спецыфічная форма ліквідацыі абшчынных зямель і распарадкаў у еўрап. краінах у 13 — пач. 19 ст. Назва ад распачатага ў Англіі працэсу захопу і агароджвання лендлордамі абшчынных пашаў для гадоўлі на іх авечак. У 15—16 ст. развіццё тэкст. прам-сці і вял. попыт на воўну зрабілі авечкагадоўлю прыбытковай справай. Таму буйныя землеўладальнікі пачалі інтэнсіўна зганяць сялян з ворных зямель і ператвараць іх у пашу. У 16—18 ст. агароджванні былі пашыраны ў Нідэрландах, Францыі, Германіі. У 18 ст.англ. парламент узаконіў агароджванні і яны працягваліся да пач. 19 ст. Супраціўленне і паўстанні збяднелых сялян супраць агароджванняў (адно з буйнейшых у 1549 пад кіраўніцтвам Р.Кета) душыліся ўладамі. Адным з вынікаў агароджванняў быў адток сялян у прамысловасць.
Літ.:
Митрофанов В.П. Вопрос об огораживаниях в английском парламенте (конец XVI — начало XVII в.) // Проблемы истории Западной Европы развитого и позднего феодализма. Иваново, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЛІЖСКАЕ ПАЎСТАННЕ 1918,
антысавецкае сялянскае паўстанне ва ўмовах грамадзянскай вайны. Адбылося ў ліст. 1918 у Веліжскім пав. Віцебскай губ. (цяпер пераважна ў Смаленскай вобл., Расія). Узначальвалі Веліжскае паўстанне выхадцы з мясц. святароў (афіцэры А. і К.Жыгалавы) і мясц.сялян (браты Бараняты, І. і П.Нілёнкі і інш.). Выклікана ўвядзеннем хлебнай манаполіі, харчразвёрсткай. Паўстанцы таксама выступілі за аднаўленне Устаноўчага сходу. Акрамя сялян у паўстанні ўдзельнічалі святары, настаўнікі, гімназісты, стараверы, жыхары латышскіх вёсак Ільінскай вол. Пачалося 11 ліст. ў Баранаўскай і Усмынскай валасцях. 15 ліст. паўстанцы захапілі Веліж. Паводле звестак гісторыка А.Г.Хахлова, колькасць узбр.сялян складала 1 тыс.чал. Падаўлена Веліжскае паўстанне 23 ліст., але асобныя групы працягвалі супраціўленне да 1925.
Літ.:
Воспоминания участников борьбы за власть Советов в Смоленской губернии. Смоленск, 1957;
Почанин С.З. Историей обреченные. Мн., 1977;
Хохлов А.Г. Крах антисоветского бандитизма в Белоруссии в 1918—1925 гг.Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНЫЯ ХЛЕБАРО́БЫ, свабодныя хлебаробы,
былыя прыватнаўласніцкія сяляне ў Расіі, вызваленыя ад прыгоннай залежнасці паводле ўказа цара Аляксандра I ад 20.2.1803. Памешчыкам дазвалялася адпускаць прыгонных паасобку або цэлымі вёскамі з абавязковым надзяленнем іх зямлёй за выкуп ці за выкананне павіннасцей. Калі абавязацельствы парушаліся, сялян вярталі назад. Паводле 9-й рэвізіі (1851) у вольныя хлебаробы пераведзены 137 034 душы мужчынскага полу (1 % прыгонных) з надзелам 6,9 дзес. на рэвізскую душу, да сярэдзіны 19 ст. — 151 тыс. На Беларусі вядомы толькі адзіны выпадак выкарыстання ўказа: у 1819 дзяржава выкупіла ў памешчыка 57 рэвізскіх душ з в. Жарцы Полацкага пав., «зважаючы на выдатныя паслугі, зробленыя імі ў вайне 1812 года». Да вольных хлебаробаў часта адносілі ўсіх сялян, якія сталі ўласнікамі зямлі, таму паводле 8-й рэвізіі (1834) іх налічвалася ў Віцебскай губ. 305, у Магілёўскай — 364 душы мужчынскага полу. У 1848 вольныя хлебаробы ўключаны ў склад дзяржаўных сялян на ўласных землях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСНО́Е ПРАЎЛЕ́ННЕ,
выканаўчы орган саслоўнага сял. кіравання воласцю ў Рас. імперыі. Уведзена ў 1797 для дзярж.сялян. Пасля рэформы дзярж. вёскі 1830—50-х г. выбіралася валасным сходам на 3 гады. Валасное праўленне ўзначальваў валасны старшына (галава). На Беларусі, Правабярэжнай Украіне і ў Літве валасныя праўленні перасталі існаваць у сувязі са скасаваннем тут валасцей паводле названай рэформы. Пасля сялянскай рэформы 1861 дзейнічалі на землях б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. — і б.дзярж.сялян. Выконвалі абмежаваныя функцыі. 3.6.1917 скасаваны разам з валаснымі сходамі Часовым урадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1648—50,
выступленне сялян і гараджан у вызваленчую вайну ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Пачалося 13.10.1648 выступленнямі сялян вёсак Будымлі, Бухлічы, Варані, Векаровічы, Старое Сяло, Струга, гараджан Давыд-Гарадка, мяст. Гарадзец. Паўстанцы на чале з войтам Давыд-Гарадка І.Багдашэвічам (выбраны палкоўнікам) стваралі атрады на казацкі ўзор. У кастр. — снеж. 1648 паўстанне ахапіла ўсю Давыд-Гарадоцкую вол. і суседнюю ч. Пінскага пав. Сяляне грамілі маёнткі феадалаў, знішчалі дакументы на правы іх уладанняў і інш. Паўстанне працягвалася больш за 2 гады, задушана войскамі Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЕ́ЛЬ Апанас, бел. пісьменнік сярэдзіны 19 ст. Паводле некаторых звестак, пісаў вершы і апавяданні на магілёўскіх гаворках. Яму прыпісваюць аўтарства твора-брашуры «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» (выдадзена ананімна ў 1861). У форме гутаркі з урадавых пазіцый тонам сял. добразычліўца аўтар імкнуўся растлумачыць значэнне царскай рэформы як сродку вызвалення ад прыгону, заклікаў сялян прыхільна ставіцца да яе. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць, у творы адлюстраваны рэальныя рысы той гіст. эпохі, незадаволенасць сялян грабежніцкай рэформай. У творы шмат прыкладаў са стараж. гісторыі, мова жывая, насычаная фразеалагізмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЛАВІ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1794,
першая буйная бітва ў час паўстання 1794 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Адбылася 4.4.1794 каля в. Рацлавіцы пад Кракавам. У ёй паўстанцы пад камандаваннем Т.Касцюшкі (4100 чал. рэгулярнага войска з 12 гарматамі і 2 тыс.сялян-касінераў) перамаглі рас. войска пад камандаваннем ген. А.П.Тармасава (каля 3 тыс.чал. з 12 гарматамі). У бітве Касцюшка ўпершыню ў паўстанні паспяхова выкарыстаў у змаганні з рэгулярным войскам атрады касінераў — сялян-добраахвотнікаў, узброеных косамі. Перамога ў бітве садзейнічала пашырэнню паўстання на інш. тэрыторыі Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,
1) сельскае феадальна залежнае насельніцтва, якое жыло на дзярж. землях у ВКЛ у 14—18 ст. Узніклі з асабіста вольных сялян-абшчыннікаў і чэлядзі нявольнай, пасаджанай на зямлі вял. князя. У склад Дз.с. уваходзілі таксама сяляне-слугі (гл.Слугі), асочнікі, бортнікі, конюхі і інш. Запрыгонены пры ажыццяўленні валочнай памеры. У 17—18 ст. з Дз.с. зліліся ніжэйшыя ваен. слугі, якія жылі на гаспадарскіх землях (баяры).
2) Катэгорыя сельскага насельніцтва ў Рас. імперыі ў 18—2-й пал. 19 ст. Вылучаны пры Пятру I з незапрыгоненых чарнасошных сялян, палоўнікаў, аднадворцаў і інш.
Жылі на казённых землях, плацілі казне феад. рэнту за карыстанне землямі і лічыліся асабіста вольнымі. Рас. ўрад раздаваў, прадаваў ці здаваў у арэнду дваранам дзярж. маёнткі з Дз.с. Гэта катэгорыя пазней павялічана за кошт сялян секулярызаваных царк. уладанняў і далучаных тэр. (Прыбалтыкі, Украіны, Беларусі, Крыма, Закаўказзя) і інш. У Беларусі і ў інш.зах. рэгіёнах пасля іх далучэння да Рас. імперыі (канец 18 ст.) у катэгорыю Дз. с. уключаны аднадворцы, панцырныя баяры, сяляне канфіскаваных маёнткаў, вайск. людзі, вольныя хлебаробы і інш. Ва ўмовах заняпаду дзярж. гаспадарак, збяднення і хваляванняў Дз. с.рас. ўлады ў 1830—50-я г. рэарганізавалі дзярж. вёску (у т. л. ў 1837—41 праведзена Кісялёва рэформа). У 1840—50-я г. ў зах. губернях Расіі праведзена люстрацыя (фіксацыя, упарадкаванне павіннасцей) Дз. с. У сярэдзіне 19 ст. яны складалі каля 45% усіх сялян. З 1857 паншчына поўнасцю заменена аброкам, ліквідавана практыка здачы дзярж. маёнткаў у арэнду, зменшаны памеры феад. павіннасцей і павялічаны зямельныя надзелы. Сялянская рэформа 1861 не пашырылася на Дз.с. Паводле рэформы дзярж.сялян 1867 у Беларусі яны пераводзіліся з аброку на выкуп.
Літ.:
Козловский П.Г. Землевладение и землепользование в Белоруссии в XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1982;
Кабузан В.М. Государственные крестьяне России в XVIII — 50-х гг. XIX в.: Численность, состав и размещение // История СССР. 1988. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ I (1.10.1754, С.-Пецярбург — 24.3.1801),
расійскі імператар [1796—1801]. З дынастыі Раманавых. Сын Пятра III і Кацярыны II, бацька імператараў Аляксандра I і Мікалая I. У пачатку царавання амнісціраваў зняволеных пры Кацярыне II М.І.Навікова, А.М.Радзішчава, Т.Касцюшку і інш. Цэнтралізаваў кіраванне, скараціў колькасць губерняў з 50 да 41. У бел.-літ. губернях пацвердзіў дзеянне Статута Вялікага княства Літоўскага 1588, спыніў перавод уніятаў у праваслаўе. Праводзіў курс на ўзмацненне асабістай ўлады. Запалоханы Французскай рэвалюцыяй 1789—99, устанавіў у краіне жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым, увёў цэнзуру друку, закрыў прыватныя друкарні (1797), забараніў увоз кніг з-за мяжы (1800). Пазбавіў дваран свабоды ад цялесных пакаранняў (1797), забараніў дваранскія губ. сходы і калект. звароты, прымусіў дваран-афіцэраў і чыноўнікаў выконваць службовыя абавязкі, а не толькі лічыцца на службе. Раздаў дваранам 600 тыс. душ дзярж.сялян, запрыгоніў сялянпаўд. Украіны і Дона (1796). Указамі 1797 забараніў продаж без зямлі дваровых і беззямельных сялян, прымус сялян да працы на памешчыкаў па нядзелях, раіў памешчыкам скараціць паншчыну да 3 дзён у тыдзень, у 1798 забараніў прадаваць без зямлі ўкр.сялян. Імкнуўся палепшыць фін. становішча дзяржавы, у 2 разы павялічыў падушны падатак. Рэфармаваў армію на аснове прускіх ваен. статутаў, увёў жорсткую муштру і палачную дысцыпліну. Прыняў удзел у кааліцыйных войнах супраць Францыі (гл.Італьянскі паход Суворава 1799, Швейцарскі паход Суворава 1799, Міжземнаморскі паход Ушакова 1798—1800), аднак пасля разладу з саюзнікамі ў 1800 пачаў збліжэнне з Н.Банапартам (гл.Напалеон I), што прывяло Расію да стану вайны з Вялікабрытаніяй і стварыла пагрозу рас. гандлю і прам-сці. Палітыка П. I, неўраўнаважанасць яго характару выклікалі незадавальненне прыдворных колаў і гвардыі. У выніку дварцовага перавароту П. I забіты, прастол перайшоў да Аляксандра I.
Літ.:
Эйдельман Н.Я. Грань веков: Полит. борьба в России. М., 1986;
Песков А.М. Павел I. М., 1999;
Хайкина Л.В. Михайловский замок и некоторые аспекты религиозно-философских воззрений Павла I // Отечеств. история. 2000. № 2.