БЕЛАРУ́СКАЕ ДЗЯРЖА́ЎНАЕ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА АН Беларусі,
Белгеа. Створана ў 1990 у г. Мінск на базе структурнага падраздзялення Ін-та геал. навук АН Беларусі. Да 1992 уключала ф-ку ювелірных вырабаў, вырабляе маст. мініяцюры з прыродных паўкаштоўных і вырабных камянёў. Асн. кірункі дзейнасці (1996): н.-д. і геолагаразведачныя работы па развіцці мінер.-сыравіннай базы Рэспублікі Беларусь, ацэнцы залатаноснасці нетраў Беларусі (галаўная арг-цыя), распрацоўка праграм па пошуках і здабычы бурштыну і моранага дубу, па павелічэнні нафтааддачы прамысл. свідравін.
т. 2, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́НТЛАНД ((Brundtland) Гру Харлем) (н. 20.4.1939, Осла),
дзяржаўны і палітычны дзеяч Нарвегіі. Скончыла ун-т у г. Осла і Гарвардскі ун-т (ЗША). У 1974—79 міністр па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя. З 1977 дэп. парламента. У 1975—81 нам. старшыні, з 1981 старшыня Нарвежскай рабочай партыі (НРП). У 1979—81 старшыня знешнепаліт. к-та сторцінга (парламента), з 1986 — Міжнар. камісіі па навакольным асяроддзі і развіцці. У 1981, 1986—89 і з 1990 прэм’ер-міністр Нарвегіі.
т. 3, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНЕКАМАСТЫ́Я (ад гінека... + грэч. mastos грудзі),
павелічэнне малочных залоз у мужчын. Сапраўдная гінекамастыя адбываецца з прычыны разрастання залозістай тканкі малочнай залозы, псеўдагінекамастыя абумоўлена залішнім адкладаннем тлушчу у падскурнай клятчатцы (звычайна пры атлусценні). Сярод формаў сапраўднай гінекамастыі найб. пашырана фізіялагічная — пубертатная, або юнацкая гінекамастыя, якая ўзнікае ў перыяд палавога выспявання пры нармальным палавым развіцці. Па заканчэнні гэтага перыяду найчасцей знікае, зрэдку захоўваецца і ў дарослых. Узнікненне паталагічнай гінекамастыі звязваюць з прыроджанай або набытай зменай функцыі палавых залоз.
т. 5, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́МЫ,
ліра-эпічны жанр украінскай нар. паэт. творчасці 15—17 ст. Узніклі ў перыяд разгортвання барацьбы ўкр. народа супраць іншаземных захопнікаў і адыгралі значную ролю ў развіцці яго культуры і л-ры, вуснай творчасці і муз. мастацтва. Ім уласцівы ўстойлівая кампазіцыя, разгорнуты сюжэт, імправізацыйнасць, адсутнасць строф. Выконваліся пераважна прафес. нар. спевакамі — кабзарамі ці бандурыстамі меладычнай дэкламацыяй-рэчытатывам, пад акампанемент кобзы, бандуры. Тэмы, ідэі, вобразы, некат. асаблівасці паэтыкі Д. выкарыстоўвалі К.Рылееў, Т.Шаўчэнка, І.Франко, П.Тычына і інш.
т. 6, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛУ́ЖАНЫ РЫБАВО́Д БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,
ганаровае званне, якое прысвойвалася высокакваліфікаваным работнікам рыбнай гаспадаркі, н.-д. ін-таў і арг-цый рыбнай гаспадаркі, што бездакорна прапрацавалі па спецыяльнасці не менш за 10 гадоў, мелі вял. заслугі ў развіцці рыбнай гаспадаркі і актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР 16.7.1979, прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР. У законе ад 13.4.1995 аб дзярж. узнагародах Рэспублікі Беларусь гэта званне не адноўлена.
Заслужаны рыбавод БССР
1980. В.Р.Рыбалка.
т. 6, с. 569
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГЧЫ́НА,
лінейна выцягнутае эразійнае паніжэнне рэльефу са спадзістымі (15—45°) схіламі, якія плаўна пераходзяць да днішча і водападзелу. Утвараюцца пераважна ад размыву глебы і грунтоў снегавой вадою і ліўневымі дажджамі. Глыбіня Л. 3—15 м і больш, шыр. ад дзесяткаў да 150—200 метраў. Форма папярочнага сячэння Л. карытападобная, днішча плоскае ці слабаўвагнутае. Звычайна задзернаваныя, нахіленыя ў адным напрамку. Пры далейшым развіцці могуць ператварацца ў яр. На Беларусі Л. трапляюцца найчасцей у цэнтр. і паўн. раёнах.
т. 9, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЯНКО́Ў (Станча Міленкавіч) (20.2.1899, с. Паляна каля г. Варна, Балгарыя — 17.10.1969),
бел. вучоны ў галіне гісталогіі. Д-р мед. н. (1937), праф. (1940). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (1929). З 1940 у Іркуцкім, Ташкенцкім, з 1952 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедраў). Навук. працы па будове скуры ў норме і паталогіі, развіцці і будове органаў эндакрыннай сістэмы, кампенсатарных і прыстасавальных рэакцыях нерв. сістэмы. будове нейрасакраторных клетак.
Тв.:
Анатомия, эмбриология и гистология эндокринной системы // Основы эндокринологии. 2 изд. Мн., 1967.
т. 10, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІ́ЙСКІ РУХ,
міжнародны грамадскі рух, накіраваны на прапаганду і развіццё спорту праз падрыхтоўку і арганізацыю Алімпійскіх гульняў. Аб’ядноўвае мільёны людзей незалежна ад паліт. і рэліг. перакананняў, расавай прыналежнасці на прынцыпах раўнапраўя, дэмакратыі і ўзаемнай павагі. Асн. мэты і прынцыпы алімпійскага руху выкладзены ў Алімпійскай хартыі. Арганізац. аснова алімпійскага руху — Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК), Нацыянальныя алімпійскія камітэты (НАК) і іх кантынентальныя аб’яднанні (Асацыяцыя нац. алімпійскіх к-таў, Алімпійскі Савет Азіі, Асацыяцыя еўрап. нац. алімпійскіх к-таў і інш.), арганізац. к-ты Алімпійскіх гульняў, міжнар. і нац. федэрацыі па алімпійскіх відах спорту. Важную ролю ў развіцці алімпійскага руху адыгрываюць алімпійскія кангрэсы, сесіі МАК, дзейнасць яго спецыялізаваных камісій і інстытутаў, а таксама розных міжнар. спарт. арг-цый (Трыбунал спарт. арбітражу, Вярх. Савет міжнар. спарт. арбітражу, Міжнар. алімпійская асацыяцыя даследаванняў у спарт. медыцыне і інш.). Алімпійскі рух мае свае традыцыі, рытуалы, алімпійскую сімволіку.
Гісторыя сучаснага алімпійскага руху пачынаецца з канца 19 ст. Па ініцыятыве франц. педагога, гісторыка і грамадскага дзеяча П. дэ Кубертэна ў 1894 у Парыжы адбыўся I Міжнар. спарт. (алімпійскі) кангрэс, які прыняў рашэнне аднавіць на сучаснай аснове Алімпійскія гульні. Праграмныя і арганізац. асновы алімпійскага руху, распрацаваныя Кубертэнам і яго паплечнікамі, удасканальваліся на працягу наступных дзесяцігоддзяў.
Розныя праграмы МАК па каардынацыі дзейнасці нац. алімпійскіх к-таў прадугледжваюць дапамогу ім у развіцці алімпійскага руху ў сваіх краінах (асн. з іх — праграма «Алімпійская салідарнасць»). Дзейнічаюць Міжнар. алімпійская акадэмія (засн. ў 1961 у Алімпіі, рыхтуе спецыялістаў вышэйшага класа ў розных галінах спорту), Алімпійскі музей (засн. ў 1993 у Лазане, Швейцарыя), Міжнар. алімпійская федэрацыя філатэлістаў (з 1982). Існуе сістэма алімпійскіх узнагарод — медалі для пераможцаў і прызёраў гульняў, Алімпійскі кубак і Алімпійскі ордэн (прысуджаюцца за асаблівыя заслугі ў развіцці алімпійскага руху) і інш. У сістэме алімпійскага руху вылучаюцца рэгіянальныя спарт. спаборніцтвы пад патранажам МАК (Азіяцкія, Афрыканскія, Панамерыканскія і інш. гульні), спаборніцтвы, што наладжваюцца пасля Алімпійскіх гульняў у алімпійскім горадзе для спартсменаў-інвалідаў (гл. Параалімпійскія гульні). На Беларусі алімпійскім рухам кіруе Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі.
Літ.:
Le mouvement olympique = The olympie movement. Lausanne, 1993.
Г.К.Кісялёў.
т. 1, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШУ́ТА (Уладзімір Цярэнцьевіч) (19.4. 1918, С.-Пецярбург — 10.6.1983),
расійскі гісторык. Чл.-кар. АН СССР (1976), д-р гіст. н. (1960), праф. (1971). Скончыў Ленінградскі ун-т (1941). З 1948 у Ін-це гісторыі АН СССР, з 1969 заг. сектара. Адначасова ў 1949—53 заг. аддзела час. «Вопросы истории», з 1968 выкладаў у Маскоўскім абл. пед. ін-це, Маскоўскім гіст.-архіўным ін-це. Даследаваў гісторыю эпохі феадалізму Расіі, Беларусі, Украіны, Прыбалтыкі, займаўся крыніцазнаўствам і гістарыяграфіяй. Адзін з аўтараў канцэпцыі ўтварэння ВКЛ, паводле якой у 1-й пал. 13 ст. на тэр. сучаснай Літвы ўтварылася раннефеад. балцкая дзяржава, што ў сваім развіцці прайшла 3 этапы: канфедэрацыя зямель, потым іх саюз і раннефеад. манархія. Захоп. літ. феадаламі Беларусі лічыў пачаткам пераўтварэння невял. Літ. дзяржавы ў ВКЛ. Пісаў пра сінтэз грамадскага ладу Літвы са значна больш развітымі феад. ін-тамі Беларусі, але не прызнаваў за бел. землямі актыўнай ролі ў стварэнні і развіцці ВКЛ. Падтрымліваў тэзіс пра шматвяковае імкненне беларусаў да ўз’яднання з Расіяй.
Тв.:
Образование Литовского государства. М., 1959;
Древнерусское государство и его международное значение. М., 1965 (у сааўт);
Древнерусское наследие и исторические судьбы восточного славянства. М., 1982 (разам з Б.М.Флорай, Г.Л.Харашкевіч);
Русские историки-эмигранты в Европе. М., 1992.
т. 12, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬГАДЫСМЕНАРЭ́Я (ад грэч. algos боль + дысменарэя),
альгаменарэя, менструацыя з болямі ў нізе жывата, галавы, ірвотай, слабасцю, стратай прытомнасці, сэрцабіццем, паніжэннем або стратай працаздольнасці. Назіраецца ў 10—20% жанчын. Першасная альгадысменарэя абумоўлена эндакрыннымі парушэннямі, захворваннямі цэнтр. звёнаў рэгуляцыі менструальнага цыкла (гіпофіза, гіпаталамуса), паталогіяй палавой спеласці. Пры балючых менструацыях у жанчын часта назіраецца адставанне не толькі ў палавым, але і ў фіз. развіцці. Выяўляюцца гарманальныя і абменныя парушэнні, паталогія працэсаў простагландзінагенезу. Другасная альгадысменарэя развіваецца пасля перанесеных захворванняў палавых органаў і агульнасаматычных захворванняў.
т. 1, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)