КАСЭ́Н ((Cassin) Рэнэ Самюэль) (5.10.1887, г. Баёна, Францыя — 20.2.1976),
французскі дзярж. дзеяч, дыпламат, юрыст. Д-р права (1914). Скончыў Парыжскі ун-т. У 1920—60 праф. права ун-таў Экс-ан-Праванса, Ліля, Парыжа. У 1924—38 прадстаўнік Францыі ў Лізе нацый. У 1941—43 камісар юстыцыі і асветы ва ўрадзе «Свабоднай Францыі» (з 1942 «Змагарная Францыя», знаходзіўся ў эміграцыі ў Лондане). У 1944—60 віцэ-прэзідэнт Дзярж. савета і чл. Канстытуцыйнага савета, чл. Акадэміі грамадскіх навук (з 1947). У 1946—68 чл., старшыня Камісіі па правах чалавека ААН. Адзін з заснавальнікаў ЮНЕСКА. Адзін з ініцыятараў стварэння і гал. аўтар Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (снеж. 1948). У 1950—60 чл.Міжнар. суда ў Гаазе, у 1965—68 старшыня Еўрап. суда па правах чалавека. Засн. (1969) і ўзначаліў Міжнар.ін-тправоў чалавека ў Страсбуры, прэзідэнт Яўр. альянсу ў Францыі. Аўтар мемуараў, кніг і артыкулаў на юрыд. тэмы. Нобелеўская прэмія міру 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТАРЫЯ́Т сістэма органаў і службовых асоб, на якіх ускладзена засведчанне здзелак, афармленне спадчынных правоў і ажыццяўленне інш. дзеянняў, накіраваных на юрыд. замацаванне грамадз.правоў і папярэджанне іх магчымага парушэння. На Беларусі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам «Аб дзяржаўным натарыяце» ад 30.4.1974 Н. прызначаны ахоўваць законнасць і прадухіляць правапарушэнні ў галіне цывільна-прававых адносін. Натарыяльныя дзеянні ажыццяўляюць натарыусы, якія працуюць у дзярж. натарыяльных канторах або займаюцца прыватнай практыкай. У выпадку адсутнасці ў населеным пункце Н. натарыяльныя дзеянні ажыццяўляюць службовыя асобы органаў выканаўчай улады, упаўнаважаныя на выкананне такіх функцый. Натарыяльныя дзеянні ад імя Беларусі на тэр. іншых дзяржаў ажыццяўляюць консульскія ўстановы краіны за мяжой. Заканадаўства прадугледжвае права Н. і ўстаноў, якія яго замяняюць, і службовых асоб сведчыць натарыяльныя здзелкі, сапраўднасць подпісаў на дакументах і дакладнасць копій з іх, выдаваць пасведчанні аб праве на спадчыну, выконваць інш. дзеянні. За выкананне натарыяльных дзеянняў, як правіла, спаганяецца дзярж. пошліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДА СЛО́ВА,
адно з асн. асабістых правоў чалавека і паліт.правоў грамадзян, састаўная частка больш агульнага права, якое атрымала назву «свабода інфармацыі». Уяўляе сабой магчымасць публічна (вусна, у пісьмовай форме, з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі) выказваць сваё меркаванне (думкі). Заканадаўства і суд. практыка ў дэмакр. краінах выпрацавалі сістэму абмежаванняў С.с. і карыстання інфармацыяй з мэтай не дапускаць злоўжывання імі і абароны гонару і годнасці грамадзян. Забараняецца выкарыстанне С.с. для заклікаў да гвалтоўнага звяржэння законнай дзярж. улады, выдавання дзярж. і інш. тайнаў, якія ахоўваюцца законам, для падбухторвання да ўчынення злачынстваў, для распальвання нац., расавай, рэліг. і інш. варожасці, абраз і паклёпаў на інш. асоб, пасяганне на грамадскую мараль. Пералік абмежаванняў на С.с. можа быць пашыраны ў перыяд дзеяння рэжымаў надзвычайнага і ваен. становішча. У Рэспубліцы Беларусь С.с. і права на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі замацаваны ў арт. 34 Канстытуцыі. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца. Гл. таксама Галоснасць, Інфармацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́НА СУДО́ВАЯ,
сукупнасць працэсуальных гарантаваных законам дзеянняў, накіраваных на ахову правоў і інтарэсаў грамадзян. У Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца судом праз дакладна рэгламентаваны парадак разгляду спраў, бакам даюцца аднолькавыя магчымасці ў працэсе. Грамадзяне маюць права абскарджваць у судзе неправамерныя дзеянні органаў дзярж. кіравання і службовых асоб, у касацыйным парадку суд. пастановы, абараняць сваю маёмасць і асобу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎЖНІ́К,
у цывільным працэсе бок абавязацельства (дэбітор), які павінен выканаць на карысць другога боку (крэдытора) пэўнае дзеянне або ўстрымацца ад такога дзеяння. Д. могуць выступаць асобы, здольныя быць носьбітамі грамадзянскіх правоў і абавязкаў, г.зн. праваздольныя грамадзяне, юрыд. асобы і сама дзяржава. Калі ў абавязацельстве бяруць удзел некалькі Д., кожны з іх павінен выканаць абавязацельства ў роўнай долі з іншымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́ТНАЯ ДЫСКРЫМІНА́ЦЫЯ,
устанаўленне для якой-н. дзяржавы (яе ўстаноў або грамадзян) меншых правоў або льгот у галіне крэдытавання, чым для інш. дзяржавы. У гэтым выпадку норма пазыковага працэнта і ўмовы прадастаўлення крэдыту нярэдка служаць сродкам націску (у т. л. палітычнага) буйных манапаліст. утварэнняў (аб’яднанняў) і дзяржаў, міжнар.фін. ін-таў на незгаворлівых партнёраў на рынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ПА́РТЫЯ (БНП),
палітычная партыя дэмакр. кірунку. Утворана ў ліст. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Камітэт партыі. Асн. мэты: пабудова унітарнай, дэмакр., суверэннай дзяржавы сацыяльна арыентаванага рыначнага характару; развіццё дэмакратыі; абарона ўласнасці і свабоды прадпрымальніцтва; уключэнне эканомікі Беларусі ў нар.-гасп. працэсы на аснове правядзення паліт., эканам. і дзярж.-прававых рэформаў; забеспячэнне гарантый грамадзянскіх правоў і свабод кожнаму чалавеку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАПАРА́ДАК,
адна з асноўных састаўных частак грамадскага парадку, якая складваецца ў выніку ажыццяўлення розных відаў сац. норм, што рэгулююць разнастайныя сферы грамадскага жыцця. Рэгламентуецца прававымі нормамі, прынятымі ва ўстаноўленым парадку ў пэўнай дзяржаве. Як пэўнае становішча рэгулюемых правам грамадскіх адносін П. характарызуецца рэальным узроўнем выканання законнасці, забеспячэння і рэалізацыі суб’ектыўных правоў, выканання юрыд. абавязкаў усімі грамадзянамі, органамі і арг-цыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДНЫ ПАДРА́Д,
форма арэндных узаемаадносін унутры прадпрыемства (унутрывытворчая арэнда). Выкарыстоўваецца для павышэння эфектыўнасці вытворчасці на аснове матэрыяльнага стымулявання арэнднага калектыву. Аб’ектам арэнды з’яўляецца падраднае заданне — выпуск прадукцыі пэўнай наменклатуры, адпаведнай якасці і ў вызначаны тэрмін на аснове выкарыстання асноўных сродкаў вытворчасці, якія бяруцца ў арэнду. Дагавор на арэндны падрад заключаецца паміж адміністрацыяй прадпрыемства, з аднаго боку, і калектывамі яго вытворчых падраздзяленняў (брыгад, цэхаў і інш.), з другога. Узаемаадносіны паміж імі будуюцца на прававой і эканамічнай аснове. Арэнднаму вытворчаму падраздзяленню перадаецца частка правоў прадпрыемства, напрыклад размеркаванне даходу, арганізацыя працы і яе аплата, вызначэнне колькасці работнікаў, выкарыстанне абсталявання і працоўнага часу, выкананне знешніх паслуг і заказаў і гэтак далей. Такое расшырэнне правоў і гаспадарчай самастойнасці арэнднага калектыву спалучаецца з яго матэрыяльнай адказнасцю за выкананне вытворчых заданняў. Арэндны падрад грунтуецца на дакладным вызначэнні складу і памеру арэнднай платы, парадку размеркавання выручкі ад продажу прадукцыі паміж адміністрацыяй і арэндным калектывам, магчымасцяў ствараць у арэндным вытворчым падраздзяленні фонд развіцця вытворчасці, фонд спажывання і гэтак далей. Пры гэтым асноўныя функцыі прадпрымальніка застаюцца за адміністрацыяй прадпрыемства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАСЦЬ,
маральная і сац.-псіхал. якасць, якая праяўляецца ў пачуцці абавязку і адказнасці чалавека перад грамадствам, у яго гатоўнасці і здольнасці абараняць свае правы і свабоды, законныя інтарэсы інш. грамадзян. Гістарычна звязана з раннімі формамі дэмакратыі, з развіццём полісаў як спецыфічнай формы сац.-эканам. і паліт. арг-цыі грамадства і дзяржавы. У стараж. Грэцыі і Рыме грамадзянскасць разглядалася як адна з важнейшых дабрачыннасцей грамадзяніна. Паглыбленню зместу і сутнасці грамадзянскасці садзейнічалі бурж. рэвалюцыі ў шэрагу краін Еўропы і заканад. прызнанне імі правоў чалавека і грамадзяніна. Сапраўдная грамадзянскасць асобы характарызуецца яе сталай паліт. свядомасцю, развітым пачуццём патрыятызму, дачыненнем да лёсу сваёй Радзімы і яе народа, прагрэс. пераўтварэнняў у розных сферах жыцця грамадства. Пачуццё грамадзянскасці спалучаецца з пачуццём гонару за гісторыю сваёй краіны, яе традыцыі, звычаі і сімвалы (герб, гімн, сцяг), са строгім выкананнем яе канстытуцыі і законаў, з павагай годнасці, правоў, свабод і законных інтарэсаў інш. асоб. Аднак грамадзянскасць нельга зводзіць да законапаслухмянасці, лаяльнасці чалавека ў адносінах да ўлад і тым больш да канфармізму. Грамадзянскасці проціпастаўляюцца апалітычнасць, абсентэізм, абыякавасць, фармальная, папулісцкая паліт. актыўнасць.