«А́СТАН МА́РЦІН»

(Aston Martin),

легкавыя аўтамабілі вышэйшага класа аднайм. фірмы (Вялікабрытанія). Выпускаюцца з 1921. У 1994 вырабляліся

мадыфікацыі з магутнасцю рухавіка 137—342 кВт; найб. скорасць руху 260—280 км/гадз.

Легкавы аўтамабіль «Астан Марцін».

т. 2, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БМВ (BMW),

марка легкавых аўтамабіляў (выпуск з 1928) і матацыклаў (выпуск з 1923) фірмы «Баерышэ маторэнвэрке» (ФРГ). Аўтамабілі маркі БМВ маюць магутнасць рухавіка 140—250 кВт і макс. скорасць 200—250 км/гадз.

БМВ М5.

т. 3, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВАЯ ДЫНА́МІКА,

раздзел гідрааэрамеханікі, які вывучае рух газападобных і вадкіх асяроддзяў з улікам сціскальнасці і іх узаемадзеянне з цвёрдымі целамі. Сучасная газавая дынаміка вывучае таксама цячэнне газаў пры высокіх т-рах, што суправаджаецца хім. (дысацыяцыя, гарэнне і інш.) і фіз. (іанізацыя, выпрамяненне і інш.) працэсамі. Да газавай дынаміцы адносяцца таксама радыяцыйная газавая дынаміка, дынаміка плазмы, дынаміка выбуху і дэтанацыі, дынамічная метэаралогія і інш. Газавая дынаміка цесна звязана з тэрмадынамікай.

Газавая дынаміка займаецца вывучэннем сіл, якія дзейнічаюць на самалёт, снарад, ракету, на лапаткі турбін, вызначэннем найбольш прыдатных (абцякальных) формаў гэтых цел, разлікам соплаў, дыфузараў, эжэктараў, эксперым. даследаваннямі ў аэрадынамічных трубах, мадэляваннем на ЭВМ і інш. Тэарэт. разлікі пераносяцца на натуру метадамі падобнасці тэорыі. Найб. важная характарыстыка газавых патокаў — лік Маха: М = ν/a (ν — скорасць газу, а — скорасць гуку ў газе). Пры скарасцях газаў, меншых за скорасць гуку ў газе (М<1), сціскальнасць газу надае патоку толькі якасныя змены, а пры скарасцях газу, большых за скорасць гуку ў газе (М>1), рух цела суправаджаецца ўзнікненнем ударнай хвалі і рэзкім ростам супраціўлення руху. Вялікі ўклад у развіццё газавай дынамікі зрабілі вучоныя: расійскі С.​А.​Чаплыгін, савецкія С.​А.​Хрысціяновіч, А.​А.​Дарадніцын, Л.​І.​Сядоў, ням. Л.​Прандтль, Т.​Маер, англ. Дж.​І.​Тэйлар і інш.

На Беларусі даследаванні па газавай дынаміцы пачаліся ў 1960-я г. ў АН Беларусі і БДУ. Вынікі даследаванняў па газавай дынаміцы выкарыстоўваюцца ў фізіцы плазмы, балістыцы, ракета- і турбамашынабудаванні і інш.

Літ.:

Абрамович Г.Н. Прикладная газовая динамика. Ч. 1—2. 5 изд. М., 1991;

Зельдович Я.Б., Райзер Ю.П. Физика ударных волн и высокотемпературных гидродинамических явлений. 2 изд. М., 1966.

Л.​Я.​Мінько.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬТЫ́ЙСКІ ПРАЛІ́Ў,

у Міжземным м., паміж а-вамі Мальта і Сіцылія. Шыр. 93 км, глыб. ў цэнтр. ч. 100—150 м. Цячэнні накіраваны на У, іх скорасць каля 1 км/гадз. Порт — г. Валета (сталіца Мальты).

т. 10, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТ (англ. cart),

спартыўны мікралітражны аўтамабіль (мікрааўтамабіль). Асаблівасці: двухтактавы рухавік размяшчаецца каля задняй восі, адсутнічаюць кузаў, дыферэнцыял і пругкая падвеска колаў. Выкарыстоўваецца для спаборніцтваў (картынгу) на невял. пляцоўках. Найб. скорасць на прамалінейных адрэзках шляху да 150 км/гадз.

т. 8, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАПЕ́Д [ад ма(тацыкл) + (веласі)пед],

двух- або трохколавы трансп. сродак з рухавіком унутр. згарання і педальным ланцуговым прыводам задняга кола. Развівае скорасць да 50 км/гадз. Рухавік звычайна аднацыліндравы двухтактавы (рабочы аб’ём да 50 см³, магутнасць каля 1,5—2 кВт).

Мапед «Верхавіна-3».

т. 10, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛЯТЫВІ́СЦКАЯ МЕХА́НІКА,

фізічная тэорыя, якая вывучае законы руху часціц (цел) са скарасцямі, параўнальнымі са скорасцю святла ў вакууме.

Асн. ўраўненні Р.м. — рэлятывісцкае абагульненне 2-га закону Ньютана (гл. Ньютана законы механікі) і рэлятывісцкі закон захавання энергіі-імпульсу — грунтуюцца на пастулатах спец. адноснасці тэорыі. Рэлятывісцкая часціца характарызуецца поўнай энергіяй E = E0 / 1 − v2 c2 і імпульсам p→ = mv→ / 1 − v2 c2 , дзе E0 = mc​2 — энергія спакою часціцы з масай m; v→ — скорасць часціцы; c — скорасць святла ў вакууме. З сувязі, якая існуе паміж велічынямі E і p→ вынікае, што E​2/c​2 − p​2 = m​2c​2 з’яўляецца інварыянтам (закон захавання энергіі-імпульсу). Пры скарасцях руху цел v ≪ c Р.м. пераходзіць у класічную механіку.

т. 14, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫШЦЯКУ́ЧАСЦЬ,

сукупнасць фіз. з’яў, звязаных з працяканнем без трэння вадкага гелію праз капіляры і вузкія шчыліны пры тэмпературах, блізкіх да абсалютнага нуля. Адкрыта эксперыментальна П.Л.Капіцам (1938), тэорыя створана Л.Д.Ландау (1941).

Пры т-ры 2,17 К (λ-пункт) у вадкім геліі (ізатоп ​1Не) адбываецца фазавы пераход 2-га роду: з нармальнага стану (гелій I) ён пераходзіць у звышцякучы стан (гелій II). З. суправаджаецца вельмі вял. цеплаправоднасцю і наяўнасцю рознасці тэмператур у двух сасудах са звышцякучым геліем, злучаных капілярам, што вядзе да значнай рознасці ціску ў іх (тэрмамех. эфект). У звышцякучым геліі разам са звычайным гукам (ваганні ціску) існуе другі гук (ваганні т-ры). Тэорыя З. заснавана на квантавых уяўленнях аб квазічасціцах — фанонах. У вадкім геліі змена энергіі суправаджаецца вылучэннем або паглынаннем фанона, які мае такую ж залежнасць паміж частатой і энергіяй, як і квант святла, але распаўсюджваецца са скорасцю гуку. Калі гелій II працякае праз капіляр са скорасцю, меншай за скорасць гуку, яго кінетычная энергія не пераходзіць у цеплавую, бо фаноны не могуць узнікнуць (трэнне адсутнічае). Калі скорасць руху перавышае скорасць гуку, узнікае трэнне і З. знікае.

Літ.:

Капица П.Л. Вязкость жидкого гелия при температурах ниже точки λ // Докл. АН СССР. 1938. Т. 18, № 1;

Ландау Л.Д. Собр. тр. Т. 1. М., 1969;

Халатников И.М. Теория сверхтекучести. М., 1971.

Л.​І.​Камароў.

т. 7, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АЎТАБ’Я́НКІ»

(Autobianchi),

легкавыя аўтамабілі аднайм. фірмы (Італія). Выпускаюцца з 1955 (з 1967 у складзе канцэрна «ФІАТ»), з 1994 — аўтамабілі асабліва малога класа (рабочая ёмістасць рухавіка 0,9—1 л, магутнасць 34—54 кВт, максімальная скорасць 145—170 км/ гадз).

Легкавы аўтамабіль «Аўтаб’янкі».

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Б’Ю́ІК»

(Buick),

марка легкавых аўтамабіляў, што выпускаюцца аднайменнай амер. фірмай з 1902 (з 1908 у складзе канцэрна «Джэнерал мотарс»), У 1995 вырабляліся аўтамабілі з магутнасцю рухавіка ад 86 да 153 кВт; найб. скорасць руху 175—200 км/гадз.

Б’юік «Парк Авеню».

т. 3, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)