АПЕРАТЫ́ЎНАЯ СУ́ВЯЗЬ у кіраванні,

хуткая перадача і прыём дзелавой інфармацыі, звязанай з працоўнай дзейнасцю прадпрыемстваў, устаноў і інш. Забяспечваецца сродкамі аргтэхнікі. Бывае бездакументальная (тэлефонная, радыёсувязь і інш.) і дакументальная (тэлегр., фотатэлегр. сувязь, факс, пнеўмапошта і інш.).

т. 1, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

электравалентная сувязь

т. 18, кн. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

хімічная сувязь, якая, у адрозненне ад простай хім. сувязі, утворана больш чым адной парай электронаў. Паводле ліку электронных пар, што ўдзельнічаюць ва ўтварэнні К.с., адрозніваюць падвойную, патройную і чацвярную сувязі.

Паводле ўласцівасцей сіметрыі малекулярных арбіталей К.с. падзяляюць на σ-, π- і δ-сувязі. Арбіталі σ-сувязей маюць цыліндрычную сіметрыю адносна лініі сувязі, арбіталі π-сувязей антысіметрычныя адносна плоскасці, якая праходзіць праз сувязь. Простая хімічная сувязь утвараецца толькі σ-малекулярнымі арбіталямі, а π-сувязь — паміж атамамі ўжо злучанымі σ-сувяззю. Падвойная сувязь складаецца з адной σ- і адной π-сувязей (напр., у малекуле этылену Н2С=СН2). Патройная сувязь паміж 2 атамамі з’яўляецца камбінацыяй адной σ- і дзвюх π-сувязей (напр., у малекуле ацэтылену HC=CH). Чацвярная сувязь, характэрная толькі для пераходных металаў, уключае арбіталі патройнай сувязі і арбіталі δ-сувязі. Найб. трываласцю вызначаюцца σ-сувязі. Энергія π-сувязі складае прыкладна 80% энергіі σ-сувязі, а ўклад δ-сувязі, напр., у комплексным октахлорадырэнат-аніёне [Re2CL8]​2-, ацэньваецца прыблізна ў 14% ад поўнай энергіі сувязі. Пры наяўнасці ў малекуле 2 і большага ліку К.с. яны ўтвараюць сістэмы з кумуляванымі (2 падвойныя сувязі мяжуюць з адным атамам, напр., у алене H2C=C=CH2), спалучанымі [падвойныя ці (і) патройныя сувязі падзелены адной простай, напр., у акрыланігрыле H2C=CH—C≡N] і ізаляванымі сувязямі (К.с. падзелены 2 і больш простымі сувязямі, гл. Дыенавыя вуглевадароды). У спалучаных сістэмах парадак К.с. (мера кратнасці, заселенасці сувязі электронамі) — велічыня дробная.

Літ.:

Гиллеспи Р. Геометрия молекул: Пер. с англ. М., 1975;

Коттон Ф.А., Уолтон Р.У. Кратные связи металл—металл: Пер. с англ. М., 1985.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

Да арт. Кратная сувязь. Схема ўтварэння сувязей; а) простай σ-сувязі C−C у малекуле C2H6 этану; б) падвойнай сувязі C=C у малекуле C2H4 этылену; в) патройнай сувязі C≡C у малекуле C2H2 ацэтылену.

т. 8, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВАРО́ТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

уздзеянне вынікаў функцыянавання якой-небудзь сістэмы (аб’екта) на характар гэтага функцыянавання. Характарызуе сістэмы рэгулявання і кіравання ў жывой прыродзе, грамадстве і тэхніцы, выяўляе накіраванасць узаемадзеяння пры пераносе рэчыва, энергіі, інфармацыі. Адно з паняццяў, што выкарыстоўваецца ў замкнутых сістэмах кіравання рознай фіз. прыроды (біял., тэхн., эканам., сац.), у якіх адхіленні сістэмы ад пэўнага стану служаць для фарміравання кіроўных уздзеянняў на працэс далейшага функцыянавання сістэмы. Адмоўная адваротная сувязь змяншае вынікі адхілення сістэмы ад першапачатковага стану, напр. павышае стабільнасць каэфіцыента ўзмацнення і памяншае нелінейныя скажэнні электроннага ўзмацняльніка. Дадатная адваротная сувязь звычайна прыводзіць да няўстойлівай работы сістэмы ў цэлым, выклікае лавінны працэс; выкарыстоўваецца, напр., у радыётэхніцы для стварэння аўтавагальных сістэм генератараў гарманічных і рэлаксацыйных ваганняў. У залежнасці ад характару сувязі паміж сістэмай і органам кіравання бывае бесперапынная, дыскрэтная (эпізадычная); статычная (жорсткая), дынамічная (гнуткая); лінейная або нелінейная адваротная сувязь. У складаных сістэмах (напр., у сац., біялагічных) вызначыць тып адваротнай сувязі вельмі цяжка, а то і немагчыма. Часам адваротную сувязь у такіх сістэмах разглядаюць як перадачу інфармацыі аб працяканні працэсу, на аснове якой выпрацоўваецца тое ці інш. ўздзеянне. У гэтым выпадку адваротную сувязь называюць інфармацыйнай. Прынцып адваротнай сувязі найбольш распрацаваны ў кібернетыцы, аўтаматычнага кіравання тэорыі, радыёэлектроніцы. У біял. сістэмах адваротная сувязь ажыццяўляецца ад клеткі да цэласнага арганізма. Звычайна накіравана на падтрымліванне пастаянства асн. параметраў жыццядзейнасці, рэчыўных і энергет. затрат пры ўзаемадзеянні з навакольным асяроддзем.

т. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́НТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

тып хімічнай сувязі, якая ажыццяўляецца парай электронаў, агульных для двух атамаў. Абумоўлена наяўнасцю на валентных арбіталях атамаў (групы атамаў) няспараных электронаў.

У залежнасці ад колькасці агульных электронных пар паміж атамамі адрозніваюць простую К.с. (адна электронная пара) і кратную сувязь. К.с. паміж аднолькавымі атамамі (напр., у малекуле вадароду H2, кіслароду O2) з’яўляецца непалярнай, паміж рознымі (напр., у малекуле вады H2O, аміяку NH;) — палярнай. У выпадку непалярнай К.с. электронная шчыльнасць агульнай пары электронаў сіметрычна размеркавана адносна ядраў абодвух атамаў, а ў выпадку палярнай К.с. — зрушана да больш электраадмоўнага атама (гл. Іонная сувязь). Асн. ўласцівасці К.с. — насычанасць (існаванне некат. гранічнай колькасці двухцэнтравых двухэлектронных сувязей, якія ўтварае атам) і накіраванасць у прасторы (вызначае прасторавую будову малекул, іонаў, радыкалаў). Гл. таксама Каардынацыйная сувязь.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 7, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМІ́ЧНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

перадача інфармацыі паміж наземнымі пунктамі і касм. лятальнымі апаратамі (КЛА), паміж наземнымі пунктамі праз КЛА, а таксама паміж КЛА. Важнейшыя віды К.с.: радыёсувязь, радыёвяшчанне, сістэмы выратавання тых, што церпяць бедства, і вызначэнне месцазнаходжання аб’ектаў.

Асн. асаблівасці сістэм К.с. — высокая якасць перадачы і вял. прапускная здольнасць каналаў сувязі ў спалучэнні з вял. зонай абслугоўвання; дыяпазон частот ад соцень мегагерц да соцень гігагерц, а таксама аптычныя частоты (лазерная сувязь). Для К.с. паміж наземнымі пунктамі выкарыстоўваюцца ШСЗ, якія рухаюцца па эліптычных ці кругавых стацыянарных арбітах на малых, сярэдніх і вял. вышынях (гл. «Інтэлсат», Спадарожнікавая сувязь).

А.​П.​Ткачэнка.

т. 8, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААРДЫНАЦЫ́ЙНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

від хімічнай сувязі, якая рэалізуецца ў комплексных злучэннях. Адрозніваюць двух- і шматцэнтравую К.с. Двухцэнтравая абумоўлена перадачай электроннай пары з цалкам запоўненай арбіталі атама ліганда (донара) на вакантную арбіталь цэнтр. атама (акцэптара) з утварэннем агульнай звязваючай малекулярнай арбіталі. Такую К.с. наз. донарна-акцэптарнай сувяззю. Яна з’яўляецца разнавіднасцю кавалентнай сувязі. У выпадку шматцэнтравай К.с. электронная пара ліганда дэлакалізавана ў прасторы трох ці большай колькасці атамаў малекулы (напр., трохцэнтравая мосцікавая сувязь В-Н-В у боравадародах).

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

перадача інфармацыі з дапамогай эл.-магн. хваляў аптычнага дыяпазону (10​14—10​15 Гц). Першая лінія аптычнага тэлеграфа пабудавана ў 1794 паміж Парыжам і Лілем (225 км). Стварэнне лазераў, святлодыёдаў, фотапрыёмнікаў, валаконна-аптычных кабеляў з надзвычай малымі стратамі дало магчымасць стварыць аптычную сувязь, якая мае перавагу над інш. відамі сувязі па колькасці каналаў (вял. Прапускная здольнасць), ахове ад перашкод, далёкасці і хуткасці перадачы, па эканоміі металу (металу (медзі, алюмінію), па рэальнасці стварэння інтэгральных і інтэлектуальных сетак сувязі.

Для мадуляцыі лазернага выпрамянення ўздзейнічаюць на працэс яго генерацыі або выкарыстоўваюць мадулятар святла. На выхадзе перадатчыка фарміруецца вузкі маларазбежны прамень святла; трапляючы на ўваход прыёмніка, ён накіроўваецца на фотадэтэктар, дзе аптычнае выпрамяненне пераўтвараецца ў эл. сігнал, які ўзмацняецца і апрацоўваецца звычайнымі радыётэхн. Метадамі. Адрозніваюць аптычную сувязь з адкрытымі лініямі (для перадачы сігналаў праз атмасферу Зямлі ці касм. прастору) і з закрытымі святлаводнымі каналамі (валаконна-аптычныя лініі сувязі; выкарыстоўваюцца ў наземных і падводных умовах).

Літ.:

Алишев Я.В. Многоканальные системы передачи оптического диапазона. Мн., 1986;

Волоконно-оптические системы передачи. М., 1992.

Я.​В.​Алішаў.

Аптычная сувязь: часткі зямной паверхні (2 СС); усёй Зямлі (3 СС); НС — нізкалятаючы спадарожнік (200 км над Зямлёй); СС — сінхронны спадарожнік (36—40 тыс. км над Зямлёй).

т. 1, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛІ́ЧНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

разнавіднасць хімічнай сувязі, якая ўтвараецца пры ўзаемадзеянні электроннага газу (аб’яднаных валентных электронаў металаў) з дадатна зараджанымі іонамі крышт. рашоткі. Характэрна для металаў, іх сплаваў і расплаваў, а таксама большасці металідаў. Вызначае ўласцівасці, характэрныя для металаў: высокія электра- і цеплаправоднасць, пластычнасць.

т. 10, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНОГАКАНА́ЛЬНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

від электрасувязі, які забяспечвае адначасовую і незалежную перадачу многіх паведамленняў па адной лініі сувязі. Ёмістасць лічбавых сістэм М.с. да дзесяткаў тысяч каналаў сувязі. Выкарыстоўваецца ў тэлефаніі, тэлеграфіі, тэлебачанні і інш. для перадачы паведамленняў па паветраных, кабельных, хваляводных, аптычных, радыёрэлейных і спадарожнікавых лініях сувязі.

Грунтуецца на частотным, часавым, палярызацыйным або кодавым (ці іх камбінацыі) ушчыльненні сігналаў (раздзяленні каналаў для кожнага паведамлення); канальныя сігналы ўшчыльняюцца ў групавы, які падаецца ў лінію сувязі пасля лінейных пераўтварэнняў для ўзгаднення з яе характарыстыкамі. Частотнае ушчыльненне, калі кожнаму каналу адпавядае пэўны ўчастак спектра частот у агульнай паласе прапускання лініі, выкарыстоўваецца пераважна ў аналагавых сістэмах перадачы; часавае ушчыльненне (адпавядае пэўны прамежак часу) — у аналага-імпульсных і лічбавых сістэмах; палярызацыйнае (тыл палярызацыі хвалі) — у спалучэнні з інш. ў спадарожнікавых і аптычных сістэмах; кодавае ўшчыльненне — у сістэмах рухомай сотавай радыёсувязі і інш. сістэмах з шумападобнымі сігналамі.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 10, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)