МА́Я,

ва ўсходнеславянскай міфалогіі багіня вясны і маладосці. Лічылася жонкай Дажбога. Паводле паданняў, створана з бярозы. Аднойчы юны Дажбог заглядзеўся з неба на бярозы і пажадаў, каб яго будучая жонка была такой жа прыгожай і пяшчотнай. І раптам сярод бяроз з’явілася прыгажуня-багіня. Дажбог адразу закахаўся, працягнуў да яе свае рукі-промні і сказаў: «Мая́». Так М. атрымала сваё імя. У паданнях на Гродзеншчыне сцвярджаюць, што перад надыходам зімы М. вяртаецца да сваіх сябровак-бяроз, сама зноў ператвараецца ў бярозу і спіць да таго часу, пакуль вясной яе не паклічуць людзі. Гэтай падзеі прысвечана свята Гуканне вясны, якое праводзіцца ў красавіку.

М.​К.​Багадзяж.

т. 10, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р АБ ЗАБАРО́НЕ РАЗМЯШЧЭ́ННЯ Я́ДЗЕРНАЙ ЗБРО́І НА МАРСКІ́М ДНЕ,

шматбаковае міжнар. пагадненне аб забароне размяшчэння на дне мораў і акіянаў і ў іх нетрах ядз. зброі і інш. відаў зброі масавага знішчэння. Адкрыты для падпісання ў Маскве, Вашынгтоне і Лондане 11.2.1971. Удзельнікамі дагавора з’яўляюцца больш за 100 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь (падпісала яго 3.3.1971, ратыфікавала 6.9.1971). Дагавор забараняе ўстанаўліваць і размяшчаць ядз. зброю і інш. віды зброі масавага знішчэння, пускавыя ўстаноўкі і інш. прыстасаванні, прызначаныя для захоўвання, выпрабавання ці выкарыстання такой зброі на дне мораў, акіянаў і ў іх нетрах за знешняй мяжой 12-мільнай узбярэжнай зоны (адлічваецца ад лініі найвялікшага адліву ўздоўж марскога ўзбярэжжа).

Ю.​П.​Броўка.

т. 5, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЦНАСЦЬ ГУ́КУ, гучнасць гуку,

мера сілы слыхавога адчування, выкліканая гукам. Залежыць ад гукавога ціску і адчувальнасці вуха, якая неаднолькавая для гукаў рознай частаты і інтэнсіўнасці. Узровень М.г. вымяраецца ў фонах.

Для параўнання М.г. рознай частаты карыстаюцца фіз. велічынёй, якая наз. ўзроўнем чутнасці і выражаецца формулай L = 20 lg ( p / p 0 ) , дзе р — гукавы ціск для гуку з частатой 1 кГц і такой жа гучнасцю, як і даследаваны; p0 = 2∙10​−5 Па — стандартны парог чутнасці для частаты 1 кГц. Парогам чутнасці наз. гукавы ціск, пры меншым за які вуха не чуе гуку. Парогам болевага адчування наз. гукі дастаткова вял. інтэнсіўнасці, што таксама не ўспрымаюцца вухам і выклікаюць болевае адчуванне пры перавышэнні гэтага парога.

т. 10, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРКЕ́Т (франц. parquet),

габляваныя драўляныя планкі (клёпкі) для насцілу падлогі, а таксама само пакрыццё такой падлогі. Робіцца з дубу, буку, ясеню, клёну, бярозы, грабу і інш., мастацкі П. — з драўніны каштоўных парод (арэху, чырвонага дрэва). Вызначаецца прыгожым выглядам, даўгавечнасцю, нізкай цепла- і гукапранікальнасцю.

Бывае шчытавы (мае аснову і пакрыццё з клёпак, наклееных на аснову), наборны, або мазаічны (з планак, падабраных па рысунку і наклееных вонкавым бокам на трывалую паперу), штучны (з асобных планак, прыклееных да асновы) і з паркетных дошак (рэйкі з папярочна наклеенымі планкамі). Пасля насцілу П. націраюць воскам, масцікай ці пакрываюць спец. паркетным лакам. Аддзелка паркетнай падлогі — струганне, цыкляванне і націранне, робіцца паркетастругальнымі, паркеташліфавальнымі і электрапалацёрнымі машынамі.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РА,

прыняцце якіх-небудзь ідэй, ведаў, меркаванняў, палажэнняў і інш. без непасрэднага эмпірычнага і рацыянальнага абгрунтавання. У філасофіі — стан суб’екта, цесна звязаны з духоўным светам асобы. Узнікае на аснове пэўнай інфармацыі пра аб’ект. Выяўляецца ў ідэях ці вобразах, суправаджаецца эмоцыяй упэўненасці і шэрагам іншых пачуццяў і служыць матывам, стымулам, устаноўкай і арыенцірам чалавечай дзейнасці. Паводле У.​Салаўёва, вера — гэта прызнанне чаго-небудзь сапраўдным з такой рашучасцю, якая перавышае сілу знешніх фактычных і фармальна-лагічных доказаў. І.​Кант трактаваў веру як пазіцыю розуму, які прымае тое, што з’яўляецца недаказальным, але неабходным для абгрунтавання маральнага імператыву. У псіхалогіі — асаблівы стан псіхікі, калі чалавек цалкам і безагаворачна прымае пэўныя звесткі, з’явы, падзеі або ўласныя ўяўленні, якія могуць стаць у далейшым асновай яго «я», вызначаць некаторыя яго ўчынкі, разважанні, нормы паводзін. У выніку практычнай дзейнасці, тэарэт. пазнання, лагічных разважанняў, адчуванняў, уяўленняў і валявых намаганняў чалавек фарміруе ў сваёй свядомасці вобразы рэчаіснасці, уяўленні пра свет і сваё месца ў ім. Калі чалавек не ў стане асэнсаваць тую ці іншую з’яву, ён або прымае яе на веру, або адмаўляецца ў пэўнай форме ад пазнання. У рэлігіі вера — прыняцце Бога як першакрыніцы ўсяго існага, стваральніка свету, жыцця на зямлі і самога чалавека, прыняцце пэўных сцверджанняў (догматаў) і рашучасць прытрымлівацца іх насуперак усім сумненням. Асновы такой веры значна глыбей, чым веды і мысленне, у адносінах да якіх вера — першапачатковы фактар і таму мацней за іх. Тэалогія лічыць рэліг. веру неад’емнай уласцівасцю чалавечай душы, божым дарам. Для пераадолення супярэчнасцей паміж розумам і верай артадаксальная тэалогія выкарыстоўвае максіму Аўгусціна Блажэннага і Ансельма Кентэрберыйскага «верую дзеля таго, каб разумець», якая з’яўляецца зыходным пунктам для пабудовы паслядоўнасці фармальна-лагічных вывадаў.

В.​М.​Пешкаў.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫ ГАДЗІ́ННІК,

умоўны тэрмін, які абазначае здольнасць жывых арганізмаў арыентавацца ў часе. У аснове такой арыентацыі ляжыць перыядычнасць фіз.-хім. і фізіял. працэсаў у клетках (гл. Біялагічныя рытмы). Склаўся ў выніку эвалюц. адаптацыі да цыклічнасці працэсаў, што адбываюцца ў навакольным асяроддзі (змена дня і ночы, пораў года) і абумоўлены таксама цыклічнымі ваганнямі геафіз. фактараў (сутачная і сезонная перыядычнасць эл.-магн. поля Зямлі, сонечнай і касм. радыяцыі і інш.). Біялагічны гадзіннік дазваляе прыводзіць фізіялагічныя рытмы ў адпаведнасць з рытмам навакольнага асяроддзя і дае арганізмам і ўнутрыклетачным працэсам магчымасць «прадбачыць» сутачныя, сезонныя, гадавыя або шматгадовыя ваганні асветленасці, т-ры, прыліваў і інш. змен. Найб. яскрава гэта выяўляецца ў сутачных рытмах. У жывёл вымярэнне часу звязана з выпрацоўкай умоўных рэфлексаў на змену ўмоў навакольнага асяроддзя.

т. 3, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫШПРАВО́ДНЫ МАГНІ́Т,

від электрамагніта ці саленоіда, абмоткі якіх зроблены са звышправоднага матэрыялу (гл. Звышправаднікі). Пры кароткім замыканні такой абмоткі наведзены ў ёй эл. ток захоўваецца практычна бясконца доўга.

Магн. поле незатухальнага току, які цыркулюе па абмотцы З.м., выключна стабільнае і пазбаўлена пульсацый. Абмотка З.м. траціць уласцівасці звышправоднасці пры павелічэнні т-ры вышэй за крытычную або пры дасягненні крытычнага току ці крытычнага магнітнага поля. Таму абмоткі З.м. робяць з матэрыялу з вял. крытычнымі значэннямі гэтых параметраў (сплавы ніобій—цырконій Nb—Zr. ніобій—тытан Nb—Ti; злучэнні ніобію з волавам Nb3Sn, ванадыю з галіем V3Ga і інш.). З.м. выкарыстоўваюцца для даследавання магн., эл. і аптычных уласцівасцей матэрыялаў, у эксперыментах па вывучэнні плазмы, атамных ядраў і элементарных часціц, у тэхніцы сувязі, радыёлакацыі і інш.

т. 7, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНАХА́РСТВА,

вядомыя са стараж. часоў у розных народаў прымітыўныя спосабы лячэння, якія суправаджаліся пэўнымі рытуаламі. Напачатку З. не аддзялялася ад народнай медыцыны, пазней ператварылася ў лекарскую магію. У аснове такой магіі — вера ў звышнатуральныя сілы, у тое, што чалавек пры пэўных умовах можа ўздзейнічаць на гэтыя сілы. Звычайна знахары выкарыстоўвалі замовы, магічныя дзеянні, травы. Некаторыя з іх валодалі пэўнымі ведамі нар. медыцыны, самі збіралі зёлкі і па стараж. рэцэптах рыхтавалі лячэбныя настоі, адвары, мазі; лячылі «рожу» (рожыстае запаленне), «вогнік» (высыпка, лішаі на скуры), а таксама такія хваробы, як «пярэпалах», «порча», «сурокі» (хваробы ад ліхога вока), «падвей» (ад скразняку), «прыстрэк», «крыкса-плакса» і інш. У наш час З. амаль выцеснена кваліфікаваным мед. абслугоўваннем і традыц. нар. медыцынай.

Л.​І.​Мінько.

т. 7, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАГАЛА́КТЫКА,

сукупнасць галактык, скопішчаў галактык і інш. пазагалактычных аб’ектаў; найб. з вядомых сістэм нябесных цел. Асн. структурнай адзінкай М. з’яўляюцца групы і скопішчы галактык, якія маюць да некалькіх тысяч галактык, але могуць быць і асобныя галактыкі. Мае ячэістую структуру — галактыкі і скопішчы галактык знаходзяцца на мяжы вял. прасторавых ячэек, памеры якіх каля 100 Мпк, таўшчыня сценак 3—4 Мпк. Вял. скопішчы галактык знаходзяцца ў вузлах такой структуры. У прасторы паміж галактыкамі існуе міжгалактычны газ. Найважнейшая ўласцівасць М. — яе расшырэнне. Усе скопішчы галактык аддаляюцца адно ад аднаго са скорасцю, прапарцыянальнай іх адлегласці ад назіральніка (гл. Расшырэнне Сусвету). Паняцце М. мае гіпатэтычны характар і часцей ужываецца для вызначэння часткі Сусвету, якую назіраюць. Гл. таксама Касмалогія.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЗАІ́ЗМ,

слова або выраз з гутарковай мовы, афіцыйна-дзелавога, навуковага і інш. стыляў мовы, што ўведзены ў тэкст паэтычнага твора і рэзка выдзяляюцца ў ім. Напр., у А.​Пушкіна: «...я снова счастлив, молод, Я снова жизни полн — такой мой организм (Извольте мне простить ненужный прозаизм)». У бел. паэзіі выкарыстоўваецца як маст. прыём, які ўносіць у тэкст твора нечаканае, адрознае ад агульнай танальнасці, часцей камічнае (іранічнае, гумарыстычнае) адценне:

Чужой любві я не зайздрошчу:
Тут са сваёю нелады:
Я ў сэрцы ёй даю жылплошчу,
ды ў ім утульна не заўжды.
(А.​Куляшоў. «Чужой любві я не зайздрошчу...»)
Эх, правадніца, правадніца,
Люблю я твой вандроўны дом.
Хачу з табою парадніцца,
Зрабіцца паўправадніком.
(П.​Панчанка. «Паўвека... Гэта шмат — паўвека...»)

М.​А.​Лазарук, А.​Я.​Ленсу.

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)