ТУХМА́НАЎ Давыд Фёдаравіч (н. 20.9.1940, Масква),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1983). Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1963). Працуе ў розных жанрах, найб. актыўна ў жанры песні: «Мой адрас — Савецкі Саюз», «Які цудоўны гэты свет» (абедзве 1973), «Дзень Перамогі» (1975), «Радзіма мая» (1976), «Прыцяжэнне зямлі» (1977), «Дадзім шар зямны дзецям» (сл. Назыма Хікмета, 1978), «Алімпіяда-80», «Ненаглядная мая старана» (абедзве 1980). Сярод інш. твораў: кантата «За даллю — даль» (паводле А.​Твардоўскага, 1963); фп. п’есы; вак. цыклы; рок-сюіты «Па хвалі маёй памяці», «НЛА» (1970-я г.), музыка да спектакляў драм. т-ра, кінафільмаў і радыёпастановак.

т. 16, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВУ́САЎ Барыс Мікалаевіч (24.7.1930, г.п. Хоцімск Магілёўскай вобл. — 27.6.1998),

савецкі касманаўт-выпрабавальнік. Інж.-палк. (1981). Скончыў Ленінградскую ваен.-паветр. інж. акадэмію імя А.​Ф.​Мажайскага (1960). З 1960 інж.-выпрабавальнік на палігонах Капусцін Яр і Байканур. У 1965—68 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. Прайшоў поўны курс агульнакасм. падрыхтоўкі і быў уключаны ў групу па праграме ваен.-даследчага варыянта касм. карабля «Саюз», праходзіў падрыхтоўку па сав. месяцавай праграме. З 1968 у НДІ Мінва абароны СССР, у 1976—81 у выд-ве «Воентехиниздат».

Літ.:

Советские и российские космонавты, 1960—2000. М., 2001.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 18, кн. 1, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1954,

міжнародныя дагаворы, якія аформілі ваен. саюз ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краін — удзельніц Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО) з ФРГ; падпісаны 23.10.1954 у Парыжы. Набыў сілу 5.5.1955. Уключалі: пратакол (падпісалі ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і ФРГ) пра спыненне акупац. рэжыму ў ФРГ пасля 2-й сусв. вайны і дадаткі да пратакола, што ўводзілі ў дзеянне з некат. зменамі «Агульны дагавор» 1952; пратаколы (падпісалі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург і ФРГ) пра стварэнне ў межах НАТО на базе Брусельскага пакта 1948 паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй і краінамі Бенілюкса ваен. групоўкі — Заходнееўрапейскага саюза; рэзалюцыю дзяржаў — членаў НАТО пра далучэнне да гэтай арг-цыі ФРГ. Паводле пагадненняў ФРГ забаранялася вытв-сць атамнай і інш. відаў зброі масавага знішчэння, аднак дазвалялася мець узбр. сілы ў складзе 12 дывізій. Нягледзячы на скасаванне акупац. статута, англ., амер. і франц. войскі заставаліся на тэр. ФРГ. Пасля ратыфікацыі П.п. парламентамі Вялікабрытаніі і Францыі (май 1955) СССР ануляваў англа-савецкі 1942 і франка-савецкі 1944 дагаворы аб саюзе і ўзаемадапамозе. Заключэнне і ратыфікацыя П.п. папярэднічалі афіц. прыёму ФРГ у НАТО (9.5.1955).

т. 12, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́ВІЧ Павел Раманавіч (н. 5.10.1930, г. Узін Кіеўскай вобл., Украіна),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1962, 1974), лётчык-касманаўт СССР (1962). Ген.-маёр авіяцыі (1976, у адстаўцы). Канд. тэхн. н. (1977). Скончыў Качынскае ваен. авіяц. вучылішча (1954), Ваенна-паветр. інжынерную акадэмію імя М.​Я.​Жукоўскага (1968). З 1954 ваен. лётчык. У 1960—89 у атрадзе касманаўтаў. 12—15.8.1962 здзейсніў палёт вакол Зямлі на касмічным караблі (КК) «Усход-4»; 3—19.7.1974 з Ю.​П.​Арцюхіным — палёт (як камандзір) на КК «Саюз-14» і арбітальнай станцыі «Салют-3». У космасе правёў 18,7 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 12, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНО́ВІЧ Уладзімір Мікалаевіч (н. 26.9.1932, Душанбе),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім пед. ін-це (1958—59). Першае апавяд. «Мы тут жывём» (1961). Аўтар аповесцей «Два таварышы» (1967), «Ступень даверу» (1972), рамана «Жыццё і незвычайныя прыгоды салдата Івана Чонкіна» (1969—75, у СССР 1988; працяг — раман «Прэтэндэнт на прастол», 1979). У 1974 выключаны з СП СССР, у 1980 выехаў у ФРГ. Апублікаваў сатыр. аповесць «Іванькіяда» (1976, у СССР 1989), зб. прозы і публіцыстыкі «Шляхам узаемнай перапіскі» (1979), п’есу «Трыбунал», кнігу нарысаў «Антысавецкі Савецкі Саюз» (абедзве 1985), фантаст. раман-утопію «Масква 2042» (1986). У 1990 вярнуўся ў Расію.

Тв.:

Малое собр. соч. Т. 1—5. М., 1993.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ЕЎ Андрыян Рыгоравіч (н. 5.9.1929, с. Шаршэлы Марыінска-Пасадскага р-на Чувашскай Рэспублікі, Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1962, 1970), лётчык-касманаўт СССР (1962), ген.-маёр авіяцыі (1970), канд. тэхн. н. (1975). Скончыў ваен. авіяц. вучылішча (1954), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1968). З 1955 ваен. лётчык. З 1960 у атрадзе касманаўтаў (у 1963—68 яго камандзір). 11—15.8.1962 здзейсніў палёт вакол Зямлі на касм. караблі (КК) «Усход-3», 1—19.6.1970 з В.І.Севасцьянавым — палёт (як камандзір) на КК «Саюз-9». У космасе правёў 21,6 сут. У 1974—94 першы нам. начальніка Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. Дзярж. прэмія СССР 1981. Залатыя медалі імя Цыялкоўскага АН СССР і імя Гагарына. Імем Н. названы кратэр на Месяцы.

У.​С.​Ларыёнаў.

А.Р.Нікалаеў.

т. 11, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НАЎ Аляксей Архіпавіч (н. 30.5. 1934, с. Лісцвянка Кемераўскага р-на, Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1965, 1975), лётчык-касманаўт СССР (1965), ген.-маёр авіяцыі (1975, з 1997 у адстаўцы). Канд. тэхн. н. (1981). Чл. Саюза мастакоў Расіі. Скончыў Чугуеўскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1957), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1968). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 18—19.3.1965 з П.І.Бяляевым здзейсніў палёт на касм. караблі «Усход-2» (як 2-і пілот), у час якога ўпершыню ў свеце выйшаў у адкрыты космас (12 мін); 15—21.7.1975 з В.​М.​Кубасавым — палёт на касм. караблі «Саюз-19» (як камандзір) па праграме ЭПАС. У космасе правёў 7,02 сут. Аўтар кн. «Сонечны вецер» (1977), кнігі-альбома «Жыццё сярод зорак» (1981, з А.​К.​Сакаловым). Дзярж. прэмія СССР 1981. Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына.

У.​С.​Ларыёнаў.

А.А.Лявонаў.

т. 9, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ДЛІЦКІ (Židlicky) Вацлаў (н. 16.4.1931, в. Купічаў Валынскай вобл., Украіна),

чэшскі літаратуразнавец і перакладчык. Д-р філалогіі (1967). Ганаровы д-р БДУ (1996). Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1955), з 1976 праф. гэтага ун-та. Даследуе гісторыю бел. і ўкр. л-р, іх сувязі з чэш. л-рай. Аўтар прац «Украінская і беларуская літаратура ў чэшскіх перакладах» (1956), «Малы слоўнік савецкіх пісьменнікаў. Ч. 2. Украінскія і беларускія пісьменнікі» (1959, 2-е выд. 1966), «Даследаванні па гісторыі чэшска-беларускай супольнасці» (1960), «Кароткі нарыс гісторыі беларускай літаратуры» (1972); сааўтар «Слоўніка пісьменнікаў. Савецкі Саюз» (т. 1—2, 1978, арт. пра бел. і ўкр. пісьменнікаў), «Нарысаў па гісторыі літаратур народаў СССР» (1982, з Р.​Паралекам) і інш. На чэш. мову пераклаў кнігі А.​Адамовіча, В.​Быкава, Я.​Брыля, У.​Караткевіча, А.​Карпюка, У.​Калесніка, І.​Пташнікава, І.​Шамякіна, асобныя творы Ц.​Гартнага, К.​Чорнага і інш. Укладальнік «Анталогіі сучаснай беларускай паэзіі», аднатомнікаў Я.​Купалы, М.​Танка і інш.

Літ.:

Гардзіцкі А. Размова з Вацлавам Жыдліцкім // Далягляды. Мн., 1980.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 6, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІ Рыгор Іванавіч (4.2.1878, г. Харкаў, Украіна — 9.1.1958),

савецкі дзярж. і парт. дзеяч. Бацька Л.Р.Пятроўскага. Чл. ЦК (1921—39), канд. у чл. Палітбюро ЦК (1926—39) Камуніст. партыі. У 1897 уступіў у екацярынаслаўскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1899—1900 на рэв. рабоце ў Харкаве і Мікалаеве. У рэвалюцыю 1905—07 адзін з арганізатараў Екацярынаслаўскага Савета рабочых дэпутатаў і Баявога стачачнага к-та. Дэп. 4-й Дзярж. думы (з 1912), дзе ўзначальваў фракцыю бальшавікоў. У ліст. 1914 арыштаваны, у лют. 1915 навечна сасланы ў Сібір. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 камісар Якуцкай вобл. З чэрв. 1917 на парт. рабоце ў Петраградзе, Екацярынаславе, актыўны ўдзельнік барацьбы за Сав. ўладу ў Данбасе. У ліст. 1917 — сак. 1919 нарком унутр. спраў РСФСР. У 1919—38 старшыня ЦВК Украінскай ССР, адначасова нам. старшыні ЦВК СССР (1922—37), нам. старшыні Прэзідыума Вярх. Савета СССР (1937—38). Старшыня Усеўкр. камісіі бедных сялян (1920—33). З 1940 нам. дырэктара Музея рэвалюцыі СССР. У яго гонар названы г. Днепрапятроўск (б. Екацярынаслаў).

Р.І.Пятроўскі.

т. 13, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫГІ́ТЛЕРАЎСКАЯ КААЛІ́ЦЫЯ,

саюз дзяржаў і народаў, якія змагаліся ў другой сусветнай вайне 1939—45 супраць агрэсіўнага блока гітлераўскай Германіі, Італіі, Японіі і іх сатэлітаў. Аснову кааліцыі складалі вял. дзяржавы — Савецкі Саюз (адыграў вырашальную ролю ў дасягненні перамогі), ЗША, Англія, Францыя, Кітай. У ваен. дзеяннях на баку антыгітлераўскай кааліцыі прымалі ўдзел Польшча, Чэхаславакія, Югаславія, Аўстралія, Бельгія, Бразілія, Індыя, Канада, Філіпіны, Эфіопія і інш. Асобныя дзяржавы дапамагалі антыгітлераўскай кааліцыі пастаўкамі ваен. сыравіны (напр., Мексіка). Былі і такія краіны, што аб’явілі вайну Германіі толькі напярэдадні яе разгрому і не зрабілі якога-небудзь укладу ў перамогу. На момант сканчэння 2-й сусв. вайны антыгітлераўская кааліцыя аб’ядноўвала больш за 50 дзяржаў, прычым вайну Германіі аб’явілі і яе былыя саюзнікі Балгарыя, Венгрыя, Італія і Румынія. Дапамогу антыгітлераўскай кааліцыі аказаў народны Рух Супраціўлення, які разгарнуўся ў многіх акупіраваных краінах. У ліку паўнапраўных дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі былі Беларусь і Украіна (будучыя члены — заснавальнікі ААН), а таксама іншыя былыя саюзныя рэспублікі СССР.

Пачатак утварэнню антыгітлераўскай кааліцыі пакладзены заявамі аб узаемнай падтрымцы ўрадаў СССР, ЗША і Англіі пасля нападу фаш. Германіі на СССР, англа-сав. і сав.-амер. перагаворамі летам 1941, падпісаннем 12.7.1941 сав.-англ. пагаднення аб сумесных дзеяннях у вайне супраць Германіі, Маскоўскай нарадай 1941 трох дзяржаў (гл. Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945), а таксама шэрагам інш. пагадненняў паміж саюзнікамі. 1.1.1942 у Вашынгтоне падпісана Дэкларацыя 26 дзяржаў (Дэкларацыя Аб’яднаных Нацый), якія знаходзіліся на той час у стане вайны з Германіяй, Італіяй, Японіяй і іх саюзнікамі. У Дэкларацыі гаварылася, што дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі абавязаны выкарыстоўваць свае ваен. і эканам. рэсурсы для барацьбы супраць фаш. дзяржаў і не заключаць з імі сепаратных дагавораў. Пазней дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі падпісалі шэраг дакументаў, сярод якіх найбольшае значэнне маюць пастановы Тэгеранскай (1943), Крымскай і Патсдамскай (абедзве 1945) канферэнцый (пра ўсе гл. асобныя арт.) кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі. Антыгітлераўская кааліцыя ў цэлым вырашыла задачы, што стаялі перад ёю ў 2-й сусв. вайне, і стала асновай для ўтварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)