БРА́ЦКІЯ ШКО́ЛЫ,

пачатковыя і сярэднія навучальныя ўстановы, якія ствараліся праваслаўнымі брацтвамі ў канцы 16—18 ст. на Беларусі, Украіне і ў Літве. Адыгралі значную ролю ў развіцці асветы. Былі адкрыты ў Вільні (каля 1584), Магілёве (1590), Брэсце (1591), Мінску (1612), Пінску, Слуцку, Кіеве, Луцку і інш. гарадах. Мелі свой статут, які вызначаў змест і арганізацыю навучання. Вывучаліся царк.-слав., грэч., руская (беларуская), лац., польская мовы, творы ант. мысліцеляў, майстэрства вершаскладання, музыка, арыфметыка, астраномія і інш. Брацкія школы мелі архівы і б-кі. Многія іх настаўнікі былі аўтарамі падручнікаў (С.Зізаній, Л.Зізаній, М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі), палемічных твораў (Л.Карповіч, С.Косаў і інш.).

т. 3, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́ПТЫКА

(грэч. glyptikē ад glyphō выразаю),

мастацтва разьбы па каштоўных і паўкаштоўных каляровых камянях; адзін з відаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Разныя камяні (гемы) з глыбокай старажытнасці служылі пячаткамі, амулетамі і ўпрыгажэннямі. Гемы з паглыбленымі выявамі наз. інталіямі, з выпуклымі — камеямі. Вядома ў Месапатаміі, Пярэдняй Азіі, Стараж. Егіпце з 4-га тыс. да н.э., была развіта ў Стараж. Грэцыі і Рыме. У сярэднія вякі развівалася гал. чынам у краінах Усходу. Новы ўздым гліптыкі прыпадае на перыяды Адраджэння і класіцызму. У 19 ст. як від мастацтва заняпала, яе змяніў механічны выраб гем з танных матэрыялаў.

т. 5, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЦАТНАКІ́СЛЫЯ БАКТЭ́РЫІ,

група аднаклетачных мікраарганізмаў, якія акісляюць спірты, вугляводы ў арган. кіслоты і ў інш. рэчывы пры свабодным доступе кіслароду. Належаць да роду Acetobacter. Вядома больш за 20 відаў. Тыповы прадстаўнік — Acetobacter aceti (акісляе этылавы спірт у воцатную к-ту). Пашыраны на садавіне і агародніне, у скіслых фруктовых соках, воцаце і алкагольных напітках. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці воцату.

Бясколерныя палачкападобныя аэробныя арганізмы. Сярэднія памеры клетак (1,2—1,8)х(0,4—0,8) мкм. Маладыя клеткі рухомыя, са жгуцікамі. На паверхні вадкага пажыўнага асяроддзя воцатнакіслыя бактэрыі ўтвараюць плеўку, на шчыльным асяроддзі — вял. гладкія, бліскучыя, слізістыя калоніі.

т. 4, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛЕВАДАРО́ДЫ,

арганічныя злучэнні, якія складаюцца з атамаў вугляроду і вадароду. У залежнасці ад будовы адрозніваюць ацыклічныя злучэнні, або аліфатычныя вуглевадароды, у якіх атамы вугляроду звязаны паміж сабой у прамыя ці разгалінаваныя ланцугі, і карбацыклічныя злучэнні, або ізацыклічныя вуглевадароды, малекулы якіх утвараюць кольцы (цыклы). Гэтыя вуглевадароды падзяляюць на аліцыклічныя злучэнні (цыклапарафіны) і араматычныя злучэнні. Ніжэйшыя вуглевадароды (малекулы з 1—4 атамамі вугляроду) — газы, сярэднія (з 5—16 атамамі) — вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Большасць вуглевадародаў бясколерныя рэчывы, газападобныя і вадкія, звычайна маюць пах. Атрымліваюць з прыроднага газу, нафты і інш. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. Прам-сці.

К.Л.Майсяйчук.

т. 4, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНІ́Н-СІ́ЦІ

(Benin City),

горад у паўд. ч. Нігерыі. Адм. ц. штата Бендэл. Засн. ў 12 ст. У сярэднія вякі (Вял. Бенін) і да канца 19 ст. сталіца дзяржавы Бенін. 203 тыс. ж. (1991). Вузел шашэйных дарог. Аэрапорт. Прадпрыемствы па перапрацоўцы натуральнага каўчуку, вырабе шын, алейныя і лесапільныя з-ды, дрэваапр. і мэблевыя ф-кі. Вытв-сць сінт. дываноў. Гандл. цэнтр (пальмавыя ядры і алей, арэхі кола, какава, каўчук, каштоўная драўніна). Разьбярства па дрэве, слановай косці і інш. саматужныя рамёствы. Паблізу нафтапромыслы. Унікальная калекцыя бронзавай скульптуры 15—17 ст. Ун-т. Этнагр. Музей.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́МЕЛЬСКАЯ ЖИЗНЬ»,

інфармацыйна-асветная беспарт. газета. Выдавалася з 7(20).6.1911 да 17.1.1919 у Гомелі на рус. мове. Да 10(23).10.1917 (№ 1407) наз. «Гомельская копейка». Напачатку выходзіла 3 разы на тыдзень, з 1(14).9.1914 штодзённа. Арыентавалася пераважна на сярэднія слаі гараджан яўр. нацыянальнасці. Друкавала інфармацыю пра дзейнасць гар. думы, рыначную кан’юнктуру, асвятляла праблемы гандлю, прам-сці, гар. гаспадаркі. Амаль палавіна газетнай плошчы запаўнялася камерцыйнай рэкламай, аб’явамі пра тэатр. гастролі, канцэрты, цырк. Крытыкавала антысемітызм, вітала Лют. рэвалюцыю 1917, друкавала звароты Часовага ўрада. Пасля кастр. 1917 выступала супраць бальшавікоў. Закрыта Гомельскім рэв. к-там за антысав. прапаганду.

т. 5, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОС (Gross) Віллем

(н. 11.1.1922, г. Тарту, Эстонія),

эстонскі празаік і драматург. Засл. пісьменнік Эстоніі (1975). Друкуецца з 1949. У сацыяльна-псіхал. п’есах «Лёд растае» (1950), «У вялікай сям’і» (1951), «Анкета» (1955), «Паўтара месяца» (1967), у зб-ку апавяданняў «Сярэднія дні» (1966), раманах «Крылы распрамляюцца» (1958), «Прадаецца індывідуальны недабудаваны дом...» (1961), «Аднакласнікі» (1965), «Зімовы адпачынак» (1975), «Матывы ўмоўчвання» (1978, Літ. прэмія імя Ю.Смуула 1978), «У перагружанай лодцы» (1981) і інш. даследуе актуальныя маральна-этычныя і філас. праблемы на матэрыяле пасляваен. і сучаснага жыцця сваіх суайчыннікаў. Аўтар кнігі літ.-публіцыстычных артыкулаў «Хіба сёння — толькі сёння» (1972).

т. 5, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУА́Ш

(франц. gouache ад італьян. guazzo вадзяная фарба),

фарба з тонка расцёртых пігментаў і водна-клеявых сувязных з дамешкай бяліл, а таксама жывапіс гэтымі фарбамі. Ужываецца для жывапісу па паперы, кардоне, фанеры, палатне, шоўку. Узнікла як разнавіднасць акварэлі, адрозніваецца ад яе гушчынёй, непразрыстасцю, матавасцю тонаў, часта спалучаецца з ёю. Была вядома ў Стараж. Егіпце. Шырока выкарыстоўвалася ў сярэднія вякі ў кніжнай мініяцюры, з часоў Адраджэння — для эскізаў, кардонаў фрэсак, партрэтных мініяцюр. Адзін з асн. матэрыялаў плаката, кніжнай графікі, дэкарацый, афарміцельскіх работ. У тэхніцы гуашы працавалі мастакі: А.Тычына, І.Ахрэмчык, Л.Лейтман, М.Тарасікаў, І.Немагай, М.Селяшчук, А.Л ось, У.Шапялевіч і інш.

У.І.Рынкевіч.

т. 5, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТО́БУС

(ням. Autobus),

аўтамабіль агульнага карыстання, разлічаны на 9 і больш пасажыраў. Паводле прызначэння бываюць гарадскія, прыгарадныя, міжгароднія, міжнародных зносін і інш.; паводле змяшчальнасці і габарытаў — асабліва малыя (даўж. да 5 м), малыя (да 7,5 м), сярэднія (да 9,5 м), вялікія (да 12 м) і асабліва вялікія, спалучаныя (16,5 м і больш). Канструкцыя бывае рамная і апорная, кузаў — капотнага або вагоннага тыпу. Рухавік устанаўліваюць спераду, ззаду або пад падлогай пасажырскага салона (пры гарызантальным размеркаванні цыліндраў). На Беларусі вытв-сць аўтобусаў распачата ў 1994—95 на Мінскім аўтазаводзе (МАЗ-101), Лідскім з-дзе «Нёман» (ЛіАЗ-5256) і Мінскім канцэрне «Амкадор» («Амкадор-Ікарус»).

В.А.Сяргеенка.

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТЭ́ЛА, Вітэлій (Witelo, Vittelio) Эразм (каля 1230, каля г. Вроцлаў, Польшча — каля 1280), польскі прыродазнавец і філосаф. Вучыўся ў Парыжы і Падуі. Філасофію трактаваў як своеасаблівую навуку аб прыродзе, яго навук. дзейнасць звязана з развіццём эмпірычнага прыродазнаўства, пачатак якому дала оксфардская школа. Аўтар вядомага ў сярэднія вякі трактата па оптыцы «Перспектыва» (1270—73), тройчы выдадзенага ў Нюрнбергу (1535, 1551, 1572). У гэтым творы выкладаюцца элементы геам. оптыкі, вядомыя Эўкліду, Пталамею і Альхазену, а таксама прыводзіцца закон абарачальнасці прамянёў пры пераламленні святла, даказваецца, што парабалічныя люстэркі маюць адзін фокус, разглядаюцца будова вока і ўласцівасці зроку, тлумачыцца прырода вясёлкі на аснове пераламлення святла ў вадзяных кроплях.

Н.К.Мазоўка.

т. 4, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)