ВАСАЛІТЭ́Т

(франц. vassalité ад позналац. vassallus васал, vassus слуга),

сістэма адносін асабістай залежнасці адных феадалаў (васалаў) ад іншых (сеньёраў або сюзерэнаў) у Зах. Еўропе. Упершыню склаўся ў позняй Франкскай імперыі пры Карле Вялікім (768—814), далейшае развіццё атрымаў у Германіі, Францыі, Англіі. На Беларусі ў класічным выглядзе не аформіўся, спец. тэрміна для яго абазначэння не было, аднак сістэма васальнай залежнасці існавала. У часы Кіеўскай Русі князі ўступалі паміж сабой у васалітэт, калі адзін з іх пагаджаўся лічыцца «сынам» другога (пры раўнапраўных адносінах князі звалі адзін аднаго «братамі»). Баяры былі васаламі таго князя, якому служылі і ад якога за службу мелі маёнткі. У 11—12 ст. у найбуйнейшых баяр з васалаў 3-га ўзроўню з’явіліся асабістыя дружыны. У ВКЛ у 13—14 ст. сістэма кіравання асобнымі землямі (княствамі) будавалася на васальнай залежнасці князёў ад вял. князя ВКЛ. Адначасова кожны князь меў васалаў з баяр, некаторыя з іх былі васаламі непасрэдна вял. князя ВКЛ. У канцы 14—15 ст. юрыд. правы непасрэдных васалаў вял. князя ВКЛ замацаваны ў шэрагу прывілеяў. Шляхта атрымала права распараджацца сваімі ўладаннямі. Васальныя адносіны гэтай групы феадалаў з вял. князем звяліся да абавязку ваен. службы і права падлягаць суду вял. князя ВКЛ ці яго намеснікаў.

В.Л.Насевіч.

т. 4, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́ШНЯЯ АДУКА́ЦЫЯ,

форма агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі ва ўмовах сям’і. У старажытнасці і сярэдневякоўі (да станаўлення сістэм адукацыі) забяспечвала саслоўна-прафес. пераемнасць. Элементарным тыпам Д.а. можна лічыць перадачу ад бацькоў дзецям ведаў, прафес. вопыту, асноў светапогляду, у т.л. рэліг. выхаванне. У зах. краінах з сярэдзіны 1970-х г. Д.а. набыла новыя рысы ў межах пед. руху «flexíschooling» (гібкая адукацыя), паводле якога акрамя школы месцам адукацыі можа быць дом, музей, б-ка і інш.; бацькі разглядаюцца як актыўныя партнёры школы; не абавязковай лічыцца прысутнасць настаўніка ў навуч. працэсе; вучоба скіравана на выяўленне і развіццё здольнасцей вучня; магчымасці дома (выкарыстанне сучасных тэхн. сродкаў навучання) разглядаюцца як кампанент школьнай праграмы. «Flexischooling» спалучае Д.а. з навучаннем у школе. У Рас. імперыі ў 18—19 ст. Д.а. мела важнае значэнне для фарміравання сістэмы агульнай адукацыі. З узнікненнем ун-таў, гімназій і інш. навуч. устаноў была абавязковым этапам для таго, каб прадоўжыць навучанне або паступіць на вайсковую службу, паколькі давала неабходную падрыхтоўку (ад праграмы пач. школы да поўнага гімназічнага курса). Пасля 1917 Д.а. як сістэма спыніла існаванне. З 1960-х г. для кампенсацыі недахопаў дзярж. сістэмы сярэдняй адукацыі атрымалі распаўсюджанне спецыфічныя формы Д.а. (прыватныя ўрокі, сямейныя семінары, рэпетытарства). У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. развіццё некаторых формаў Д.а. разглядаецца як адзін з варыянтаў садзеяння індывідуалізацыі навучання, рацыянальным суадносінам дамашняй і школьнай падрыхтоўкі. Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае магчымасць самаст. атрымання грамадзянамі агульнай адукацыі з правам на дзярж. атэстацыю.

В.М.Навумчык.

т. 6, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСТВА,

прававая прыналежнасць асобы да пэўнай дзяржавы. У сілу грамадзянства на чалавека распаўсюджваюцца законы дзяржавы, грамадзянскія правы і абавязкі, а дзяржава ў сваю чаргу абараняе і апякае яго на сваёй тэрыторыі і па-за яе межамі. У дзяржавах з манархічнай формай праўлення тэрмін «грамадзянства» ўжываецца ў значэнні «падданства».

Грамадзянства Рэспублікі Беларусь — неад’емны атрыбут яе дзярж. суверэнітэту. Грамадзянамі Беларусі з’яўляюцца асобы, якія пастаянна пражывалі на тэр. Беларусі на дзень набыцця сілы Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» ад 18.10.1991 або атрымалі яе грамадзянства ў адпаведнасці з гэтым Законам. Грамадзянства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца роўным для ўсіх грамадзян незалежна ад падстаў яго набыцця. Дакументам, які сведчыць аб грамадзянстве, з’яўляецца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін не можа быць пазбаўлены грамадзянства, як і ніхто з грамадзян краіны не можа быць адвольна пазбаўлены права змяніць грамадзянства. Набываецца грамадзянства па нараджэнні, у выніку прыёму ў грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных міжнар. дагаворамі Рэспублікі Беларусь ці яе заканадаўствам аб грамадзянстве. Пражыванне грамадзяніна на тэр. інш. дзяржавы само па сабе не вядзе да страты грамадзянства. Грамадзянін не можа быць выдадзены інш. дзяржаве, калі гэта не прадугледжана міжнар. дагаворамі Беларусі. Спыняецца з прычыны выхаду з грамадзянства, з прычыны страты грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных законам. Выхад з грамадзянства ажыццяўляецца па хадайніцтве асобы ў прадугледжаным законам парадку. Грамадзянства страчваецца, калі асоба набыла грамадзянства інш. дзяржавы ці паступіла на ваен. службу, у праваахоўныя і інш. дзярж. органы замежнай дзяржавы або калі грамадзянства Рэспублікі Беларусь было атрымана ёю незаконным шляхам.

С.У.Скаруліс.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст. Землямі звычайна наз. асабліва значныя намесніцтвы, якія мелі элементы аўтаноміі, замацаваныя абласнымі прывілеямі. Намесніцтва ў Віцебску, верагодна, з моманту свайго ўтварэння (1392) атрымала ад вял. кн. Вітаўта грамату, якая гарантавала захаванне пэўных нормаў мясц. права, што ўзыходзілі да дагавораў паміж горадам і князем. Сляды такой граматы прасочваюцца ў віцебскім прывілеі вял. князя Казіміра IV (каля 1440—47, не захаваўся), які пазней быў пацверджаны вял. князямі Аляксандрам (1503) і Жыгімонтам І Старым (1509, 1547). Гэтыя прывілеі гарантавалі мясц. феадалам і мяшчанам правы, абвешчаныя шляхце цэнтр. часткі ВКЛ (Віленскаму і Трокскаму ваяв.) прывілеямі 1387, 1432, 1434, а таксама права несці гарнізонную службу толькі ў сваёй зямлі, мясцовы (замкавы) суд і непадлегласць юрысдыкцыі ўпаўнаважаных вял. князя (дзецкіх). Мясц. баяры карысталіся выключным правам па чарзе кіраваць дзярж. валасцямі, што знаходзіліся ў складзе зямлі, за выключэннем некалькіх маёнткаў, падпарадкаваных непасрэдна віцебскаму намесніку (гл. Віцебскае права). Аднак на практыцы самастойнасць Віцебскай зямлі была даволі абмежаваная. Асн. ўлада належала намесніку (ужо ў прывілеях 1503 і 1509 ён наз. ваяводам). Азярышчанская і Усвяцкая воласці пры Казіміру IV былі вылучаны з-пад кіравання мясц. баяр і ператвораны ў асобныя намесніцтвы. Відаць, самастойны намеснік быў і ў Оршы. Значныя воласці ў Віцебскай зямлі былі падараваны князям Андрэю Уладзіміравічу, Друцкім, Жылінскім, што таксама выключала іх з-пад кантролю віцебскага баярства. Пасля 1511 за Віцебскай зямлёй канчаткова замацавалася назва «ваяводства». Яе асобны статус быў афіцыйна скасаваны з прыняццем Статута ВКЛ 1566, які пашырыў на ўсю тэр. ВКЛ агульныя прававыя нормы.

В.Л.Насевіч.

т. 4, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННЫЯ ПАСЯЛЕ́ННІ,

асобая арганізацыя войск у Рас. імперыі ў 1810—57, якія сумяшчалі ваен. службу з с.-г. працай. Уведзены па ініцыятыве імператара Аляксандра І з мэтай самазабеспячэння арміі харчаваннем і фуражом, адмаўлення ў мірны час ад рэкруцкіх набораў і стварэння ізаляванай ад цывільнага насельніцтва ваен. касты, якая служыла б апорай самадзяржаўна-прыгонніцкага ладу. Стварэнне ваенных пасяленняў было даручана графу А.А.Аракчэеву (з 1817 афіц. начальнік ваенных пасяленняў). З’яўляліся адной з праяў аракчэеўшчыны. Размяшчаліся на казённых землях. Першае доследнае ваеннае пасяленне ўтворана ў 1810 на тэр. б. Бабылецкага староства Клімавіцкага пав. Магілёўскай губ. Пасля высялення на Украіну 667 сем’яў мясц. дзярж. сялян тут быў размешчаны асабовы склад Ялецкага пях. палка. Жанатыя салдаты і унтэр-афіцэры, якія праслужылі не менш як 6 гадоў, надзяляліся зямлёй, атрымлівалі найменне «гаспадароў» і павінны былі весці гаспадарку. У дапамогу да «гаспадароў» падсяляліся «пастаяльцы» з непаселеных батальёнаў палка. Сыны ваен. пасялян залічваліся ў кантаністы. З 1816 ваенныя пасяленні ствараліся ў шырокіх маштабах. Урад адмовіўся ад перасялення мясц. жыхароў і ўключаў іх у ваенныя пасяленні ў якасці «гаспадароў» ці «пастаяльцаў». На Беларусі ў 1817 па суседстве з Ялецкім палком быў размешчаны Полацкі пях. полк. Да 1825 ваен. пасяляне, размешчаныя ў Наўгародскай, Пецярбургскай, Магілёўскай, Херсонскай, Слабодска-Украінскай і Екацярынаслаўскай губ., склалі больш за 11% пяхоты і каля 26% кавалерыі. Некаторая рэарганізацыя праведзена ў 1826 паводле «Палажэння аб поўным складзе паселенага пешага палка і яго абавязках». Стварэнне ваенных пасяленняў не мела поспеху: пасяляне не здольны былі забяспечыць сябе харчаваннем і карысталіся дзярж. дапамогай; кантаністы ўзнаўлялі нязначную частку натуральнага змяншэння асабовага складу; замест апоры самадзяржаўя ваенныя пасяленні сталі асяродкам масавага антыпрыгонніцкага руху (паўстанні Чугуеўскага і Таганрогскага уланскіх палкоў 1819, ваен. пасялян у Старой Русе Наўгародскай губ. 1831). Паводле рэформы ваенных пасяленняў пях. пасяляне пераводзіліся ў ворныя салдаты (на Беларусі ў 1836). Кавалерыйскія ваенныя пасяленні праіснавалі да 1857, ліквідаваны разам з акругамі ворных салдатаў.

Ю.А.Балашоў Ю.А.Блашкоў.

т. 3, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ТРА́НСПАРТ,

від транспарту па перавозцы грузаў і пасажыраў аўтамабілямі. Уключае аўтатранспартныя сродкі, аўтамабільныя дарогі і рамонтна-эксплуатацыйную службу ў аўтагаспадарках і на аўтадарогах. Паводле прызначэння бывае грузавы, пасажырскі (аўтобусы, легкавыя аўтамабілі, у тым ліку таксаматоры), спецыяльны (аўтацыстэрны, аўтакраны, аўтапагрузчыкі, сан., пажарныя машыны і інш.); паводле формаў уласнасці — дзярж., ведамасны, муніцыпальны (гарадскі), прыватны. Адрозніваюць унутрыгар. (мясцовыя), міжгароднія і міжнар. перавозкі грузаў і пасажыраў. Для забеспячэння парадку і бяспекі работы аўтамабільнага транспарту ўведзены правілы дарожнага руху, нумарныя і знакі дарожныя, створана сістэма дзярж. аўтаінспекцыі (ДАІ).

Аўтамабільны транспарт пачаў фарміравацца з канца 19 ст. з развіццём аўтамабільнай прамысловасці і буд-вам аўтамаб. дарог. У 1900 у краінах свету было 11 тыс. аўтамабіляў, у 1940 — 46 млн., у 1950 — 70,4 млн., у 1990 — 430 млн., у 1994 — 472 млн. У 1993 аб’ём перавозак грузаў у краінах свету дасягнуў 50,6 млрд. т, а грузаабарот 3564,6 млрд. т·км, агульны пасажыраабарот склаў 10,1 млрд. пасажыра-км. Найб. колькасць легкавых і грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў у ЗША — адпаведна 141, 42,2, 0,6 млн.; у ФРГ — 26,2, 4,7, 0,07 млн. (1988). У ЗША найб. і працягласць шашэйных дарог (6235 тыс. км), з іх 5637 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; у ФРГ адпаведна 2003 тыс. км і 1803 тыс. км (1987). У Расіі ў 1913 было 8,8 тыс. аўтамабіляў, пераважна легкавых, у 1994 — 2,92 млн. грузавых і 11,5 млн легкавых аўтамабіляў, 1,29 млн. аўтобусаў; працягласць шашэйных дарог 925 тыс. км, у тым ліку 726 тыс. км з цвёрдым пакрыццём.

На Беларусі ў 1910 было 65 аўтамабіляў, крыху больш за 1 тыс. км дарог з цвёрдым пакрыццём (8 км дарогі на 1000 км² плошчы). У час ваен. дзеянняў 1914—20 большасць дарог з цвёрдым пакрыццём разбурана. Развіццё аўтамабільнага транспарту пачалося ў сав. час (гл. табліцу). У 1994 тут было 230 тыс. грузавых, 708 тыс. легкавых аўтамабіляў, 33 тыс. аўтобусаў. Унутрыгасп. і прыгарадны аўтатранспарт функцыянаваў у 111 гарадах, дзейнічала 3450 унутрырэсп. аўтобусных ліній і 80 ліній за межы Беларусі, 105 аўтастанцый, 37 аўтавакзалаў. На тэр. Беларусі дзейнічае разгалінаваная сетка аўтамабільных дарог (гл. карту-схему), у складзе якой і аўтамагістралі міжнар. значэння. З 1990-х г. ажыццяўляецца структурная перабудова аўтамабільнага транспарту: побач з дзярж. груза- і пасажыраперавозкамі інтэнсіўна развіваюцца міжнар. грузавыя перавозкі камерц. структурамі, павялічваецца доля арэнднага і прыватнага аўтапарка.

В.С.Міленькі.

т. 2, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОК Аляксандр Аляксандравіч

(28.11.1880, г. С.-Пецярбург — 7.8.1921),

рускі паэт. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1906). Эстэт. погляды Блока фарміраваліся пад уплывам ідэалістычнай філасофіі (Платон), рамантычнай (В.Лаўкоўскі) і філас.-містычнай лірыкі (У.Салаўёў, А.Белы). У першым зб. «Вершы аб Прыгожай Даме» (1904) спалучаны складаная вобразнасць і містычна-сімвалісцкае ўспрыманне свету. Адыход ад ідэй сімвалізму абвешчаны ў драме «Балаганчык» (1906). Узмацненне сац. тэндэнцый звязана з рэв. 1905—07 (цыкл «Горад», 1904—08). Творчасць паэта гэтага перыяду складаная і супярэчлівая, прасякнута пачуццямі адзіноты і расчаравання, пошукамі ідэалу хараства, роздумам над гісторыяй і сучаснасцю (драма «Незнаёмка», 1906; зб. «Нечаканая радасць», 1907; цыклы «Снежная маска», 1907; «Фаіна», 1908; арт. «Пра рэалістаў», 1907). Пакутліва Блок шукаў шляхі збліжэння інтэлігенцыі і народа (драмы «Песня Лёсу», 1909), асуджаў бездухоўнасць мяшчанства, буржуазіі (цыклы «Скокі смерці», 1912—14; «Страшэнны свет», 1909—16), паэтызаваў гіст. мінулае Расіі. Ён адчуваў трагічны адрыў сучаснай культуры ад нар.-нац. вытокаў і непазбежнасць вялікіх гіст. перамен. Пастаяннымі ў яго творчасці становяцца тэма радзімы, прадчуванне рэв. буры (цыклы «Радзіма», 1907—16; «Ямбы», 1907—14, і інш.). Пафасам барацьбы, патрыятызму і грамадзянскасці прасякнуты цыклы «Вольныя думкі» (1907), «На полі Куліковым» (1909). Асэнсаванне «страшнага свету» бурж. адносін, усведамленне трагедыі сучаснага чалавека ў п’есе «Ружа і крыж» (1912—13). Тэма асобы і гісторыі — цэнтральная ў незакончанай аўтабіяграфічнай паэме «Адплата» (1910—21). Падзеі Кастр. рэвалюцыі асэнсоўваў у рамант. паэмах «Дванаццаць» і «Скіфы», публіцыст. артыкуле «Інтэлігенцыя і рэвалюцыя» (усе 1918). Са снеж. 1918 Блок перажываў своеасаблівы разлад з рэчаіснасцю і творчы крызіс.

Жыццёвыя і творчыя шляхі звязвалі Блока з Беларуссю. У 1-ю сусв. вайну (з пач. жн. 1916 да сярэдзіны сак. 1917) ён праходзіў вайсковую службу на Палессі на буд-ве дарог і ваен. умацаванняў. У сваіх палескіх малюнках адлюстраваў наваколлі бел. вёсак Піншчыны (захоўваюцца ў Рас. дзярж. архіве л-ры і мастацтва). Зберагліся таксама фотаздымкі і партрэты паэта палескага перыяду. Матэрыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Блока на Беларусі, захоўваюцца ў музеі Блока. У 1908 у Віцебску і Мінску тэатр. трупай У.Меерхольда была пастаўлена п’еса «Балаганчык». На бел. мову творы Блока перакладалі А.Дудар (паэма «Дванаццаць», 1926), С.Грахоўскі («Выбраныя вершы і паэмы», 1980), а таксама С.Дзяргай, М.Дукса, С.Законнікаў, М.Калачынскі, Р.Лынькоў, Я.Сіпакоў, М.Федзюковіч і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М.; Л., 1960—63.

Літ.:

Долгополов Л.К. Александр Блок. 3 изд. Л., 1984;

Максимов Д.Е. Поэзия и проза Александра Блока. 2 изд. Л., 1981;

Бекетова М.А. Воспоминания об Александре Блоке. М., 1990;

Калінковіч М. Палескія дні Аляксандра Блока // Маладосць. 1980. № 11;

Гапава В. «Світання радасныя гукі»: Купала і Блок // Дзень паэзіі, 1981. Мн., 1981.

т. 3, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫСЕМІТЫ́ЗМ,

праяўленне варожых адносін да яўрэяў (семітаў); адна з формаў нац. нецярпімасці, расізму і шавінізму. Гіст. карані антысемітызму ідуць ад часоў вымушанага масавага перасялення яўрэяў з Палесціны ў інш. краіны Рымскай імперыі (1 ст. н.э.), іх шматвяковых блуканняў па краінах Еўропы, дзе яны ўспрымаліся мясц. насельніцтвам як «іншароднае цела». У эпоху феадалізму ў Германіі, Аўстра-Венгрыі, Рас. імперыі яўрэі былі непаўнапраўнымі, падвяргаліся рэліг. і нац. ганенням, часта іх сялілі ў асобных, ізаляваных кварталах (гета). У выніку бурж. рэвалюцый гэтыя прававыя абмежаванні ў большасці краін зняты, але міфы пра «сусветную змову яўрэяў», іх вінаватасць у розных супярэчнасцях і няўстойлівасці жыцця перыядычна адраджаліся. Напр., у Расіі для яўрэяў у канцы 18 ст. была ўведзена мяжа аселасці, дзейнічалі законы, якія забаранялі ім купляць зямлю, паступаць на дзярж. службу, займаць афіцэрскія пасады ў арміі, служыць у паліцыі, працаваць на чыгунцы, у паштовых установах і інш. У 1880-я г. і ў перыяд рэвалюцыі 1905—07 па Расіі пракаціліся хвалі пагромаў, арганізатарамі якіх найчасцей выступалі паліт. паліцыя, шавіністычныя арг-цыі, аддз. чарнасоценнага «Саюза рускага народа» і інш. Асабліва жахлівыя формы набыў антысемітызм у фаш. Германіі і акупіраваных ёю краінах, калі гітлераўцы знішчылі каля 6млн. яўрэяў, у т. л. 3 млн. грамадзян б. СССР. Палітыка дзярж. антысемітызму праводзілася пасля вайны і кіраўніцтвам СССР, сведчаннем чаго сталі кампаніі супраць т.зв. касмапалітаў (1949), «справа ўрачоў» (1953) і інш. У сучасных умовах праяўленні антысемітызму ёсць у ЗША (т.зв. «негрыцянскі антысемітызм»), Францыі (Ле Пен і яго аднадумцы), у асяроддзі арабскіх экстрэмістаў, у дзейнасці праварадыкальных нацыяналістычных арг-цый Расіі і інш. краін.

На Беларусі, дзе яўрэі пражывалі з 14—16 ст., антыяўрэйскія акцыі напачатку мелі эпізадычны характар, пазней праяўляліся ў выступленнях на соймах, у магістратах і цэхах з патрабаваннямі абмежавання яўрэяў у правах. Найбольш антысемітызм праявіўся напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905—07. У вер. 1903 яўр. пагром адбыўся ў Гомелі, у якім удзельнічала і частка паліт. несвядомых рабочых чыг. майстэрняў. У кастр. 1905 чарнасоценцам удалося арганізаваць яўр. пагромы ў Полацку, Оршы, Рэчыцы і інш. У 1920-я г. яўр. пагромы на тэр. Беларусі ўчынялі польскія акупац. ўлады, атрады С.Булак-Балаховіча, бандыцкія фарміраванні. У гады сталінскага тэрору былі ліквідаваны створаныя ў 1920-я г. яўр. культ.-асв. арг-цыі і школы, распачаты рэпрэсіі супраць дзеячаў яўр. культуры. На тэр. Беларусі ў час яе акупацыі ням. фашыстамі створана 70 лагераў смерці (гета) і знішчана больш за 300 тыс. яўрэяў. Пасля вайны ўлады Беларусі (як і інш. рэспублік б. СССР) праводзілі палітыку скрытага антысемітызму, а сёння ён пакладзены ў аснову дзейнасці розных груповак і аб’яднанняў, якія стаяць на пазіцыях вялікадзяржаўнага шавінізму.

Літ.:

Бебель А. Социал-демократия и антисемитизм. Спб., 1407;

Ларин Ю. Евреи и антисемитизм в СССР. М.; Л., 1929;

Бич М.О. Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904 гг. Мн., 1983.

У.А.Семянюк.

т. 1, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІЯ,

княжацкія і баярскія роды ў ВКЛ і Маскоўскім вял. княстве. Існавалі 2 роды Бельскіх, не звязаныя сваяцтвам: Бельскія-Рурыкавічы і Бельскія-Гедзімінавічы. Родапачынальнік Бельскіх-Рурыкавічаўкн. Іван Міхайлавіч Морткін-Бельскі з роду яраслаўскіх князёў. Адзін з яго сыноў, Леў Іванавіч, выехаў у ВКЛ. Яго нашчадкі жылі да 1800 у Віленскім, Берасцейскім і інш. ваяводствах. Родапачынальнік Бельскіх-Гедзімінавічаў — Алелька (пасля хрышчэння Уладзімір), унук вял. князя ВКЛ Гедзіміна. Ён меў сыноў Алельку (пасля хрышчэння Аляксандр, родапачынальнік кн. Пінскіх і Слуцкіх — Алелькавічаў), Івана (ад яго пайшлі Бельскія) і Андрэя Уладзіміравічаў.

Іван Уладзіміравіч (? — пасля 1446), упамінаецца з 1411. Валодаў г. Белая на р. Обша (Смаленская вобл.). Быў намеснікам у Ноўгарадзе (1445—46). Меў 7 дзяцей, у т. л. сыноў Фёдара і Сямёна. Фёдар Іванавіч (?—?), сын Івана Уладзіміравіча, упамінаецца з 1476 як «князь Фюдар з Белай». Належаў да апазіцыі Казіміру IV Ягелончыку, у 1481 удзельнічаў у змове князёў супраць яго, на 2-і дзень пасля шлюбу з Ганнай Сямёнаўнай з роду князёў Кобрынскіх быў вымушаны ратавацца ўцёкамі. З 1482 у Маскве. Казімір IV Ягелончык, а пазней і яго сын Аляксандр не адпускалі Ганну з Кобрына. Спробы Фёдара Іванавіча, які стаў баярынам Маскоўскага вял. княства, вызваліць жонку вынікаў не далі. У 1493 ён спрабаваў вярнуцца ў ВКЛ, за што сасланы ў Галіч. У 1497 памілаваны, у 1498 ажаніўся з разанскай князёўнай Ганнай Васілеўнай, пляменніцай вял. кн. Івана III Васілевіча. У 1499 Фёдар Іванавіч быў ваяводам коннага войска, пасланага пад Казань. У час вайны Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ 1500—03 удзельнічаў у беспаспяховай аблозе Смаленска. У 1506 зноў удзельнічаў у паходзе на Казань. Сямён Іванавіч (? — пасля 1507), сын Івана Уладзіміравіча. У 1500 незадаволены сваім становішчам у ВКЛ перайшоў з гарадамі Чарнігаў, Старадуб, Гомель, Любеч на службу да вял. кн. маскоўскага Івана III Васілевіча. Адзін з ініцыятараў войнаў Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ на пач. 16 ст. Дзмітрый Фёдаравіч (каля 1500—13.1.1551), сын Фёдара Іванавіча, дзярж. дзеяч Рус. дзяржавы, баярын з 1530, ваявода. Адзін з рэгентаў пры малалетнім вял. кн. маскоўскім Іване IV. Іван Фёдаравіч (? — май 1542), сын Фёдара Іванавіча, дзярж. дзеяч Рус. дзяржавы, баярын з 1522, ваявода. З лета 1540 «першадарадца» Івана IV Грознага. На пач. 1542 скінуты Шуйскімі, сасланы на Белавозера і там забіты. Сямён Фёдаравіч (? — ?), сын Фёдара Іванавіча, баярын з 1522. У 1534 уцёк у ВКЛ. Пасля ўдзельнічаў у паходах супраць Рус. дзяржавы (1535, 1541). Іван Дзмітрыевіч (? — 24.5.1571), сын Дзмітрыя Фёдаравіча, дзярж. дзеяч часоў Івана IV Грознага, баярын з 1560, ваявода. Удзельнічаў у 1563 у Лівонскай вайне 1558—83, у Земскім саборы 1566. Загінуў разам з сям’ёй у час наезду на Маскву крымскіх татар хана Даўлет-Гірэя. Акрамя таго, вядома некалькі польск. шляхецкіх родаў Бельскіх, сярод якіх у 18 ст. сустракаюцца бароны і графы, і дваранскі род Бельскіх у Расіі (выйшаў з Валыні).

Л.Р.Казлоў, А.М.Нарбут.

т. 3, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХГА́ЛТАРСКІ ЎЛІК,

сістэма суцэльнага і безупыннага дакументальнага адлюстравання ў грашовай форме інфармацыі аб кругаабароце капіталу ў працэсе гасп. дзейнасці прадпрыемства, установы, арг-цыі і інш. юрыд. асоб; адзін з відаў гасп. ўліку, важная функцыя ў кіраванні вытворчасцю. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам і нац. стандартамі рахункаводства ўсімі юрыд. асобамі незалежна ад іх арганізацыйна-прававога статуса і формаў уласнасці з моманту ўтварэння і да ліквідацыі. Фіз. асобы (прадпрымальнікі) вядуць улік і даюць фін. справаздачу ў адпаведнасці з патрабаваннямі падатковага заканадаўства. Бухгалтарскі ўлік выконвае 2 асн. функцыі — інфармацыйную (своечасовае, поўнае і аб’ектыўнае інфармаванне службы кіравання пра ход і вынікі гаспадарання) і кантрольную (кантроль за захаванасцю маёмасці прадпрыемства, рацыянальным і эфектыўным выкарыстаннем яго сродкаў, адпаведнасцю гасп. аперацый заканадаўству, статуту прадпрыемства і інш. прававым дакументам). Аб’екты бухгалтарскага ўліку: сродкі прадпрыемства (актывы), крыніцы фінансавання (пасівы), гасп. аперацыі і працэсы, у выніку якіх адбываецца рух (кругаабарот) капіталу. Для адлюстравання гэтага бухгалтарскі ўлік выкарыстоўвае натуральныя (колькасныя) і грашовыя вымяральнікі; з дапамогай апошніх дасягаецца абагульняльная характарыстыка разнародных аб’ектаў у грашовавартасным выражэнні. На кожную асобную гасп. аперацыю (ці іх аднародную групу) складаецца дакумент — носьбіт інфармацыі (афіцыйны бланк пэўнай формы). Каб забяспечыць аб’ектыўнасць і дакладнасць інфармацыі, дакументацыю дапаўняюць інвентарызацыяй. Дакументальна аформленыя гасп. аперацыі і вынікі інвентарызацый адлюстроўваюць на рахунках — спец. двухбаковых табліцах, дзе левая частка — дэбет, правая — крэдыт. Кожную гасп. аперацыю запісваюць у аднолькавай суме ў дэбет аднаго і крэдыт другога рахунка (спосаб двайнога запісу). Узаемасувязь паміж рахункамі наз. карэспандэнцыяй, для адлюстравання якой складаецца ўраўненне гасп. аперацыі, ці праводка, дзе ўказваецца сума, якая адносіцца ў дэбет і крэдыт. Рахункі бухгалтарскага ўліку бываюць актыўныя (улічваюць гасп. сродкі: па дэбеце — паступленне, ці павелічэнне, па крэдыце — іх выбыццё, ці памяншэнне; маюць толькі дэбетавае сальда), пасіўныя (улік крыніц фінансавання сродкаў: астатак і павелічэнне запісваюцца ў крэдыт, памяншэнне — у дэбет) і аперацыйныя (улічваюць асн. гасп. працэсы і фін. вынікі). Адрозніваюць таксама рахункі сінтэтычныя (агульны ўлік гасп. аб’ектаў па аднародных групах толькі ў грашовым выражэнні) і аналітычныя (дэталізуюць змест сінтэтычных рахункаў па асобных відах сродкаў і крыніц фінансавання ў вартасным і ў колькасным выражэнні). Адпаведна бываюць аналітычны ўлік і сінтэтычны ўлік, на аснове звестак якіх складаюцца бухгалтарскі баланс (гл. ў арт. Баланс у эканоміцы) і інш. формы справаздачнасці.

Існуюць розныя формы бухгалтарскага ўліку: журнальна-ордэрная, мемарыяльна-ордэрная, аўтаматызаваная, спрошчаная (гл. Рахункі бухгалтарскага ўліку). Выбар формы бухгалтарскага ўліку залежыць ад узроўню яго аўтаматызацыі і цэнтралізацыі, памераў прадпрыемства і інш. Адказнасць за арганізацыю бухгалтарскага ўліку, стварэнне ўмоў для правільнага яго вядзення, захоўвання бухгалтарскіх дакументаў, уліковых рэгістраў і справаздачнасці нясе кіраўнік прадпрыемства (установы). Узначальвае службу бухгалтарскага ўліку гал. бухгалтар ці асоба, якая яго замяняе. Метадалагічнае кіраванне сістэмай бухгалтарскага ўліку на Беларусі ажыццяўляе Мін-ва фінансаў (зацвярджае тыповы план рахункаў, нац. стандарты ўліку, справаздачнасці і інструкцыі па іх выкарыстанні). Асн. нарматыўны дакумент, які рэгулюе арганізацыю і метадалогію бухгалтарскага ўліку, — закон Рэспублікі Беларусь «Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці» (1994).

Г.В.Савіцкая.

т. 3, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)