Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎНЯ́НЫЯ ПЛА́СТЫКІ,
матэрыялы, якія атрымліваюць з лушчанай шпоны, драўнянай крошкі, трэсак або пілавіння, насычаных сінт. смоламі і склееных пад высокімі ціскам і тэмпературай. Падзяляюцца на драўнянаслаістыя пластыкі (лігнафоль, дэльта-драўніна і інш.), арміраваныя, спрасаваныя і склееныя са шпоны і тканіны, узмоцненыя метал. сеткай, фольгай і інш., драўнянапластычныя масы — профільныя (утулкі, падшыпнікі, зубчастыя колы) і плітачныя (паркетныя пліткі і інш.) вырабы, атрыманыя прасаваннем у гарачых прэс-формах са здробненай драўніны або пілавіння. Выкарыстоўваюцца як канструкцыйны, электраізаляцыйны, сценавы і вырабны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТА́ЛЬПА (Catalpa),
род кветкавых раслін сям. бігноніевых. 11 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны 5 відаў і форм.
Лістападныя дрэвы выш. 20—40 м. Лісце буйное, суцэльнакрайняе або велікалопасцевае. Кветкі са званочкавым двухлопасцевым венчыкам, белыя або жаўтаватыя, у сярэдзіне плямістыя, сабраныя ў мяцёлкі або гронкі. Плод — падоўжаная (да 40 см) каробачка са шматлікім насеннем, валасістым на канцах. Драўніна лёгкая, мяккая, устойлівая да гніення. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕТРАЗАБО́РНІКу авіяцыі,
частка сілавой устаноўкі лятальнага апарата для падводу атм. паветра да рухавіка. П. падзяляюцца на рэгулявальныя і нерэгулявальныя, паводле скорасці палёту — дагукавыя і звышгукавыя. Асн. прызначэнне П. паветрана-рэактыўнага рухавіка — сцісканне паветра тармажэннем сустрэчнага патоку (таму яны маюць форму дыфузара). У звышгукавых П. сцісканне ажыццяўляецца ў сістэме скачкоў ушчыльнення (гл.Ударная хваля). Такія П. бываюць са знешнім, унутраным ці камбінаваным сцісканнем патоку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎЧЫНСКІЯ,
княжацкі род герба «Ляліва» ў ВКЛ. Родапачынальнікам лічаць кн. Мікіту Рапалоўскага. Зваліся таксама Галоўчынскімі-Мікіцінічамі. Валодалі Галоўчынам (адсюль прозвішча), Княжычамі, Водвай, Езднай і інш. Род згас у 1658. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Мацей Мікітавіч (каля 1470 — пасля 1536), сын Мікіты. У ВКЛ прыехаў у 1495 як сакратар дачкі Івана III Алены Іванаўны. Атрымаў маёнтак Княжычы каля Галоўчына і інш.Са сваіх маёнткаў выстаўляў у войска ВКЛ 79 вершнікаў. Яраслаў Мацеевіч (каля 1510—67), маршалак каралеўскі (1549), староста ковенскі (1567). Шчасны Яраславіч (?—1610 або 1611), дзяржаўца любашанскі, кашталян мінскі (1600). Аляксандр Яраславіч (каля 1570 — 12.5.1617), кашталян жамойцкі (1604), староста лідскі (1607), ваявода мсціслаўскі (1614). Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. Канстанцін Яраславіч (?—1620), кашталян мсціслаўскі (1613). Ян (каля 1570—22.1.1631), чашнік ВКЛ (1624), удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПА́ЛУБКА,
часовая форма для ўкладкі бетоннай сумесі і арматуры пры вырабе бетонных і жалезабетонных маналітных канструкцый. Робіцца з дрэва, металу, фанеры, жалезабетону, пластмасаў і інш. матэрыялаў. Бывае разборна-перастаўная, аб’ёмна-блочная, слізгальнарухомая і інш. Выбар тыпу апалубкі вызначаецца характарам канструкцый (збудаванняў), геам. памерамі, тэхналогіяй выканання работ, кліматычнымі ўмовамі.
Найб. пашырана разборна-перастаўная апалубка — дробнашчытавая (са шчытоў масай да 70 кг), буйнашчытавая (да 500 кг) і блочная (са шчытоў, злучаных у прасторавыя блокі, часам з рабочай арматурай). Выкарыстоўваецца пры заліўцы фундаментаў, сцен, вырабе пакрыццяў і перакрыццяў, калон, бэлек і інш. Пры адмоўнай т-ры шчыты ўцяпляюць ці падаграваюць. Аб’ёмна-блочная апалубка — прасторавая канструкцыя са стальных шчытоў, каркаса, мацаванняў і прыстасаванняў для адрыву шчытоў ад бетону. Мантаж і дэмантаж блок-формаў вядуць падымальнымі механізмамі. Выкарыстоўваецца для бетанавання канструкцый, якія стаяць асобна. Слізгальна-рухомая апалубка ствараецца пры буд-ве высокіх аб’ектаў (элеватараў, рэзервуараў, вежаў і інш.). Робіцца са шчытоў, якія падымаюцца з дапамогай дамкратаў па паверхні збудаванняў, што бетануюцца. Ёсць таксама пад’ёмна-перастаўная апалубка — са шчытоў, крапежных і пад’ёмных прыстасаванняў (для буд-ва вежаў, градзірняў і інш. высокіх збудаванняў); гарызантальна перасоўная — са шчытоў і каркаса на цялежках ці палазах (для узвядзення скляпенняў-абалонак, калектараў, падпорных сценак і інш.); няздымная — пліты, абалонкі, метал. сеткі і інш., якія пасля бетанавання канструкцыі (напр., плаціны) застаюцца ў ёй як састаўная частка; горная апалубка — перасоўная, створкавая, секцыйная і інш., выкарыстоўваецца для мацавання горных выпрацовак; стацыянарная металічная апалубка — пры вырабе жалезабетонных канструкцый на з-дзе ці палігоне. Найб. эфектыўная апалубка шматразовага выкарыстання (інвентарная), збіраецца з уніфікаваных элементаў і ўзбуйненых блокаў. Каб паверхня канструкцыі была гладкая, апалубку змазваюць ці пакрываюць пастай. Работы, звязаныя з вырабам, устаноўкай і разборкай апалубкі, наз. апалубнымі работамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙНАЎСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудавана ў 1-й пал. 19 ст. ў в. Вейна (Магілёўскі р-н). Цэнтрычны, у плане блізкі да квадрата будынак са скругленымі вугламі. У сілуэце дамінуе цыліндрычны барабан са сферычным купалам. Вуглавыя часткі гал. фасада завершаны круглымі вежамі з купальнымі пакрыццямі. Бакавыя ўваходы вылучаны рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. У інтэр’еры фрэскавая размалёўка ў стылі класіцызму, выявы 4 евангелістаў і 4 шматфігурныя кампазіцыі на біблейскія сюжэты. Размаляваны таксама скляпенні і сцены апсіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОНСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудавана з дрэва ў 1826 у в. Блонь (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.). Сіметрычны прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай апсідай. Над бабінцам званіца (васьмярык на чацверыку) са шпілем, над сяродкрыжжам 8-гранны светлавы барабан са шлемападобным купалам. Гал. фасад акцэнтаваны манум. порцікам, які ўтвараюць 4 мураваныя калонкі і трохвугольны франтон. Сцены гарызантальна ашаляваны, завершаны карнізам з поясам «сухарыкаў», разным фрызам. У інтэр’еры асн. частка 3-нефавая, над бабінцам хоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВАЛА́НГ (ад аква... + англ. lung лёгкае),
аўтаномны апарат, з дапамогай якога чалавек дыхае пад вадой. Вынайдзены французамі Ж.І.Кусто і Э.Ганьянам (1943). Складаецца з балонаў са сціснутым паветрам (да 200 ат), аўтамата, што рэгулюе выдыханне і паступленне паветра адпаведна ціску навакольнага асяроддзя і інш. элементаў. У комплексе з маскай, гідракамбінезонам, ластамі і інш. выкарыстоўваецца ў падводным спорце і паляванні, у даследаваннях, выратавальнай службе.
Акваланг: 1 — маска з загубнікам; 2 — дыхальны апарат; 3 — балоны са сціснутым паветрам; 4 — рамяні мацавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРМУЛЁЎ (Міхаіл Глебавіч) (8.11.1917, в. Арцёмаўка Ярцаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 7.4.1985),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ленінградскае артыл. вучылішча (1941). У Вял.Айч. вайну на акупіраванай тэр. арганізаваў партыз. атрад «Буравеснік» (саснеж. 1941 яго камандзір), саснеж. 1943 камандзір брыгады «Буравеснік» (дзейнічала на тэр. Уздзенскага, Рудзенскага, Пухавіцкага р-наў), партызаны якой правялі больш за 150 баявых аперацый. Пасля вайны на сав. рабоце.