Створаны ў 1993 у Мінску. У яго ўваходзяць 15 фабрык маст. вырабаў: Аршанская, Бабруйская, Баранавіцкая, Барысаўская, Бешанковіцкая, Брэсцкая, Гомельская, Жлобінская, Магілёўская, Мазырская, Пінская, Полацкая, Слонімская, Слуцкая, Хойніцкая, якія выпускаюць жаночае і дзіцячае верхняе адзенне з тканіны і трыкатажу, аздобленае вышываным бел.нац. арнаментам, сталовую і пасцельную бялізну, вырабы ручнога ўзорнага ткацтва, з лазы і саломкі, дрэва, дэкар. пано (размалёўка, разьба, інкрустацыя саломкай), сувеніры з ільновалакна.
Н.В.Пачынава.
Да арт.Беларускі канцэрн народных мастацкіх промыслаў. Беларускія лялькі. 1996.Да арт.Беларускі канцэрн народных мастацкіх промыслаў. Кухонны набор. 1996. Брэсцкая фабрыка мастацкіх вырабаў.Да арт.Беларускі канцэрн народных мастацкіх промыслаў. Плеценыя вырабы з лазы. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫЛО́ВІЧ Ганна Мікалаеўна (н. 23.9.1938, в. Загор’е Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. этнограф. Канд.гіст.н. (1979). Скончыла БДУ (1966). З 1957 артыстка Дзярж.нар. хору Беларусі. З 1976 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Даследуе матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў, промыслы і рамёствы. Аўтар кн. «Беларускае народнае ткацтва» (1981), сааўтар прац «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Змены ў побыце і культуры сельскага насельніцтва Беларусі» (1976), «Помнікі народнай архітэктуры і побыту Беларусі» (1979), «Грамадскі, сямейны побыт і духоўная культура насельніцтва Палесся» (1987), «Палессе. Матэрыяльная культура» (1988), «Сям’я і сямейны быт беларусаў» (1990), «Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі» (1995), «Беларусы» (М., 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПАЧАЛО́ВІЧ Ала Іванаўна (н. 23.12.1951, г.п. Моніна Маскоўскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). З 1996 выкладае ў Бел. ун-це культуры. У творчасці выкарыстоўвае традыцыі нар.маст.ткацтва. Сярод твораў батык «Кантрасты» (1976), серыя ручнікоў «Па матывах слуцкіх паясоў» (1978), габелены «Барысаў» (1980), «Адлюстраванне» (1984), пакрывала «Восень» (1982), серыі дэкар. тканін «Елачка», «Фактурная», «Святочная» (усе 1987), «Мажорны настрой» (1989), заслоны для палацаў культуры «Лясныя напевы» (1990) у г.п. Клічаў Магілёўскай вобл., «Экспромт» (1992) у г. Івацэвічы Брэсцкай вобл., «Залацісты» (1994) у г. Жодзіна Мінскай вобл., ручнікі «Кветкі», «Цецерукі», «Нацюрморт» (усе 1995), «Спадчына» (1996), «Золата Нясвіжа» (1997), дэкар. тканіна «Месячная дарога» (1998).
Створана ў 1960 як Слуцкая ф-камаст. вырабаў на аснове арцелі «1 Мая» (засн. 1936) у г. Слуцк Мінскай вобл., з 2000 сучасная назва. Асн. прадукцыя: вырабы ручнога пераборнага ткацтва (сталовыя, чайныя, гасціныя і інш. камплекты, посцілкі, накідкі на крэслы, канапы, паясы і інш.), страчавышытыя бялізнавыя вырабы, сувенірныя лялькі. Уклад у развіццё нар.маст. промыслаў зрабілі ткачыхі Г.Лешчанка, Т.Пацыкайлік, вядучы мастак А.Ісакова, вышывальшчыцы Г.Бадыль, М.Глобаж. Да пач. 1990-х г. працавалі ткацкія ўчасткі ў вёсках Чырвоная Дуброва, Семежава Капыльскага р-на, участак лозапляцення ў в. Вынісцы Слуцкага р-на.
Плеценыя вырабы з лазы Слуцкага прадпрыемства мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТКАЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ ТВО́РЧАСЦІ.
Засн. ў 1978 у г. Ветка Гомельскай вобл. на базе калекцыі Ф.Р.Шклярава, які стаў першым дырэктарам музея, адкрыты для наведвання ў 1987. Размешчаны ў б. купецкім асабняку 19 ст. У музеі 6,5 тыс. экспанатаў, у т. л. 3,5 тыс.асн. фонду (1997), якія характарызуюць нар. культуру і побыт, традыц. мастацтва і промыслы Веткаўшчыны. Гэта старадрукі 16—18 ст. («Евангелле» П.Мсціслаўца, 1575, кнігі В.Гарабурды, выданні старавераў, у т. л. з Куцеінскай друкарні, і інш.), рукапісы пач. 16 — пач. 20 ст. (пераважна крукавага нотнага пісьма). Па запісах на кнігах (даравальных, купчых) складзена і экспануецца карта «Шлях кніг на Ветку». Зберагаюцца унікальныя калекцыі прорысяў 17—19 ст., абразоў 17 — пач. 20 ст., старадаўняя і сучасная разьба па дрэве, чаканка і гравіроўка па метале (абклады на абразах), ліццё, шыццё золатам, жэмчугам і бісерам; інструменты майстроў і рамеснікаў, іх дзелавая і асабістая перапіска, калекцыі меднага посуду і самавараў; узоры маст.ткацтва, вышыўкі, нар. касцюмаў; творы жывапісу самадз. мастакоў. Экспазіцыя складаецца з раздзелаў: «Слабада», «Кірмаш», «Манастыр», «Рака», у якіх размешчаны тэматычна аб’яднаныя кампазіцыі з элементамі дыярамы — «Бакалейная крама», «Гандлёвы рад», «Кузня», «Бібліятэка» і інш. Калекцыі іканапісу і дэкар.-прыкладнога мастацтва ўключаюць работы мясц. майстроў рознага часу, у т. л. Р.Рагаткіна (іканапіс), М.Свяшчэннікава (чаканка), М.Смірновай (шыццё бісерам), К.Карасёва (разьба па дрэве). Сярод твораў маст.ткацтва старадаўнія і сучасныя ручнікі, абрусы і хусткі з в. Неглюбка, пас. Рэпішча і інш., дзявочыя і жаночыя нар. строі.
С.І.Лявонцьева.
Абраз «Пакровы» з экспазіцыі Веткаўскага музея народнай творчасці.Веткаўскі музей народнай творчасці. Рукапісы 16—19 ст., напісаныя крукавым нотным пісьмом.Брама Веткаўскага музея народнай творчасці.Адна з залаў Веткаўскага музея народнай творчасці.Веткаўскі музей народнай творчасці. Фрагмент экспазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1984 у Браславе на базе школьнага музея. Мае 6 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 147,6 м²), больш за 12 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Сярод экспанатаў археал. знаходкі (неаліт. прылады працы, жаночыя ўпрыгожанні 11 ст., энкалпіёны, кафля і зброя з замка ў Іказні, посуд і манеты з сярэдневяковай Друі і інш.), матэрыялы з гісторыі Браслаўшчыны часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, пра падзеі вайны 1812, паўстання 1863—64, перыяду ўваходжання Зах. Беларусі ў склад Польшчы, Вял.Айч. вайны. Этнагр. матэрыялы прадстаўлены вырабамі ткацтва, ганчарства, кавальства, разьбярства, пляцення, нар.муз. інструментамі. Асобныя экспазіцыі прысвечаны краязнаўству Браслаўшчыны, мастаку П.Сергіевічу, медыку С.Нарбуту (сын гісторыка Т.Нарбута). З 1989 праводзяцца навук.-краязнаўчыя канфер. «Браслаўскія чытанні».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ МУЗЕ́Й.
Дзейнічаў у 1912—15 у Мінску. Створаны Мінскім таварыствам аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Размяшчаўся ў доме Е.С.Федаровіч (цяпер на яго месцы будынак Галоўпаштамта). Меў аддзелы: гіст., археал., этнагр., прыродазнаўчы, маст.-прамысловы. Экспанаваліся ўзоры глебы, мінералаў, чучалы звяроў і птушак, шкілеты дагіст. жывёл, стараж. прылады працы і манеты, узоры нар.ткацтва і інш. У спец. сховішчы зберагаліся старадрукі, карты, рукапісы, гравюры і інш. каштоўнасці. Музей наладжваў тэматычныя выстаўкі, складаў школьныя калекцыі, розныя дапаможнікі і інш. У сувязі з 1-й сусв. вайной спыніў публічную дзейнасць. У 1920 частка экспанатаў перададзена Мінскаму абл. музею.
Літ.:
Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус.Мн., 1994. С. 275.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫПНІЧЭ́НКА Ларыса Іванаўна (н. 7.7.1941, г. Усевалажск Ленінградскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1964), выкладала ў ім (1980—92). З 2001 у Мінскім раённым цэнтры дзіцячай творчасці. Сярод твораў габелены, выкананыя пераважна спалучэннем тэхнік гладкатканага і рэльефнага ткацтва: «Лясная песня» (1974), «Саната» (1977), «Світанне» (1978), «Каваль-асілак» (1979), «Сонечная кветка», «Абуджэнне» (абодва 1980), «Паўлінка» (1981), «След Пегаса» (1982), «Святочны рытм» (1984), «Веснавы акорд», «Багацце» (серыя; усе 1985), «Раніца» (1986), «Прэлюдыя», «Прысвячэнне» (1988—89), «Прастора і час», «Гімн зямлі» (абодва 1988), «Усход Селены», «Веснавыя галасы» (абодва 1991), «Нітка Арыядны» (1995), «Русалка», «Папараць» (абодва 1997); дэкар. пано «Ураджай» для Палаца культуры ў в. Сеніца Мінскага р-на (1990) і інш. Працуе таксама ў станковым жывапісе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАШЭ́ЕВА Валянціна Сямёнаўна (н. 30.7.1944, г.п. Церахоўка Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатральна-маст.ін-т (1968). Працуе ў галіне ручнога ткацтва і габелену. Аўтар габеленаў: «Нацюрморт» (1975), «Восеньскі нацюрморт» (1976), «Месяц чэрвень» (1981); серыя «Адчыненыя вокны» (1984), «Чорнае і белае» (1986), «Партрэт» (1990), «Прысвячэнне ткачыхам» для Мінскага абласнога краязнаўчага музея з г. Маладзечна (1991); трыпціхі «Лес» для кавярні «Паўднёвы Захад» у Мінску (1983), «Дні позняй восені» для Ліцэя мастацтваў г. Ніжнявартаўск (Расія, 1995); цыкл «Архітэктура Беларусі» для банкетнай залы гасцініцы «Турыст» (1988), габелена-заслоны для Палаца Рэспублікі ў Мінску (1992—2001, у сааўт.), «На скрыжаванні лёсу» (1996) і інш. Творы вызначаюцца асацыятыўнасцю, дэкаратыўнай абагульненасцю, смелымі колеравымі спалучэннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫЎНА-ПРЫКЛАДНОЕ МАСТАЦТВА.
Традыцыйна бытавала пераважна ў сферы задавальнення першачарговых быт. патрэб — стварэння прылад працы, адзення, хатняга начыння, посуду, гасп. абсталявання і інш., зручныя і прадуманыя формы якіх, нярэдка падкрэсленыя рознымі відамі дэкору, надавалі ім маст. вартасць. Ужо ў першабытныя часы склаліся многія формы і характар арнаментыкі вырабаў, што амаль без змен дайшлі да нашых дзён. З часоў неаліту выраблялі гліняны посуд, драўляныя і касцяныя прылады працы, аздобленыя выціснутым, ляпным, разьбяным арнаментам сімвалічнага характару. Узоры стараж. мастацтва звязаны з першабытным культам плоднасці і паляўнічай магіяй. З зараджэннем земляробства і жывёлагадоўлі дасягнулі росквіту арнаментаванне глінянага посуду, гравіраванне па косці і рогу, драўляная і касцяная дробная пластыка ў выглядзе фігурак людзей, жывёл, птушак. З часоў жалезнага веку пашырыўся выраб металічных упрыгожанняў. Аб’ектамі арнаментальнай творчасці станавіліся вырабы, звязаныя з прадзеннем і ткацтвам. З падзелам працы і раздзяленнем грамадства на класы вылучыліся рамеснікі-прафесіяналы, якія абслугоўвалі патрэбы пануючых класаў; іх творчасць спалучала замежныя ўплывы і мясц.нар. традыцыі. Паралельна прадаўжала развівацца і традыц.нар. мастацтва, пераважная большасць якога развівалася як хатняя вытв-сць для ўласных патрэб; яно амаль не зазнала знешніх уплываў, што вызначыла асноўныя яго якасці — глыбокую традыцыйнасць, яркую самабытнасць, выразнасць форм, спакойны, стрыманы дэкор, у якім пераважалі стараж. матывы сімвалічнага характару (ромб, круг, крыж, разетка, салярныя знакі, выявы жывёл і птушак). На працягу многіх стагоддзяў яно ўплывала на характар цэхавых і мануфактурных рамёстваў (праца прыгонных майстроў выкарыстоўвалася ў майстэрнях і мануфактурах гарадоў, феадальных маёнткаў, манастыроў). Пад яго ўплывам набыла адметныя асаблівасці аб’ёмна-ажурная разьба, т.зв. беларуская рэзь; традыц. матывы бел.нар.ткацтва паўплывалі на характар мануфактурных тканін (слуцкія паясы), ганчарства — на керамічныя вырабы (кафлю, фарфор, фаянс). Нар. майстры (сталяры, разьбяры, ткачы, вышывальшчыцы і інш.) удзельнічалі ў аздабленні палацаў і храмаў, часам знаходзячы арыгінальныя тэхнал. і маст. вырашэнні манументальна-дэкаратыўных задач (напр., выраб іканастасаў з саломы).
Прыкметныя змены ў характары нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва адбыліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з сац.-эканам. ўмовамі і адпаведнымі зменамі ў нар. побыце (расслаенне вёскі, паляпшэнне ўнутр. і знешняга стану нар. жылля і інш.). Малая даступнасць прамысл. утылітарна-маст. вырабаў асн. масе сялянства выклікала прыкметнае развіццё традыц. рамёстваў. Склаліся буйныя асяродкі ганчарства, дзе выраблялі посуд, у т. л. утылітарна-мастацкага прызначэння; цацкі-свістулькі (Крычаў, Пружаны, Гарадок, Дуброўна, Івянец, Ракаў, Ружаны, Поразава, Дзісна, Бабінавічы, Пагост-Загародскі і інш.). Цэлыя паселішчы (асабліва на Палессі і Паазер’і) займаліся пляценнем з лазы (кошыкі, куфэркі, мэбля); з саломы выпляталі капелюшы, куфэркі, шыяны, карабы, абрадавую пластыку; з бяросты выраблялі дробны посуд з ціснёным узорам (берасцянкі, табакеркі, сальнічкі). Назіраецца прыкметнае ўзрастанне дэкаратыўнасці твораў Д.-п.м., у тым ліку і тых яго відаў, якія развіваліся ў сферы хатняй вытв-сці і на працягу многіх стагоддзяў захоўвалі стараж. характар: ткацтва, вышыўка, разьба па дрэве. Побач са стараж. геаметрычнымі, салярнымі, зааморфнымі матывамі сімвалічнага характару, пашыраўся рэалістычны раслінны дэкор. Значнае месца займаюць вырабы нар. мастацтва, звязаныя са знешнім і ўнутраным упрыгожаннем нар. жылля: разьбяныя і па-мастацку ашаляваныя ліштвы, ганкі, франтоны, дэкарыраваная мэбля, у т. л. куфры для пасагу, звязаныя з вясельнымі абрадамі. Прыгажосцю вызначаліся тканыя і вышываныя посцілкі, дываны, ручнікі, абрусы, карункавыя вырабы (сурвэткі, абрусы, падзоры), а таксама аплікацыя саломай па дрэве і палатне, ажурныя папяровыя вырабы (выцінанка), маляваныя на шкле і палатне карцінкі і дываны і інш. Пашырыліся вырабы з дрэва, аздобленыя разьбяным дэкорам (чарпакі, лыжкі, сальнічкі, прасніцы). Дасягнуў росквіту дэкор традыц.нар. адзення, якое ўяўляла сінтэз розных відаў нар. мастацтва: ткацтва, вышыўкі, карункапляцення, набіванкі, аплікацыі і інш. Узоры нар. мастацтва пачалі збіраць музеі, наладжваліся іх выстаўкі (першыя з іх у Магілёве ў 1893, у Пецярбургу і Вільні ў 1913), арганізоўваліся школы і майстэрні для навучання традыц. рамёствам, заснавана «Таварыства дапамогі хатняму рамяству». З 1920-х г. майстры аб’ядноўваліся ў арцелі (пераважна ткацка-вышывальныя). У 1938 арганізаваны Белмастпрамсаюз, які аб’яднаў арцелі (каля 20) у адзіную сістэму.
Значныя змены ў становішчы і характары традыц.нар. мастацтва адбыліся ў 2-й пал. 20 ст. Насычэнне рынку масавай таннай прамысл. прадукцыяй абясцэніла многія вырабы нар. майстроў. З побыту пачалі адыходзіць саматканае адзенне, самаробныя прылады працы, мэбля, посуд і інш. З забыццём стараж. абрадаў і звычаяў адпала патрэба і ў стварэнні абрадавай пластыкі. Многія традыц.нар. рамёствы заняпалі, іншыя прадоўжылі сваё развіццё ў сферы маст. прам-сці: аплікацыя саломай па дрэве — на Жлобінскай ф-цы інкрустацыі; ганчарства — на Івянецкай ф-цы керамікі і вышыўкі; лозапляценне — на Гомельскай, Мазырскай, Гродзенскай, Слуцкай ф-ках маст. вырабаў; ткацтва — у Неглюбцы (Веткаўскі р-н), Моталі (Іванаўскі р-н); маст. саломапляценне — на Брэсцкай ф-цы сувеніраў. Прадаўжаюць бытаваць такія традыц. віды нар. мастацтва, як архітэктурны дэкор, маст.ткацтва, карункапляценне. Утылітарны бок твораў нар. майстроў адышоў на другі план, узрасла іх дэкаратыўнасць, пашырылася колеравая гама, развіліся новыя віды і матывы дэкору: чырвона-чорны ромбагеаметрычны дэкор у вышыўцы саступіў месца паліхромным раслінным матывам адвольнага характару. Вырабы сучасных нар. майстроў задавальняюць больш эстэтычныя, чым практычныя, патрэбы і выкарыстоўваюцца пераважна ў якасці нац. твораў мастацтва і сувеніраў. Бытуюць маст.ткацтва, вышыўка, карункапляценне, лозапляценне, працягваюць сваю дзейнасць некат. асяродкі ганчарства (Гарадная Столінскага р-на). Дзякуючы росту цікавасці грамадства да набыткаў традыц. культуры на новым узроўні адрадзіліся некат. забытыя рамёствы: выцінанка, апрацоўка бяросты, лепка гліняных цацак, маст. кавальства, апрацоўка скуры і інш.; росквіту дасягнулі маст. саломапляценне і аплікацыя саломай па дрэве і палатне. Колішні механізм пераемнасці традыцый (на ўзроўні сям’і, ад бацькоў да дзяцей) саступае месца арганізаваным формам навучання: школам, студыям, гурткам. Зберажэнню, адраджэнню і папулярызацыі нар. мастацтва садзейнічаюць стварэнне дамоў рамёстваў, спецыялізаваных музеяў, правядзенне святаў-конкурсаў па відах рамёстваў (рэспубліканскія святы-конкурсы ганчарства «Ганчарны круг—96», «Ганчарны круг—2004», саломапляцення «Саламяны цуд», 1997, лозапляцення «Лазовыя карункі», 1998, разьбярства «Дрэва жыцця», 1999, выцінанкі «Ажурныя фантазіі», 2000, кавальства «Залатая падкова», 2001). У 1998 адбылася 1-я Нац. выстаўка сучаснай нар. творчасці «Жывыя крыніцы», у 2003—1-ы Міжнар. фестываль саламянага мастацтва (Мінск). Створаны ў 1992 Беларускі саюз майстроў нар. творчасці гал. задачай ставіць адраджэнне, зберажэнне і развіццё нар. мастацтва і мастацкіх рамёстваў. Падтрымку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва як неад’емнай часткі нац. культуры ставіць сваёй мэтаю спецыяльны Закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь» (1999). Здабыткамі нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва жывіцца прафесійнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.
Я.М.Сахута.
Т.Агафоненка. Каляднікі. Саломапляценне. 1977.Ручнікі з Браслаўскага (злева) і Бярэзінскага раёнаў. Канец 19 — пач. 20 ст.Выцінанка.