БАГДА́НАЎ (Рыгор Багданавіч) (4.2.1910, в. Марцюшы Гарадоцкага р-на Віцебскай вобласці — 1.10.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). У Вял.Айч. вайну са снеж. 1941 на Зах., Цэнтр., Варонежскім франтах. Камандзір батальёна ст. лейт. Багданаў вызначыўся ў вер. 1943 у баях на Пн ад Кіева: батальён з ходу фарсіраваў Дзясну, выйшаў да Дняпра, фарсіраваў яго, захапіў плацдарм, адбіў 10 контратак, заняў 2 нас.пункты і ўтрымліваў іх да падыходу падмацавання. Памёр ад ран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХАРЭ́СЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1812.
Падпісаны паміж Расіяй і Турцыяй 28.5.1812 у г. Бухарэст (Румынія). Завяршыў рус.-тур. вайну 1806—12. Паводле яго да Расіі адыходзілі Бесарабія і шэраг абласцей Закаўказзя. Турцыі былі вернуты ўсе заваяваныя Расіяй на Каўказе населеныя пункты (Анапа, Поці, Ахалкалакі). Дагавор забяспечыў прывілеі Дунайскім княствам, аўтаномію Сербіі. Умацаваў міжнар. становішча Расіі напярэдадні вайны 1812 і бяспеку яе паўд. межаў. Асн. палажэнні дагавора пацверджаны Акерманскай канвенцыяй 1826.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНІ́ЧНЫ ПО́ПЕЛ,
вулканічны пыл і пясок (часцінкі 0,1—2 мм), якія ўтвараюцца пры вывяржэнні вулканаў у выніку раздраблення вадкай ці цвёрдай лавы выбухам. Могуць быць абломкі горных парод і мінералаў, што складаюць вулкан (вулканічныя бомбы). Разносіцца ветрам на сотні і тысячы кіламетраў, зрэдку па ўсім зямным шары (вывяржэнне вулкана Кракатаў у Інданезіі ў 1883), можа цалкам засыпаць бліжэйшыя да вулкана населеныя пункты. Уваходзіць у склад вулканакластычнага матэрыялу і вулканічных горных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАРЫФМІ́ЧНАЯ ПАПЕ́РА,
спецыяльна разграфлёная папера, якая выкарыстоўваецца для адшукання аналітычнай формы эмпірычных залежнасцей.
На кожнай з восей дэкартавай сістэмы каардынат адкладваюцца значэнні лагарыфмаў лікаў x = mlgu і y = mlgv, дзе m — пастаянны множнік, і праз адзначаныя пункты праводзяцца вертыкальныя і гарызантальныя паралельныя прамыя. Калі адно з сем’яў прамых правесці праз роўныя прамежкі, атрымаецца паўлагарыфмічная папера. Графікі ступенных функцый віду y = xn набываюць на Л.п. выгляд прамых ліній пры любых n.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́КСІМУМ І МІ́НІМУМ (лац. maximum i minimum літаральна найбольшае і найменшае),
гранічныя велічыні, найб. і найменшая колькасць чаго-н., найвышэйшая і найніжэйшая ступень. У матэматыцы — найб. і найменшае значэнне функцыі ў параўнанні з яе значэннямі ва ўсіх дастаткова блізкіх пунктах. Пункты М. і м.наз. таксама пунктамі экстрэмуму. Калі функцыя мае некалькі такіх пунктаў, то яны наз. лакальнымі, калі адрозніваюцца ад найб. і найменшага значэнняў функцыі ва ўсёй вобласці вызначэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРФУ́НКІН (Рыгор Саламонавіч) (6.8.1920, г.п. Янавічы Віцебскага р-на — 22.9.1943),
Герой Сав. Саюза (1944). У Вял.Айч. вайну з вер. 1941 на Паўн.-Зах., Варонежскім франтах. Удзельнік абароны Ленінграда, вызвалення Украіны. Разведчык танк. брыгады радавы Гарфункін вызначыўся ў 1943 у баі за Дняпро ў Кіеўскай вобл.: група разведчыкаў, у складзе якой пераправіўся цераз раку, выявіла сістэму абароны і агнявыя пункты ў размяшчэнні праціўніка; вяртаючыся, Гарфункін прыкрыў пераправу разведчыкаў; загінуў, пераплываючы Дняпро.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Д’АЛАМБЕ́РА—ЛАГРА́НЖА ПРЫ́НЦЫП,
адзін з асноўных прынцыпаў дынамікі, паводле якога пры далучэнні сіл інерцыі да зададзеных (актыўных) сіл, што дзейнічаюць на пункты сістэмы з ідэальнымі сувязямі механічнымі, сума работ актыўных сіл і сіл інерцыі на любым магчымым перамяшчэнні сістэмы роўная нулю. Дае агульны метад рашэння задач дынамікі і статыкі, дазваляе вывучаць рух мех. сістэмы без увядзення ва ўраўненні невядомых рэакцый сувязей. Названы па імёнах Ж.Д’аламбера і Ж.Лагранжа. Гл. таксама Варыяцыйныя прынцыпы механікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЧЫ́ХІНСКІ БОЙ 1942.
Адбыўся паміж зводным атрадам 2-й Бел.партыз. брыгады імя П.К.Панамарэнкі і ням фаш. гарнізонам на ст. Бычыха Мехаўскага р-на (цяпер у Гарадоцкім р-не) Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. У ноч на 15 ліп. партызаны з боем уварваліся ў акопы і апорныя пункты ворага, разграмілі гарнізон на станцыі і тэр. былой МТС. У выніку бою чыгунка Віцебск—Невель была выведзена са строю больш як на суткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́СНЫХ ВЫ́КАПНЯЎ КА́РТЫ,
карты дзённай або пахаванай (палеа) паверхні, што паказваюць размяшчэнне радовішчаў карысных выкапняў, а таксама іх прыкметы — пункты мінералізацыі, рудапраяўлення, пошукавыя прыкметы карысных выкапняў, межы рудных раёнаў і інш. Складаюцца для характарыстыкі і ацэнкі мінер. рэсурсаў раёна, у розных маштабах, на спец. аснове — спрошчанай геал. карце, якая адлюстроўвае рэльеф паверхні, геал. межы, разрыўныя парушэнні, індэксы стратыграфічных падраздзяленняў і інш. Суправаджаюцца легендай, схемамі мінерагенічнага раянавання, элементамі прагнозу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЕ́ЧНЫЯ МЕ́ЖЫ (засечныя лініі, засекі),
сістэма абарончых умацаванняў на паўд. і паўд.-ўсх. ускраінах Рус. дзяржавы ў 16—17 ст. дзеля аховы ад качэўнікаў. Складаліся з засек, валоў, равоў, частаколаў; выкарыстоўваліся і прыродныя перашкоды (рэкі, яры). Мелі апорныя пункты (астрогі і гарады-крэпасці). Найбольшай была Вялікая З.м. (ад Разані да Тулы). З перамяшчэннем меж Расіі на Пд паступова страцілі сваё значэнне. У 18 ст. вопыт буд-ва З.м. выкарыстоўвалі пры ўзвядзенні пагран. умацаваных ліній.