ЛАВА́ЛЬ ((Laval) П’ер) (26.6.1883, Шатэльдон, Францыя — 15.10.1945),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Адвакат. Дэп. парламента (1914—26), сенатар (1927—40). Міністр грамадскіх работ (1925), юстыцыі (1926), працы (1930, 1932), калоній (1934), замежных спраў (1932, 1934—35, 1935—36) і прэм’ер-міністр Францыі (1931—32, 1935—36). Ад імя Францыі падпісаў Лаваля—Мусаліні пагадненні 1935, пакты аб узаемадапамозе з СССР (2.5.1935) і Чэхаславакіяй (16.5.1935). У 2-ю сусв. вайну дзярж. міністр ва ўрадзе А.Ф.Петэна (чэрв.—ліп. 1940), нам. прэм’ер-міністра (ліп.—снеж. 1940), міністр замежных спраў (кастр.—снеж. 1940) і прэм’ер-міністр урада «Вішы» (1942—44). З канца 1944 у Германіі. У 1945 перададзены амер. вайскоўцамі ўладам Францыі, засуджаны і пакараны смерцю як галоўны франц. калабарацыяніст.

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМІ́Н Фёдар, майстар разьбяной і сталярнай спраў 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Маскоўскай дзяржаве. Разам з інш. майстрамі — выхадцамі з Беларусі прымаў удзел ва ўстаноўцы іканастаса царквы Данскога манастыра (1683), у вырабе мэблі і хатняга начыння для царскага дома ў Маскве.

т. 8, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАДНО́Ў (Яўген Міхайлавіч) (?, Віцебская губ. — ?),

бел. грамадска-паліт. дзеяч. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У 1-ю сусв. вайну на фронце. Пасля Лют. рэв. 1917 нам. старшыні Харкаўскага губ. Савета сял. дэпутатаў, удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. З 1918 чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Бел. нац. к-та ў Адэсе. У 1918 міністр ваен. спраў, са снеж. 1919 — замежных спраў ва ўрадзе БНР. З сак. 1921 у Варшаве, нам. старшыні Бел. к-та. 8.5.1921 выключаны са складу ўрада за правакацыйныя дзеянні супраць БНР. Пазней жыў у Берліне. Сабраў вял. колькасць матэрыялаў аб масонстве, частка з якіх адлюстроўвала паліт. дзейнасць рас. масонства ў перыяд Лют. і Кастр. рэвалюцый. У 1932 падрыхтаваў на імя прэзідэнта Германіі П.​Гіндэнбурга шэраг дакументаў пра падрыўную дзейнасць масонскіх лож у Еўропе.

У.​М.​Міхнюк.

т. 9, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЮ́ЦІН (Мікалай Аляксеевіч) (18.6.1818, Масква — 7.2.1872),

расійскі дзярж. дзеяч. Брат Дз.А.Мілюціна і У.А.Мілюціна. Скончыў Шляхетны пансіён пры Маскоўскім ун-це. З 1835 у Мін-ве ўнутр. спраў. У 1859—61 таварыш (нам.) міністра ўнутр. спраў, фактычны кіраўнік работ па падрыхтоўцы Сялянскай рэформы 1861 (у рэдакцыйных камісіях прадстаўляў ліберальную апазіцыю прыгоннікам). Узначальваў камісію па распрацоўцы праекта Земскай рэформы 1864. У час паўстання 1863—64 накіраваны восенню 1863 у Царства Польскае, дзе кіраваў ажыццяўленнем сял. рэформы. З 1864 статс-сакратар па справах Польшчы і кіраўнік цывільнай часткі канцылярыі ген.-губернатара ў Варшаве; праводзіў палітыку русіфікацыі. З 1865 чл. Дзярж. савета, гал. нач. Канцылярыі па справах Царства Польскага ў Пецярбургу і член Гал. к-та па ўладкаванні маёмасці сялян. Аўтар прац па эканоміцы і статыстыцы, успамінаў, дзённіка.

т. 10, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ ЗАСЯДА́ЦЕЛЬ,

грамадзянін, выбраны для ўдзелу ў разглядзе крымін. і цывільных спраў у судах па 1-й інстанцыі ў Рэспубліцы Беларусь і ў некаторых краінах СНД. Мае роўныя правы з суддзёй. Як правіла, у склад суда, які разглядае справу, уваходзяць 2 Н.з. (за выключэннем спраў, што паводле заканадаўства могуць разглядацца суддзёй аднаасобна), зацверджаныя ў спісах Н.з. дадзенага суда ва ўстаноўленым парадку. У спісы Н.з. уносяцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, што дасягнулі 25-гадовага ўзросту і пастаянна пражываюць на тэр. раёна або горада не менш як 3 гады. Працуючым Н.з. за час выканання абавязкаў у судзе робяцца выплаты ў памеры заработку або даходу, якія яны атрымліваюць па месцы работы, непрацуючым Н.з., а таксама пенсіянерам час выканання абавязкаў аплачваецца ў памеры акладу суддзі гэтага ж суда.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСЛЕ́ДНАСЦЬ,

у крымінальным працэсе Рэспублікі Беларусь сукупнасць устаноўленых законам прыкмет крымін. справы, паводле якіх КПК вызначае, які орган павінен весці следства або дазнанне па гэтай справе. Адрозніваюць П. прадметную (радавую), тэрытарыяльную (мясцовую) і персанальную. Прадметная П. вызначаецца характарам злачынства, у залежнасці ад якога размяжоўваецца П. паміж следчымі пракуратуры, органаў дзярж. бяспекі і фін. расследванняў, унутр. спраў, а таксама органам дазнання. Персанальная П. вызначаецца асаблівасцямі суб’екта злачынства. Напр., справы пра злачынства непаўналетніх падследныя следчым органам унутр. спраў, справы пра злачынствы ваеннаслужачых — следчым ваен. пракуратуры. Тэрытарыяльная П. вызначаецца месцам учынення злачынства: як правіла, папярэдняе следства праводзіцца ў тым раёне (горадзе), дзе адбылося злачынства. З мэтай забеспячэння найб. хуткасці, аб’ектыўнасці і паўнаты расследавання яно можа праводзіцца па месцы знаходжання злачынца або на месцы знаходжання большасці сведак.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛЬМЕРСТАН ((Palmerston) Генры Джон Тэмпл) (20.10.1784, Лондан — 18.10.1865),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Эдынбургскі (1803) і Кембрыджскі (1806) ун-ты. Напачатку паліт. кар’еры прымыкаў да торы, з 1830 — да вігаў. З 1807 дэп. палаты абшчын. З 1809 міністр па ваен. справах, у 1830—51 (з перапынкамі) міністр замежных спраў, у 1852—55 міністр унутр. спраў, у 1855—58 і з 1859 прэм’ер-міністр. У 1855—65 лідэр Ліберальнай партыі. Імкнуўся да захавання ў Еўропе прынцыпу «раўнавагі сіл» і ўмацавання ролі Вялікабрытаніі ў якасці яго гаранта; падтрымліваў нац. і ліберальныя рухі, калі іх дзейнасць і мэты супадалі з брыт. інтарэсамі. Адзін з ініцыятараў міжнар. прызнання незалежнасці Бельгіі. Садзейнічаў развязванню Крымскай вайны 1853—56. Урад П. анексіраваў Пенджаб (1849), задушыў Індыйскае народнае паўстанне 1857—59, Тайпінскае паўстанне ў Кітаі.

т. 12, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АБВІНАВА́ЎЦА,

службовая асоба, якая падтрымлівае перад судом абвінавачанне па крымінальнай справе. У Рэспубліцы Беларусь, некаторых інш. краінах функцыі Дз.а. выконвае пракурор. Удзел Дз.а. ў суд. разборы спраў — адна з формаў пракурорскага нагляду за выкананнем законнасці. Парадак удзелу Дз.а. ў суд. разборы рэгламентуецца працэсуальным заканадаўствам.

т. 6, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРЫ́ (англ. і франц. jury ад лац. juro прысягаю),

1) група спецыялістаў, якая прысуджае ўзнагароды і прэміі на конкурсах, выстаўках, спаборніцтвах і інш. 2) У Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША і некат. інш. краінах калегія прысяжных (непрафесіянальных суддзяў), якія ўдзельнічаюць у разглядзе крымін. і грамадз. спраў.

т. 6, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́ГІІ ў Расіі,

цэнтральныя ўстановы ў 18 — пач. 19 ст., якія ведалі асобнымі галінамі дзярж. кіравання. Уведзены Пятром I у 1717—21 замест прыказаў. Першыя К.: Замежных спраў, Ваенная, Адміралцействаў-К., Камер-К., Юстыц-К., Рэвізіён-К. і інш. Скасаваны з утварэннем мін-ваў.

т. 7, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)