АЗІЯ́ЦКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
буйныя комплексныя спарт. спаборніцтвы краін Азіі. Праводзяцца з 1951 раз у 4 гады (праз 2 гады пасля Алімпійскіх гульняў). Іх арганізацыю і правядзенне ажыццяўляе федэрацыя Азіяцкіх гульняў (засн. ў 1949), у якую ўваходзяць нац. алімп. к-ты азіяцкіх краін. У праграме Азіяцкіх гульняў абавязковыя віды спорту (лёгкая атлетыка, плаванне) і не менш як 8 інш. відаў, якія ўключаюцца Аргкамітэтам Азіяцкіх гульняў пры ўмове, што яны існуюць не меней, як у 6 краінах, 4 з якіх — удзельнікі чарговых гульняў.
т. 1, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́ДАЎ Вальмен Мікалаевіч
(н. 12.2.1930, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Канд. архітэктуры (1972). Сын М.І.Аладава. Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1953). Працаваў у ін-це «Белдзяржпраект», у 1965—80 дырэктар ін-та «Белдзіпрагандаль», з 1980 выкладае ў БПА. Асн. работы: абл. бібліятэка ў г. Маладзечна; Камароўскі крыты рынак у Мінску; рэсп. спарт. комплекс «Раўбічы» (у сааўт.); афармленне выставак дасягненняў нар. гаспадаркі Беларусі ў Лейпцыгу, Плоўдзіве, Мінску, Маскве (усе ў аўтарскім калектыве). У 1966—70 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі.
т. 1, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГЛЯРОДАПЛА́СТЫ,
карбапласты, вугляпластыкі, пластмасы, якія маюць у якасці напаўняльніку вугляродныя валокны ў выглядзе жгутоў, стужак, матаў, тканіны, сечаных валокнаў. Сувязнымі для вугляродапластаў з’яўляюцца сінт. палімеры (напр., эпаксідныя, поліэфірныя, фенолфармальдэгідныя смолы). Вугляродапласты трывалыя, цвёрдыя, тэрмічна, хімічна і радыяцыйна ўстойлівыя электра- і цеплаправодныя матэрыялы з малой шчыльнасцю, нізкімі каэф. трэння і тэрмічнага лінейнага расшырэння. Выкарыстоўваюць на выраб дэталей лятальных апаратаў (самалётаў, верталётаў, ракет), суднаў, аўтамабіляў, спарт. інвентару (лыжы, вёслы), хім. абсталявання.
Літ.:
Молчанов Б.И., Чукаловский П.А., Варшавский В.Я. Углепластнки. М., 1985.
М.Р.Пракапчук.
т. 4, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДНАСПАРТЫ́ЎНЫ КАМБІНА́Т рэспубліканскі ў Мінску. Дзейнічае з 1967
(арх. В.Ладыгіна),
першы басейн з 1961. Уключае 3 закрытыя басейны з трыбунамі на 1 тыс. гледачоў, 2 адкрытыя з падагрэвам вады, аздараўленчы комплекс, які складаецца з лазняў з парыльнямі і адкрытага басейна з мінер. вадой. Агульная пл. ўсіх спарт. і дапаможных збудаванняў 18 га, пл. вады басейна 6200 м². Прапускная здольнасць збудаванняў 4,5 тыс. чал. за суткі. Праводзяцца рэсп. і міжнар. спаборніцтвы па водных відах спорту, выкарыстоўваецца і як навуч. база. Асн. база падрыхтоўкі нац. алімпійскіх каманд Беларусі па водных відах спорту.
т. 4, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ПРАЕ́КТНЫ ІНСТЫТУ́Т (Белпраект) Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1933 у Мінску на базе праектнай канторы Белжылбуда і Бел. філіяла Дзіпрагара РСФСР як Бел. дзярж. праектны ін-т. З 1990 арэнднае прадпрыемства. Галаўны ін-т па жыллёва-грамадз. буд-ве ў Беларусі. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка тэндэрнай дакументацыі, тыпавых, эксперым. і асобных індывід. праектаў, жылых дамоў, інтэрнатаў, гасцініц, школ, дзіцячых дашкольных устаноў і праектаў забудовы; комплекснае праектаванне аб’ектаў аховы здароўя і адпачынку, спарт. Збудаванняў, н.-д. і навуч. устаноў, відовішчных, адм.-вытв. будынкаў і інш. аб’ектаў грамадз. прызначэння.
т. 2, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́НАЧНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,
аднамесны аўтамабіль, прызначаны для скорасных спаборніцтваў на кальцавых закрытых (для інш. транспарту) трасах. Адрозніваецца малой масай, магутным рухавіком, размяшчэннем колаў па-за межамі кузава, адсутнасцю крылаў у колаў і інш. Паводле Міжнар. класіфікацыі адносяць да груп 7 і 8. У групу 7 уваходзяць гоначныя аўтамабілі формул — 1 (аб’ём рухавіка да 3000 см³ без наддуву ці да 1500 см³ з наддувам), 2 (да 2000 см³), 3 (да 2000 см³ з абмежаваннем магутнасці); у групу 8 — гоначны аўтамабіль «свабоднай» формулы (параметры ўстанаўлівае спарт. федэрацыя краіны). Гл. таксама Карт.
т. 5, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНТ
(ад англ. grant падарунак, ахвяраванне),
1) аднаразовае выдзяленне грашовай сумы або падараванне абсталявання, памяшкання (звычайна з асабістых сродкаў) культурным, навук. і інш. установам і арг-цыям.
2) Мэтавыя сродкі ў грашовай або матэрыяльнай форме, якія даюцца дзяржавай фіз. і юрыд. асобам на конкурснай аснове для правядзення навук. даследаванняў на дагаворных умовах, а таксама бясплатная датацыя, субсідыя гал. чынам навук. ці навуч. установам, творчым калектывам, спарт. камандам і інш. з дзярж. або мясц. бюджэту.
3) Стыпендыя, якая выплачваецца студэнтам і навучэнцам з дзярж. або мясц. бюджэту.
т. 5, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКАЯ СТАНДАРТБРЭ́ДНАЯ ПАРО́ДА коней, амерыканская рысістая парода, хуткаалюрная запражная парода. Выведзена ў ЗША у 19 ст. скрыжаваннямі з чыстакроўнай верхавой нарфолкскай, галандскай рысістай, канадскімі інаходцамі і інш. пародамі гал. чынам для спарт. спаборніцтваў на іпадромах. Гадуюць у ЗША, Канадзе, краінах Еўропы. У Расіі з яе ўдзелам выведзена руская рысістая парода. На Беларусі выкарыстоўваецца як паляпшальнік рысістых парод.
Масць гнядая, вараная, рыжая. У выніку аднабаковага адбору на рэзвасць коні не выраўнаваны па экстэр’еры; выш. ў карку 145—166 см. Абсалютны рэкорд на 1 мілю рыссю 1 мін 54,4 с, інахаддзю 1 мін 49 с.
т. 1, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІТЭА́ТР
(грэч. amphitheatron),
1) у Стараж. Рыме манументальнае збудаванне для публічных відовішчаў: баёў гладыятараў, цкавання дзікіх звяроў, масавых тэатралізаваных паказаў. Меў эліпсападобную ў плане форму, з арэнай пасярэдзіне, вакол якой ступенькамі ўзвышаліся месцы для гледачоў. Яго канструкцыйную аснову складала сістэма арак і слупоў, паміж якімі знаходзіліся галерэі і лесвіцы, напр., Рымскі Калізей.
2) Сучасныя амфітэатры выкарыстоўваюцца ў кінатэатрах, тэатр., цыркавых, спарт. будынках, маюць эліпсападобны, паўцыркульны сегментавы план. На аснове амфітэатра пабудаваны глядзельныя залы Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі, кінатэатра «Кастрычнік» у Мінску, месцы для гледачоў у цырках Гомеля, Мінска, на мінскім стадыёне «Дынама» і інш.
т. 1, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІ КУЛЬТУ́РНЫ ЦЭНТР (БАКЦ) у Саўт-Рыверы, бел. грамадска-культурны асяродак у ЗША, штаце Нью-Джэрсі. Засн. ў 1972 пры царкве імя св. Ефрасінні Полацкай. Кіруючы орган — управа, старшынямі якой у розны час былі Б.Шчорс, М.Бахар, Ж.Навумчык. Культ. праграму каардынуе Бел. культ.-мастацкае т-ва, якое з 1974 ладзіць паказы твораў бел. мастакоў і ўмельцаў. Працуе жаночы хор «Каліна», Бел. тэатр. студыя, нядзельная школа, Бел. спарт. аб’яднанне; у 1975—85 для моладзі арганізоўваліся адукац. курсы. Пры цэнтры ёсць б-ка, друкарня. У Саўт-Рыверы выдаюцца час. «Царкоўны светач», «Беларуская думка», «Сяўбіт», «Беларускі праваслаўны каляндар».
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)