КЛІ́НТАН ((Clinton) Уільям) (Біл) Джэферсан (н. 19.8.1946, г. Хоп, штат Арканзас, ЗША),
палітычны і дзяржаўны дзеяч ЗША. Скончыў Джорджтаўнскі (1968) і Іельскі (1973) ун-ты, вучыўся ў Оксфардскім ун-це (Вялікабрытанія, 1968—70). У 1974—76 праф. права ва ун-це штата Арканзас. У 1977—79 ген. пракурор, у 1979—81 і 1983—93 губернатар штата Арканзас. З 1993 прэзідэнт ЗША ад Дэмакр. партыі. 15.1.1994 знаходзіўся з афіц. візітам у Беларусі (наведаў Курапаты, выступіў перад бел. грамадскасцю ў АН Беларусі). Праводзіць курс на ўзмацненне міжнар. ўплыву ЗША, выступае за прыняцце ў НАТО новых членаў з ліку краін Усх. Еўропы, развіццё супрацоўніцтва з Расіяй, вырашэнне Блізкаўсходняга крызісу, канфлікту на Балканах і інш. Пры ім ВПС ЗША прымалі ўдзел у ваен. аперацыях у розных рэгіёнах свету, у т. л. супраць Ірака (1993, 1996, 1998), Югаславіі (1999, у складзе сіл НАТО).
Ва ўнутр. палітыцы выступае за рэфармаванне сістэмы сац. забеспячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГА́ІВялікія і Малыя,
дзярж. ўтварэнні (княствы) нагайцаў (мангыты, кунграты і інш. цюркамоўныя плямёны, якія ўзялі сабе агульную назву ад імя золатаардынскага цемніка Нагая, у склад арды якога ўваходзілі ў 2-й пал. 13 ст.), што ўзніклі ў выніку распаду Нагайскай Арды ў 2-й пал. 16 ст. Н. Вялікія ўтварыліся з улусаў, што качавалі паміж Волгай і р. Урал, у 1555—1600 неаднаразова прымалірас. падданства; у 1634 выцеснены калмыкамі на правабярэжжа Волгі, дзе качавалі ў Прыкаспіі (да р. Церак) разам з некаторымі ўлусамі Н. Малых, б.ч. жыхароў якіх з сярэдзіны 16 ст. насяляла Прыазоўе (паміж Донам і Кубанню) у якасці васалаў Крымскага ханства і Турцыі. У 17—18 ст. Н. Малыя амаль поўнасцю выцеснены рас. казакамі ў стэпы Паўн. Прычарнамор’я, дзе падзяліліся на орды (Буджакскую, Едысанскую і інш.). У канцы 18 — пач. 19 ст. іх жыхары часткова прынялі рас. падданства і былі зноў пераселены ва ўсх. Прыазоўе, часткова перасяліліся ў Турцыю паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПОЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з вер. 1941 да снеж. 1943 у Пінску пад кіраўніцтвам у розны час пінскіх падп. абкома, гаркома і райкома КП(б)Б. Складалася з 4 груп (больш за 50 чал.): на мармеладнай ф-цы (кіраўнік І.А.Галамазава), у прыгарадзе Казлякавічы (Я.А.Шаламіцкі, М.І.Чалей), фанерным з-дзе і запалкавай ф-цы (М.М.Калодзіч), на рачным флоце (М.І.Гарбачэўскі, Л.В.Прытулецкі). Падпольшчыкі прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, праводзілі агітац. работу ў фаш. фарміраваннях; з 1942 наладзілі сувязь з партызанамі, здабывалі для іх зброю, боепрыпасы, прадукты харчавання, адзенне, медыкаменты, разведданыя. Праводзілі дыверсіі, у т. л. вывелі са строю 12 і патапілі 11 рухавікоў рачных суднаў, падарвалі ням. магазін і шпіталь, вадакачку, рухавік на запалкавай ф-цы, падпалілі лесапільны з-д. У канцы 1943 з-за пагрозы арыштаў падпольшчыкі пайшлі ў брыгады Пінскага партыз. злучэння і да ўкр. партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ АРХЕАГРАФІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ, Віленская камісія для разбору і выдання старажытных актаў,
афіцыйная навук. ўстанова ў крас. 1864—1915 у Вільні. Камісія спецыяльна падбірала такія дакументы, якія абгрунтоўвалі палітыку царызму. У рабоце камісіі прымалі ўдзел П.А.Бяссонаў, Я.Ф.Галавацкі, М.І.Гарбачэўскі, Ф.М.Дабранскі, Дз.І.Даўгяла, Ю.Ф.Крачкоўскі, І.Я.Спрогіс, А.В.Турцэвіч і інш. Выдадзена 39 тамоў Актаў Віленскай камісіі (дакументы копных, земскіх і гродскіх судоў і магістратаў, інвентары старостваў і маёнткаў, матэрыялы пра вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і вайну 1812, царкоўную унію), 7 тамоў (у 9 кнігах) па гісторыі агр. зносін, лясной гаспадаркі; зборнік палеаграфічных здымкаў са стараж. актаў і грамат і інш. (усяго 49 тамоў). Выданне актавых кніг заснавана на дакументах Цэнтр. архіва для Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ., дзе былі сабраны стараж. акты (да 1799) з гарадоў і мястэчак гэтых губерняў. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць у рабоце камісіі, яе выданні з’яўляюцца важнай крыніцай вывучэння гісторыі, эканомікі, культуры Беларусі, гісторыі бел. мовы.
Літ.:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШЫЯ ЖАНО́ЧЫЯ КУ́РСЫ,
прыватныя вышэйшыя жаночыя навуч. ўстановы універсітэцкага тыпу ў Расіі ў 1860-я г. — 1917. Узніклі пад уплывам грамадскага руху 1860-х г. за жаночую адукацыю (паводле універсітэцкага статута 1863 жанчын ва ун-ты не прымалі).
Першыя вышэйшыя жаночыя курсы адкрыты ў 1869 (Аларчынскія ў Пецярбургу, Лубянскія ў Маскве). У 1872 засн. Вышэйшыя жаночыя мед. курсы пры Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу і вышэйшыя жаночыя курсы праф. Маскоўскага ун-та У.І.Гер’е (у Маскве), у 1876 — у Казані, у 1878 — у Пецярбургу (Бястужаўскія курсы), у 1879 — у Кіеве. Паводле ўказа ад 12.5.1886 большасць вышэйшых жаночых курсаў забаронена. Пад уплывам рэв. руху канца 19 — пач. 20 ст. сталі аднаўляцца. У 1904 у Пецярбургу адкрыты Сцебутаўскія вышэйшыя жаночыя с.-г. курсы (засн.рус. вучоным І.А.Сцебутам). Існавалі на дабрачынныя сродкі. Выпускніцы мелі права выкладаць у жаночых сярэдніх навуч. установах і малодшых класах мужчынскіх сярэдніх школ. Найб. значэнне ў развіцці жаночай адукацыі ў Расіі мелі вышэйшыя жаночыя курсы Гер’е і Бястужаўскія курсы. Пасля 1917 вышэйшыя жаночыя курсы часткова зачынены, некаторыя рэарганізаваны і ўвайшлі ў склад адзінай вышэйшай школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ЦЫРК імя Ю.У.Нікуліна, найбуйнейшы цырк Расіі. Адкрыты ў 1880. Паказваў пантамімы, феерыі і інш. З 1919 — дзярж., з 1997 імя Нікуліна. У пастаноўках 1920-х г. удзельнічалі рэж. С.Радлаў, балетмайстар К.Галяйзоўскі, мастакі В.Хадасевіч, М.Бабышоў і інш.Маст. кіраўнікі В.Труцы (1921—22), Э.Краснянскі (з 1931), Б.Шэхет і Ю.Юрскі (з 1935), А.Арнольд (з 1950), М.Мясцечкін (з 1956), Нікулін (1982—97), М.Нікулін (з 1999), гал. рэжысёр В.Гнеўшаў (1997—99). Сярод пастановак: «Трое нашых» (1942), «Маленькі П’ер» (1949), «Шчаслівага плавання» (1977), «Маскоўскаму цырку 100 гадоў» (1979), «Беражыце клоунаў» (1992), «Бульвар нашага дзяцінства» (1994), «Усмешкі старога цырка» (1995), «Мы жадаем шчасця вам...» (1999). У прадстаўленнях у розныя часы прымалі ўдзел Альперавы, А.Амвросьева, М.Антонаў і В.Барценеў, І.Бутрымава, Дуравы, Л.Енгібараў, Карандаш (М.Румянцаў), Э.Кіо, В. і А.Кіс, сёстры Кох, В.Лазарэнка, Манжэлі, Нікулін, А.Папоў, Сосіны, Труцы, Г.Шахнін, М.Шуйдзін і інш. У 1946—49 і 1966—68 пры М.ц. працавала студыя размоўных жанраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТА́ЎНІЦКІЯ ІНСТЫТУ́ТЫ,
педагагічныя навуч. ўстановы ў 1872—1918, якія рыхтавалі настаўнікаў для гар. вучылішчаў, з 1912 — для вышэйшых пач. вучылішчаў. Існавалі Н.і.: Віленскі хрысц. (з 1873), Віленскі яўр. (з 1875), Віцебскі (з 1910), Магілёўскі (з 1913), Мінскі (з 1914). У Н.і. прымаліся мужчыны правасл. (а ў яўрэйскія — іудзейскага) веравызнання, якія працавалі настаўнікамі пач. школ не менш за 2 гады. Тэрмін навучання — 3 гады. Пры ін-тах існавалі ўзорныя гар. вучылішчы, дзе навучэнцы Н.і. праходзілі пед. практыку, з 1915 дзейнічалі аднагадовыя пед. курсы, куды прымалі і жанчын. У 1918—19 Н.і. рэфармаваны ў пед. ін-ты. Н.і. наз. таксама пед.навуч. ўстановы, у якіх у 1930—50-я г. рыхтавалі настаўнікаў для 5—7-х класаў 7-гадовых і сярэдніх школ. Яны ствараліся ў сувязі з пераходам да ўсеагульнага 7-галовага навучання ў СССР. На Беларусі ў 1936 Н.і. арганізаваны ў Мінску. (у 1947 пераведзены ў Маладзечна), Віцебску, Гомелі, Оршы, Рагачове, у 1937 — у Магілёве, у 1940 — у Баранавічах, Гродне, Пінску, у 1945 — у Брэсце. У 1950-я г. пераўтвораны ў пед. ін-ты або пед. вучылішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКА́НЦЛЕР,
службовая асоба ў ВКЛ у 15—18 ст., намеснік канцлера. Замяшчаў канцлера ў кіраванні дзярж. канцылярыяй, вёў (як і канцлер) замежныя і ўнутр. справы, кіраваў працай пісараў і сакратароў у канцылярыі ВКЛ, быў хавальнікам малой дзярж. пячаткі. Паводле загаду вял. князя ВКЛ выдаваў асобам дзярж. дакументы за сваім подпісам і малой пячаткай. Першым вядомым П. быў кн. Б.Глінскі — П. вял.кн. Свідрыгайлы ў 1446. Афіцыйна як пастаянная пасада ўведзена ў ВКЛ 11.3.1566 у сувязі з пашырэннем справаводства ў велікакняжацкай канцылярыі і неабходнасцю знаходжання канцлера ў сталіцы для зацвярджэння найважнейшых дзярж. дакументаў. На яе быў прызначаны А.Б.Валовіч. Канцлер або П. суправаджалі вял. князя ў інш. гарады і мясцовасці або за мяжу, каб зацвярджаць дзярж. дакументы. П. прымалі ўдзел у падрыхтоўцы дзярж. законапраектаў і іх канчатковым рэдагаванні, кіравалі камісіяй па падрыхтоўцы Статута ВКЛ 1588. На пасаду П. прызначаліся буйныя феадалы, якія спалучалі з ёй інш.дзярж. пасады, мелі адукацыю і практычны вопыт дзярж., суд. ці канцылярскай службаў. З 16 ст. П. быў хавальнікам дзярж. архіўных актаў — Метрыкі Вялікага княства Літоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУНЬ»,
ілюстраваны літ.-мастацкі часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выходзіў з 2.5 да 4.7.1920 у Мінску на бел. мове штотыднёва. Рэдактар Янка Луцэвіч (Я.Купала), выдавец В.Іваноўскі. Выступаў за нац. дзяржаўнасць бел. народа, развіццё яго эканомікі, пашырэнне культуры і асветы на роднай мове. Актыўны ўдзел у выданні часопіса прымалі З.Бядуля, Л.Родзевіч, М.Чарот, мастак Я.Драздовіч. Упершыню апублікаваў цыкл вершаў Я.Купалы «Песні на ваяцкі лад», «Брат і сястра», сцэнічны жарт «Прымакі», арт. «Справа беларускага нацыянальнага гімну», апавяд. М.Багдановіча «Апокрыф», апавяданні, артыкулы, нарысы З.Бядулі, арт. Ф.Аляхновіча «Першае таварыства беларускай драмы і камедыі», сцэнічны абразок «Лес шуміць», нарыс «Тэатр на вёсцы», вершы А.Гаруна, Чарота, К.Буйло, А.Петрашкевіча, І.Піліпава, У.Жылкі. Змясціў даследаванні Я.Карскага («Духоўныя вершы і канты, штучна створаныя», «Беларускі пісьменнік-народнік А.Р.Пшчолка», «Арцём Вярыга-Дарэўскі»), У.Ігнатоўскага («Кароткі гістарычны нарыс Гродзеншчыны»), І.Гердэра («Штукарства мовы і красамоўства», пер. з ням.). Надрукаваў рэцэнзіі на творы М.Гарэцкага, даведкі пра бел. пісьменнікаў, фатаграфіі і малюнкі бел. краявідаў, помнікаў гісторыі і культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯ́ТА ЎРАДЖА́Ю,
святкаванне заканчэння ўборкі ўраджаю. Першыя С.ў. прымяркоўвалі да Пакроваў — стараж. земляробчага свята заканчэння палявых работ. У ім прымалі ўдзел калектыўныя і аднаасобныя гаспадаркі; праводзілі яго ў школах, хатах-чытальнях, нар. дамах, на плошчах. У падрыхтоўцы свята ўдзельнічалі выканкомы мясц. Саветаў, парт., камсамольскія, прафс. арг-цыі. Асн. мэта першых С.у. — прапаганда с.-г. вопыту. Суправаджалася выстаўкай узораў с.-г. прадукцыі, прылад працы, паказам прыёмаў апрацоўкі і ўгнаення глебы і інш. У час свята дэманстравалі апрацоўку глебы трактарам, арганізоўвалі выстаўку калгаснай прадукцыі, кірмашы. Састаўнымі элементамі С.ў. былі маст. інсцэніроўкі, канцэрты, танцы, гульні, спаборніцтвы (у прыватнасці, конныя), часам карнавальныя шэсці. Высокі эмац. настрой святу надавалі духавыя аркестры. Мастацкія рысы С.ў. ўзмацніліся ў 1960—90-я г. Яно ўзбагацілася традыц. сімваламі дажыначных абрадаў (апошні сноп жыта, ячменю, лёну, дажынкавы вянок, каравай з зерня новага ўраджаю; гл.Дажынкі). Своеасаблівасць свята выражаюць святочныя персанажы «Ураджай», «Колас», «Каласкі» і інш. Праводзяцца парады тэхнікі, выступленні ўдзельнікаў маст. самадзейнасці, спарт. выступленні, конкурсы, латарэі. Змяніліся сутнасць і значэнне свята. Яно стала святкаваннем заканчэння ўборкі ўраджаю, днём падвядзення вынікаў працы, ушанавання пераможцаў.