горы на ПдУ Аўстраліі, найб. высокая і расчлянёная частка Вял. Водападзельнага хрыбта. Даўж. каля 450 км, шыр. да 150 км. Пераважная выш. 1700—2000 м, найб. — 2230 м, г. Касцюшкі (самая вял. вяршыня Аўстраліі). Аўстралійскія альпы — высока ўзняты горставы масіў, разбіты разломамі на асобныя хрыбты-блокі (Гурак, Манара, Муніёнг, Бары і інш.) са слядамі чацвярцічнага зледзянення (марэны, кары, цыркі і невял. лядовыя азёры). Складзены з палеазойскіх кварцытаў, сланцаў і вапнякоў, пранізаных гранітнымі інтрузіямі. Радовішчы бурага і каменнага вугалю. З паўн.-зах.схілаў пачынаецца гал. рака Аўстраліі Мурэй і яе прыток Дарлінг. Да выш. 1200 м — эўкаліптавыя лясы, вышэй — зараснікі верасоў, участкі злакавых лугоў і камяністых россыпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЬТАПЛАНЁРНЫ СПОРТ,
від авіяц. спорту, падобны да планёрнага; выкананне планіруючых і лунаючых палётаў на прасцейшых лятальных апаратах. Дэльтаплан — просты па канструкцыі лятальны апарат масай да 35 кг. Старт робіцца са схілаў гор ці ўзвышша або з дапамогай буксіроўкі за катэрам ці аўтамабілем. Кіраванне ажыццяўляецца перамяшчэннем цэнтра цяжару спартсмена адносна канструкцыі. Палёты выконваюцца на скорасць або макс. далёкасць. Вопытныя спартсмены ў спрыяльных умовах пераадольваюць адлегласць у некалькі соцень км на выш. да 3 км. Д.с. узнік у ЗША (1973). Першы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1977. Бел. федэрацыя звышлёгкай авіяцыі зарэгістравана ў 1995. На 1.1.1997 у Беларусі Д.с. займалася 150 чал., з іх 7 майстроў спорту. Як асобны кірунак інтэнсіўна развіваецца мотадэльтапланёрны спорт (дэльталётны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЗЫ (швед. ås літар. хрыбет, гара),
адносна вузкія, валападобныя, слабахвалістыя грады або ланцугі ўзгоркаў і валоў. Даўж. ад некалькіх дзесяткаў метраў да 7—10 км, шыр. каля падэшвы ад 20—30 да 150—200 м, адносныя вышыні ад 5—15 да 35—40 м, зрэдку да 80—90 м, стромкасць схілаў ад 5 да 30—45°. Грабяні пераважна вузкія, роўныя, зрэдку з няроўнай паверхняй, ускладненай купалападобнымі ўзвышшамі, тэрмакарставымі варонкамі і невял. катлавінамі.
Утварыліся ў час плейстацэнавых зледзяненняў ад намнажэння абломкавага матэрыялу ў рэчышчах і дэльтах водных патокаў, што цяклі на паверхні, у шчылінах ледавіка і пад ім. Паходжанне асобных О., складзеных з гліністых парод, звязана з выцісканнем парод знізу ў ледавіковыя поласці. Прымеркаваны да краявых утварэнняў, днішчаў і схілаў лагчын, былых зон «мёртвага» лёду. Арыентаваны прыблізна перпендыкулярна да краявых частак стараж. ледавікоў (радыяльныя О.) або цягнуцца паралельна ім (маргінальныя О.). Нярэдка перасякаюць азёры, утвараючы на іх выцягнутыя ланцугі астравоў і перашыйкаў, часам пераходзяць у камы. Складзены з пясчанага, жвірова-пясчанага матэрыялу з галькай і валунамі. У папярочным сячэнні тыповымі з’яўляюцца косая і перакрыжаваная слаістасці ў выглядзе кароткіх (да 3—8 м) слаёў, пачак і лінзаў магутнасцю да 1,5—3 м, у падоўжным — слаі і лінзы моцна выцягнутыя (да 10—20 м), слаістасць амаль гарызантальная. Адзначаюцца скіды і прасадкі слаістых серый, абумоўленыя нераўнамерным раставаннем пахаванага лёду, саліфлюкцыйнымі працэсамі і апоўзнямі О. могуць перакрывацца чахлом марэны. Пашыраны ў Канадзе, Германіі, Польшчы, на Скандынаўскім п-ве, у Прыбалтыцы, Карэліі (Расія) і інш.
На тэр. Беларусі каля 150 озавых град, найбольш на Беларускім Паазер’і, радзей у межах Беларускай грады. З О. нярэдка звязаны радовішчы пясчана-жвіровага матэрыялу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІЯ А́ЛЬПЫ,
частка горнай сістэмы Альпаў на тэр. Італіі, Францыі і Швейцарыі. Размешчаны на З ад умоўнай лініі, якая злучае азёры Бодэнскае і Кома. Утвараюць выпуклую на ПнЗ дугу даўж. каля 500 км, шыр. да 130 км. Вылучаюць Прыморскія, Коцкія, Грайскія, Савойскія, Бернскія, Пенінскія, Лепанцінскія Альпы, масівы Веркор, Пельву і інш. У З.А. самыя высокія хрыбты і масівы Альпаў і ўсёй Зах. Еўропы, выш. да 4807 м (г. Манблан), шэраг вяршынь вышэй за 4000 м (Монтэ-Роза, Матэргорн, Юнгфрау), дзе пашыраны горналедавіковыя формы рэльефу. Восевая зона ЗА. складзена пераважна з крышт. парод, перыферыйныя хрыбты — з асадкавых парод. Ад Усх. Альпаў адрозніваюцца меншай шырынёй, больш выяўленым дугападобным распасціраннем, стромкасцю схілаў, глыбокай тэктанічнай і рачной расчлянёнасцю, выразнай вышыннай пояснасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́Я ПАЛО́СЫ,
ахоўныя лясныя насаджэнні ў форме стужак. Ствараюцца: на палях, пашах, у садах і па іх межах; уздоўж каналаў, дарог, яроў, упоперак схілаў, пры фермах; сярод сховішчаў, гасп. пабудоў, вял. масіваў хвойных лясоў (проціпажарныя ліставыя Л.п.). Маюць прыродаахоўнае, асяроддзеўтваральнае, рэкрэацыйнае значэнні. Ахоўваюць глебу ад эрозіі, аслабляюць вецер, прадухіляюць заносы, паляпшаюць сан. рэжым вадаёмаў, размеркаванне снегу, гідралагічныя ўмовы мясцовасць, водны, тэмпературны рэжымы глебы; павышаюць урадлівасць глебы, ураджайнасць с.-г. культур. Выкарыстоўваюцца ў агралесамеліярацыі. Характарызуюцца ахоўнай вышынёй і зонай уплыву на асяроддзе. Эфектыўнасць і біял. ўстойлівасць Л.п. залежаць ад іх складу, памераў, узросту і канструкцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКО́НАВЫ ГО́РЫ (афрыкаанс Drakensberg),
у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, на ПдУ Афрыкі, ч.Уступу Вялікага. Працягласць каля 900 км. Найвыш. вяршыня Д.г. і Паўд. Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м); пераважаюць вышыні 2000—3000 м. Складзены з пясчанікаў і сланцаў сістэмы Кару (ад верхняга карбону да верхняга трыясу — ніжняй юры) і базальтаў, выліванне якіх адбылося ў пач. мезазойскай эры. Гарызантальнае заляганне адкладаў Кару абумовіла сплошчаныя вяршыні гор, расчлянёныя эрозіяй на стромкія схілавыя плато. З’яўляюцца водападзелам паміж рэкамі Індыйскага ак., якія праразаюць усх. стромкі схіл, і вярхоўямі р. Аранжавай. Клімат і расліннасць усх. і зах.схілаў рэзка адрозніваюцца. На ўсх. вільготных да 1200 м трапічныя дажджавыя лясы, вышэй лісцевыя і хвойныя лясы, калючыя хмызняковыя зараснікі, горныя лугі і каменныя россыпы. На сухіх зах. схілах лясы саступаюць месца саваннам і хмызнякам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ФІЛЬ РАЎНАВА́ГІ РАКІ́,
падоўжны профіль рэчышча, выпрацаваны ракой пры працяглым тэктанічным спакоі, нязменным клімаце, стабільным становішчы базіса эрозіі і дапушчэнні, што рэкі толькі перамяшчаюць матэрыял, які паступае са схілаў, без эрозіі і акумуляцыі. Мае выгляд плаўнай увагнутай крывой: больш стромкай у верхнім цячэнні і спадзістай у ніжнім. У прыродзе падоўжны профіль рэчышча не ўяўляе сабой ідэальна плаўную крывую, ён зведвае бесперапынную перабудову ў выніку ваганняў клімату, змянення базіса эрозіі, тэктанічных рухаў і інш. Паняцце «П.р.р.» ўмоўнае, мае тэарэт. значэнне як гранічная форма профілю, да выпрацоўкі якой імкнецца рака. З рэк Беларусі бліжэй да раўнавагі падоўжны профіль рэчышчаў Прыпяці, Дняпра, верхняга цячэння Нёмана, Бярэзіны і большасці іх прытокаў. Падоўжныя профілі рэк Бел. Паазер’я не выпрацаваныя, на асобных участках захоўваюць выгляд ламанай лініі.
Да арт.Профіль раўнавагі ракі: 1 — нявыпрацаваныя профілі рэк Беларускага Паазер’я; 2 — выпрацаваныя профілі рэк Перадпалесся і Беларускага Палесся, блізкія да профілю раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ МАСІ́Ў,
у цэнтральнай і зах. частках Беларусі. Прымеркаваны да Беларускай антэклізы. Мяжуе на ПнЗ з Прыбалтыйскім, на У з Аршанскім, на Пд з Прыпяцкім, на З з Брэсцкім гідрагеалагічнымі басейнамі. Ваданосныя гарызонты ў пародах крышт. фундамента і асадкавых адкладах платформавага чахла. Магутнасць зоны актыўнага водаабмену 350—400 м. Яна адпавядае прыўзнятай частцы масіву. Воды прэсныя, гідракарбанатныя кальцыевыя, напорныя, за выключэннем верхніх гарызонтаў грунтавых водаў (часам самавыліваюцца). Мінералізацыя 0,1—0,6 г/л. Да схілаў масіву прымеркавана зона запаволенага водаабмену, дзе воды саланаватыя, сульфатна-хларыдныя натрыевыя і хларыдныя натрыевыя, мінералізацыя ад 1,5—2,9 г/л да 28,4 г/л, нярэдка са значнай колькасцю брому і фтору. Дэбіт свідравін ад 0,02—0,1 л/с да 16—20 л/с. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца для гасп. і пітнога водазабеспячэння, мінеральныя — для лячэбна-прафілактычных мэтаў у санаторыях («Нарач», «Аксакаўшчына», «Крыніца» і інш.) і для разліву (з-ды ў Мінску, Маладзечне і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЫ́МСКАЕ НАГО́Р’Е, Гыдан,
на ПнУ Сібіры, пераважна ў Магаданскай вобл. Расіі. Даўж. каля 1300 км ад хр. Сунтар-Хаята на У і ПнУ да даліны р. М. Анюй і да вытокаў р. Анадыр. Аддзяляе бас.р.Калыма ад рэк бас. Ціхага ак. Складаецца з плато, сярэднягорных хрыбтоў і масіваў (выш. да 1962 м у Амсукчанскім хр.), падзеленых тэктанічнымі ўпадзінамі. Зах.ч. нагор’я складзена пераважна з алеўралітаў і пясчанікаў, усх. — з эфузіўных адкладаў. Са шматлікімі гранітнымі інтрузіямі звязаны залатое, алавянае і рэдкаметалавае зрудзяненні. Ва ўпадзінах каменна- і буравугальныя радовішчы. На зах. схіле К.н. клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-раліп. 8—10 °C, студз. -40 °C. Лета сухое. Усх. схіл наветраны, вільготны. Сярэдняя т-раліп. 4 °C, студз. да -20 °C. Даліны і ніжнія ч.схілаў укрыты лістоўнічнымі рэдкалессямі, вышэй 500 м на Пн і 800 м на Пд — хмызняковая і мохава-лішайнікавая горная тундра. На дне далін поймавыя лясы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́ЎЗЕНЬ,
адрыў і слізготнае зрушэнне масы горнай пароды ўніз па схіле пад дзеяннем сілы цяжару. Найчасцей узнікаюць на горных схілах рачных далін, высокіх берагах мораў, азёраў, вадасховішчаў, складзеных з нахільных пластоў водатрывалых (гліністых) парод, якія чаргуюцца з ваданоснымі пародамі. Утвараюцца ў рыхлых адкладах і шчыльных пародах у выніку павелічэння стромкасці або падмывання асновы схілу, пераўвільгатнення грунтоў талымі і дажджавымі водамі, сейсмічных штуршкоў, нерацыянальнай гасп. дзейнасці чалавека. Буйныя апоўзні маюць працягласць уздоўж схілу на дзесяткі і сотні метраў і захоўваюць ва ўнутр.ч. пэўную маналітнасць (пры таўшч. 10—20 м і больш); невялікія называюцца аплывінамі. Пры апоўзнях ўтвараюцца невял. формы рэльефу — тэрасы і ўзгоркі, а таксама спецыфічныя формы расліннасці (напр., «п’яны» лес). Апоўзні прычыняюць вял. шкоду нас. Пунктам, с.-г. угоддзям, прамысл. прадпрыемствам, гасп. інфраструктуры і інш. На Беларусі яны адзначаюцца каля стромкіх схілаў рачных далін, глыбокіх яроў. Каб прадухіліць апоўзні, умацоўваюць берагі, схілы, праводзяць дрэнажныя работы, лесапасадкі і інш.