якасна-колькасны ліміт здабычы якога-н. прыроднага рэсурсу, што забяспечвае яго самааднаўленне, або для неўзнаўляльных прыродных рэсурсаў, рацыянальныя тэмпы расходавання. Напр., Н.п. дзікіх жывёл, або норма здабычы (вылаву), — гранічная колькасць асобін дадзенага віду ці групы (для рыб — агульная маса), дазволеная да здабычы на пэўнай тэр. ці аднаму паляўнічаму (рыбалову) за пэўны перыяд (дзень, сезон) з улікам полаваўзроставага складу папуляцый. Для ласёў, высакародных аленяў, дзікоў, казуль, баброў і глушцоў (на Беларусі здабываюцца па разавых дазволах) вызначаны працэнт забірання ў залежнасці ад шчыльнасці іх пражывання. Н.п. біял. рэсурсаў дазваляюць падтрымліваць прыродную шчыльнасць, структуру і функцыянаванне папуляцый і экасістэм ці змяняць іх у гаспадарча мэтазгодным кірунку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЛІТАРАТУ́РНА-МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К Існаваў у Магілёве ў 1905—14. Аб’ядноўваў мясц. інтэлігенцыю
(у 1912 каля 300 чал.). Меў у сваім складзе сімф. аркестр (дырыжор У.Крэвінг),
хор (кіраўнікі М.Фідзюноў, В.Зубоўскі), вял. групу прафес. музыкантаў (спевакі С.Мігай, Ю.Рэйдэр, Я.Казанская, Е.Калабазіна, піяністы В.Багалюбава і А.Боркус, скрыпач С.Дзісман, музыказнаўцы С.Вяржбіцкі, Ю.Дрэйзін). Удзельнікі гуртка наладжвалі канцэрты і муз. вечары (больш за 10 у сезон), чыталі лекцыі пра жыццё і творчасць выдатных кампазітараў, пісьменнікаў і паэтаў, ставілі асобныя дзеі і акты, выконвалі уверцюры, арыі, ансамблі, хары, у т. л. з опер «Жыццё за цара» і «Руслан і Людміла» М.Глінкі, «Пікавая дама» і «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНІЁНІС, Банёніс (Banionis) Данатас Юозавіч (н. 28.4.1924, г. Каўнас), літоўскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Нар.арт. Літвы (1973), нар.арт.СССР (1974). Скончыў драм. студыю пры Панявежскім т-ры (1946), у якім працуе з 1940 (з 1980 гал. рэжысёр, з 1984 дырэктар і маст. кіраўнік). Драм. акцёр, стварыў па-філасофску абагульненыя, псіхалагічна дакладныя вобразы: Тэсман («Геда Габлер» Г.Ібсена), Ломен («Смерць коміваяжора» А.Мілера), Эдгар («Танец смерці» А.Стрындберга), Брукас («Піюс не быў разумны» Ю.Грушаса) і інш. Сярод пастановак: «Амадэус» П.Шэфера, «Вечар» А.Дударава. З 1959 здымаецца ў кіно: «Ніхто не хацеў паміраць» (Дзярж. прэмія СССР 1967), «Мёртвы сезон», «Гоя», «Уцёкі містэра Мак-Кінлі» (Дзярж. прэмія СССР 1977, «Салярыс» і інш. Яго творчасці прысвечаны фільмы «Я — бедны кароль» і «Майстар з маленькага горада». Дзярж. прэмія Літвы 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭКТЫ́ЎНЫ ФІЛЬМ,
твор кіна- і тэлемастацтва, прысвечаны расследаванню крымінальных і інш. злачынстваў, рабоце разведчыкаў. Тэматычна звязаны з прыгодніцкім фільмам.
Першыя авантурна-дэтэктыўныя фільмы зняты ў 1910-я г. ў Францыі (серыя фільмаў рэж. Л.Фёяда пра Фантамаса, рэж В.Жасэ пра сышчыка Ніка Картэра і інш.). Сярод Д.ф. 1930—40-х г. серыялы пра сышчыкаў, фільмы-«паліцэйскія дакументы»; 1960—70-х г. — серыя фільмаў пра супершпіёна Джэймса Бонда. Сярод лепшых Д.ф. сав. кіно: «Подзвіг разведчыка», «Справа № 306», «Мёртвы сезон», «Вяртанне «Святога Лукі», «Чорны прынц», «Пятроўка 38», тэлевізійныя «Семнаццаць імгненняў вясны», «Месца сустрэчы змяніць нельга».
У бел. кіно дэтэктыўную фабулу маюць фільмы «Дзеці партызана», «Наперадзе — круты паварот», «Блакітны карбункул», «Задача з трыма невядомымі», «Дзікае паляванне караля Стаха», тэлевізійныя «Корцік», «Бронзавая птушка», «Апошняе лета дзяцінства» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВА́ННА (ад ісп. sabana, запазычанага з мовы карыбскіх індзейцаў),
занальны тып ландшафту, утвораны спалучэннем трапічнай і субтрапічнай ксерафільнай травяністай расліннасці (пераважна злакавай) з адзіночнымі і групамі дрэў, зараснікамі хмызняку. Пашырана ў Афрыцы, Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Аўстраліі і Індыі. У Бразіліі С. наз.кампас, у Венесуэле і Калумбіі — льянас. Развіваюцца таксама на месцы зведзеных трапічных лясоў (другасныя С.).
Расліны С. прыстасаваны да працяглых засух: лісце цвёрдае, моцна апушанае, рэдукаванае да калючак, кара дрэў тоўстая. Травяністыя злакі выш. да 3 м. Дрэвы (акацыя, баабаб, эўкаліпт і інш.) пераважна нізкарослыя, часта з парасонападобнай кронай, у некат. (бутэлечнае дрэва і інш.) ствалы ўтрымліваюць вял. запасы вады. Багаты і разнастайны жывёльны свет: сланы, насарогі, жырафы, ільвы, зебры, антылопы; з птушак характэрны страусы. Гл. таксама Саванныя зоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА РАЎНКІЕ́РА,
экалагічная класіфікацыя раслін, заснаваная на месцазнаходжанні пупышак узнаўлення ў адносінах да паверхні глебы і наяўнасці адпаведных прыстасаванняў для перажывання неспрыяльнай пары года (зімы або засушлівага перыяду). Прапанавана дацкім эколагам і геабатанікам К.Раўнкіерам (1905, 1907). Адпаведна С.Р. адрозніваюць 6 груп жыццёвых форм раслін: эпіфіты — расліны, якія не маюць каранёў у глебе; фанерафіты — надземныя расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення знаходзяцца на парастках, размешчаных вертыкальна; хамефіты — паверхневыя расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення размешчаны высока над зямлёй; гемікрыптафіты — расліны, што ўтвараюць дзірван, у якіх пупышкі ўзнаўлення знаходзяцца на ўзроўні глебы ці пад яе паверхняй; крыптафіты — расліны, або іх часткі (клеткі), у якіх зімой пупышкі ўзнаўлення знаходзяцца ў глебе (геафіты) ці пад вадой (гідрафіты); тэрафіты — аднагадовыя расліны, у якіх жыццёвы цыкл заканчваецца за адзін вегетацыйны сезон (неспрыяльную пару года перажываюць у выглядзе насення).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІБІ́НСКІ ((Skibinski) Казімеж Міхал) (6.3.1786, г. Вільня — 1.3.1858),
польскі драм. акцёр, спявак, рэжысёр. Вучыўся ў Вільні, дзе дэбютаваў 5.10.1802 у дзіцячым балеце ў ролі Солтыса («Сельскі натоўп, або Гарэзлівы пан»). Паводле сведчання сучаснікаў, С. найб. вылучаўся ў характарных ролях, па-майстэрску падкрэсліваў адмоўныя рысы персанажаў. Шмат гастраліраваў па гарадах Польшчы, Украіны, Прыбалтыкі, а таксама на Беларусі ў складзе розных тэатр. калектываў: трупа Я.Шыманскага (1803, Гродна, Зэльва, Свіслач, Слонім), антрэпрыза М.Кажынскага (1804—10, Асвея (Верхнядзвінскі р-н), Бешанковічы, Віцебск, Мінск, Полацк], антрэпрыза А.Жукоўскага (1833—34, Мінск), таксама Гродна (1827, 1828, 1830). З 1816 рэжысёр трупы віленскіх акцёраў, з якой наведаў Гродна і Свіслач, Мінск (сезон 1817—18). Перыядычна выступаў у Віленскім тэатры. З 1845 жыў і працаваў на Валыні і Падоллі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬ (ад слова ліпа),
сёмы месяц каляндарнага года (31 дзень), сярэдзіна лета. 15 Л. працягласць дня ў Мінску 16 гадз 39 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 57,7°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 590 МДж/м², радыяцыйны баланс дадатны (317 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя месячная т-ра паветра 17,8 °C (17,4 °C на ПнУ, 18,5 °C на ПдУ). Л. — самы дажджлівы месяц года (14—15 дзён з дажджамі), ападкаў ад 77 ммПдЗ да 95 мм на ПнУ. Характэрным для Л. з’яўляецца цвіценне ліпы драбналістай. На паверхні непраточных вадаёмаў паяўляецца мноства водарасцей і маленькіх плывучых раслін — расак, жабніку звычайнага. У пач. Л. цвіце бульба, грэчка, лён-даўгунец, агародніна. Даспяваюць суніцы, маліны, чарніцы, чырвоная і чорная парэчкі, наліваецца і спее яравая збажына. У канцы месяца пачынаецца жніво. Ліняюць дзікія прамысл. птушкі. Пачынаецца грыбны сезон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІГІНІ́Я (ад полі... + грэч. gynē жанчына, жонка),
1) у заалогіі форма палавых зносін, пры якой за 1 сезон размнажэння самец спароўваецца з некалькімі самкамі. Пры тэрытарыяльнай П.індывід. ўчасткі некалькіх самак размешчаны ў межах тэрыторыі, якую ахоўвае самец. Вядома ў прыдонных рыб, каланіяльных птушанятных відаў птушак, некат. млекакормячых (рукакрылыя, грызуны, ніжэйшыя прыматы). Пры гарэмнай П. самец збірае каля сябе групу самак (гарэм), якая распадаецца адразу пасля іх апладнення (напр., у птушак — курыныя, у млекакормячых — капытныя, ластаногія і інш.). Аблігатная П. мае месца ў млекакормячых, якія пастаянна жывуць групоўкамі з некалькіх самак і 1 самца (зебры, кашалоты, некат. мартышкі і інш.). У грамадскіх насякомых пад П. разумеюць наяўнасць у сям’і некалькіх самак, якія даюць патомства.
2) У цытагенетыцы П. — з’яднанне аднаго мужчынскага і двух ці больш жан. прануклеусаў у яйцаклетцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕМУ́РАВЫЯ (Lemuridae),
сямейства паўмалпаў. Вядомыя з плейстацэну і галацэну в-ва Мадагаскар. Пашыраны на в-ве Мадагаскар і суседніх астравах. 14(16) відаў з 6 родаў; макі, або звычайныя лемуры (Lemur), паўмакі, або лагодныя лемуры (Hapalemur), танкацелыя макі, або ласкападобныя лемуры (Lepilemur), пацучыныя макі, або карлікавым лемуры (Cheirogaleus), мышыныя макі, або лемуры (Microcebus), вілаватапалосыя лемуры (Phaner). Жывуць у лясах на дрэвах, некат. на зямлі. Трымаюцца паасобку, парамі, невял. групамі або статкамі (да 20 асобін). Карлікавыя і мышыныя лемуры ў засушлівы сезон упадаюць у спячку. Усе віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела да 50 см, хваста да 51 см. Валасяное покрыва густое, чорнае, бурае, шэрае або рыжаватае, можа адрознівацца ў самцоў і самак. На хвасце часам чаргуюцца светлыя і цёмныя папярочныя палоскі. Вочы збліжаныя, вялікія. Селяцца ў дуплах або робяць гнёзды з лісця і травы. Усёедныя. Нараджаюць 1—4 дзіцянят.