МАРАДЗЁРСТВА (ад франц. maraudeur рабаўнік),

тайны або адкрыты крадзеж на полі бітвы рэчаў, якія знаходзіліся пры забытых або параненых, а таксама рабаванне мірных жыхароў і іх маёмасці ў час вайны, стыхійных бедстваў, тэхнагенных катастроф і т.п. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца злачынствам і сурова караецца (пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў або пакараннем смерцю). Гл. таксама злачынствы воінскія.

т. 10, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкар. кераміка 16—19 ст. з г. Пінск Брэсцкай вобл. Кафля 16 ст. гаршковая з квадратным вусцем, а таксама (з канца 16 ст.) каробчатая з вонкавай пласцінай, дэкарыраванай геам. малюнкам. Кафля 17—18 ст. каробчатая гзымсавая, вуглавая дывановая), аздобленая расл. арнаментам, геральдычнымі выявамі, манаграмамі; выраблялі таксама каронкі. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Пінску пашырылася паліхромная рэльефная кафля, у 18 ст. — размаляваная гладкая. З канца 17 ст. малюнак паступова спрашчаўся, з сярэдзіны 18 ст. выраблялі кафлю звычайна без дэкору. Пры абпальванні выкарыстоўвалі пераважна зялёную, а таксама паліхромную паліву. З 2-й пал. 19 ст. была наладжана прамысл. вытв-сць кафлі з расл. дэкорам па замежных ўзорах.

І.​М.​Чарняўскі.

т. 12, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАВА́Т (араб.),

адна з назваў «свяшчэннай вайны» мусульман супраць іншаверцаў. Гл. таксама Джыхад.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОРД (ням. Nord, галанд. noord),

поўнач. Абазначаецца — N. Н. таксама наз. паўн. вецер.

т. 11, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАБІ́НЫ,

1) сялянскія калёсы са здымнымі рашэцістымі бакавінамі. Гл. таксама Мажара.

2) Прыстаўная лесвіца.

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСОКААКТА́НАВАЕ ПА́ЛІВА,

аўтамабільныя і авіяцыйныя бензіны з актанавым лікам 98—100. Гл. таксама Антыдэтанатар.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІДРЫ́ДЫ,

хімічныя злучэнні; вытворныя арган. і неарган. кіслот, якія ўтвараюцца пры іх дэгідратацыі. Ангідрыды неарган. кіслот — аксіды кіслотаўтваральных элементаў [напр., серны ангідрыд (SO3), фосфарны (P2O5), вугальны (CO2) і інш.] можна атрымліваць таксама акісленнем простых рэчываў; ангідрыды арган. кіслот [напр., воцатны ангідрыд (CH3CO)2O, малеінавы (C2H2CO2)2O] — кандэнсацыяй іх вытворных. Ангідрыды гідралізуюцца да адпаведных кіслот. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці палімераў, фарбавальнікаў, таксама як асушальнікі, ацыліруючыя сродкі.

т. 1, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСКРЭ́ТНАСЦЬ (ад лац. discretus раздзелены, перарывісты),

раздзеленасць, перарыўнасць у прасторы і часе; процілегласць неперарыўнасці. Напр., сістэма цэлых лікаў (у процілегласць сістэме рэчаісных лікаў) — дыскрэтная. У фізіцы Д. азначае перарыўнасць будовы матэрыі (яе атамістычнасць), а таксама перарыўны квантавы характар працэсаў паглынання і выпрамянення энергіі ў атамах і малекулах. Д. некат. фіз. велічыні — змяненне яе значэнняў, што адбываюцца праз пэўныя прамежкі часу (скачкамі). Гл. таксама Неперарыўнасць і перарыўнасць.

т. 6, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НТАР (ад лац. cantor спявак),

першапачаткова пеўчы ў касцёле, пазней — спявак у прыдворнай капэле, настаўнік музыкі ў каталіцкіх і пратэстанцкіх духоўных навуч. установах, гар. школах. У пратэстантаў К. ствараў таксама музыку для царк. службаў і гар. урачыстасцей і кіраваў муз. выкананнем. Часам К. узначальваў усё муз. жыццё горада (да канца 18 ст.; напр., І.​С.​Бах). У яўр. сінагозе — гал. спявак хору (наз. таксама хазан).

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМІНА́ННЕ,

сшытак (спіс) з імёнамі памерлых або жывых, якіх святар павінен памянуць у час набажэнства; таксама царкоўны рытуал, у час якога святар памінае імёны, уключаныя ў памінальны сшытак (спіс). У правасл. царкве П. памерлых робіцца на 3-і, 9-ы, 40-ы дзень і ў гадавіну смерці. Існуюць агульныя дні П. памерлых: дзяды (2 лістапада), бацькоўская субота, субота напярэдадні Сёмухі і інш. Гл. таксама Культ продкаў.

т. 12, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)