БОКС (ад англ. вох скрынка),

1) герметычная камера ці скрынка для захоўвання шкодных, у т. л. радыеактыўных, рэчываў, мікраарганізмаў і для работы з імі. Аснашчаецца акном, доўгімі пальчаткамі або маніпулятарамі, шлюзам для загрузкі і выгрузкі рэчываў, прыстасаваннем для падачы асушаных газаў (сухі бокс).

2) Адасобленыя месцы ў гаражах, прамысл. памяшканнях для размяшчэння аўтамабіляў, выпрабавальных і інш. установак.

3) Адгароджаная частка палаты або ізаляванае памяшканне ў інфекцыйных бальніцах (клініках).

Да арт. Бокс.

т. 3, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХМЕ́ЦЬЕЎ (Уладзімір Мацвеевіч) (14.8.1885, г. Зямлянск Варонежскай вобл., Расія — 16.10.1963),

рускі пісьменнік. Творы вызначаюцца вастрынёй і актуальнасцю праблематыкі. У апавяданнях, аповесцях і нарысах адлюстроўваў жыццё сібірскага сялянства («Нядзеля», 1910; «Сухі патоп», 1914; «Маці», 1916), падзеі рэв. эпохі («Памылка», 1924; «Жалезная трава», 1926; «Цень у полымі», 1929) і грамадз. вайны (раманы «Злачынства Марціна», 1928; «Наступ», 1933—40). Творы пра Вял. Айч. вайну раскрываюць гераізм і мужнасць сав. салдатаў. Аўтар кн. «Вячаслаў Шышкоў» (1947).

т. 2, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ГАЗАПЕРАПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1972—76 за 23 км на ПдЗ ад г. Рэчыца Гомельскай вобласці. Перапрацоўвае спадарожны газ з нафтавых радовішчаў Беларусі. З 1972 у ВА «Саюзнафтагазаперапрацоўка», з 1983 у ВА «Укрнафтагазаперапрацоўка», з 1987 у ВА «Беларусьнафта». У 1982 рэканструяваны. У 1995 пушчана 1-я чарга тэхнал. устаноўкі па вытв-сці вуглевадародных прапелентаў — заменнікаў фрэону. Асн. прадукцыя (1995): сухі газ, вадкія вуглевадародныя газы (прапан, прапан-бутанавая сумесь, бутан тэхнічны, стабільны газавы бензін).

т. 2, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАБА́С, паўзун (Anabas testudineus),

рыба атрада акунепадобных. Водзіцца ў стаячых і слаба праточных вадаёмах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі.

Даўж. да 25 см. Цела буравата-зялёнае, бруха жаўтаватае. Можа жыць без вады каля 8 гадзін. З дапамогай хваста, грудных плаўнікоў і шыпоў шчэлепных накрывак поўзае па сушы. Дыхае атм. паветрам з дапамогай спец. надшчэлепнага органа. У сухі сезон упадае ў спячку, закопваючыся ў глей. Драпежнік. Аб’ект мясц. промыслу, разводзяць у сажалках.

Анабас.

т. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАКУ́МЫ (цюрк. чорны пясок) Прыаральскія, пясчаная пустыня на ПнУ ад Аральскага м., у Казахстане. Пл. каля 35 тыс. км². Узніклі пераважна ад перавеву стараж. алювію. Рэльеф раўнінна- хвалісты, катлавінна- і барханава-бугрысты, чаргуецца з азёрамі і саланчакамі ( соры). Клімат рэзка кантынентальны, сухі. Сярэдняя т-ра студз. -12 — -14 °C, ліп. 24—26 °C. Ападкаў ад 100 да 150 мм за год. Участкі жытнякова-палыновай і псамафітнай расліннасці. Пашы. Водазабеспячэнне за кошт калодзежаў і артэзіянскіх свідравін.

т. 8, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРУ́ (Karroo),

паўпустынныя плато і міжгорныя ўпадзіны ў Паўд. Афрыцы, на Пд ад р. Аранжавая (пераважна ў Паўд.-Афрыканскай Рэспубліцы). Адрозніваюць: Малое К. (выш. 300—600 м) — падоўжная даліна ў Капскіх гарах; Вялікае К. (450—750 м) — упадзіна паміж Капскімі гарамі і Вял. Уступам; Верхняе К. (1000—1500 м) — плато паміж Вял. Уступам і р. Аранжавая. Складзена з пясчанікаў і сланцаў. Сухі субтрапічны клімат. Ападкаў да 400 мм за год. Хмызняковая расліннасць, участкі стэпаў.

т. 8, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСО́ННЫЯ ЛЯСЫ́,

лістападныя лясы абласцей з мусонным кліматам, якія скідваюць лісце ў сухі сезон. Адрозніваюць вільготныя мяшаныя М.л., фларыстычны склад якіх параўнальна бедны (цік, сал, эўкаліпт, падлесак з вечназялёных відаў расліннасці, травяное покрыва самкнутае) і сухія монадамінантныя М.л., якія складзены з аднаго віду (салавыя, эўкаліптавыя і інш.). Пашыраны ў тропіках, трапляюцца ў субтрапічных і ўмераных шыротах (на Д. Усходзе, п-вах Індастан, Індакітай, у Паўн. і Паўн.-Усх. Аўстраліі, Цэнтр. Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы).

т. 11, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЭ́НДЗАЛЬ,

асноўны інструмент у жывапісе, выкарыстоўваецца таксама ў графіцы і каліграфіі. Вырабляецца з абястлушчанага і загартаванага воласа або поўсці жывёл, часам сінтэт. валокнаў. Адрозніваюцца паводле матэрыялу — цвёрдыя (шчацінныя) і мяккія (каланковыя, вавёркавыя, барсуковыя, тхаровыя і інш.); формы — плоскія і круглыя, завостраныя і тупыя. У гравюры выкарыстоўваюцца шкляныя і драцяныя П. Пад словам «П.» разумеюць таксама характар або спосаб выканання жывапісных твораў (напр., сухі П. — работа цвёрдымі П., слаба насычанымі алейнымі фарбамі на незагрунтаваным палатне).

т. 13, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКО́ТРА (Socotra, Sokotra),

група астравоў у Індыйскім ак., на У ад мыса Гвардафуй (Афрыка), тэр. Йемена. Пл. 3,6 тыс. км². Самы буйны — в-аў Сакотра (выш. да 1503 м). Складзены пераважна з крышт. парод. Клімат трапічны, сухі. Сярэднія т-ры студз. 21 °C, ліп. 28 °C. Ападкаў 250—300 мм за год. Паўпустынная расліннасць. На У і ў гарах — ксерафітная дрэвава-хмызняковая расліннасць. Вырошчванне фінікавай пальмы. Рыбалоўства. Гал. горад — Хадыбу (на в-ве Сакотра).

т. 14, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНГВЕУ́ЛУ (Bangweulu),

возера ў Цэнтр. Афрыцы, у Замбіі, у бас. р. Конга (Заір), на выш. 1067 м. Пл. ад 4 тыс. км² (у сухі сезон) да 15 тыс. км² (у час летніх дажджоў). Глыб. да 5 м. Берагі нізкія, забалочаныя. Упадае (у час дажджоў) р. Чамбешы, выцякае р. Луапула. Амаль усё возера зарасло чаротам і асакою. Больш за 50 відаў рыб; водзяцца бегемоты. Адкрыта ў 1868 англ. даследчыкам Д.​Лівінгстанам. На ўсх. берагах нац. парк Ісангана.

т. 2, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)