складаныя арган. рэчывы, якія пры паступленні ў арганізм чалавека і цеплакроўных жывёл выклікаюць спецыфічную імунную рэакцыю — утварэнне антыцелаў. Уласцівасцямі антыгенаў валодаюць чужародныя для дадзенага арганізма бялкі і поліцукрыды, асабліва высокамалекулярныя. Як антыгены яны могуць быць агульныя для ўсіх асобін пэўнага віду арганізмаў (відавыя антыгены) або толькі для іх часткі (групавыя антыгены). Ступень імунагеннасці антыгенаў, форма і вынік імуннага адказу, які яны выклікаюць (утварэнне антыцелаў, клетачны імунітэт, алергія, талерантнасць), залежаць ад ступені іх чужароднасці (філагенетычнай аддаленасці), хім. прыроды і малекулярнай будовы, дозы і формы ўвядзення ў арганізм і інш. фактараў. Імунная сістэма млекакормячых здольная распазнаваць да 106 антыгенаў. Вызначэнне відавой і групавой прыналежнасці антыгенаў выкарыстоўваецца пры ўстанаўленні ступені роднасці арганізмаў, распрацоўцы вакцын і сываратак, пераліванні крыві, перасадках тканак, дыягностыцы хвароб, у суд. медыцыне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬНАЗО́РКАСЦЬ, гіперметрапія,
адхіленне ад нармальнай рэфракцыі вока, што перашкаджае выразна бачыць на блізкай адлегласці. Бывае рэфракцыйная (ад слабай пераламляльнай здольнасці аптычнай сістэмы вока) ці восевая (ад занадта кароткай пярэдне-задняй восі вока). Д. — звычайная рэфракцыя вока нованароджаных, пры росце паступова развіваецца суразмерная эметрапічная рэфракцыя вока. У дальназоркім воку прамяні святла, якія ідуць ад далёкіх і блізкіх прадметаў, перасякаюцца і збіраюцца за сятчаткай вока, таму прадметы відаць невыразна.
Адрозніваюць 3 ступені Д.: слабую, сярэднюю і высокую. Пры слабай і сярэдняй хворыя добра бачаць блізкія і далёкія прадметы, бо акамадацыйная здольнасць вока (магчымасць мяняць крывізну і таўшчыню крышталіка) добрая. На высокай ступені Д. хворыя кепска адрозніваюць прадметы здалёку і зблізку, нават з карэкцыяй. Некарэгіраваная Д. у дзяцей можа прывесці да развіцця касавокасці. Выпраўляюць Д. акулярамі з выпуклымі (збіральнымі) шкельцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯФА́НТАВЫ ЎРАЎНЕ́ННІ,
від алгебраічных ураўненняў ці іх сістэм з цэлымі каэфіцыентамі, у якіх рашэнні шукаюцца ў цэлых або рацыянальных ліках. Названы ў гонар Дыяфанта.
Колькасць невядомых у Д.у. перавышае колькасць ураўненняў (невызначальныя ўраўненні). Д.ў. 1-й ступеніax+by=1 пры ўзаемна простых a і b мае бясконцае мноства рашэнняў. Д.ў. 2-й ступені таксама можа мець бясконцае мноства рашэнняў, напр., ураўненне Пеля x2 − Ay2 = 1 (A>0; A — няпоўны квадрат). Агульная тэорыя Д.у. вышэйшых ступеняў адсутнічае, але даказана невырашальнасць вядомай праблемы Ферма: Д.ў. xn + yn + zn не мае рашэнняў у натуральных ліках x, y, z і n>2 (А.Вайлс, Р.Тэйлар, ЗША, 1995).
Літ.:
Гельфонд А.О. Решение уравнений в целых числах. 4 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСАНА́НС (франц. consonance ад лац. consonantia гармонія, сугучнасць) у музыцы, адначасовае спалучэнне тонаў стройнага, згоднага гучання. Процілеглае К. паняцце — дысананс. Адрозніваюцца характарам узаемадзеяння гарманічных спектраў гукаў, што ўтвараюць пэўнае сугучча. Акустычная сутнасць К. ў супадзенні вял. колькасці гармонікаў (абертонаў) гэтых гукаў. Да К. належаць усе чыстыя інтэрвалы, вял. і малыя тэрцыі і сексты і акорды, складзеныя толькі з гэтых інтэрвалаў (за выключэннем тых, у якіх адзін з верхніх гукаў утварае чыстую кварту з басам). Матэматычнае абгрунтаванне К. зрабілі піфагарэйцы ў Стараж. Грэцыі. У еўрап.прафес. музыцы 15—19 ст. адрозненне паміж К. і дысанансам набыло якасны характар, дасягнула ступені вострай процілегласці і стала адной з асноў муз. мыслення. У музыцы 20 ст. рэзка павялічылася значэнне дысанансу, адрозненне паміж ім і К. ў значнай ступені згладжваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛО́М (франц. diplóme ад грэч. diploma ліст, дакумент, складзены ў дзве столкі),
1) афіцыйнае пасведчанне аб заканчэнні навуч. установы, прысуджэнні вуч.ступені, прысваенні вуч. звання, атрыманні прэміі (Д. лаўрэата) і інш. 2) Афіцыйнае пасведчанне аб навук. адкрыцці або вынаходстве.
3) Узнагарода за пэўныя заслугі, дасягненні, поспехі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУА́ЎРА ФО́РМУЛА,
правіла ўзвядзення ў ступень камплекснага ліку, вызначанага ў трыганаметрычнай форме. Атрымана А.Муаўрам (1707); сучасны запіс прапанаваў Л.Эйлер (1748).
Паводле М.ф. пры ўзвядзенні ліку
у ступень n модуль ліку r узводзіцца ў гэтую ступень, а аргумент φ памнажаецца на паказчык ступені:
. З М.ф. вынікаюць таксама выражэнні для і праз ступені і :
,
, дзе — бінаміяльныя каэфіцыенты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТА-НО́СЬБІТ, касмічная ракета,
шматступеньчатая (2—4 ступені) ракета для вывядзення ў космас касмічных апаратаў. Надае карыснаму грузу скорасць, большую ці роўную 1-й або 2-й касмічнай скорасці. Працягласць палёту Р.-н. на актыўным участку траекторыі каля 17 мін; стартавая маса 10—3000 т (да 90% масы складае паліва). Асн. тып ракетнага рухавіка — вадкасны ракетны рухавік, выкарыстоўваецца таксама цвердапаліўны.
Паводле стартавай масы, энергет. характарыстык і масы карыснага грузу, які выводзіцца на нізкія каляземныя арбіты (200—300 км), адрозніваюць Р.-н.: лёгкія (карысны груз да 5 т; «Косма», «Зеніт», «Днепр», «Скаўт», «Пегас», «Аджэна», «Дэльта»), сярэднія (5—20 т; «Саюз», «Маланка», «Тытан»), цяжкія (20—100 т; «Пратон», «Тытан-4», «Арыян-5»), звышцяжкія (больш за 100 т, «Сатурн», касм. сістэмы «Спейс шатл», «Энергія»). Макс. маса выведзенага на арбіту грузу 147,5 т («Сатурн-5»; 1972). Колькасць ступеней Р.-н. абумоўлена гал. чынам яе прызначэннем. На старце працуе самы магутны рухавік 1-й ступені, які надае сістэме пэўную скорасць. Пасля таго, як запас паліва 1-й ступені зрасходаваны, яна аддзяляецца, і пачынае працаваць рухавік 2-й ступені; сістэма атрымлівае дадатковую скорасць. Асаблівасць апошніх ступеней некаторых Р.-н. — магчымасць шматразовага ўключэння іх рухавікоў, што дазваляе рабіць манеўры для змены вышыні, нахілення арбіты і інш. Старты Р.-н. здзяйсняюцца з касмадромаў. У выпадку далёкіх палётаў Р.-н. звычайна выводзіцца на арбіту ШСЗ з наступным стартам з гэтай арбіты.
Літ.:
Казневский В.П. Космические ракеты. М., 1961;
Морозов К.В. Ракеты-носители космических аппаратов. М., 1975.
У.С.Ларыёнаў.
Трохступеньчатая ракета-носьбіт: 1, 5, 8 — вадкасныя ракетныя рухавікі 1, 2 і 3-й ступеней; 2 — стабілізатар; 3, 6, 9 — бакі паліва 1, 2, 3-й ступеней; 4, 7, 10 — бакі акісляльніку 1, 2 і 3-й ступеней; 11 — прыборны адсек з апаратурай сістэмы кіравання; 12 — карысны груз; 13 — галаўны абцякальнік; 14 — механізм аддзялення касмічнага аб’екта, 15 стык паміж 2 і 3-й ступенямі; 16 — стык паміж 1 і 2-й ступенямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЯ АКТЫ́ЎНАСЦЬ ; максімальнае праяўленне арганізмам важнейшых біял. функцый у межах свайго дыяпазону ўстойлівасці да змен асн. лімітаваных экалагічных фактараў асяроддзя. Напр., пра біялагічную актыўнасць мікраарганізмаў глебы мяркуюць па інтэнсіўнасці «дыхання» глебы (спажыванне кіслароду і выдзяленне дыаксіду вугляроду), ступені вылучэння цеплавой энергіі арганізмамі глебы, ферментатыўнай актыўнасці і інш. паказчыках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАГЛЕ́БАВЫ РАЁН,
таксанамічная адзінка глебава-геаграфічнага раянавання; састаўная частка глебава-кліматычнай акругі з пэўным комплексам прыродных і эканам. умоў. Вылучаецца паводле генетычна аднолькавага тыпу рэльефу, глебавага покрыва, мезаклімату, ступені забалочанасці, умоў для гасп. дзейнасці і інш. На тэр. Беларусі 20 аграглебавых раёнаў. Гл. карту пры арт.Глебава-геаграфічнае раянаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУА́ЛЬ (ад франц. voile пакрывала, заслона),
1) лёгкая празрыстая баваўняная ці шаўковая тканіна. З вуалі шыюць сукенкі, вырабляюць шалі.
2) Тонкая празрыстая сетка на жаночых капелюшах, якая часам часткова закрывае твар.
3) Вуаль у фатаграфіі — пацямненне неэкспаніраваных участкаў праяўленага фатагр. матэрыялу. Назіраецца ў большай ступені ў высокаадчувальных фотаматэрыялах.