныя і мяшаныя), колькасці ўдзельнікаў (дуэт, трыо, квартэт, квінтэт і інш.); пашыраны эстрадныя вак.-інстр. ансамблі, рок-групы. Ансамблем наз. таксама і вял. выканальніцкія калектывы, якія ўключаюць групы вакалістаў, інструменталістаў, танцораў (ансамбль песні і танца, ансамбль танца). Сярод вядомых бел. ансамбляў: Беларускі вакальны квартэт, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, вак. квартэт «Купалінка», вак.-інстр. ансамбль «Песняры», «Верасы», «Сябры», ансамбль нар. музыкі «Свята» і «Крупіцкія музыкі», ансамбль салістаў «Класік-Авангард», ансамбль старадаўняй музыкі «Кантабіле», рок-група «Сузор’е», харэагр. Ансамбль «Харошкі». Устойлівыя тыпы ансамбляў склаліся і ў вясковым муз. побыце розных народаў, у т. л. беларусаў (гл.Гурт, Народныя інструментальныя ансамблі).
2) Муз. твор для ансамбля выканаўцаў (дуэт, трыо, квартэт і інш.) ці структурна завершаны фрагмент для групы салістаў у оперы, араторыі, кантаце.
3) Стройнасць, зладжанасць выканання.
4) У тэатральным мастацтве — зладжанае, узгодненае выкананне сцэнічнага твора ўсімі ўдзельнікамі спектакля. Садзейнічае найб. поўнаму раскрыццю маст. сутнасці драм. твора, гарманічнаму спалучэнню ў адзінае цэлае знешніх і ўнутр. кампанентаў тэатр. дзеяння, выяўляе стылявое адзінства спектакля. Выдатнымі ўзорамі ансамбля з’яўляюцца лепшыя спектаклі бел. т-раў імя Я.Купалы («Паўлінка» Я.Купалы, «Трыбунал» А.Макаёнка), імя Я.Коласа («Несцерка» В.Вольскага, «Раскіданае гняздо» Я.Купалы), юнага гледача («Папараць-кветка» І.Козела) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1793,
асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты без абмеркавання 23.11(5.12).1793 Гродзенскім сеймам 1793. Яе праект распрацаваны К.Рачынскім, Ф.Машчынскім, Л.Тышкевічам пад наглядам царскага пасла Я.Я.Сіверса. Паводле К. Рэч Паспалітая захоўвалася як унітарная дзяржава ў складзе правінцый Кароны і княства Літоўскага, падзялялася на ваяводствы, а тыя — на 3 паветы (землі). Захоўваліся кардынальныя правы, гарантаваныя сеймамі 1768, 1775 і Канстытуцыяй 1791. Аднаўлялася выбарнасць караля. Вышэйшым заканад. органам краіны быў сейм, які склікаўся раз у 4 гады на 8 тыдняў. Рашэнні ў сейме прымаліся большасцю галасоў, акрамя самых важных пытанняў заканадаўства, падаткаў, арміі, на якія каралю давалася права вета. Выканаўчая ўлада належала Пастаяннай радзе з 24 чал., у т. л. 11 ад княства. Рада мела 6 дэпартаментаў, рыхтавала заканад. праекты, наглядала за іх рэалізацыяй. склікала сеймы нават без згоды караля. Паўната ўлады ў паветах належала парадкавым камісіям. Членаў камісіі выбіралі на мясц. сейміках з аселай шляхты. Немаёмная шляхта пазбаўлялася выбарчых правоў. Мяшчане атрымалі права набываць землі і шляхецкую годнасць, але не мелі прадстаўніцтва ў сейме. У якасці ўступкі рэформам Чатырохгадовага сейма захаваны зямянскія суды з выбарнымі пасадамі на дзярж. утрыманні. Вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй для судоў быў Трыбунал, асобны для цывільных і духоўных спраў. Фактычна К. не выконвалася, бо страціла сілу ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795, пасля чаго Рэч Паспалітая перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ЙМІК, сеймік,
сход шляхты павета (зямлі, ваяводства) у ВКЛ y 16—18 ст., дзейнасць якога рэгламентавалася нормамі права; форма самарэалізацыі шляхецкай супольнасці павета і дзярж.-прававы ін-т, дзякуючы якому шляхецкая супольнасць была здольная прымаць рашэнні. Генетычна ўзыходзіць да веча і з’ездаў баяр-шляхты пэўнай зямлі. Віленскі прывілей 1565 і Статут ВКЛ 1566 стварылі павятовыя перадсоймавыя С., на якіх выбіраліся па 2 паслы ад павета на сойм, і элекцыйныя С., на якіх выбіраліся кандыдаты на пасады павятовага земскага суда і на павятовыя шляхецкія пасады (урады). Перадсоймавыя С. збіраліся не пазней як за 4 (з 1588 за 6) тыдні да сойма, а працягласць — 3—4 дні. Пасля сойма, не пазней як праз 4 тыдні, збіраліся пасоймавыя (рэляцыйныя) С. У час міжкаралеўя збіраліся каптуровыя С., якія стваралі канфедэратыўную ўладу і каптуровы суд. Дэпутацкія (трыбунальскія, грамнічныя) С. выбіралі суддзяў у склад Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. Гаспадарчыя С. прымалі ўхвалы па справах павета, размяркоўвалі падаткі, выбіралі паборцаў і камісараў у Трыбунал скарбовы ВКЛ. На падобных на С. попісавых з’ездах шляхты адбываліся шляхецкія попісы войска Вялікага княства Літоўскага.
Літ.:
Лаппо И.И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия: Литовско-русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911;
Kriegseisen W. Sejmiki Rzeczypospolitej szlacheckiej w XVII i XVIII w. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНО́ЎСКІХ БІБЛІЯТЭ́КА,
збор кніг бел. рэвалюцыянераў-дэмакратаў братоў В.Каліноўскага і К.Каліноўскага.
Асн. тэматыка збору — гісторыя ВКЛ. Да 1864 знаходзілася на прыватнай кватэры Каліноўскіх у Пецярбургу. Налічвала некалькі соцень кніг на бел., рус., польск., лац., ням., франц. мовах па гісторыі, філасофіі, мовазнаўстве, юрыспрудэнцыі Беларусі, Польшчы і інш. краін, творы маст. л-ры. Была палемічная л-ра 16—17 ст., выданні сеймавых выступленняў дзярж. і царк. дзеячаў таго часу, каралеўскія і гетманскія універсалы і інш., у т. л. «Вянец бессмяротнасці. З нагоды смерці Кацярыны Радзівіл» Вітанскага (1643), «Смерць Caneri» С.Тупіка (1667), «Праўдзівая рэляцыя аб навагрудскай дыспутацыі», «Трыбунал Вялікага княства Літоўскага» (1793) і інш. Сярод маст. л-ры твор на старабел. мове «Жартоўныя трагедыі» (1642; захоўваецца ў Цэнтр.навук. б-цы АН Украіны ў Кіеве), творы ўраджэнцаў Беларусі С.Ягадынскага, Ф.Князьніна, польск. паэта Ц.Норвіда. У К.б. былі рукапісы (арыгіналы і копіі), бібліягр. працы па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, у т. л. «Бібліяграфічныя кнігі» І.Лялевеля (т. 1—2, 1823—26), «Гісторыя польскай літаратуры» Ф.Бянткоўскага (т. 1—2, 1814). Многія з іх былі выдадзены ў Вільні, Полацку, Магілёве, Віцебску, Гродне, Торуні, Варшаве. Лёс б-кі пасля смерці братоў Каліноўскіх (1862 і 1864) не вывучаны. У б-цы імя Асалінскіх (Вроцлаў) захоўваецца каталог (няпоўны), у якім зафіксавана 230 кніг. Частка кніг з аўтографамі В.Каліноўскага выяўлена ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу. Рукапісы ў пач. 1870-х г. прададзены ў Варшаве, далейшы іх лёс невядомы.