МАРФЕ́МА (ад грэч. morphē форма),

адна з асноўных адзінак мовы; мінімальны знак — адзінка, у якой за пэўнай фанетычнай формай (азначаючым) замацаваны пэўны змест (азначаемае) і якая не дзеліцца на больш простыя адзінкі таго ж роду. У маўленчай плыні М. рэалізуецца ў выглядзе канкрэтных варыянтаў — морфаў (напр., у словах «рак-а», «рэч-к-а», «рач-н-ы» морфы «рак-», «рэч-», «рач-» рэпрэзентуюць адну М). Паводле становішча ў сістэме мовы М. падзяляюць на свабодныя (матэрыяльна супадаюць з асновай хоць бы ў адным неслужбовым слове, напр., М. «хмар-»), звязаныя (ніколі не супадаюць з асновай, напр., М. «-у-» у словах «абуць», «абутак») і адносна звязаныя (напр., бел. «да» у «даляцець да ракі»). Паводле функцыі М. падзяляюць на службовыя (афіксальныя, гл. Афікс) і неслужбовыя (каранёвыя, гл. Корань); першыя звычайна звязаныя, другія — свабодныя. Ад ролі ў складзе слова М. падзяляюць на словаўтваральныя, ці дэрывацыйныя («пра-дзед»), словазмяняльныя, ці рэляцыйныя («вез-ці»), і формаўтваральныя, ці рэляцыйна-дэрывацыйныя («прыгаж-эйш-ы»), у залежнасці ад паходжання — на ўласныя і запазычаныя. М. могуць быць матэрыяльна выражанымі ці нулявымі («стол» — «стал-ы»). Паняцце «М.» ў мовазнаўства ўвёў рас. вучоны І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ (1881). Вучэнне пра М. вылучаецца ў асобную галіну мовазнаўства — марфеміку.

Літ.:

Шакун Л.М. Словаўтварэнне. Мн., 1978;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

П.​П.​Шуба.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЭ́САР (англ. processor ад process апрацоўваць),

сукупнасць прылад ЭВМ або выліч. сістэмы, якая выконвае функцыі пераўтварэння інфармацыі. У шматпрацэсарных выліч. сістэмах можа быць да соцень (ці больш) паралельных П. У праграмаванні П. наз. складаная лагічная праграма ў складзе сістэмы аўтаматызацыі праграмавання, напр., сінтакс. кантролю, П. зборкі рабочай праграмы, тэкставы П.

У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць П.: цэнтральны, функцыянальна-арыентаваны і праблемна-арыентаваны. Цэнтральны П. — асн. частка ЭВМ, якая непасрэдна ажыццяўляе працэс апрацоўкі інфармацыі, а таксама кіруе ім і каардынуе дзеянні інш. вузлоў ЭВМ. Мае блок кіравання, арыфметычна-лагічнае прыстасаванне (адно ці некалькі), лакальную памяць, сродкі кантролю і дыягностыкі. Функцыянальна-арыентаваныя П. забяспечваюць выкананне тыповых функцый выліч. прылад апаратнымі спосабамі. Да іх адносяць сістэмны П. (выконвае службовыя функцыі ЭВМ, напр., увод—вывад інфармацыі, кантроль і апрацоўку станаў перыферыйных прылад), сеткавы П. (забяспечвае функцыянаванне выліч. сеткі), сервісны П. (для кантролю, дыягностыкі, статыстыкі і інш. аперацый абслугоўвання ЭВМ) і інш. Праблемна-арыентаваныя П. прызначаны для павышэння (адносна цэнтральнага П.) скорасці апрацоўкі некаторых класаў задач (напр., для апрацоўкі адна- і мнагамерных матрыц, рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў, задач тэорыі поля), а таксама асобных працэдур аперацыйнай сістэмы. Такія П. звычайна з’яўляюцца дадатковымі спецыялізаванымі П., якія далучаюцца да асн. ЭВМ, напр., праз інтэрфейс уводу—вываду.

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГО́Н (франц. wagon ад англ. waggon павозка),

транспартны сродак для перавозкі пасажыраў або грузаў па рэйкавых пуцях. Бываюць несамаходныя (перамяшчаюцца лакаматывамі) і самаходныя (аўтаматрысы, маторавагонныя секцыі, вагоны метро, трамвая); шырокакалейныя (1525 мм) і вузкакалейныя (750, 900 і 1060 мм); двух-, чатырох-, шасці- і шматвосевыя. З вагонаў фарміруюцца чыг. саставы.

Асноўныя тыпы пасажырскіх вагонаў: агульнага прызначэння (для перавозкі пасажыраў, паштовыя, багажныя, вагоны-рэстараны) і спецыяльныя (санітарныя, лабараторныя, службовыя, клубы); далёкага накіравання, міжабласных зносін і прыгарадныя; купэйныя і некупэйныя. Асноўныя тыпы грузавых вагонаў: універсальныя (крытыя, паўвагоны, платформы, цыстэрны, вагоны ізатэрмічныя) і спец. прызначэння (для перавозкі жывёлы, бітуму, мукі, цэменту, шматвосевыя платформы-транспарцёры для перавозкі грувасткіх і цяжкавагавых грузаў, бункерныя паўвагоны, вагоны-майстэрні, пажарныя і інш.), магістральныя (агульнапуцявыя) і прамысл. транспарту (думпкары, ваганеткі, шлакавозы і інш.). Складаюцца звычайна з хадавой часткі (колавыя пары, буксы, рысорныя падвескі), рамы, кузава ці платформы, тармазных і ўдарна-цягавых прыстасаванняў. У краінах СНД найчасцей выкарыстоўваюцца чатырохвосевыя вагоны грузападымальнасцю 50—65 т. Вагоны ізатэрмічныя прызначаны для перавозкі скорапсавальных грузаў. Маюць цеплаізаляваныя кузавы і халадзільныя ўстаноўкі. Бываюць універсальныя для грузаў усіх відаў і спец. для транспарціроўкі жывой рыбы, віна і інш. З вагонаў ізатэрмічных фарміруюць цягнікі для маршрутных перавозак або секцыі па 5 і 12 вагонаў. Выкарыстоўваюць і адзіночныя (аўтаномныя) вагоны-рэфрыжэратары.

Тыпы грузавых вагонаў: 1 — суцэльнаметалічны з павялічаным праёмам дзвярэй; 2 — хопер-дазатар для перавозкі сыпкіх грузаў; 3 — з перакульным кузавам; 4 — ізатэрмічны (вагон-халадзільнік).

т. 3, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́ГІУМ (ад лац. collegium таварыства, садружнасць),

закрытая сярэдняя, радзей вышэйшая навуч. ўстанова ў 16—19 ст. Адкрывалі К. пераважна езуіты. Лічыліся свецкімі, аднак сістэма навучання была падпарадкавана інтарэсам ордэна (гл. Езуіцкае выхаванне). Вывучаліся: тэалогія, лац. і грэч. мовы, л-ра, геаграфія, гісторыя, сем вальных мастацтваў і інш. Адукацыя была бясплатнай і даступнай для прадстаўнікоў інш. канфесій. Поўны К. уключаў 5—6-гадовы курс сярэдняй школы (ніжэйшае і вышэйшае аддзяленні), 3-гадовы курс філасофіі, 4-гадовы — тэалогіі. На Беларусі першы К. адкрыты ў 1570 у Вільні (з 1579 Віленская акадэмія). Да сярэдзіны 18 ст. іх было 16: у Полацку (з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія) і Пінску поўныя, у Нясвіжы, Гродне, Мсціславе, Навагрудку, Оршы, Віцебску, Брэсце з курсам філасофіі, у Мінску, Магілёве, Слоніме, Слуцку, Бабруйску і інш. мелі статус сярэдніх навуч. устаноў. У 1773 са скасаваннем ордэна езуітаў К. перададзены Адукацыйнай камісіі. На бел. землях, якія ўвайшлі ў склад Рас. імперыі, праіснавалі да 1820. Акрамя езуіцкіх на Беларусі найб. распаўсюджанне ў 18 ст. атрымалі К. ордэна піяраў. Існавалі ў Шчучыне, Зэльве, Расонах, Драгічыне, Віцебску і інш. У пач. 1830-х г. рэарганізаваны ў прыходскія, павятовыя вучылішчы і гімназіі або зачынены.

К. уяўляў сабой комплекс разнастайных рознапавярховых будынкаў (школа, інтэрнат, касцёл, капліцы, манастыр, службовыя памяшканні і інш.). Займаў значную тэрыторыю ў цэнтры населенага месца, меў унутр. двары.

В.​С.​Болбас, С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАГА ТЭА́ТРА БУДЫНАК.

Існаваў у Мінску на Высокім рынку (цяпер пл. Свабоды) у 18 ст. — 1980-я г. Пабудаваны ў канцы 18 ст. ў стылі класіцызму як жылы дом. Спачатку 2-павярховы мураваны будынак, меў сім. кампазіцыю з рызалітам і франтонам у цэнтры гал. фасада, з высокім вальмавым дахам. Дом належаў Я.​Байкову (набыў у 1815—18), некат. час у доме была карчма, у 1825 перабудаваны пад т-р. У 1835 у час пажару значна пашкоджаны, потым адноўлены. Гэта быў 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным дахам. Сіметрычны па кампазіцыі гал. фасад з цэнтр. рызалітам падзелены карнізным поясам на 2 ярусы (ніжні апрацаваны рустам).

Рызаліт з шырокай праязной аркай аформлены 6-калонным порцікам, завершаным франтонам з лучковым акном у тымпане. На 1-м паверсе знаходзіліся карчма і крамы, на 2-м — 3-ярусная 2-светлавая тэатр. зала, на 3-м — службовыя тэатр. памяшканні і жылыя пакоі. У будынку адбываліся тэатр. паказы (рэгулярныя з 1825). У 1852 на сцэне т-ра адбылася прэм’ера 1-й нац. оперы «Ідылія» («Сялянка») С.​Манюшкі і К.​Кжыжаноўскага на лібрэта В.​Дуніна-Марцінкевіча. Пасля пажару 1884 будынак перабудаваны. У 1895 у ім размяшчаўся Паўн. банк. У 1920—30-я г. дабудаваны 4-ы паверх. Пасля Вял. Айч. вайны ў будынку размяшчаліся банк, муз. вучылішча. У 1984 разбураны. Захаваліся падмуркі і падвальныя памяшканні.

У.​М.​Дзянісаў.

Мінскага тэатра будынак. Галоўны фасад (чарцёж). Рэканструкцыя.

т. 10, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КАЛЕ́ГІУМ ЕЗУІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры барока 17 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Размешчаны ў гіст. цэнтры горада. Калегіум разам з мураваным касцёлам св. Станіслава (пабудаваны ў 1636—46, у 1956 разбураны) уваходзіў у ансамбль кляштара езуітаў. Узведзены ў 1651—1738 з цэглы. Яго трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак паўд. фасадам арыентаваны да набярэжнай р. Піна. Тут размяшчаліся вучэбныя класы, трапезная, службовыя памяшканні. Фасады члянёны аконнымі праёмамі з ляпнымі абрамленнямі. Паўд.-зах. вугал фланкіруе 6-гранная вежа-контрфорс. Будынак завершаны 2-схільным дахам з заломам. Яго тарцы ўпрыгожаны складанымі франтонамі з дэкар. валютамі. З 1638 у калегіуме знаходзілася філас.-тэалагічная школа; у 1645 адкрыта муз. бурса, у 1694 — аптэка; увесь час дзейнічаў т-р, у 1727—35 — друкарня, меліся б-ка, шпіталь для бедных. У 1773 калегіум закрыты. Касцёл у 1786 перададзены уніятам і стаў кафедральным саборам Пінска-Тураўскай уніяцкай епархіі, у 1800 належаў правасл. Пінскаму Богаяўленскаму манастыру. У 1848 сюды пераведзена з Лядаў духоўнае вучылішча. У 1919 касцёл вернуты езуітам, у 1923 аднавілася навуч. дзейнасць калегіума. З 1925 пры калегіуме працавала духоўная семінарыя, з 1937 — навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). У 1939 калегіум закрыты. У будынку размяшчаліся адм. ўстанова і карцінная галерэя, з 1995 пасля рэстаўрацыі — Музей Беларускага Палесся.

Літ.:

Адамовіч С. Комплекс Пінскага езуіцкага кляштара // Наша вера. 1999. № 3.

Ю.​А.​Якімовіч, А.​А.​Ярашэвіч.

Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Будынак былога калегіума. Здымак 2000.
Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Фота пач. 20 ст.

т. 12, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗО́ЎНІК,

знамянальная часціна мовы, якая характарызуецца грамат. значэннем прадметнасці. Н. абазначаюць канкрэтныя прадметы, жывых істот, абстрактныя паняцці, рэчывы, апрадмечаныя дзеянні, якасці, уласцівасці, працэсы, з’явы і інш. Паводле значэння падзяляюцца на агульныя («горад», «паэт») і ўласныя («Васіль», «Свіцязь»), адушаўлёныя («чалавек», «мыш») і неадушаўлёныя («вецер», «мора»), асабовыя («мужчына», «патрыёт») і неасабовыя («неба», «алень»), канкрэтныя («стол», «год») і абстрактныя («воля», «слава»), зборныя («моладзь», «крылле»), рэчыўныя («лён», «хлеб»). Значэнне прадметнасці могуць набываць інш. самаст. і службовыя часціны мовы (гл. Субстантывацыя). Н. мае: род — мужчынскі («горад»), жаночы («вёска»), ніякі («сяло»); л і к — адзіночны і множны («сад — сады»); склон — назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны. У бел. мове бываюць Н. агульнага роду («сірата»), Н., якія ўжываюцца толькі ў адзіночным («трысцё») або множным ліках («нетры»); у дыялектах захаваліся рэшткі парнага ліку («дзве вярбе», «дзве вядрэ») і клічнай формы («браце», «сынку»). Паводле склонавых форм падзяляюцца на 3 тыпы скланення. Нешматлікія Н. рознаскланяльныя («імя», «дзіця») і нязменныя («таксі», «калібры»), Утвараюцца афіксальным (суфіксальным: «касец», «паляшук»; прэфіксальным: «прыгарад», «нядоля»; прэфіксальна-суфіксальным: «падпечак», «пралеска»); бязафіксным («кліч», «сон») спосабамі, асноваскладаннем («крыгаход», «вадаспад»), абрэвіяцыяй («калгас», «БДУ») і інш. Могуць уступаць у сэнсава-сінтакс. сувязі з інш. словамі ў сказе і ўтвараць адпаведныя тыпы словазлучэнняў. У сказе найчасцей выконваюць ролю дзейніка, дапаўнення ці прыдатка, радзей — выказніка, акалічнасці, азначэння.

Літ.:

Жыдовіч М.А. Назоўнік у беларускай мове. Ч. 1. Адзіночны лік. Мн., 1969;

Наркевіч А.І. Назоўнік: Грамат. катэгорыі і формы. Мн., 1976;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.

А.​І.​Наркевіч.

т. 11, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАДЫЯ́НСТВА,

кірунак у еўрап. архітэктуры 17—18 ст., які развіў (у рамках класіцызму) прынцыпы, закладзеныя ў творчасці італьян. архітэктара і тэарэтыка архітэктуры Позняга Адраджэння А.Паладыо. Першы прадстаўнік П. — арх. В.​Скамоцы, які закончыў некат. пабудовы Паладыо (віла Капра ці «Ратонда» каля Вічэнцы і інш.). У 17 ст. найб. паслядоўна адбілася ў архітэктуры Вялікабрытаніі (І.Джонс) і Галандыі (Я. ван Кампен). Росквіт П. прыпадае на 18 ст., калі англ. (У.​Кент, К.​Кэмпбел і інш.) і ням. (Г.В.Кнобельсдорф, Ф.​В.​Эрдмансдорф) архітэктары ўзводзілі будынкі, адметныя строгай прастатой, вытанчанасцю форм і дэкору, мэтазгоднасцю планіроўкі, арган. сувяззю з наваколлем (пейзажныя паркі). У Расіі пабудовы гэтага кірунку з’явіліся ў 1780—90-х г. і вылучаліся інтымнасцю і прастатой (Ч.Камерон, Дж.Кварэнгі, А.М.Львоў). На Беларусі ўплыў П. меў месца ў палацавай, сядзібнай, культавай архітэктуры 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. Для збудаванняў характэрны прастата і рацыянальнасць планавай будовы, выкарыстанне ў арх.-маст. кампазіцыі перапрацаваных форм ант. ордэраў; палацы сім. кампазіцыі з анфіладнымі параднымі пакоямі ў цэнтры. Тыповымі для палацаў былі працяглыя, плоскасна вырашаныя фасады і пластычна багатыя порцікі (палацы ў Гомелі, в. Жылічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.). Некат. паркавыя і службовыя пабудовы сядзіб мелі цэнтрычную кампазіцыю і былі аналагічныя збудаванням тыпу вілы «Ратонда» Паладыо («павільён руж» у сядзібе ў в. Старыя Пескі Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., драўляны свіран у сядзібе на хутары Крыкалы, Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.). Асобныя культавыя пабудовы мелі цэнтрычную кампазіцыю, адсутнічалі традыц. апсіды, аднолькава вырашаліся ўсе фасады (Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы, Стрэшынская царква), пашырыліся храмы-ратонды (Чачэрская Спаса-Праабражэнская царква).

Г.​С.​Ларкін.

Да арт. Паладыянства. У.​Кент. Сядзібны дом Холкемхол у Норфалку (Вялікабрытанія). 1734—59. Макет.

т. 11, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНАЕ ПРА́ВА,

1) галіна права, якая рэгулюе грамадскія адносіны ў сферы дзярж. кіравання. Нормы адміністрацыйнага права вызначаюць парадак арганізацыі і дзейнасці кіраўнічага апарата, правы і абавязкі службовых асоб і грамадзян. Сістэма адміністрацыйнага права Рэспублікі Беларусь складаецца з агульнай і асаблівай частак. Агульная ўключае нормы, якія маюць рэгуляцыйнае значэнне для ўсіх галін і сфераў дзярж. кіравання: сістэма і крыніцы, суб’екты адміністрацыйнага права, прынцыпы дзярж. кіравання, сістэма яго органаў, формы і метады кіраўнічай дзейнасці і інш. Нормы асаблівай часткі рэгулююць адносіны ў асобных сферах кіравання: планаванні, уліку, фінансаванні і матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні, прам-сці, сельскай гаспадарцы, транспарце, капітальным будаўніцтве, нар. адукацыі, навуцы, культуры, ахове здароўя, сац. абароне, пытаннях адм.-паліт. кіравання (абарона, дзярж. бяспека, грамадскі парадак, юстыцыя) і інш. Гал. крыніцы адміністрацыйнага права: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановы Прэзідыума Вярх. Савета і Кабінета Міністраў, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Мытны кодэкс Рэспублікі Беларусь і інш., загады, пастановы і інструкцыі нарматыўнага зместу (вылаюцца мін-вамі, дзярж. к-тамі і ведамствамі Рэспублікі Беларусь). Выкананне выкладзеных у гэтых актах правілаў з’яўляецца абавязковым і забяспечваецца выхаваўчымі, арганізацыйнымі і прымусовымі мерамі. У ходзе рэалізацыі нормаў адміністрацыйнага права ўзнікаюць адм. праваадносіны, суб’ектам якіх, з аднаго боку, з’яўляюцца дзярж. орган або службовая асоба, з другога — дзярж. органы, іх службовыя асобы, асобныя грамадзяне, грамадскія арг-цыі і інш. Аб’ектам адм.-прававых адносін у большасці выпадкаў з’яўляецца дзейнасць людзей, іх паводзіны, а таксама пэўная маёмасць.

2) Навука, якая вывучае прававое рэгуляванне дзярж. кіравання, развіццё тэарэт. поглядаў на сутнасць, змест і сістэму прававых нормаў і прававых ін-таў. Навука актыўна садзейнічае ўдасканаленню сістэмы і ўнутр. структуры, удакладненню правоў і абавязкаў органаў дзярж. кіравання і асобных грамадзян. Праблемы адміністрацыйнага права на Беларусі вывучаюць А.​М.​Абрамовіч, В.​І.​Семянкоў, В.​І.​Шабайлаў і інш.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЦІСК, акцэнт,

выдзяленне ў маўленні асобных элементаў мовы — складоў або слоў. Паводле асн. сродкаў выдзялення Н. бывае дынамічны (экспіраторны), колькасны і музычны. Пры дынамічным Н. элемент выдзяляецца памацненнем і павелічэннем напружанасці вымаўлення, пры колькасным — падаўжэннем выдзеленага элемента, пры музычным — павышэннем або паніжэннем тону голасу на выдзеленым элеменце. Націскны элемент часта выдзяляецца адначасова рознымі спосабамі. Бел. мове ўласцівы дынамічна-колькасны Н. Паводле элемента, які выдзяляецца, Н. бывае слоўны (выдзяляецца адзін склад у слове),

сінтагматычны, або тактавы (аб’ядноўвае словы сказа ў сінтагмы), фразавы, або лагічны (узмацняе сэнсавую нагрузку таго ці інш. слова ў сказе). Слоўны Н. бывае фіксаваны (заўсёды на адным складзе ад пачатку або ад канца слова, напр., у польск. мове на перадапошнім складзе) і свабодны (прыпадае на розныя склады ў словах, у бел. мове «ка́са» і «каса́»), Фіксаваны і свабодны Н. бывае рухомы (у розных формах аднаго слова або ў розных словах, утвораных ад аднаго кораня, пераходзіць з аднаго склада на другі) і нерухомы (заўсёды на адным складзе). Бел. лексіцы ўласцівыя рухомы («капа́ць — вы́капаць») і нерухомы («тво́р — тво́раў») Н. Апрача асноўнага, у некат. мовах бывае пабочны Н. (у бел. мове толькі ў складаных словах: «ле́санарыхто́ўка»). Службовыя словы самастойнага Н. не маюць і ў якасці ненаціскных складоў прымыкаюць да наступнага ці папярэдняга слова. У першым выпадку яны называюцца праклітыкамі («заморам», «безгрошай»), а ў другім — энклітыкамі («знайшоў​жа», «прачытаць​бы»). Слоўны Н. адыгрывае значную ролю ў рытмічнай структуры вершаванай мовы. Н. вывучае фанетыка і акцэнталогія.

Літ.:

Івашуціч Я.М. Націск у дзеяслоўных формах сучаснай беларускай мовы. Мн., 1981;

Бірыла М.В. Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове. Мн., 1986;

Дыбо В.А. Славянская акцентология. М., 1981;

Касевич В.Б. Фонологические проблемы общего и восточного языкознания. М., 1983;

Выгонная Л.Ц. Інтанацыя. Націск. Арфаэпія. Мн., 1991.

А.​І.​Падлужны.

т. 11, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)