Арганізацыйныя асновы КПСС, гл. Статут КПСС

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЕ ПРА́ВА,

своеасаблівы юрыдычны статут гар. саслоўя, які ў адпаведнасці з нормамі магдэбургскага права сфарміраваўся ў г. Орша на працягу 14—17 ст. Органы самакіравання Оршы зацверджаны вял. князем у 16 ст. У 1620 горад атрымаў прывілей на поўнае магдэбургскае права, на падставе якога аршанцы ў сак. 1621 склалі ўласны статут з 23 раздзелаў. Статут рэгуляваў дзейнасць гар. рады, яе судовыя функцыі, маёмасныя і асабістыя адносіны жыхароў горада. Аршанскае права аспрэчвала юрыд. аўтарытэт магдэбургскага права, адхіляла тыя яго нормы, якія не адпавядалі ўмовам жыцця бел. горада 17 ст., а таксама ўстарэлыя нормы вечавога права. Патрэбныя нормы былі ўзяты са Статута ВКЛ 1588, статутаў Вільні і Кракава, пастаноў соймаў і вопыту тагачаснага гар. жыцця.

З.Ю.Капыскі.

т. 1, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́СЛІЦКА-ПЕТРАКО́ЎСКІЯ СТАТУ́ТЫ 1346—47, Статуты Казіміра Вялікага, помнік сярэдневяковага польск. права. Выдадзены польск. каралём Казімірам III Вялікім асобна для Малой і Вялікай Польшчы. Велікапольскі статут (34 арт.) прыняты на феад. з’ездзе ў Петракове ў 1346, малапольскі статут (59 арт.) зацверджаны на з’ездзе ў Вісліцы ў 1347. Абодва напісаны па латыні. Складзены на аснове польск. звычаёвага права. Адлюстравалі намеры каралеўскай улады ліквідаваць феад. раздробленасць, уніфікаваць права, умацаваць манархію. У 1420-я г. выдадзены Поўны збор статутаў Казіміра Вялікага. У канцы 14 ст. статуты пашыраны на Галіччыну, якая ўвайшла ў склад Польшчы.

т. 4, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ДЭР (Ішувук) Герман

(н. 21.10.1941, Маркерсдорф, Аўстрыя),

аўстрыйскі славіст. Д-р філасофіі (1970), з 1986 д-р габілітаваны. Скончыў Венскі ун-т (1970). З 1971 у Зальцбургскім ун-це. Даследуе сінхронную і дыяхронную лінгвістыку, моўныя кантакты, гісторыю мовы, моўную палітыку: «Нямецкія словаўтваральныя элементы ў славянскіх мовах» (т. 1—2, 1985) і інш. Непасрэдна бел. тэматыцы прысвечаны артыкулы «Літоўскі статут 1529 г.» (1973), «Літоўскі статут 1588 г.» (1974), «Першае і другое адраджэнне беларускай мовы і культуры» (1991), «Моўная сітуацыя ў Беларусі» (1993). Прачытаў у Зальцбургскім ун-це курс лекцый «Беларуская мова для русістаў» (1982).

Тв.:

Sprachenpolitische Tendenzen in Weissrussland. Vien, 1995.

У.Л.Сакалоўскі.

т. 3, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕ́КСІЯ

(ад лац. annexio далучэнне),

захоп адной дзяржавай часткі або ўсёй тэрыторыі інш. дзяржавы, а таксама гвалтоўнае ўтрыманне народнасці ў межах чужой дзяржавы. Анексія — грубае парушэнне міжнар. права. Статут ААН дэкларуе права нацый на самавызначэнне і абавязвае членаў ААН устрымлівацца ад анексіі.

т. 1, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДУКАЦЫ́ЙНАЯ КАМІ́СІЯ

(Komisja Edukacji Narodowej),

установа па кіраўніцтве нар. асветай у Рэчы Паспалітай; першая падобнага тыпу ў Еўропе. Засн. соймам 1773—75. Першы старшыня (1773—80) І.Я.Масальскі. Прымалі ўдзел асветнікі Г.Калонтай, І.Патоцкі, Г.Пірамовіч, Я.Снядэцкі, І.Храптовіч і інш. Ажыццявіла рэформу школ і ун-таў у духу ідэй Асветніцтва. У 1783 зацверджаны «Статут, прадпісаны камісіяй народнай асветы для акадэмій і школ Рэчы Паспалітай». Школа набыла свецкую накіраванасць. Найважнейшае значэнне надавалася прадметам фізіка-матэм. цыкла, з гуманітарных навук выкладаліся польск. і лац. граматыка, геаграфія, гісторыя, заканазнаўства і інш.; з навуч. праграм была знята тэалогія. Новая сістэма адукацыі не задавальняла кансерватыўную частку памешчыкаў і духавенства. У 1794 статут адменены, адукацыйная камісія распушчана.

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕСНАХО́Д»,

арганізацыя маладых пісьменнікаў і мастакоў Зах. Беларусі. Створана ў маі 1927 у Вільні з мэтай творчай вучобы і ўзаемадапамогі. Выдаў альманах «Рунь веснаходу» (1927), у якім надрукаваны творы П.Пестрака (Звястун), А.Салагуба, А.Бартуля і інш. Улады Польшчы не зацвердзілі статут арг-цыі, і «Веснаход» неўзабаве пасля стварэння спыніў дзейнасць.

т. 4, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІ ПРЫВІЛЕ́Й,

прывілей, абвешчаны вял. кн. ВКЛ Жыгімонтам II Аўгустам 1.7.1564 на сойме ў г. Бельск Падляшскага ваяв. Паводле Бельскага прывілея ўтвараліся выбарныя шляхецкія саслоўныя суды, на месцах суд. органы аддзяляліся ад велікакняжацкай адміністрацыі. Духоўныя суды (каталіцкія і праваслаўныя) захоўваліся. Абвяшчалася роўнасць шляхты перад законам. Нормы Бельскага прывілея ўвайшлі ў Статут Вялікага княства Літоўскага 1566.

т. 3, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЦЭНТРАЛЬНААМЕРЫКА́НСКІХ ДЗЯРЖА́Ў

(Organization Central American States; АЦАД),

рэгіянальная арг-цыя дзяржаў Цэнтр. Амерыкі. Створана ў 1951. Аб’ядноўвае Гандурас, Гватэмалу, Коста-Рыку, Нікарагуа, Сальвадор. Статут прадугледжвае магчымасць далучэння Панамы. Паводле Хартыі 1965 мэта арг-цыі — узаемадапамога, эканам., сац. і паліт. супрацоўніцтва ў Цэнтр. Амерыцы. Вышэйшыя органы — нарады кіраўнікоў краін-удзельніц і міністраў замежных спраў. Штаб-кватэра ў Сан-Сальвадоры.

т. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ

(БДА),

палітычная партыя беларусаў у Польшчы. Створана ў 1990 на базе Бел. клуба (дзейнічаў з 1989). Устаноўчы кангрэс БДА (10.2.1990, Беласток, каля 100 дэлегатаў) прыняў праграму і статут, адозвы да бел. эміграцыі і Бел. нар. фронту «Адраджэньнне». Асн. мэта — выказванне патрабаванняў бел. насельніцтва Польшчы і абарона яго інтарэсаў. Кіруючы орган — гал. рада. Выдае бюлетэнь «Беларускія навіны».

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)