ІТАЛЬЯ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,

войны паміж Францыяй і манархіяй Габсбургаў у 1494—1559 (з перапынкамі) за панаванне ў Італіі, адзін з этапаў барацьбы Францыі і Іспаніі за лідэрства ў Еўропе. Удзельнічалі таксама «Свяшчэнная Рым. імперыя», папская дзяржава, Венецыянская рэспубліка і інш. Выкліканы імкненнем Францыі вярнуць т.зв. «Анжуйскую спадчыну» — Неапалітанскае каралеўства (да 1442 належала Анжуйскай дынастыі). У жн. 1494 — лют. 1495 франц. армія на чале з каралём Карлам VIII уварвалася ў Італію, заняла Рым і Неапаль, аднак пасля паражэння ў бітве каля Фарнова (6.7.1495) ад войск «Святой лігі» («Свяшчэнная Рым. імперыя», Іспанія, рым. папа Аляксандр VI, Міланскае герцагства) у кастр. 1495 ч. арміі адступіла ў Францыю; у 1496 французы капітулявалі ў Неапалітанскім каралеўстве. У 1499—1500 пераемнік Карла Людовік XII авалодаў Міланам і ўсёй Ламбардыяй. У 1501—02 Францыя і Іспанія падзялілі Неапалітанскае каралеўства, аднак у выніку вайны 1503—04 Францыю вымусілі адмовіцца ад прэтэнзій на яго тэрыторыю. Пасля разгрому Камбрэйскай лігай (засн. ў 1508 папскай дзяржавай, Францыяй, Іспаніяй і «Свяшчэннай Рым. імперыяй») войск Венецыі каля Аньядэла (14.5.1508) апошняя страціла ч. сваіх зямель. У сувязі з узмацненнем пазіцый Францыі на ПнЗ Італіі ў 1511 па ініцыятыве рым. папы Юлія II створана антыфранц. Свяцейшая ліга (папства, Іспанія, Англія, Венецыя, швейц. кантоны). У бітве пры Равене 11.4.1512 французы разбілі войскі лігі, але нац.-вызв. паўстанні ў Генуі і гарадах Ламбардыі прымусілі іх да канца 1512 пакінуць Міланскае герцагства. Пасля заключэння франц. каралём Францыскам I саюза з Венецыяй французы разбілі 13—14.9.1515 каля Марыньяна швейц. наёмнікаў міланскага герцага і замацаваліся на тэр. герцагства; Венецыя вярнула страчаныя землі. У 1521—59 адбывалася барацьба паміж Францыяй і Іспаніяй (кароль Карл I, з 1519 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі») у Паўн. Італіі. Баявыя дзеянні праходзілі пры агульнай перавазе іспанцаў (разгром французаў 24.2.1525 каля Павіі, 26.6.1529 каля Ландрыяна і інш.). Паводле Като-Камбрэзійскага мірнага дагавора (3.4.1559) Францыя адмовілася ад прэтэнзій на тэр. Італіі, б.ч. якой трапіла пад уладу Іспаніі.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ МО́ВА,

адна з заходнеславянскай групы славянскіх моў, мова палякаў, дзярж. мова Польшчы. Мае 5 дыялектаў: велікапольскі, малапольскі, мазавецкі, шлёнскі, або сілезскі, кашубскі.

У фанетыцы: захаванне насавых [о], [э]; адсутнасць рэдукцыі галосных; чаргаванні ’e—’o, ’e—’a, ę—ą, ’er—’ar і інш.; палаталізаваныя зычныя p’, b’, m’, f’, v’; палатальныя n’, l’, j’, c’, dz’, s’, z’, k’, g’, ch’, якім (апрача j) адпавядаюць цвёрдыя; замена t’, d’, r’ на c’, dz’ rz’; наяўнасць альвеалярнага l (перад a, o, e, u і зычнымі) побач з цвёрдымі ł ([ł] або [u]) і мяккім l’ (у спалучэнні li); 8 шыпячых зычных; сталы націск на перадапошнім складзе. У марфалогіі: ужыванне асабовых паказчыкаў у 1-й і 2-й асобах адз. л. прошлага часу ў дзеясловах miałem — «я меў», miałeś — «ты меў», miał — «ён меў»; наяўнасць энклітык і праклітык; ужыванне дзеяслоўнай звязкі być («быць») у цяперашнім часе. П.м. флектыўная, мае 7 склонаў (з клічным), 2 лікі, 3 роды (у мн. л. — 2 з-за катэгорыі адушаўлёнасці-неадушаўлёнасці мужчынскай асобы); 3 скланенні з 5 маюць мяккую і цвёрдую разнавіднасці; дзеясловам уласцівы катэгорыі трывання, часу, стану, ладу, асобы, ліку, дзеяслоўным формам і дзеепрыметнікам на ł — катэгорыі роду і асобы-неасобы. У сінтаксісе — асаблівы парадак слоў: група дзейніка стаіць перад групай выказніка, дапасаванае азначэнне ва ўстойлівых зваротах знаходзіцца пасля азначаемага слова і інш. Узбагачэнне лексікі адбывалася за кошт запазычанняў з лац., ням., італьян., франц., рус. (асабліва пасля 2-й сусв. вайны), а таксама бел. моў (duha — «дуга», boćwina — «бацвінне», borowik — «баравік» і інш.). У бел. лексіку трапіла шмат запазычаннях з П.м. (гл. Паланізм).

Літ. мова склалася на аснове велікапольскіх, малапольскіх і, пазней, мазавецкіх гаворак. Найб. прынятая перыядызацыя літ. мовы: старапольскі (сярэдзіна 12 — пач. 16 ст.), сярэдняпольскі (пач. 16 — сярэдзіна 18 ст.), навапольскі (з сярэдзіны 18 ст. — 1945), сучасны польскі перыяды. Пісьменства з 13 ст.: рэліг. песня «Багародзіца», Свентакшыскія казанні, Фларыянскі псалтыр (14 ст.) на аснове лацінскага алфавіта.

Літ.:

Тихомирова Т.С. Курс польского языка. М., 1988;

Кіклевіч А.К., Кожынава А.А., Кур’ян І.У. Польская мова. Мн., 2000.

І.​І.​Лучыц-Федарэц.

т. 12, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫ́ЧНАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,

сукупнасць філасофскіх вучэнняў старажытнагрэчаскага і старажытнарымскага грамадстваў у 7 ст. да н.э. — 6 ст. н.э. У сваім развіцці прайшла 4 перыяды: узнікненне і фарміраванне (канец 7—6 ст. да н.э.), росквіт (5—4 ст. да н.э.), пачатак заняпаду (3—1 ст. да н.э.), заняпад (1—5 ст. н.э.). Узнікла ў іанійскіх калоніях Стараж. Грэцыі ў выглядзе натурфіласофіі і адлюстроўвала светапогляд прамыслова-гандлёвага класа. Адной з першых філас. школ была мілецкая (Фалес, Анаксімандр, Анаксімен), для якой характэрны стыхійны матэрыялізм, наіўная дыялектыка, наяўнасць элементаў міфалогіі, антрапамарфізму і пантэізму. Са стараж.-грэч. філосафам Гераклітам звязваюць першыя спробы выявіць адзіную аб’ектыўна-лагічную заканамернасць (дыялектыку) у любым працэсе. У перыяд яе росквіту сфарміраваліся Акадэмія Платона, Лікей Арыстоцеля. Філасофія стала навукова арыентаванай дысцыплінай са строга акрэсленымі прадметамі, логіка-гнасеалагічнымі прынцыпамі, катэгарыяльным апаратам, мэтамі і задачамі. Усебакова распрацаваны найважнейшыя часткі філасофіі — анталогія, гнасеалогія, вучэнне пра грамадства і дзяржаву, логіка, этыка, эстэтыка, псіхалогія, а таксама касмалогія, матэматыка і інш. прыродазнаўчыя дысцыпліны. У філасофіі аформіліся 2 асн. кірункі — матэрыялістычная лінія Дэмакрыта і ідэалістычная лінія Платона, дыялектычны (Геракліт) і метафізічны (элеяты) падыходы ў трактоўцы быцця. Страта грэч. гарадамі самастойнасці негатыўна паўплывала на культуру і філасофію. У 3—1 ст. да н.э. ў філасофіі прасочваюцца 3 гал. плыні — скептыцызм, эпікурэізм і стаіцызм. З агульнатэарэт. пытанняў (праблем быцця, гнасеалогіі, дзярж. ладу) акцэнт у іх перамясціўся ў бок пошукаў канкрэтных прынцыпаў асабістых паводзін, якія дазволілі б дасягнуць шчасця асобнаму чалавеку. Сац.-эканам. і паліт. супярэчнасці Рымскай імперыі на пач. н.э. садзейнічалі пашырэнню рэліг. вучэнняў, пад уплыў якіх трапіла і філасофія. Рэліг. скіраванасцю характарызаваліся школы неапіфагарэізму і неаплатанізму, хоць у цэлым яны не прытрымліваліся афіц. ідэалогіі хрысціянства. У пач. 6 ст. н.э. дэкрэтам імператара Юсцініяна філас. школа платанізму ў Афінах закрыта. Антычная філасофія — адзін з важнейшых этапаў развіцця філасофіі і філас. культуры. Яе заслуга ва ўсеабдымным і сістэматычным абгрунтаванні філасофіі як навук. тэорыі, развіцці сістэмы паняццяў, у распрацоўцы ці пастаноўцы ўсіх асн. філас. праблем.

Літ.:

Антология мировой философии. Т. 1, ч. 1. М., 1969;

Асмус В.Ф. Античная философия. 2 изд. М., 1976;

Вернан Ж.-П. Происхождение древнегреческой мысли: Пер. с фр. М., 1988.

Т.​І.​Адула.

т. 1, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІ́РЫЯ,

старажытная рабаўладальніцкая дзяржава на тэр. сучаснага Ірака. Існавала з 2-га тыс. да нашай эры да 7 ст. да нашай эры. З даўніх часоў тут жылі субарэйцы, ці хурыты, якія каля 2-га тыс. да нашай эры змяшаліся з селіцкімі семіцкімі плямёнамі Паўд. Месапатаміі. Цэнтрам Асірыі ў сярэдзіне 2-га тыс. да нашай эры стаў г. Ашур (Асур) і яго калоніі. Асн. занятак насельніцтва — жывёлагадоўля, земляробства. Запасы лесу, каменю, метал. руды спрыялі развіццю рамёстваў. Выгаднае геагр. размяшчэнне зрабіла Ашур цэнтрам транзітнага гандлю паміж Паўд. Двухрэччам і М. Азіяй.

У сярэдзіне 18 ст. да нашай эры Асірыя трапіла пад уладу Вавілоніі, у 16—15 ст. да нашай эры — Мітані. У канцы 15 — пач. 14 ст. да нашай эры Асірыя зноў стала незалежная і падпарадкавала Вавілонію. Асірыйскія законы 14 ст. да нашай эры сведчаць пра панаванне патрыярхальнай сям’і, пра маёмаснае расслаенне абшчыны. Заваёўніцкія войны, якія Асірыя вяла ў 14—13 ст. да нашай эры, павялічылі прыток рабоў-ваеннапалонных. Пасля часовага заняпаду (12 ст.) у канцы 12 — пач. 11 ст. да нашай эры Асірыя вяла паспяховыя войны ў Вавілоніі, Паўн. Сірыі, Фінікіі, рабіла набегі на Армянскае нагор’е. Аднак рух плямёнаў арамеяў аслабіў і расчляніў Асірыю. У 10—9 ст. да нашай эры асірыйскія цары зноў вялі заваёўніцкія войны з Вавілоніяй, Урарту, Мідыяй, Сірыяй. Разарэнне с.-г. раёнаў у выніку бясконцых войнаў выклікала сац.-паліт. крызіс. Пасля грамадз. вайны царом стаў Тыглатпаласар III (745—727 да нашай эры), які правёў дзярж. рэформы: умацаваў войска, увёў сістэму масавага перасялення заваяваных плямёнаў, надзяліў зямлёй вольных земляробаў і абавязаў іх выконваць вайск. павіннасць. Пры ім зноў пачаліся заваёўніцкія войны. За 100 гадоў Асірыя заваявала амаль усю Пярэднюю (Зах.) Азію і ператварылася ў магутную ваен. дзяржаву. Унутрыпаліт. барацьба, класавыя супярэчнасці, вызв. барацьба заваяваных народаў аслабілі Асірыю. Пры цару Ашурбаніпале (669 — каля 633 да нашай эры) войны супраць кааліцыі дзяржаў на чале з Вавілонам падарвалі сілы Асірыі, у 605 да н.э. яна была пераможана і перастала існаваць. Яе насельніцтва змяшалася з арамеямі Месапатаміі.

Пра выяўл. мастацтва Асірыі гл. ў арт. Вавілона-Асірыйская культура.

Да арт. Асірыя. Паляванне Ашурбаніпала. Рэльеф у палацы Ашурбаніпала.

т. 2, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́СЕН (Hessen),

зямля (адм. адзінка) у ФРГ у бас. Рэйна і верхняга Везера. Пл. 21,1 тыс. км². Нас. 6 млн. чал. (1994). Адм. ц.г. Вісбадэн. Найб. гарады і гал. прамысл. цэнтры — Франкфуртна-Майне, Дармштат, Касель, Вісбадэн, Офенбах. На З — адгор’і Рэйнскіх Сланцавых гор, на У — сярэднягорныя масівы Рэйнгардсвальд, Габіхтсвальд, Кнюль, Фогельсберг, Рон (г. Васеркупе, 950 м), на Пдзах. ч. Одэнвальда і нізіна ў міжрэччы Рэйна і Майна. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра ліп. 18 — 20 °C, студз. каля 2 °C. Ападкаў 600 — 800 мм за год. Здабыча калійных солей, бурага вугалю. Развіта машына-, станка- і прыладабудаванне, інструментальная і эл.-тэхн. прам-сць, вытв-сць паліграф. машын, рухавікоў, радыё- і тэлеапаратуры. Нафтахім., хім.-фармацэўтычная прам-сць, вытв-сць хім. валокнаў. Каляровая металургія, цэм., папяровая, тэкст., харч., паліграф., швейная, гарбарна-абутковая, футравая прам-сць. Вытв-сць ювелірных вырабаў, мэблі, шпалераў. У сельскай гаспадарцы пераважае малочна-мясная жывёлагадоўля. Сеюць пшаніцу, жыта, авёс, кармавыя травы. Агародніцтва. На Пд у далінах рэк вінаградарства. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. Суднаходства па Рэйне і Майне.

У старажытнасці тэр. Гесена насяляла герм. племя гесаў (адсюль назва). У канцы 8 — пач. 9 ст. тут утварылася графства. У 1137 яно трапіла пад уладу ландграфа Цюрынгіі, у 13 ст. вызвалілася. З 1292 ландграфства і імперскае княства (сталіца з 1277 г. Касель). У 14—15 ст. перажываў перыяд раздробленасці, аб’яднаны (з 1522) у час праўлення Філіпа Велікадушнага [1509—67]. У 1526 праведзена Рэфармацыя. У 1567 падзелены на княствы Гесен-Касель і Гесен-Дармштат. Гесен-Касель удзельнічаў у Трыццацігадовай вайне 1618—48 (на баку пратэстанцкіх князёў) і аўстра-прускай вайне 1866 (на баку Аўстрыі). У 1803—66 курфюрства. У 1866 анексіраваны Прусіяй і ўключаны ў прав. Гесен-Насаў. Гесен-Дармштат у час Трыццацігадовай вайны падтрымліваў імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі»; у 1806—1918 — вял. герцагства (у 1866—1918 наз. Вял. герцагства Гесен), з 1828 у мытнай сістэме Прусіі, з 1871 у складзе Герм. імперыі, у 1918—45 рэспубліка (зямля) Гесен. Пасля 2-й сусв. вайны ў складзе амер. і франц. акупацыйных зон. З 1949 зямля ФРГ (утворана з зямель Гесен-Насаў, Гесен-Касель і Гесен-Дармштат; рэйнская частка Гесена ўвайшла ў зямлю Рэйнланд-Пфальц.

т. 5, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВІЛО́НІЯ,

старажытная дзяржава на Пд Месапатаміі (тэр. сучаснага Ірака) у 19−6 ст. да н.э. Назва ад яе сталіцы — Вавілона. Засн. каля 1894 да н.э. пасля пранікнення ў Месапатамію качавых плямён амарэяў. Старававілонская дзяржава (1894—1595 да н.э.) дасягнула магутнасці ў час праўлення 6-га цара 1-й Вавілонскай (Амарэйскай) дынастыі Хамурапі

[1792—1750 да н.э.],

мела рысы стараж.-ўсх. дэспатыі. На чале яе стаяў цар, які валодаў заканад., выканаўчай, суд. і рэліг. уладай і абапіраўся на армію; воіны атрымлівалі ад дзяржавы зямельныя надзелы, што перадаваліся ў спадчыну па мужчынскай лініі і былі неадчужальныя. Асн. масу насельніцтва складалі дробныя вытворцы і ўласнікі. Грамадства падзялялася на паўнапраўных грамадзян, юрыдычна свабодных, але непаўнапраўных мушкенумаў, якія працавалі ў царскай гаспадарцы, і рабоў. Былі развіты ірыгацыйнае земляробства, садаводства, рамёствы, знешні і ўнутр. гандаль (гандл. цэнтры Вавілон, Ніпур, Сіпар, Ларса, Ур). Сын Хамурапі Самсуілуна [1749—1712 да н.э.] каля 1742 да н.э. адбіў уварванне касітаў. З канца 17 ст. да н.э. Вавілонія перажыла ўнутр. крызіс. Уварванне хетаў у 1595 да н.э. і захоп Вавілона іх царом Мурсілі I у 1594 да н.э. спынілі праўленне старававілонскай дынастыі. Каля 1518 да н.э. заваявана касітамі, якія панавалі да 1150-х г. да н.э. (сярэдневавілонскі ці касіцкі перыяд). Пры апошнім касіцкім цару Эліль-надзін-аху [1159—1157 да н.э.] Вавілонія трапіла пад уладу Элама. Вызвалілася пры Навухаданосару I [1126—1105 да н.э.], які перанёс сталіцу з г. Ісін у Вавілон. У 9 ст. да н.э. паўд. ч. Вавілоніі занялі халдзеі. Пасля захопу Вавілона асірыйскім царом Тыглатпаласарам III у 729 да н.э. дзяржава страціла незалежнасць, аднак захавала статус асобнага царства ў складзе Асірыі. Зноў стала незалежная ў час праўлення халдзейскага правадыра Набапаласара [626—605 да н.э.], які заснаваў халдзейскую (новававілонскую) дынастыю. Эканам. росквіту і культ. адраджэння дасягнула пры Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля яго смерці знаць і жрацы ўмешваліся ва ўладу. Рэліг. рэформа (вылучэнне на першы план культу бога Месяца Сіна замест культу вярх. вавілонскага бога Мардука) апошняга цара (арамея па паходжанні) Набаніда [556—539 да н.э.] выклікала канфлікт са жрацамі, яго актыўная знешняя палітыка (войны ў Аравійскай пустыні) аслабіла армію. У 539 да н.э. Вавілонія заваявана персамі.

Літ.:

Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.

У.​Я.​Калаткоў.

Да арт. Вавілонія. Партрэтная галава, магчыма, цара Хамурапі з Сузаў. 18 ст. да н.э.

т. 3, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944,

антыфашысцкае ўзброенае выступленне ў акупіраванай Варшаве 1.8—2.10.1944 у 2-ю сусв. вайну. Арганізавана і ўзначалена падпольнай Арміяй Краёвай (АК), звязанай з польскім эмігранцкім урадам у Лондане. Кіраўнікі паўстання на чале з ген. Т.​Камароўскім разлічвалі, што паўстанцы здолеюць авалодаць сталіцай Польшчы непасрэдна перад наступленнем на Варшаву сав. войск, якія праводзілі ў той час Беларускую аперацыю 1944, і забяспечыць уладу прыхільнікам эмігранцкага ўрада. На выбар часу паўстання паўплывалі знешнія падзеі: змова супраць Гітлера 20.7.1944, адступленне ням.-фаш. войск да лініі Віслы, заклікі да палякаў падняць агульнае паўстанне супраць акупантаў, атрыманае камандаваннем АК у Варшаве 31.7.1944 неправеранае паведамленне аб уступленні сав. танкаў ва ўсх. прадмесце Варшавы. У першыя дні паўстання каля 25 тыс. паўстанцаў (з іх 1,5—2,5 тыс. дастаткова ўзброеных) разгарнулі вулічныя баі і занялі амаль палову цэнтр. ч. горада на левым беразе Віслы, аднак з-за недахопу боепрыпасаў былі вымушаны перайсці да абароны. Пасля далучэння цывільнага насельніцтва (найперш моладзі) і часцей Арміі Людовай паўстанне стала масавым (усяго каля 50 тыс. дрэнна ўзброеных людзей). У гэты ж час ням.-фаш. войскам удалося прыпыніць наступленне часцей Чырв. Арміі на Варшаву (1 жн.), сав. авіяцыя спыніла бамбардзіроўкі ням. пазіцый у польск. сталіцы (2 жн.). 4 жн. гітлераўцы перайшлі ў наступленне на паўстанцаў і да 9 вер. расчлянілі раёны, якія ўтрымлівалі польск. патрыёты, на ізаляваныя сектары. Ва ўмовах крызісу паўстання 14 вер. сав. часці авалодалі Прагай — прадмесцем Варшавы на правым беразе Віслы. Ноччу 16 вер. сав. войскі і 1-я Польская армія фарсіравалі Віслу, але не ўтрымаліся на яе зах. беразе. Сав. і амер.-англ. авіяцыя скідвала паўстанцам зброю, харчаванне, амуніцыю. Выкарыстоўваючы танкі, артылерыю, авіяцыю, ням.-фаш. войскі (амаль 50 тыс. чал.) на чале з ген. Э. фон дэн Бах-Зелеўскі канчаткова адрэзалі паўстанцаў ад Віслы і паступова задушылі цэнтры супраціўлення. 2 кастр. кіраўніцтва АК падпісала акт аб капітуляцыі, паводле якога паўстанцы атрымалі права камбатантаў, а цывільнае насельніцтва эвакуіравалася з горада. У палон трапіла каля 16 тыс. паўстанцаў, 22—25 тыс. чал. былі забіты ці прапалі без вестак. Цывільнае насельніцтва страціла 150—200 тыс. чал. Ням. 9-я армія, якая душыла паўстанне, страціла забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 26 тыс. чал. Паводле загаду Гітлера пасля эвакуацыі каля 500 тыс. ацалелых жыхароў Варшавы пачалося яе сістэм. разбурэнне.

Літ.:

Назаревич Р. Варшавское восстание, 1944 год: Полит. аспекты: Пер. с пол. М., 1989;

Черчилль У. Вторая мировая война: Пер. с англ. М., 1991. Кн. 3, т. 5—6. С. 398—407;

Kunert A.K. Rzeczpospolita Walcząca: Powstanie Warszawskie, 1944: Kalendarium. Warszawa, 1994.

У.​Я.​Калаткоў.

Да арт. Варшаўскае паўстанне 1944. Помнік паўстанцам у Варшаве. Аўтар В.​Куцма. 1989.

т. 4, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТАПІСЫ БЕЛАРУ́СКІЯ.

Складаліся на землях Беларусі ў эпоху феадалізму на старажытнарускай, старабеларускай і польскай мовах. У 16—18 ст. называліся пераважна хронікамі. Паводле зместу і агульнага характару падзяляюцца на дзярж. і мясцовыя, хоць рэзкай мяжы паміж імі няма. У Беларусі летапісы пачалі складацца ў 12—14 ст., аднак тэксты ранніх летапісаў не зберагліся. Першым складзеным на бел. землях летапісным творам быў, відаць, Полацкі летапіс. Гіст. запісы вяліся таксама ў Пінску (канец 13 ст.), Слуцку (15 ст.) і інш. гарадах Беларусі. Ва ўрыўках у складзе рус. і бел. летапісных зводаў і кампіляцый дайшоў Смаленскі летапіс 14 — пач. 15 ст. У Смаленску ў канцы 15 ст. перапісаны Аўрамкі летапіс і, магчыма, Радзівілаўскі летапіс. На падставе зводу, блізкага да летапісу Аўрамкі, каля 1500 складзена летапісная кампіляцыя, якая трапіла ў Супрасль, дзе папоўнена гіст. запісамі па гісторыі Валынскай зямлі канца 15 ст., апавяданнем пра Аршанскую бітву 1514 і «Пахвалой гетману Канстанціну Астрожскаму» (гл. Валынскі кароткі летапіс). У 15—16 ст. пад уплывам новых гіст. умоў (заканчэнне этнічнай кансалідацыі і паліт. цэнтралізацыі бел. зямель) характар летапісання Беларусі істотна змяніўся, мясц. летапісы заняпалі, узніклі агульнадзярж. летапісы беларуска-літоўскія, якія складаліся на бел. мове пераважна бел. летапісцамі. У 16 ст. бел.-літ. летапісы страцілі агульнарус. характар. У іх узмацніліся ідэі агульнадзярж. патрыятызму, гісторыя ВКЛ стала падавацца не як частка і працяг гісторыі Русі, а як асобная і самацэнная з’ява. Новы этап у гісторыі бел. летапісання пачаўся ў 17 ст. У выніку глыбокіх унутр. змен у культ.-гіст. і духоўным жыцці бел. народа адбывалася ідэйна-маст. эвалюцыя і трансфармацыя жанру гіст.-дакумент. прозы Беларусі, яго дэмакратызацыя. Замест параўнальна аднародных у жанрава-стылявым плане агульнадзярж. хронік узніклі новыя жанры — мясц. летапісы, дыярыушы (дзённікі) і хранографы, звязаныя з традыцыямі летапіснага жанру папярэдняга перыяду. Найб. выдатныя творы мясц. летапісання Беларусі 17—18 ст.: Баркулабаўскі летапіс, Магілёўская хроніка (месцамі нагадвае гіст. аповесць-дзённік горада), Віцебскі летапіс (гіст.-дакументальная крыніца, напісаная па-польску).

Прыярытэт адкрыцця і навук. вывучэння Л.б. належыць І.Даніловічу, які ўпершыню апублікаваў (у 1823—24) тэкст Бел.-літ. летапісу 1446 паводле Супрасльскага спісу і шэраг артыкулаў. У часы Рас. імперыі Л.б. даследавалі С.​Смолька, Ф.​Сушыцкі, І.​А.​Ціхаміраў, А.​А.​Шахматаў, Я.​Якубоўскі і інш. Летапісы вывучалі і вывучаюць бел. (М.​М.​Улашчык, В.​А.​Чамярыцкі), літ. (М.​Ючас) і інш. даследчыкі. Захавалася каля 50 спісаў Л.б., большасць з якіх зберагаецца ў Маскве і С.-Пецярбургу.

Публ.:

Полное собрание русских летописей. Т. 17. СПб., 1907;

Т. 32. М., 1975;

Т. 35. М., 1980;

Беларускія летапісы і хронікі. Мн., 1997.

Літ.:

Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: Узнікненне і літ. гісторыя першых зводаў. Мн., 1969;

История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;

Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГРАНІ́ЧНЫЯ БІ́ТВЫ 1941 у Вялікую Айчынную вайну,

баявыя дзеянні сав. пагран. войск, злучэнняў і часцей прыгранічных ваенных акруг (франтоў) 22—29.6.1941 супраць фаш. Германіі і яе саюзнікаў. Зах. межы СССР прыкрывалі войскі Ленінградскай, асобных Прыбалт., Зах. (гл. Заходняя асобая ваенная акруга), Кіеўскай, Адэскай ваен. акруг, якія 22—24 чэрв. пераўтвораны адпаведна ў Паўн. (ген.-лейт. М.​М.​Папоў, гл. Паўночны фронт), Паўн.-Зах. (ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў, гл. Паўночна-Заходні фронт), Зах. (ген. арміі Дз.Р.Паўлаў, гл. Заходні фронт 1941—44), Паўд.-Зах. (ген.-палк. М.​П.​Кірпанос) і 25 чэрв. Паўд. (ген. арміі І.​У.​Цюленеў) франты. На марскіх рубяжах знаходзіліся флаты: Паўн. (контр-адмірал А.​Р.​Галаўко), Балт. (віцэ-адм. У.​П.​Трыбуц), Чарнаморскі (віцэ-адм. П.​С.​Акцябрскі); Пінская ваенная флатылія (контр-адм. Дз.​Дз.Рагачоў) і Дунайская ваен. флатылія (контр.-адм. М.​В.​Абрамаў). Сав. войскі налічвалі 2,9 млн. чал., 10 тыс. танкаў (у т. л. 1475 навейшых тыпаў), 14 тыс. самалётаў (1540 адзінак новых канструкцый), 46 тыс. гармат і мінамётаў. Германія згодна з Барбароса планам выставіла (разам з саюзнікамі: Італіяй, Румыніяй, Фінляндыяй і Венгрыяй) 5,5 млн. чал., каля 4,3 тыс. танкаў і штурмавых гармат, каля 5 тыс. самалётаў, 47,2 тыс. гармат і мінамётаў. Сілы праціўніка былі аб’яднаны ў 3 групы армій: «Поўнач» (ген.-фельдмаршал В.Й.​Ф.​Лееб) — на Ленінградскім, «Цэнтр» (ген.фельдмаршал Ф.​Бок) — на Маскоўскім і «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал К.Р.​Г.​Рундштэт) — на Кіеўскім напрамках. Ваен. дзеянні пачаліся на досвітку 22.6.1941. Армія праціўніка мела колькасную перавагу ў сілах і сродках (на некат. напрамках у 3—4 разы), перасягала сав. войскі і ў аснашчанасці новымі тыпамі тэхнікі і ўзбраення. Часці і злучэнні сав. прыгранічных акруг не былі адмабілізаваны і разгорнуты паводле плана прыкрыцця граніцы, не прыведзены ў поўную баявую гатоўнасць. Непадрыхтаванасць да вядзення працяглай абароны (планавалі ў асн. наступальныя дзеянні), недахоп вопытных камандных кадраў (масавыя рэпрэсіі ў арміі ў 1930-х г.), істотныя стратэг. пралікі ваен.-паліт. кіраўніцтва СССР прывялі да цяжкіх наступстваў. Толькі за першы дзень вайны было страчана 1200 самалётаў, з іх 800 на аэрадромах, значная частка танкаў і інш. баявой тэхнікі. На тэр. Беларусі наступала група армій «Цэнтр». Нягледзячы на ўпартае супраціўленне сав. войск (гл., напр., Брэсцкай крэпасці абарона 1941), за першыя 4 дні вайны ням. танк. злучэнні прасунуліся на У да 200 км. Спробы сав. войск контратакаваць (контрудар 23—24 чэрв. на Гродзенскім напрамку) разрозненымі сіламі мелі кароткатэрміновы поспех. Ударныя групоўкі ворага адсеклі асн. сілы 3-й і 10-й сав. армій і адрэзалі ім шляхі адступлення (гл. Навагрудскі «кацёл»), Практычна тры арміі Зах. фронту да 26 чэрв. апынуліся ў акружэнні паміж Беластокам і Мінскам; у палон трапіла 329 тыс. сав. воінаў, праціўнік захапіў 3,3 тыс. танкаў, 1,8 тыс. гармат. Раніцай 28 чэрв. ням. танк. атрады ўвайшлі ў Мінск (гл. Мінска абарона 194Γ). Войскі Паўн.-Зах. фронту хоць і нанеслі 23—25 чэрв. контрудар на Шаўляйскім напрамку, але 30 чэрв. праціўнік захапіў Рыгу. На Паўд.-Зах. фронце 23—29 чэрв. ў раёне Луцк, Броды, Роўна, Дубна адбылася буйная танк. бітва. Контрудар сав. войск адыграў важную ролю ў зрыве спроб праціўніка з ходу прарвацца да Кіева і акружыць гал. сілы фронту на Правабярэжнай Украіне. П.б. скончылася адыходам сав. войск Паўн.-Зах. фронту да Зах. Дзвіны ад Рыгі да Даўгаўпілса, Зах. фронту — да Бабруйска, Паўд.-Зах. фронту — на лінію на У ад Роўна—Астрог—Крэменец—Львоў. У гэтыя дні праведзена мабілізацыя, пачалося прасоўванне войск 2-га стратэг. эшалона, які працягваў абарону ў 1-й пал. ліп. 1941 на рубяжы рэк Зах. Дзвіна—Дняпро (гл. таксама Лепельскі контрудар 1941, Полацка абарона 1941, Віцебска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941 і інш.).

І.​А.​Літвіноўскі.

т. 13, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛА́ЦТВА,

сялянская буржуазія, якая выкарыстоўвала наёмную працу парабкаў, сельскай беднаты, займалася ліхвярствам, гандлем, адначасова прымала непасрэдны ўдзел у с.-г. і прамысл. вытворчасці. Кулак выступаў і як прадпрымальнік-капіталіст, і як ліхвяр, гандляр. Ён спалучаў таварна-капіталіст. земляробства з аддачай зямлі ў кабальную арэнду, адработкамі, ліхвярствам, скупкай хлеба, лёну, пянькі і інш. Многія кулакі трымалі прамысл.-гандл. прадпрыемствы (млыны, крупадзёркі, алейні, крамы і інш.), дзе таксама шырока выкарыстоўвалі наёмную рабочую сілу. У Рас. імперыі перыяду феадалізму ва ўмовах запрыгоньвання пераважнай часткі сялянства і панавання натуральнай сял. гаспадаркі, нягледзячы на істотныя зрухі ў развіцці таварна-грашовых адносін, К як тып сял. насельніцтва не існавала. Яно пачало складвацца пасля сялянскай рэформы 1861. Да канца 19 ст. на Беларусі налічвалася прыблізна 50 тыс. (каля 8%) кулацкіх гаспадарак. Ва ўмовах капіталіст. развіцця К. паступова сканцэнтроўвала ў сваіх руках усё больш зямлі, рабочай і прадукцыйнай жывёлы, с.-г. машын, палепшаных прылад працы і ў выніку — с.-г. вытворчасці. Яно значна ўмацавалася пасля сталыпінскай аграрнай рэформы. У Беларусі напярэдадні 1-й сусв. вайны К. складала каля 11% усіх сял. гаспадарак, валодала амаль 20% сял. надзельнай і больш як 80% купленай зямлі. вял. плошчай арандаваных зямель, 26,7% коней, 36,6% плошчы пасеваў. На яго долю прыпадала 37% сял. вытворчасці збожжа, 38,8% — бульбы. У Рас. імперыі, у т. л. ў Беларусі, працэс фарміравання К. ў выніку расслаення сялянства быў далёка не завершаны.

У першыя гады пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 шырокія масы былі ўцягнуты ў бескампрамісную барацьбу з К. як «класавым ворагам». Вынікам яе стала аслабленне заможных груп сялянства, яго колькаснае змяншэнне. У 1920 К. складала не больш за 2% аднаасобных гаспадарак Віцебскай і Гомельскай губ. (супраць амаль 10% на Беларусі ў 1917). Кулак як самастойная сіла ці сельскі капіталіст, што жыў за кошт наёмнай працы, па сутнасці перастаў існаваць. Дзейснымі спосабамі барацьбы з ім былі адзяржаўленне сельскай гаспадаркі, раскулачванне, харчразвёрстка, абмежаванні ў правах (забарона арэнды і найму рабочай сілы, паліт. ізаляцыя і інш.). У гады новай эканамічнай палітыкі з правядзеннем курсу на абмежаванне і выцясненне К. рост яго аднавіўся. У 1927 удзельная вага кулацкіх гаспадарак сярод сял. гаспадарак БССР складала 4,1%. У 1928 з пачаткам пераходу да выцяснення К. гал. чынам адм.-паліт. метадамі пачалося яго эканам. аслабленне і адноснае скарачэнне (да 1929 да 2%). Гэтаму садзейнічалі таксама пашырэнне «самараскулачвання», абвастрэнне напружанасці ў вёсцы, акты тэрору. У канцы 1929—30 у сувязі з пераходам да палітыкі ліквідацыі К. як класа на базе суцэльнай калектывізацыі асн. метадам змагання з ім стала экспрапрыяцыя. Барацьба з К., паводле вызначэння некат. даследчыкаў, паставіла вёску на мяжу «сапраўднай (адкрытай) сялянскай вайны», «грамадзянскай вайны» ці «ўсеагульнага сялянскага паўстання».

Да 1933 К. як клас, паводле вызначэння І.​В.​Сталіна, было разгромлена, але не дабіта. У ходзе барацьбы з рэшткамі К., хутарской сістэмай і іншадумствам адначасова з поўнай ліквідацыяй К. практычна перастала існаваць аднаасобная гаспадарка. Паводле афіц. звестак, да сярэдзіны 1934 у БССР раскулачана 35 тыс. гаспадарак. У перыяд суцэльнай калектывізацыі (1929—32), згодна з ацэнкамі некат даследчыкаў, пад раскулачванне трапіла каля 48—64 тыс. гаспадарак. У Зах. Беларусі ліквідацыя К. пачалася пасля ўз’яднання яе з БССР, завяршылася ў пач. 1950-х г. З канца 1920-х да пач. 1940-х г. і ў пасляваен. гады ў бел. вёсцы пацярпелі як кулацкія каля 8% сял. гаспадарак, а сярод ліквідаваных — пераважная большасць. Барацьба з К. з’явілася эфектыўным спосабам паскарэння калектывізацыі, ліквідацыі традыцыйных форм гаспадарання, падпарадкавання сельскай эканомікі задачам парт.-дзярж. улады.

Літ.:

Ленін У.І. Развіццё капіталізма ў Расіі // Тв. Т. 3. (Полн. собр. соч. Т. 3);

Ковальченко И.Д. Некоторые вопросы генезиса капитализма в крестьянском хозяйстве России // История СССР. 1962. № 2;

Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг. Мн., 1962;

Социально-экономические преобразования в Белорусской ССР за годы Советской власти. Мн., 1970;

Липинский Л.П. Столыпинская аграрная реформа в Белоруссии. Мн., 1978;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990;

Сарокін АМ. На крутым павароце рэвалюцыйных і ваенных падзей на Беларусі, 1917—1921 гг. // Человек и экономика. 1997. № 5;

Яго ж. На перавале: (Некаторыя аспекты метадалогіі нэпа і яго супярэчнасцей) // Гуманітарна-экан. весн. 1998. № 2.

В.​П.​Панюціч (да 1917), А.​М.​Сарокін (1917—1950-я г.).

т. 8, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)